Дзісна, рака. Шаркаўшчынскі раён
- Подробности
- Створана 28.09.2017 08:40
- Адноўлена 01.09.2020 16:01
Рака Дзісна знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, на тэрыторыі Беларусі і ў Літве, левы прыток Заходняй Дзвіны.
Даўжыня 178 км, у межах Беларусі – 149 км. Вадазбор 8180 (у межах Беларусі – 7730) км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 52,4 м3/с. Агульнае падзенне ракі 39,7 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 %.
Дзісна выцякае з возера Дзіснай (Літва), працякае па тэрыторыі Браслаўскага (на мяжы з Літвой), Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Мёрскага раёнаў па Дзісенскай нізіне – заходняй частцы Полацкай нізіны. У верхнім цячэнні называецца Дзісенка.
Асноўныя прытокі: Бірвета, Голбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авутэ (справа), Дрысвяты, Янка, Маціца (злева).
Даліна трапецападобная, шырыня 400–600 м, месцамі да 1,5 км. Пойма ў вярхоўі чаргуецца па берагах (шырыня 200–400 м), на астатнім працягу – двухбаковая. Шырыня яе ў сярэднім цячэнні 80–100 м, у ніжнім цячэнні – да 500 м. Рэчышча звілістае, на працягу 7,7 км (1 км на ўсход ад в. Германаўшчына, 2 км на поўдзень ад в. Марозаўка Браслаўскага раёна) каналізаванае; шырыня рэчышча – 20–30 м, у сярэднім цячэнні – да 60 м, у нізоўях да 100 м. Берагі ў вярхоўях нізкія, часткова забалочаныя, на астатнім працягу – стромкія, вышынёй 2 м, у месцах выхаду грунтавых вод – забалочаныя. Дно роўнае, пясчанае, густа зарастае воднай расліннасцю.
Максімальны расход вады 710 м3/с, мінімальны – 5 м3/с (в. Пазікі Мёрскага раёна, за 15 км ад вусця; адпаведна 1963 і 1960 гг.). Рака замярзае ў другой дэкадзе снежня, крыгалом у першай дэкадзе сакавіка.
Водзяцца шчука, лешч, ёрш, акунь, язь, лінь, налім, плотка і інш. На рацэ знаходзяцца горад Дзісна, гарадскі пасёлак Шаркаўшчына. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. Рэжым ракі вывучаўся з 1925 года на 5 гідралагічных пасадах, адзін з якіх дзейнічае ў г. п. Шаркаўшчына.
ЛІТАРАТУРА
1. Берникович, Д. На посту у малой речки / Д. Берникович // Витебские вести. – 2014. – 28 июня. – С. 9.
2. Дзісна // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 160–161.
3. Дисна // Родная прырода. – 2012. – № 5. – С. 34–35.
4. Дисна // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 173–174.
5. Дисна // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 141.
6. Макаревич, А. А. Дисна / А. А. Макаревич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 258–359.
7. Сачивко, Д. Дисна-Дисенка / Д. Сачивко, А. Мойсеенок // Родная прырода. – 2015. – № 6. – С. 22–24.
8. Турецкий, С. Беларусь. По Западной Двине и её притокам : путеводитель туриста-водника / С. Турецкий. – 2 изд., перераб. и доп. – Минск : Белкартография, 2012. – С. 63–65.