Медыцына. Мёрскі раён
- Подробности
- Створана 18.08.2020 11:46
- Адноўлена 18.08.2020 10:21
У 1904 годзе на тэрыторыі Мёрскага раёна знаходзілася 1 бальніца, працавала 3 урачы, 2 акушэркі, 7 фельчараў; 1 урач прыходзіўся на 3038 жыхароў.
З сярэдзіны 1920-х гадоў у Мёрах дзейнічаў прыёмны пакой, які складаўся з памяшкання для чакання, прыёмнай і невялікай лабараторыі, у якой сам урач рабіў аналізы. Аплата за адзін прыём складала 2 злотыя. Лячэнне бедных ажыццяўлялася за кошт мясцовага бюджэту.
Да 1939 года на 10 тыс. насельніцтва прыходзілася 7 ложкаў, 1,7 пасады ўрача. На тэрыторыі раёна працавала толькі 1 бальніца (г. Дзісна) на 50 ложкаў. Ложкавы фонд выкарыстоўваўся толькі на 26 % з-за высокага кошту лячэння. Па афіцыйных дадзеных Віленскага ваяводства за дзень знаходжання ў стацыянары бралася плата ад 4,5 да 9,6 злотых (пры заробку працоўнага ў дзень 2–3 злотыя). Значная частка насельніцтва звярталася да знахараў. Гэта прыводзіла да высокага ўзроўню захворванняў і смяротнасці. У 1938 годзе агульная смяротнасць склала 14,1 на 1000 насельніцтва, дзіцячая – 139 на 1000 нованароджаных.
У кастрычніку–снежні 1939 года сістэма аховы здароўя перажывае карэнныя змены – медыцынская дапамога насельніцтву становіцца бясплатнай. Пашыраецца Дзісенская бальніца, ствараецца бальніца ў в. Новы Пагост на 15 ложкаў. Адкрыты сем урачэбных і фельчарскіх пунктаў, два радзільныя аддзяленні, два зубалячэбныя кабінеты, рэнтгенкабінет. Праводзяцца шырокія прафілактычныя мерапрыемствы (у першую чаргу па ахове здароўя дзяцей і па барацьбе з сацыяльнымі хваробамі).
У 1940 годзе ў Мёрскі раён прыбылі 14 медсясцёр і 8 акушэрак, 4 урачы. З'явілася машына «Хуткая дапамога».
З першых дзён пасля вызвалення тэрыторыі Мёрскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў разгортваецца вялікая праца па аднаўленні медыцынскіх устаноў і арганізацый медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. У канцы 1944 – пачатку 1945 гг. адкрываюцца Цікялёўская, Язненская, Лявонпальская і Новапагосцкая ўчастковыя бальніцы на 10 ложкаў кожная, Дзісенская бальніца на 25 ложкаў.
У 1946 годзе адкрыта Мёрская раённая бальніца на 30 ложкаў.
Наступныя дзесяцігоддзі адзначаны далейшым ростам сеткі медыцынскіх устаноў, умацаваннем іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, ростам колькасці медыцынскіх кадраў.
Галоўныя ўрачы – Лапшын Мікалай Дзмітрыевіч (1955–1964), Фёдараў Мікалай Максімавіч (1965–1990) – шмат зрабілі для паляпшэння медыцынскага абслугоўвання насельніцтва раёна.
Велізарная заслуга па далейшым развіцці і ўдасканаленні арганізацыі аховы здароўя належыць галоўнаму ўрачу Пазняку Пятру Аляксандравічу. У 1991 годзе адкрыта рэанімацыйнае аддзяленне, у 1997 годзе ўведзены ў эксплуатацыю новы будынак Дзісенскай раённай паліклінікі. У снежні 2004 года ў Дзісенскай бальніцы адкрыта аддзяленне сястрынскага догляду.
Атрымала развіццё амбулаторна-паліклінічнае лячэнне; укаранёны тэхналогіі, якія замяшчаюць стацыянар; упарадкавана праца хуткай медыцынскай дапамогі; арганізавана аказанне медыцынскай дапамогі па прынцыпе ўрача агульнай практыкі.
Па стане на 2020 год Мёрская ЦРБ – гэта поўнафункцыянальная сістэма аховы здароўя, якая ўключае 562 кваліфікаваныя медыцынскія работнікі, у тым ліку:
– урачы (56 чалавек);
– сярэднія медработнікі (251 чалавек);
– малодшы медперсанал (134 чалавекі);
– іншы персанал (102 чалавекі).
42 урачы маюць кваліфікацыйныя катэгорыі: 4 з іх – вышэйшую, 24 – першую, 14 – другую.
223 сярэднія медыцынскія работнікі маюць наступныя кваліфікацыйныя катэгорыі:
– вышэйшую (108 чалавек);
– першую (86 чалавек);
– другую (29 чалавек).
Адметнай асаблівасцю Мёрскага раёна з'яўляецца «хутарская сістэма». У раёне шмат маленькіх населеных пунктаў з насельніцтвам 5–6 чалавек. Гэты факт абумовіў структуру ўстановы аховы здароўя:
«Мёрская цэнтральная раённая бальніца» (стацыянар – 127 ложкаў, паліклінічнае аддзяленне разлічана на 300 наведванняў у змену);
«Дзісенская бальніца сястрынскага догляду» (стацыянар – 58 ложкаў, у тым ліку 40 ложкаў АСД, паліклінічнае аддзяленне разлічана на 150 наведванняў у змену);
«Язненская ўчастковая бальніца» (стацыянар – 12 ложкаў, амбулаторыя разлічана на 15 наведванняў у змену);
«Новапагосцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі» (разлічана на 14 наведванняў у змену);
«Даўгінаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі» (разлічана на 20 наведванняў у змену);
«Туркоўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі» (разлічана на 14 наведванняў у змену);
26 фельчарска-акушэрскіх пунктаў: Камянпольскі, Павяцкі, Ідоўцкі, Урбанаўскі, Новакрукоўскі, Забалацкі, Дварнасельскі, Канахоўскі, Чарэскі, Паташненскі, Узмёнскі, Слабодскі, Чапукаўскі, Ваўкоўшчынскі, Наўгародскі, Перабродскі, Дрыгуцкі, Папшулёўскі, Мікалаеўскі, Сіцькаўскі, Цвецінскі, Завуцкі, Шарагоўскі, Басянкоўскі, Ісцкі, Канцэраўскі.
Ложкавы фонд установы складае 197 ложкаў. Наведванне амбулаторна-паліклінічных устаноў – 504 у змену.
Работы і паслугі, якія ажыццяўляюцца ва УАЗ «Мёрская ЦРБ»: анестэзіялогія і рэанімацыя, акушэрства, гінекалогія, дэрматавенералогія, артапедыя, інфекцыйныя хваробы, педыятрыя, анкалогія, афтальмалогія, наркалогія, траўматалогія, герыятрыя, фтызіятрыя, псіхіятрыя, хірургія, отарыналарынгалогія, кардыялогія, эндакрыналогія, стаматалогія, хуткая медыцынская дапамога, агульная ўрачэбная практыка, першасная (даўрачэбная) медыка-санітарная дапамога, біялагічныя метады даследавання, агульнаклінічная лабараторная дыягностыка, розныя даследаванні, функцыянальная дыягностыка, ЛФК і фізіятэрапеўтычная дапамога.
На Мёршчыне дзейнічаюць аптэкі: цэнтральная раённая аптэка № 111 (г. Мёры), гарадская аптэка № 112 (г. Дзісна), 2 сельскія аптэкі (№ 115, в. Новы Пагост; № 101, аг. Язна), аптэчны пункт першай катэгорыі пры Мёрскай паліклініцы, 2 аптэчныя кіёскі (г. Дзісна, г. Мёры), 33 аптэчныя пункты 2 катэгорыі пры ФАПах. Усяго працуюць 23 чалавекі, 5 з іх з вышэйшай і 10 з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
Каля г. Мёры, на беразе возера Абстэрна, знаходзіцца дзіцячы санаторый «Расінка». Дзейнічае з 1989 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Багдановіч, Э. Урач – па прызванню, галоўны – па пасадзе / Э. Багдановіч // Міёрскія навіны. – 2004. – 4 верас. – С. 2.
2. Багдановіч, Э. Кіраўніцкая пасада жанчыне пад сілу / Э. Багдановіч // Міёрскія навіны. – 2002. – 1 чэрв. – С. 2.
3. Баркоўская, А. Ахоўніца здароўя па імені Надзея / А. Баркоўская // Міёрскія навіны. – 2015. – 4 крас. – С. 5.
4. Басікірская, А. Талент лячыць / А. Басікірская // Мiёрскiя навiны. – 2006. – 7 сак. – С. 4.
5. Вынікі 2019 года // Міёрскія навіны. – 2020. – 11 студз. – С. 4.
6. Галоўны ўрач ТМА // Міёрскія навіны. – 2002. – 15 чэрв. – С.1, 4.
7. Гурын, К. Была бальніца ў Каменполлі / К. Гурын // Міёрскія навіны. – 2002. – 9 крас. – С. 3.
8. Дедюро, Л. Живите долго и счастливо! / Л. Дедюро // Мiёрскiя навiны. – 2006. – 17 чэрв. – С. 2.
9. Крук, Н. Шчасліва плыві, караблік сям'і! / Н. Крук // Мiёрскiя навiны. – 2006. – 15 жн. – С. 3.
10. Крук, Н. «Міс міласэрнасць» / Н. Крук // Мiёрскiя навiны. – 2006. – 24 чэрв. – С. 2.
11. Крук, Н. У імя здароўя людзей / Н. Крук // Мiёрскiя навiны. – 2006. – 21 лют. – С. 2.
12. Крук, Н. Як паспяховасць з маладосцю парадніліся / Н. Крук // Мiёрскiя навiны. – 2006. – 11 лістап. – С. 2.
13. Лечиться и... рожать в своей больнице давно предпочитают жители Миорщины, потому что доверяют своим врачам / подгот. М. Усова // Віцебскі рабочы. – 2009. – 28 марта. – С. 8.
14. Матэленак, Л. Крок да будучыні / Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2019. – 5 лют. – С. 1.
15. Матэленак, Л. У Міёрах самыя лепшыя акушэркі / Л. Матэленак // Міёрскія наавіны. – 2004. – 22 чэрв. – С. 1.
16. Мурашкина, В. Фельдшер Галина Гайлевская / В. Мурашкина // Народнае слова. – 1999. – 9 кастр. – С. 3.
17. Навасельскі, Л. Галоўны клопат – людзі / Л. Навасельскі // Мiёрскiя навiны. – 2008. – 26 студз. – С. 1, 8.
18. Навасельскі, Л. Пярвічная апора / Л. Навасельскі // Міёрскія навіны. – 2009. – 18 ліп. – С. 2.
19. Пазняк, П. Як спалучыць жаданае і рэальнае / П. Пазняк // Міёрскія навіны. – 2002. – 17 верас. – С. 3.
20. Пазняк, П. Здароўе – задавальненне, радасць, шчасце / П. Пазняк // Мiёрскiя навiны. – 2005. – 18 чэрв. – С. 2.
21. Пашкевіч, Т. Двайная перамога / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2017. – 8 апр. – С. 5.
22. Пашкович, В. «У моей медали две стороны. И вторая – важнее» / В. Пашкович ; беседовала Т. Яцкевич // Белорусская нива. – 2010. – 13 нояб. – С. 5.
23. Рынкевіч, К. Арыенцір на якасць і своечасовасць / К. Рынкевіч // Міёрскія навіны. – 2019. – 26 лют. – С. 2.
24. Рынкевіч, К. Спяшаецца на дапамогу з дзяцінства знаёмымі сцежкамі / К. Рынкевіч // Міёрскія навіны. – 2015. – 2 мая. – С. 3.
25. Сівая, А. Здароўе людзей – галоўнае / А. Сівая // Міёрскія навіны. – 2010. – 12 мая. – С. 3.
26. Социальная сфера // Миорщина: мгновения прошлого и настоящего / текст Л. А. Мателенок ; фото О. В. Молодечкин, Л. А. Мателенок. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2006. – С. 23.
27. Станкевіч, Н. У рытме здароўя насельніцтва / Н. Станкевіч // Міёрскія навіны. – 2018. – 30 кастр. – С. 2.
28. Территориальная программа государственных гарантий по обеспечению медицинским обслуживанием населения Миорского района на 2009 год // Міёрскія навіны. – 2009. – 7 лістап. – С. 6.
29. Тропин, А. Эффект первичного звена / А. Тропин // Медицинский вестник. – 2006. – 10 нояб. – С. 4.
30. Цыцына, В. Чапукоўскі ФАП – лепшы / В. Цыцына ; гутарыла Э. Блажэвіч // Міёрскія навіны. – 2008. – 18 сак. – С. 2.
31. Яцкевич, Т. «Если б снова начать, я бы выбрал опять...» / Т. Яцкевич // Белорусская нива. – 2004. – 3 сент. – С. 4.
СПАСЫЛКІ
Афіцыйны сайт аддзела па ахове здароўя Мёрскага райвыканкама