Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Музей беларускага кнігадрукавання. Полацкі раён, г. Полацк

 

Сучасная назва Музей беларускага кнігадрукавання
Дата заснавання 1990
Месца знаходжання  Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк
Сайт  http://book.polotsk.museum.by/

 

Музей беларускага кнігадрукавання з'яўляецца адным з адзінаццаці музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Размяшчаецца ў будынку былой брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра, помніка архітэктуры XVIII стагоддзя.

Музей адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў 8 верасня 1990 года падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны. Мастацкае рашэнне экспазіцыі ажыццявілі мастакі С. Дзмітрыеў і І. Куржалаў.

Музей знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй стварэння і развіцця пісьменнасці ў Беларусі, жыццём беларускіх асветнікаў і першадрукароў.

Сёння ў 15 залах агульнай плошчай 928 м2 дэманструецца 2500 экспанатаў, а ўвесь фонд налічвае больш за 10 тысяч прадметаў. Наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з рознымі матэрыяламі для пісьма, гісторыяй алфавітаў, рукапіснай кнігай на беларускіх землях і гісторыяй беларускага кнігадрукавання.

Галоўная частка экспазіцыі – адлюстраванне жыццёвага шляху і дзейнасці першадрукара Францыска Скарыны. Асвятляецца таксама дзейнасць яго паслядоўнікаў – Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Пятра Мсціслаўца і інш. Паказаны газеты, часопісы, календары, альбомы рознага часу. Можна зазірнуць у майстэрню-скрыпторый, дзе з гусіным пяром у руцэ схіліўся над сваім сталом руплівы манах-перапісчык, наведаць друкарню XVII–XVIII стагоддзяў, пабачыць інтэр'ер кабінета вучонага XVIII стагоддзя і майстэрню сучаснага мастака-афарміцеля.

Сярод найбольш каштоўных экспанатаў музея – рукапісныя кнігі на пергаменце («Тора») і на паперы («Гадавы рымскі цырыманіял»), беларускія і заходнееўрапейскія выданні XVI–XVIII стагоддзяў, у тым ліку такія рарытэты, як «12 прамоў» Іераніма Фалецкага (Венецыя, 1558) і «Евангелле вучыцельнае» (Вільня, друкарня Мамонічаў, 1595). Самая маленькая кніга ў экспазіцыі музея памерам менш за далонь, самая тоўстая мае аб'ём больш за 2000 старонак, самая вялікая важыць 26 кг.

Вялікую цікавасць выклікаюць выданні твораў беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Багдановіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Журбы, Змітрака Бядулі, падручнікі Максіма Гарэцкага, Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Лёсіка, слоўнікі Вацлава Ластоўскага, Яна Станкевіча, газеты «Наша Ніва», «Маладняк», «Полымя», «Узвышша» 1920–1930-х гг. Адна з каштоўнейшых калекцый музея – выданні, якія сталі пераможцамі Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».

Супрацоўнікамі музея сабрана нямала цікавых і каштоўных матэрыялаў, але праца па збіранні працягваецца. Значны ўнёсак у гэтую справу зрабілі: літаратуразнаўца Адам Мальдзіс, журналіст і бібліяфіл Алесь Матусевіч, пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Сяргей Панізнік, работнік Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі Мікола Нікалаеў, прадстаўнікі беларускай дыяспары ЗША Зора і Вітаўт Кіпелі. А палачанін Андрэй Макагон, які зараз жыве ў Маскве, набыў за свае грошы і перадаў у музей «Рымскі імшал», выдадзены ў 1826 годзе ў Полацку, у былой езуіцкай друкарні каталіцкім ордэнам піяраў.

Музей на працягу свайго існавання карыстаецца вялікай папулярнасцю ў палачан і гасцей горада. Штогод яго наведваюць каля 45 тысяч наведвальнікаў. Каб адпавядаць часу, супрацоўнікі музея актыўна ўкараняюць новыя паслугі. Праводзяцца экскурсіі на англійскай мове, закуплены аўдыёгіды. З суайчыннікамі экскурсаводы часцей гавораць па-беларуску, але і гасцям з іншых краін імкнуцца прадэманстраваць, як гучыць жывое, сакавітае беларускае слова. Гэта нязменна выклікае павагу. А задумацца пра свае адносіны да культурнай спадчыны запрашае сімвалічная скульптура Паўла Вайніцкага «Прысвячэнне роднаму слову». Жаночая постаць падзелена на дзве часткі: светлая ўвасабляе росквіт, цёмная – заняпад. І кожны выбірае сам, якую ўмацоўваць сваімі справамі.

Калектыў супрацоўнікаў Музея беларускага кнігадрукавання – людзі творчыя, якія любяць кнігу і вывучаюць кожны перыяд кнігадрукавання ў Беларусі гадамі, рупліва і настойліва, каб кожны жадаючы меў магчымасць прыйсці на спатканне з кніжнымі скарбамі, каб засталася памяць на стагоддзі. У 2006 годзе музей быў узнагароджаны спецыяльным дыпломам і знакам «Залаты фаліянт» за ўклад у захаванне духоўнай спадчыны.

Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вуліца Ніжне-Пакроўская, д. 22.

 

 

Будынак, у якім размешчаны музей беларускага кнігадрукавання. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://planetabelarus.byУ музеі беларускага кнігадрукавання. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://planetabelarus.byУ музеі беларускага кнігадрукавання. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://planetabelarus.byУ музеі беларускага кнігадрукавання. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://planetabelarus.byУ музеі беларускага кнігадрукавання. г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://planetabelarus.byСкульптурная кампазіцыя «Прысвячэнне роднаму слову». Музей беларускага кнігадрукавання, г. Полацк. Фотаздымак з сайта https://polock.info

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ашуева, В. Кніга на ўсе часы / В. Ашуева // Полацкі веснік. – 2018. – 12 кастр. – С. 16.

2. Ашуева, В. Цэнтр прыцягнення нашчадкаў Скарыны / В. Ашуева // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 24 верас. – С. 1–2. – (Дадат.: Кніжны свет).

3. Гамзовіч, Р. Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку / Р. Гамзовіч // Алеся. – 2012. – № 6. – С. 22–23.

4. Гаўрылава, С. Унікальнаму выданню – два стагоддзі / С. Гаўрылава // Полацкі веснік. – 2018. – 20 крас. – С. 6.

5. Замкоўскі, А. Храм кнігі / А. Замкоўскі // Полацкі веснік. – 2010. – 19 кастр. – С. 5.

6. Ішчанка, С. Храм Яе Вялікасці Кнігі / С. Ішчанка // Пачатковая школа. – 2010. – № 8. – С. 32.

7. Крупіца, Н. Падарожжа з фаліянтам / Н. Крупіца // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 31 авг. – С. IV. – (Прил.: Вечерний Витебск).

8. Кудласевіч, А. Музей беларускага кнігадрукавання / А. Кудласевіч // Літаратура і мастацтва. – 2009. – 25 верас. – С. 16.

9. Ладзісава, Г. П. Музей беларускага кнігадрукавання / Г. П. Ладзісава // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 865–866.

10. Лупач, З. Полацкі музей кнігадрукавання адзначыў дваццаціпяцігадовы юбілей / З. Лупач // Вольнае Глыбокае. – 2015. – 17 верас. – С. 6.

11. Малашэня, Л. Да вытокаў беларускай кніжнасці / Л. Малашэня // Витебские вести. – 2015. – 19 сент. – С. 7.

12. Марозава, В. Кніжная скарбніца / В. Марозава // Полацкі веснік. – 2015. – 4 верас. – С. 7.

13. Маслоўская, В. Позірк у мінулае / В. Маслоўская // Віцебскі рабочы. – 2012. – 9 февр. – С. 24.

14. Музей беларускага кнігадрукавання = Музей белорусского книгопечатания = Museum of Belarusian Book-Printing // Музеі Полацка = Музеи Полоцка = Polotsk Museums / аўт. тэксту і ўклад. Т. А. Джумантаева ; фота І. У. Супранёнак ; пер. на англ. мову Н. А. Далжонак. – Мінск : Беларусь, 2015. – С. 73–100.

15. Пятрова, А. Свята музея / А. Пятрова // Витебские вести. – 2015. – 10 сент. – С. 3.

16. Філімонава, В. Кнігадрук у Полацку: ад сёння да часоў піяраў і езуітаў / В. Філімонава // Маладосць. – 2017. – № 5. – С. 136–140.

17. Чарняўская, Д. Наступны прыпынак – Полацк! / Д. Чарняўская // Літаратура і мастацтва. – 2016. – 2 верас. – С. 16.

18. Шпакоўская, Г. Дух шанавання Радзімы / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2017. – 2 сент. – С. 8.

19. Шумовіч, А. У. Музей беларускага кнігадрукавання / А. У. Шумовіч // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэд. савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, М. Г. Нікіцін ; маст.: В. В. Катовіч, М. У. Чуднікаў. – Мінск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2008. – С. 484–486.

20. Шумовіч, А. У. Полацкая Скарыніяна / А. У. Шумовіч ; гутарыла Т. Філімонава // Полацкі веснік. – 2017. – 14 лют. – С. 2.