Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Асвета. Браслаўскі раён

 Да канца ХVІІІ ст. на Браслаўшчыне пачатковую адукацыю атрымлівалі ў нешматлікіх вучэльнях, якія знаходзіліся пад моцным рэлігійным уплывам. На змену ім прыйшла народная адукацыя. Народныя вучылішчы спачатку падзяліліся на 2 групы: галоўныя 4-х-класныя і з 5-гадовым тэрмінам навучання. Планавалася, што кожны павятовы горад (у той час Відзы) павінен мець малое народнае вучылішча. Аднак у Відзах тады яно не было адкрыта.

Найбольш раннія звесткі аб стварэнні народных вучылішчаў на Браслаўшчыне адносяцца да 60-х гадоў ХІХ ст. У 1864–1867 гг. былі адкрыты аднакласныя вучылішчы ў Браславе, Відзах, Опсе, Дрысвятах, Краснагорцы. У іх працавалі па 2 настаўнікі. Браслаўскае вучылішча наведвала 26 вучняў. Усе яны былі з сялянскіх сем'яў. Відзаўскае мужчынскае вучылішча было самым вялікім, у ім навучалася 52 вучні. У 1875 годзе да існуючых пачатковых народных вучылішчаў дабавілася Слабодскае, дзе займалася 45 вучняў.

Паралельна з народнымі вучылішчамі існавалі царкоўна-прыходскія школы і сельскія вучылішчы. У Браславе і Відзах, напрыклад, былі ўсе тры віды навучальных устаноў. У 1897 годзе згадваецца і Богінскае вучылішча – 40 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. У пачатку ХХ ст. архіўныя дакументы зафіксавалі павелічэнне колькасці навучальных устаноў. У многіх вёсках адкрыліся школы граматы. Яны падпарадкоўваліся прыходскім школам. Народных вучылішчаў таксама стала больш. У 1904 годзе іх налічвалася 11, а ў 1912 годзе іх колькасць на Браслаўшчыне павялічылася да 31.

У час першай сусветнай вайны працэс развіцця адукацыі на Браслаўшчыне прыпыніўся. Школы былі разбураны, вучэбныя дапаможнікі знішчаны.

З прыходам Савецкай улады ва ўсіх кутках Браслаўскага павета пачалі ў вялікай колькасці адкрывацца школы, якія насілі назву савецкіх адзіных працоўных школ. Адной з першых стала працаваць Браслаўская школа 1-й ступені, якая адчынілася ў снежні 1919 года і ў ёй займалася 170 вучняў.

Мужчынская сельскагаспадарчая школа, якая пачала працаваць у 1927 годзе, была вядома не толькі ў Браслаўскім павеце, але і за яго межамі. Школа давала вясковай моладзі неабходныя веды па перадавых метадах вядзення ўласных сельскіх гаспадарак. Гэта навучальная ўстанова мела добрую матэрыяльную базу, выдатны педагагічны калектыў. Сіламі выкладчыкаў і навучэнцаў вялася ўзорная гаспадарка, аказвалася дапамога сялянам навакольных вёсак.

У апошнія гады некалькі сярэдніх школ Браслаўскага раёна адзначылі стогадовыя юбілеі. Гэта Відзаўская, Урбанская, Дрысвяцкая сярэднія школы.

Сетка адукацыйных устаноў раёна ўключае: 5 ясляў-садоў, 14 дзіцячых садоў, 8 вучэбна-педагагічных комплексаў «дзіцячы сад-школа».

У раёне на базе дашкольных устаноў працуюць 2 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Ахоп дашкольнікаў падрыхтоўкай да навучання ў школе складае 100 %.

У раёне налічваецца 1 гімназія, 8 сярэдніх школ, 2 базавыя школы, 5 пачатковых школ, дзіцячы сацыяльны прытулак, школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр дзяцей і моладзі.

Прафесійную падрыхтоўку ажыццяўляе ДУА «Відзаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж».

Штогод згодна з праграмай «адораныя дзеці» школьнікі прымаюць удзел у алімпіядах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

Ва ўстановах адукацыі раёна эфектыўна ўкараняецца доследна-эксперыментальная праца і інавацыйная дзейнасць.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Абаровіч, І. Школьныя справы праз прызму фактаў / І. Абаровіч // Браслаўская звязда. – 2005. – 7 верас. – С. 2.

2. Дошкольное воспитание на Браславщине // Браслаўская звязда. – 2017. – 19 ліп. – С. 2.

3. Каладынскі, В. Настаўнік – прафесія з вялікай літары / В. Каладынскі // Браслаўская звязда. – 2012. – 10 кастр. – С. 2.

4. Лабаноўскі, П. Новыя задачы, новыя пошукі / П. Лабаноўскі // Звязда. – 1960 – 9 крас. – С. 2.

5. Панцялейка, А. Народныя вучылішчы на Браслаўшчыне / А. Панцялейка // Браслаўская звязда. – 2004. – 17 лістап. – С. 4.

6. Пятушка, Т. Будучае за маладымі / Т. Пятушка // Браслаўская звязда. – 2016. – 26 кастр.– С. 5.

7. Роўба, Т. Традыцыі народнага выхавання / Т. Роўба // Браслаўская звязда. – 2000. – 9 жн. – С. 3.

8. Шавелла, Э. З гісторыі адукацыі ў Дрысвятах / Э. Шавелла // Браслаўская звязда. – 2007. – 24 студз. – С. 3.

 

СПАСЫЛКІ

Аддзел па адукацыі Браслаўскага райвыканкама