Батанічны, сад. УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава»
- Подробности
- Створана 30.03.2021 07:26
- Адноўлена 14.06.2024 10:29
У 1919 годзе ў Віцебску на схілах правага берага р. Віцьба на месцы прыватнага парку жонкі купца 1-й гільдыі Х. Гурэвіча быў арганізаваны вучэбна-паказальны сад. Гэта была культурна-асветніцкая ўстанова, дзе навучаліся студэнты і школьнікі. Аснову калекцыі складалі расліны, якія прафесар В. В. Адамаў перавёз з Вялікалятчанскага батанічнага сада (знаходзіўся ў 15 км ад Віцебска). Супрацоўнікі сада вялі даследчую работу па вывучэнні мясцовай і іншаземнай флоры і выкарыстанні раслін у народнай гаспадарцы.
У 1924 годзе вучэбна-паказальны сад быў перададзены Віцебскаму сельскагаспадарчаму тэхнікуму, які пазней пераўтвораны ў ветэрынарны інстытут, а сад быў рэарганізаваны ў батанічны і стаў вучэбным падраздзяленнем інстытута. Дырэктарам сада быў прызначаны Леанід Дзмітрыевіч Нікольскі. Уся далейшая гісторыя сада цесна звязана з яго імем. Пад кіраўніцтвам Л. Д. Нікольскага была разгорнута вялікая навукова-даследчая праца па інтрадукцыі раслін. У 1931 годзе сад становіцца гарадскім, а з 1939 – абласным школьным. У 1938–1941 гг. сад з'яўляўся ўдзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі, дзе яго высокія дасягненні атрымалі заслужаную адзнаку. Работа дырэктара сада Леаніда Нікольскага таксама была адзначана малым сярэбраным медалём гэтай выстаўкі. З першых дзён існавання супрацоўнікі сада вялі вялікую педагагічную работу ў розных накірунках, за што былі адзначаны на Усесаюзнай канферэнцыі батанічных садоў у 1940 годзе.
У гады Вялікай Айчыннай вайны сад быў практычна знішчаны. Ён пачаў сваю дзейнасць толькі 17 лістапада 1944 года: была адноўлена аранжарэя, шматгадовыя расліны, якія захаваліся пасля вайны, перанесены на новыя ўчасткі. У 1948–1950 гг. быў закладзены новы дэндрарый. У 1953 годзе сад меў плошчу 7,7 га, у яго калекцыях налічвалася 1600 відаў і гатункаў раслін. Гэта час яго найвышэйшага росквіту. Аднак, у хуткім часе пасля смерці энтузіяста і арганізатара Леаніда Нікольскага, у 1954 годзе батанічны сад рэарганізавалі ў аграбіялагічную станцыю педагагічнага інстытута. Спынілася даследчая дзейнасць па інтрадукцыі раслін. Да 1979 года пад гарадскую забудову ад сада адабрана 4,4 га яго тэрыторыі. Пры будаўніцтве жылых дамоў сур'ёзна пацярпела самая паўночная на тэрыторыі Беларусі пладаносная плантацыя белай шаўкоўніцы, цалкам знішчана ўнікальная калекцыя лекавых траў (120 відаў), рэдкая па асартыменце гатункаў калекцыя бэзу, пладаносная плантацыя марозаўстойлівых гатункаў вінаграду. Са шматлікіх аранжарэй захавалася толькі маленькая старая цяпліца плошчай 70 м2, дзе расло 45 відаў трапічнай флоры.
Па ініцыятыве прафесара В. А. Радкевіча і кафедры батанікі педагагічнага інстытута ў 1979 годзе Міністэрства асветы БССР аднавіла статус батанічнага сада. Да гэтага часу з некалі найбагацейшых калекцый у адкрытым грунце захавалася толькі 135 відаў раслін. Усяго за 25 гадоў з калекцый знікла больш за 1300 відаў раслін, якія прадстаўляюць навуковую каштоўнасць. Быў згублены архіў сада і большасць каштоўных навуковых звестак па інтрадукцыйным выпрабаванні сабраных у 1919–1954 гг. раслін. Пасля аднаўлення статусу батанічнага сада паступова пачалі павелічвацца калекцыі, і да восені 1989 года ў садзе налічвалася ўжо 850 таксонаў.
У 1990 годзе сад перайшоў на арэнду. Быў распрацаваны праект рэканструкцыі сада, пабудаваны 2 аранжарэі. Усе свабодныя землі, якія прымыкалі да сада, былі ўключаны ў яго тэрыторыю, плошча павялічылася з 7,6 да 13 га. Праз тэрыторыю сада быў праведзены газаправод, і ўсё ацяпленне будынкаў і аранжарэй пераведзена на газ. Эканамічны крызіс не дазволіў здзейсніць усе планы. У 1993 годзе арэнднае прадпрыемства было ліквідавана, а батанічны сад вярнуўся ў структуру інстытута. Калекцыя раслін, якая налічвала 1300 таксонаў, у наступныя гады падтрымлівалася на гэтым узроўні.
Пасля пераўтварэння ў 1995 годзе педагагічнага інстытута ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт батанічны сад набыў статус вучэбна-даследчай лабараторыі кафедры батанікі.
У 2009 годзе ён адзначыў сваё 30-годдзе. За апошнія гады было шмат зроблена, каб вярнуць яму былую веліч. Адбылася перапланіроўка тэрыторыі, пабудаваны новыя кветнікі і калекцыйныя ўчасткі. Тут сабрана багатая калекцыя раслін, якая ў 2009 годзе налічвала больш за 2490 відаў. У 2020 годзе ў калекцыі налічвалася больш за 2550 відаў, разнавіднасцяў, формаў і гатункаў раслін.
Сад мае наступную структуру: аддзел драўнінных раслін (дэндрарый і ландшафтны парк), аддзел дэкаратыўна-кветкавых травяністых раслін (калекцыйныя ўчасткі), аддзел трапічных і субтрапічных раслін (аранжарэя і цяпліца), экспазіцыйны ўчастак, участак сістэматыкі раслін, інтрадукцыйны гадавальнік, насенная лабараторыя і гербарый. Агульная плошча – 3,2 га.
Аддзел драўнінных раслін займае плошчу 1,9 га і налічвае 380 парод. Ён складаецца з рэшткаў пасляваеннага дэндрарыя, які налічвае 75 відаў, пасаджаных яшчэ ў 1948–1950 гг., і ландшафтнага парку, дзе драўнінныя пароды высаджаны ў экспазіцыі.
Аддзел дэкаратыўна-кветкавых травяністых раслін размешчаны на 9 калекцыйных участках плошчай 0,54 га, на якіх растуць розныя біялагічныя групы кветкава-дэкаратыўных раслін. Гэта 1509 відаў і гатункаў раслін.
Аддзел трапічных і субтрапічных раслін налічвае 667 найменняў раслін. У садзе створаны вучэбна-асветніцкія батанічныя экспазіцыі.
Батанічны сад сёння – гэта вучэбна-навуковае падраздзяленне Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Ён падтрымлівае навуковыя сувязі, абменьваецца насеннем, спісамі і каталогамі сваіх раслін з 225 батанічнымі ўстановамі з 57 краін свету. Мае гадавальнік з правам юрыдычнай асобы, які займаецца размнажэннем і рэалізацыяй расады кветкавых культур і саджанцаў пладовых і дэкаратыўных драўнінных парод.
Дырэктар – Высоцкі Юрый Іванавіч.
Адрас: Віцебская вобласць, г. Віцебск, вуліца Камуністычная, 15.
ЛІТАРАТУРА
1. Арсеньева, С. Пять самых цветущих мест Беларуси / С. Арсеньева // Народная газета. – 2023. – 21 крас. – С. 16. – (Прил.: «Союзное вече»).
2. Батанічны сад інстытута // Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава: Падзеі. Людзі. Лёсы / рэдкал.: А. У. Русецкі [і інш.]. – Віцебск : [ВДУ], 1998. – С. 128–129.
3. Ботанический сад // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – C. 84–85.
4. Ботанический сад // Витебский государственный университет имени П. М. Машерова (1910–2010) / под ред. А. П. Солодкова. – Витебск : УО «ВГУ им. П. М. Машерова», 2010. – С. 301–307.
5. Ботанический сад приглашает на экскурсии / подгот. Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2023. – 22 авг. – С. 6.
6. Витебск. Областной ботанический сад // Ботанические сады СССР / сост. А. И. Векслер ; под ред. П. А. Баранова. – Москва : Сельхозгиз, 1949. – С. 30.
7. Высоцкі, Ю. І. Батанічны сад Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта / Ю. І. Высоцкі // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 462–464.
8. Высоцкий, Ю. И. Ботанический сад Витебского государственного университета имени П. М. Машерова / Ю. И. Высоцкий, И. М. Морозов, В. Л. Волков. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2004. – 40 с.
9. Высоцкий, Ю. И. Ботанический сад Витебского государственного университета / Ю. И. Высоцкий // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 90–91.
10. Касперсон, О. В. Когда работают с любовью и энтузиазмом / О. В. Касперсон; [беседовала] В. Александрова // Мы і час (Віцебск). – 2023. – 30 чэрв. – С. 11.
11. Нікольскі. Батанічны сад Дзяржаўнага ветэрынарнага інстытута / Нікольскі // Віцебшчына : неперыядычны орган Віцебскага акруговага таварыства краязнауства / пад рэд. М. І. Каспяровіча. – Віцебск, 1925. – Т. І. – С. 169–172.
12. Подлипский, А. Витебский сад, который ставили в пример всем садам СССР / А. Подлипский // Народнае слова. – 2001. – 20 лют. – С. 6.
13. Подлипский, А. М. Садовод Леонид Никольский / А. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2021. – 111 с. – (Жизнь замечательных людей Витебщины).
14. Федоренко, М. Первый ботанический сад нашего города / М. Федоренко // Віцьбічы = Витьбичи. – 2024. – 23 мая. – С. VI. – (Прил.: «Вечерний Витебск»).
15. Федоренко, М. Среди каменных джунглей он наш земной рай / М. Федоренко // Віцьбічы = Витьбичи. – 2023. – 4 нояб. – С. 12.
16. Яковлева, С. Биологическая жемчужина требует оправы / С. Яковлева // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 4 нояб. – С. V. – (Прил.: «Вечерний Витебск»).
СПАСЫЛКІ
Ботанический сад Витебского государственного университета имени П. М. Машерова