Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Помнікі археалогіі. Шаркаўшчынскі раён

 

Надзвычай важным помнікам старажытнай гісторыі Шаркаўшчыны з'яўляецца гарадзішча каля в. Гарадзец (непрацяглы час яно мела назву Дзіўная), што знаходзіцца на высокім беразе р. Мнюта, правага прытока Дзісны. Помнік добра захаваўся. Пляцоўка гарадзішча трохвугольная, плошча 1 га. Вышыня пляцоўкі над узроўнем вады ў Мнюце 20 м. З паўночнага боку яна абкружана валам даўжынёй 100 м, вышынёй 5 м. Гэта тыповае мысавае гарадзішча.

Гарадзішча абследаваў у 1972 годзе археолаг Я. Г. Звяруга. Ён паставіў пытанне пра магчымасць суаднесці археалагічны помнік з паведамленнямі летапісаў пра горад Гарадзец Полацкага княства, месца размяшчэння якога пакуль невядома. У 1973 годзе правёў невялікія раскопкі Г. В. Штыхаў. Для высвятлення характару помніка былі неабходны далейшыя археалагічныя даследванні. Магчымасць зрабіць іх з'явілася ў 1981 годзе. Актыўны ўдзел у даследаваннях прыняў вядомы беларускі мастак А. А. Марачкін.

Раскопкі праводзіліся ў двух процілеглых месцах пляцоўкі гарадзішча. Першы раскоп знаходзіўся каля ўсходняга ўвахода на гарадзішча. Плошча раскопу 52 м2. Таўшчыня культурнага пласта 0,3–0,4 м без уліку ям у мацерыку, глыбіня якіх складала 0,4–0,6 м. Усяго выяўлена сем ям, з іх дзве малыя ад слупоў. Культурныя напластаванні даследаваліся пластамі таўшчынёй па 20 см, паводле прынятай методыкі.

Яма № 1 часткова была даследавана ў 1973 годзе. Тут было знойдзена скроневае крывіцкае кальцо. Вывучалася яе ўсходняя частка, дзе было шмат гліны. Яма № 2 – невялікае паглыбленне. У ёй знойдзены два кавалкі верхніх частак ляпных гаршкоў VІІІ–ІХ стст. Яма № 3 – вялікіх памераў, раскапана часткова. Яе глыбіня 0,4 м, зверху выяўлена некалькі камянёў. Тут знойдзена шмат керамікі: кавалак гаршка, напэўна, трэцяй чвэрці I-га тыс. н. э., два фрагменты начыння ІХ – пачатку Х стст. і 25 кавалкаў кругавога посуду, у тым ліку 9 венчыкаў ХІ ст., 12 сценак, 4 донцы, сярод іх 2 з клеймамі. Яма № 4 даволі глыбокая – 1 м. Раскапана толькі частка. Унізе было вуголле і кераміка трэцяй чвэрці I-га тыс. н. э. Тут выяўлена 8 кавалкаў ад гаршкоў ІХ – пачатку Х стст., 36 фрагментаў сценак і адно донца. Яма найбольш ранняя з усіх у раскопе, бо ў ёй няма ганчарнай керамікі. Удалося натрапіць на бронзавую трапецападобную падвеску з арнаментам. Бліжэй да ямы № 5 знойдзена бразготка з крыжападобнай прарэзінай. У яме № 5 знаходзілася 7 кавалкаў ляпнога посуду, з якіх 2, напэўна, ад гаршка пачатку Х ст., ганчарнага посуду 10 кавалкаў, з іх 2 кавалкі ХІ ст.

Такім чынам, у першым раскопе кераміка выяўлена не толькі ў ямах, але і ў культурным пласце. У пласце 2 знойдзена 10 кавалкаў ляпнога посуду, уключаючы венцы ІХ ст. Кругавой керамікі ў пласце – 6 фрагментаў. Сярод іх два кавалкі керамікі Х–ХІ стст., 2 фрагменты ХІІ–ХІІІ стст. Адкапана таксама кераміка ХVІІ ст. Усяго знойдзены 72 абломкі ляпной керамікі. Ад кругавой керамікі – 60 вялікіх фрагментаў і яшчэ 211 дробных кавалкаў. Ляпнога посуду амаль у 4 разы менш, чым посуду, зробленага на ганчарным крузе. Акрамя таго, выяўлены 2 гліняныя біканічныя прасёлкі і жалезны нож.

Асаблівую цікавасць уяўляюць знаходкі сярэбраных манет – дырхемаў. Амаль на мацерыку знойдзена ½ дырхема. Паводле вызначэння В. Н. Рабцэвіча, гэта Абасіды, Харун ар-Рашыд (786–809гг.), Мадынат ас-Салам (803–804 гг.). Другая манета захавалася цалкам: Саманіды, Наср ібн Ахмад (914–943 гг.), аш-Шаш (933 г.) з імем халіфа ал-Кахіра Білаха (932–933 гг.) Вага 3,53 г, дыяметр, 7 см. Другі дырхем знойдзены на адлегласці 1,5 м ад вышэй апісанага дырхема, таксама ў культурным пласце. Магчыма, гэта манета трапіла ў культурны пласт каля сярэдзіны Х ст.

На такім жа ўзроўні, як манеты, знойдзены і жалезныя шлакі. Па вызначэнні М. Ф. Гурына, адзін кавалак уключае буйныя канкрэцыі жалеза. Тут была майстэрня па вырабе крычнага жалеза.

Пры раскопках часта трапляліся косці жывёл, у іх ліку косці свойскіх свінні і быка.

Другі раскоп закладзены ў паўночна-заходняй частцы пляцоўкі гарадзішча і мае памеры 4х14 м. Магутнасць культурнага пласта да 1 м. У мацерыку выяўлены ямы гаспадарчага прызначэння глыбінёй 0,8–0,9 м.

У заходняй частцы раскопу – авальная ў плане яма глыбінёй 0,8 м. Тут шмат позняй керамікі і адзін гаршчок ХV ст., які захаваўся цалкам.

Ва ўсходняй частцы раскопу ў ніжніх пластах выяўлена значная колькасць знаходак. Гліняныя праселкі прадстаўлены чатырма экзэмплярамі. Каменная форма выкарыстоўвалася для вырабу манетападобных падвесак і іншых рэчаў. Ад бронзавага пласціністага бранзалета захаваліся дзве часткі з тонкім прыгожым арнаментам. Упрыгожаны арнаментам таксама абломак, верагодна, шыйнай грыўні.

Добра захавалася тыповае крывіцкае бранзалетападобнае скроневае кальцо, знойдзены тры нажы і дзве пацеркі: адна паставая чырвонага колеру, другая шкляная пазалочаная ХІ ст. Выяўлены жалезныя шлакі.

У другім раскопе знойдзена шмат ляпной керамікі: фрагменты верхніх частак гаршкоў з плечукамі VІІІ–ІХ стст., ганчарны посуд – шэрагліняная кераміка ХІІІ–ХVІІІ стст., начынне з зялёнай палівай ХVІ–ХVІІІ стст. Быў посуд ХVІІІ – ХІХ стст., абломкі кафлі ХVІІ ст., фрагмент фаянсавага посуду ХІХ ст.

Керамічны матэрыял з двух раскопаў аднолькавы. Значную частку знаходак керамікі склаў ляпны посуд VІІІ–ХІХ стст., характэрны для іншай стадыі культуры доўгіх курганоў Полацкага Падзвіння. Уся астатняя кераміка, зробленая з дапамогай ганчарнага круга, адносіцца да Х–ХІІ стст., а таксама да перыяду позняга феадалізму ХV–ХVІІІ стст.

З мэтай вывучэння абарончых збудаванняў каля ўвахода ў гарадзішча была зроблена зачыстка вала. Заўважаны падсыпкі вала і некалькі бярвёнаў у ім. Бярвёны знаходзіліся ў ніжняй частцы першапачатковага вала. Яны сасновыя. У насыпе вала знойдзены абломак ляпнога посуду з мноствам жарствы ў гліне. Магчыма, умацаванні адносяцца да VІІІ–ІХ стст., але для пацвярджэння неабходны далейшыя даследванні.

Абследавалася мясцовасць каля гарадзішча з мэтай выяўлення прыкмет паселішча. Аднак гэта не мела поспеху. Няма прыкмет старажытнага паселішча таксама на тэрыторыі сучаснай вёскі.

Такім чынам, даныя раскопак дазваляюць сцвярджаць, што ў VІІІ–ІХ стст. на беразе р. Мнюта знаходзілася ўмацаванае паселішча полацкіх крывічоў, росквіт якога прыпадае на Х – першую палову ХІ стст. Доказаў існавання горада ў ХІІ – ХІІІ стст. не выяўлена. У ХV–ХVІІІ стст. тут знаходзілася сядзіба феадала.

За 0,5 км на паўночны захад ад в. Пілаты знаходзіцца гарадзішча з назвай Гарадзец. Пляцоўка яго мае авальную форму, памерам 60х38 м. На паўночным, паўночна-заходнім і часткова паўночна-ўсходнім схілах гарадзішча ёсць тэраса да 5 м шырынёй. З паўднёвага і паўднёва-заходняга бакоў умацавана 2 равамі і 2 валамі. Глыбіня 1 рова каля 1 м, другога – 0,6–0,7 м, шырыня 5 м. Абследаваў у 1972 годзе Я. Г. Звяруга. Па ўсёй плошчы гарадзішча прасочваецца культурны пласт 0,5–0,6 м. Раскопкі не праводзіліся.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Адамковіч, А. Колькі гадоў Гарадцу? / А. Адамковіч // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2001. – 29 жн. – С. 4.

2. Зямля нашых продкаў // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. Л. М. Лабачэўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2004. – С. 21–29.

3. Лагун, В. Курган пад Лужкамi / В. Лагун // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 1999. – 15 верас. – С. 4.

4. Шаркаўшчынскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 455–463.

5. Штыхаў, Г. В. Гарадзішча Гарадзец на рацэ Мнюта / Г. В. Штыхаў // Помнікі культуры. Новыя адкрыцці. – Мінск, 1985. – С. 169–174.

6. Штыхаў, Г. В. Дзіўная / Г. В. Штыхаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1996. – Т. 3 : Гімназіі–Кадэнцыя. – С. 231.