Бачэйкаўскі, парк. Бешанковіцкі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 19.03.2019 12:00
Бачэйкаўскі парк адносіцца да найбольш выдатных паркаў Беларусі, закладзеных у апошняй чвэрці XVIII стагоддзя. Літаратурныя звесткі, а таксама параўнаўча добрая захаванасць агульнай структуры парку дазваляюць уявіць характар фарміравання і асаблівасці старэйшай панскай сядзібы Беларусі. Згодна з 300-гадовай хронікай маёнтка, напісанай адным з яго ўладальнікаў В. П. Цеханавецкім (1905), у 1626 годзе панскі двор складаўся з невялікага дома і гаспадарчых пабудоў. У 1641 годзе тут была пабудавана першая ў тутэйшай мясцовасці аранжарэя. Сядзіба неаднаразова гарэла, разбуралася ў час войнаў і зноў адбудоўвалася.
Пасля пажару 1708 года панскі двор уключаў сядзібны дом, шматлікія службовыя і гаспадарчыя пабудовы. Паступова ён губляў феадальную замкнутасць і набываў свецкія рысы: сядзібу абсадзілі ліпай, а за домам разбілі вялікі фруктовы сад.
Сядзібны дом часта перабудоўвалі. У 1769 годзе Бачэйкаўскі палац пачалі перабудоўваць чарговы раз, не ўключыўшы ў праект печы, а коміны не маглі сагрэць дом ужо ў кастрычніку.
У 1812 годзе тут спыніўся Напалеон, здзіўлены знікненнем у лесе ўсіх людзей маёнтка. 14–18 кастрычніка сядзіба была разбурана дывізіяй Леграна, якая, вяртаючыся назад у Францыю, шукала і не знайшла тут сабе правіянту. Непаправімую шкоду парку нанеслі ў час Вялікай Айчынай вайны, калі тут вялі нарыхтоўку бярвення для абкладкі будынка камендатуры.
Бачэйкаўскі парк быў пабудаваны па прынцыпе прамавугольнай сіметрычна-восевай кампазіцыі. Планіровачная вось выцягнута і арыентавана ў накірунку захад–усход, перпендыкулярна руслу ракі Улы. Паркабудаўнікі актыўна выкарыстоўвалі своеасаблівасць рэльефу, умела робячы тэрасы. Парк займае параўнаўча высокую тэрасу са значным перападам вышынь да поймы ракі. Галоўная алея была размешчана па цэнтральнай восі з усходняга боку сядзібы. У алейнай абсадцы сёння захаваліся адзінкавыя буйныя таполі Пятроўскага, пасаджаныя тут у пачатку XX стагоддзя. На роўным газоне захаваліся разрэжаныя пасадкі дуба, клёна, ліпы, белай таполі, ясеня. Сажалка, у якой было брукаванае дно, зарасла чаротам і трыснягом.
У глыбіні парку знаходзіўся парадны двор з брамай. Сіметрычна да яе, на значнай адлегласці адзін ад другога, знаходзіліся аднапавярховыя флігелі з чатырохкалонным портыкам. На газоне параднага двара раслі два вялікія дрэвы блакітнай ёлкі, сібірская кедравая сасна і буйныя кусты чырвонага махровага глогу.
Ад палаца, пабудаванага каля грэбня першай, найбольш высокай тэрасы, арыентаванай на захад, у бок ракі адкрывалася маляўнічая панарама. Цэнтральнае месца тут займаў фантан, абсаджаны разнастайнымі кветкамі. Ён жывіўся вадой, якая выцякала па дубовым латку з воданапорнай вежы, яна з'яўлялася адначасова малой архітэктурнай формай парка. Па баках раслі высокія елкі, якія нагадвалі штучныя башні з шалашападобнымі макушкамі.
У парку меўся складаны лабірынт сцяжынак. Сюды практычна не пранікала святло, і тыя зялёныя «кабінеты» лічыліся найбольш таемнай і экзатычнай часткай парку.
Па ўзроўню выканання і разнастайнасці пасадак парк быў адным з лепшых у Беларусі. Узровень садовага мастацтва Бачэйкаўскага парка аказаў уплыў на развіццё паркабудаўніцтва ў Беларусі, на расшырэнне культуры многіх рэдкіх раслін.
Сёння парк прыкметна відазменены. Ён раз'яднаны тэрытарыяльна, парушана яго дарожная сетка. Аднак і сёння ён уяўляе цікавасць як каштоўнейшы помнік садова-паркавага мастацтва перыяду французскага класіцызму.
ЛІТАРАТУРА
1. Бочейково // Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. – Минск : Ураджай, 1989. – С. 52–55.
2. Бачэйкаўскі парк // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 523–524.
3. Бочейковский парк // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2. : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 92.
4. Пастернак, Т. Версаль в Бочейково / Т. Пастернак // Народнае слова. – 1995. – 22 крас. – С. 3.
5. Петроченко, М. Бочейковский парк – богатство и гордость Придвинья / М. Петроченко // Зара (Бешанковічы). – 2015. – 5 мая. – С. 4.
6. Шаирко, С. Бесхозный парк / С. Шаирко // Віцебскі рабочы. – 1995. – 10 кастр. – С. 4.
СПАСЫЛКІ
Бочейковский парк: история создания и хроника уничтожения