Казьянскі, заказнік ландшафтны, Шумілінскі і Полацкі раёны
- Подробности
- Створана 21.05.2018 09:48
- Адноўлена 16.01.2023 10:41
Катэгорыя | рэспубліканскі заказнік |
Тып | ландшафтны |
Раён | Шумілінскі, Полацкі |
Год утварэння/пераўтварэння | 1999 |
Нумар і дата пастановы аб утварэнні/пераўтварэнні
|
Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 лістапада 1999 г. № 1765 |
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Казьянскі» з’яўляецца тэрыторыяй міжнароднага значэння, надзвычай важнай для птушак, ён уключаны ў спіс патэнцыяльных Рамсарскіх угоддзяў. Заказнік утвораны ў 1999 годзе на базе аднайменнага дзяржаўнага паляўнічага біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння. Яго плошча зараз складае 26060 га, 80 % (20761 га) тэрыторыі заказніка размешчана ў Шумілінскім раёне, астатняя плошча – у Полацкім раёне. Заказнік быў створаны для захавання ўнікальных ландшафтаў беларускага Паазер’я з комплексамі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Даліна ракі Заходняя Дзвіна з прылягаючым прыродным комплексам разглядаецца ў якасці рэчышча міграцыі генафонда міжнароднага ўзроўню.
Заказнік уяўляе сабой складаны мазаічны комплекс верхавых балот, заліўных лугоў, азёр і сельскагаспадарчых зямель. Тэрыторыя характарызуецца разнастайнасцю і кантраснасцю экалагічных умоў, наяўнасцю ўнікальных прыродных комплексаў (буйных масіваў верхавых і пераходных балот, адкрытых нізінных балот, шматлікіх азёр і рэк, пясчаных дзюн), а таксама малакранутых і наогул некранутых чалавекам лясоў.
Рачная сетка гэтага рэгіёна належыць да басейна ракі Заходняя Дзвіна. Галоўны яе прыток – рака Обаль – працякае ўздоўж усходняй і паўднёвай межаў заказніка. Тут рака Обаль прымае два правыя прытокі – рэкі Ценіца і Глыбачка. Поймы рэк слаба выражаныя, рэчышчы звілістыя. Істотная роля ў фарміраванні ландшафтаў заказніка належыць азёрам. Найбольш буйныя з іх – Мошна, Расалай і Красамай. Амаль усе яны дыстрафіруючыя, мелкаводныя, маюць нізкія забалочаныя берагі і зарастаюць воднай расліннасцю.
На гнездаванні ў заказніку адзначана 175 відаў птушак, 44 віды занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: звычайны асаед, арол-вужаед, палявы лунь, лугавы лунь, вялікі арлец, арол-маркут, скапа і інш.
Асаблівасці фаўны заказніка абумоўлены наяўнасцю разнастайных месцапражыванняў. Занесеныя ў Чырвоную кнігу віды млекакормячых фарміруюць тут даволі ўстойлівыя групоўкі барсукоў, рысей і бурага мядзведзя. Групы рэдкіх і знікаючых раслін вышэйшага класа, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, даволі шматлікія і складаюць 21 від. Акрамя іх тут сустракаецца шмат рэдкіх відаў мохападобных.
ЛІТАРАТУРА
1. Вінакураў, В. У Казьянскім заказніку жывуць рысі і мядзведзі / В. Вінакураў // Герой працы (Шумiлiна). – 2013. – 22 студз. – С. 7.
2. Зайцава, Л. Пра водар ландышаў, багатую гісторыю і месцы адпачынку: па сцежках Казьянскага заказніка / Л. Зайцава // Герой працы (Шуміліна). – 2014. – 27 мая. – С. 4.
3. Заказнік «Казьянскі» // Герой працы (Шумiлiна). – 2006. – 10 лістап. – С. 5.
4. Ивченко, Л. Манят зелень листвы и озер синева / Л. Ивченко // Віцебскі рабочы. – 2012. – 22 снеж. – С. 5.
5. Козьянский // 50 уникальных заповедных территорий Беларуси [Изоматериал] = 50 unique reserved natural territories of Belarus / Н. А. Юргенсон [и др.]. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2017. – С.154–159.
6. Козьянский // Заповедные территории Беларуси / сост. П. И. Лобанок. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 172–175.
7. Козьянский // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 4–5.
8. Лобанок, П. И. Козьянский / П. И. Лобанок // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 501–502.
9. Леса-балотны комплекс «Казьяны» // Скарбы прыроды Беларусі: тэрыторыі, якія маюць міжнароднае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці = Treasures of Belarusian nature: ares of International Significance for Conservation of Biological Diversity / аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш.]. – 2-ое выд, перапрац., дап. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 130–135.
10. Прыродаахоўныя тэрыторыі раёна // Гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Шуміліншчына». Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Падляшчук [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 33–35.