Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Аршанска-Магілёўская раўніна. Аршанскі раён

 

Аршанска-Магілёўская раўніна размешчана ў Магілеўскай і паўднёва-ўсходняй частцы Віцебскай абласцей; фізіка-геаграфічны раён Усходне-Беларускай правінцыі. Мяжуе з Чачорскай раўнінай на поўдні і паўднёвым захадзе, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на захадзе, Аршанскім узвышшам на паўночным захадзе і Горацка-Мсціслаўскай раўнінай на паўночным усходзе. Вышыні 150–200 м, адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі на захадзе і поўдні 40–50 м, плошча каля 11,5 тыс. км2, працягласць з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход больш за 200 км, з захаду на ўсход ад 50 да 120 км.

У тэктанічных адносінах Аршанска-Магілёўская раўніна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою, дэвону і антрапагену, на поўдні, акрамя таго, адкладамі юры, мелу, палеагену і неагену. Тоўшча парод верхняга пратэразою — тарыгенныя адклады рыфею і венду (магутнасць каля 1 км), дэвону — тэрыгенныя і тэрыгенна-карбанатныя адклады жывецкага і франскага ярусаў (магутнасць да 300 м). Верхнедэвонскія і верхнемелавыя карбанатныя пароды месцамі перакрыты толькі чацвярцічнымі адкладамі, у далінах рэк выходзяць на паверхню. Антрапагенавая тоўшча складзена з асадкаў беларускага, бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, налібоцкага, александрыйскага, шклоўскага і муравінскага міжледавікоўяў. Найбольш значная па магутнасці (10—30 м) марэна сожскага зледзянення. У паазерскае зледзяненне ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны фарміраваліся лесападобныя адклады, а таксама алювій рачных далін. Лесападобныя суглінкі і супескі залягаюць амаль суцэльным покрывам на паверхні. У даантрапагенавы перыяд на месцы Аршанска-Магілёўскай раўніны эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі сфарміравалася Усходне-Беларуская водападзельная раўніна з глыбока ўрэзанымі лагчынамі і катлавінамі. У выніку зледзяненняў яна ператварылася ў ледавікова-акумуляцыйную раўніну. У перыяд паазерскага зледзянення марознае выветрыванне, саліфлюкцыя, плоскасны змыў, намнажэнне лесападобных адкладаў значна садзейнічалі выраўноўванню рэльефу. У галацэне адначасова з працэсамі дэнудацыі развіваліся працэсы эрозіі, утвараліся шматлікія яры.

Паверхня сучаснай Аршанска-Магілёўскай раўніны платопадобная, месцамі хвалістая, з агульным нахілам на поўдні. Паблізу Магілёва і Чавусаў, у вытоках Іпуці, з-пад лесападобных парод выступаюць моцна змытыя марэнныя ўзгоркі (выш. 10–15 м), якія ўтвараюць перарывістыя грады. Каля далін буйных рэк, урэзаных на глыб да 30–50 м, у выніку эразійнага расчлянення паверхня раўніны пакатаўвалістая. Нешырокія ўвалы (даўж. 3–6 км) стромка абрываюцца да далін Дняпра, Басі, Проні і Сажа. Уздоўж далін, галоўным чынам па левабярэжжы Дняпра, Проні і Сожа пясчаныя зандравыя раўніны, слабахвалістая паверхня якіх месцамі ўскладзена дзюнамі і камамі. У будове рачных далін вылучаюцца поймавыя і надпоймавыя тэрасы, асабліва выразныя ў даліне Дняпра. Другая надпоймавая тэраса выш. 20–25 эразійна-акумуляцыйнага паходжання (марэна, перакрытая рачнымі часткова лёсападобнымі адкладамі), першая (выш. 12–16 м) – акумуляцыйная, складзеная пераважна з алювіяльных пяскоў магутнасцю 8–20 м. Паверхня тэрас слабахвалістая, часам узгорыстая за кошт дзюн. Пойма (выш. 4–7 м) пясчана-супясчаная, спадзістахвалістая, месцамі плоская. Тыповымі формамі рэльефу з'яўляюцца суфазійныя западзіны, якія ўзніклі ў выніку вышчалочвання грунтоў дажджавыміі расталымі водамі. На ўчастках блізкага залягання да паверхні мергельна-мелавых парод, галоўным чынам на паўднёвым усходзе, трапляюцца карставыя варонкі дыяметрам да 10 м, глыбінёй 3–8 м. Карысныя выкапні: цэментныя мел і мергель, гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, сілікатны пясок, фасфарыты, торф.

Рачная сетка належыць да басейна Дняпра. Найбольшыя рэкі, якія пераразаюць раўніну, – Дняпро (ад Оршы да Магілёва), Проня з Басяй і Растой, Сож з Волчасам, Лабжанкай і Сянной. На поўдні цякуць правыя прытокі Беседзі – Жадунька з Крупняй, Дзяражня. Глебы на поўначы, у міжрэччах Дняпра, Басі і Проні дзярнова-палева-падзолістыя сярэднеападзоленыя ў спалучэнні з дзярнова-палева-падзолістымі слаба- і сярэдне-эрадзіраванымі, а таксама намытымі на лёсападобных суглінках. Яны ўрадлівыя і амаль усе пад ворывам. На поўдні пашыраны менш урадлівыя дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя глебы на водна-ледавіковых і марэнных супесках, месцамі водна-ледавіковых безвалунных суглінках, якія падсцілаюцца марэнным суглінкам. Трапляюцца дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Да рачных тэрас і зандравых раўнін прыстасаваны дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя супясчаныя і пясчаныя глебы, перважна пад лесам. Па катлавінах невялікія ўчасткі тарфяна-балотных глеб, у поймах рэк алювіяльныя дзярновыя забалочаныя глебы.

Аршанска-Магілёўская раўніна размешчана ў межах Аршанска-Магілёўскай геабатанічнай акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Прыродная расліннасць моцна разрэджана. Лясістасць на поўначы да 18 %, захаваліся невялікія ўчасткі яловых і шыракаліста-яловых лясоў кіслічнага і кусцікава-зеленамошнага тыпаў. На паўднёвым усходзе, у міжрэччах Проні, Сажа і Беседзі лясістасць павялічваецца да 25–26 %. Агульная лясістасць Аршанска-Магілёўскай раўніны 25 %. Хваёвыя кусцікава-зеленамошныя, а таксама вытворныя асінавыя і бярозавыя лясы спалучаюцца з сухадольнымі лугамі. Мясцінамі трапляюцца дубровы. На сухадольных лугах пераважаюць злакі, разнатраўныя, бабовыя, на нізінных – метлюжковыя, вільгацеразнатраўныя, вострыцавыя, дробнаасаковыя асацыяцыі. У поймах рэк пашыраны злакавыя лугі з тонкай мятліцы, цімафееўкі, лісахвосту, чаротніцы.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Аршанска-Магілёўская раўніна // Беларусь : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1995. – С. 47–48.

2. Клицунова, Н. К. Оршанско-Могилевская равнина / Н. К. Клицунова // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : Земля и недра. – С. 289.

3. Оршанско-Могилевская равнина // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 5: Минск–Педиатрия. – С. 619.

4. Оршанско-Могилевская равнина // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 417.