Шаркаўшчына, г. п., Шаркаўшчынскі раён
- Подробности
- Створана 01.03.2017 12:23
- Адноўлена 15.07.2021 09:46
Назва | Шаркаўшчына |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Шаркаўшчынскі |
Першае ўзгадванне | 1503 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва вытворнае ад слова "шэры" |
Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына, або Шаркоўшчына, стаіць на рацэ Дзісна, за 197 км на захад ад Віцебска. Чыгуначны вузел на лініі Крулеўшчына – Друя. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Браславам, Міёрамі, Глыбокім, Дзісной. На канец 2015 года ў Шаркаўшчыне было 6 424 жыхароў.
Першае ўпамінанне Шаркаўшчыны адносіцца да 1503 года. Тады маёнтак Шаркаўшчына быў закладзены Янам Дэспат-Зяновічам з дазволу караля Аляксандра. Ад унука Зяновіча маёнтак у 1604 годзе набыў Леў Сапега, канцлер ВКЛ. А яго нашчадак Аляксандр Сапега ў 1753 годзе прадаў Шаркаўшчыну Мікалаю Тадэвушу Лапацінскаму, у 1770 годзе яна пераходзіць да яго сына Яна Нікодэма. У 1802 годзе маёнтак распадаецца на два дзесяткі маёнткаў. Сама Шаркаўшчына пераходзіць да Багуцкіх і Федаровічаў. У маляўнічым месцы на беразе ракі Янка была створана рэзідэнцыя. Там пабудавалі мураваны двухпавярховы палац, каталіцкую капліцу, заклалі парк (цяпер называецца парк сельгастэхнікі), аранжарэю, выкапалі сажалкі, узвялі цяпліцы і адкрылі звярынец.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. мястэчка ў складзе Дзісенскага павета Мінскай губерні ўвайшло ў Расійскую імперыю. У 1842 г. яно ўключана ў Віленскую губерню. У 1863 г. у мястэчку адкрыта народнае вучылішча. У 1866 г. у Новай Шаркаўшчыне каля 500 жыхароў, малітоўны дом, стаялі 6 крам, карчма, у Старой Шаркаўшчыне каля 150 жыхароў, былі 2 капліцы, 2 карчмы. Паводле перапісу 1897 г., у Новай Шаркаўшчыне 1038 жыхароў, 119 дамоў, 2 малітоўныя дамы, 23 крамы, аптэка, 2 карчмы; у Старой Шаркаўшчыне – 127 жыхароў, 16 двароў, крама, карчма. У пачатку XXст. маёнтак, Старая Шаркаўшчына і Новая Шаркаўшчына зліліся.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Шаркаўшчына адышла да Польшчы і стала цэнтрам гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. Пасля пабудовы чыгункі Варапаева – Друя была адкрыта чыгуначная станцыя.
3 1939 г. Шаркаўшчына ў складзе БССР, налічвалася 1802 жыхара. 15 студзеня 1940 г. яна стала цэнтрам Шаркаўшчынскага раёна Вілейскай вобласці. 12 кастрычніка 1940 г. Шаркаўшчыне нададзены статус гарадскога пасёлка.
У Вялікую Айчынную вайну 30 чэрвеня 1941 г. пасёлак акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі, якія загубілі ў ім 865 жыхароў. 1 ліпеня 1944 г. Шаркаўшчына была вызвалена.
20 студзеня 1944 г. Шаркаўшчына ўключана ў Полацкую, 8 студзеня 1954 г. – у Маладзечанскую, 20 студзеня 1960 г. – у Віцебскую вобласці.
У 1962 г. Шаркаўшчынскі раён быў скасаваны, Шаркаўшчына ўвайшла ў Міёрскі раён. 30 ліпеня 1966 г. Шаркаўшчынскі раён адноўлены. У 1953 г. быў распрацаваны першы пасляваенны план. Забудоўваўся гарадскі пасёлак паводле генеральнага плана 1974 г. пераважна 1-павярховымі сядзібнымі дамамі. У цэнтры пастаўлены 2–5-павярховыя жылыя дамы.
Працуюць прадпрыемствы харчовай прамысловасці і будаўнічых матэрыялаў.
На Шаркаўшчыне 2 сярэднія, спартыўная дзіцяча-юнацкая, дзіцячая школа мастацтваў, 2 бібліятэкі, Дом культуры, Цэнтр рамёстваў.
Ёсць брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Пастаўлены помнік Вызвалення.
Захаваліся помнікі архітэктуры: цэрквы Усіх Смуткуючых Радасць 1897 г. і Свята-Успенская 1912 г., а таксама сядзібны дом пачатку XXст.
Выдаецца раённая газета «Кліч Радзімы».
ЛІТАРАТУРА
1. Кожан, К.Шаркаўшчыне – 500 гадоў / К. Кожан // Голас Радзімы. – 2003. – 30 кастр. – С. 4.
2. Пачатаку гісторыі // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2015. – 4 сак. – С. 1.
3. Райчонак, С.Шаркаўшчынскаму раёну – 75 год! / С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2015. – 14 студз. – С. 1.
4. Сосна, К.Гэта наша з табою біяграфія / К. Сосна // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2015. – 4 сак. – С. 3–4.
5. Шаркаўшчына// Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. Л. М. Лабачэўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2004. – С. 472–473.
6. Шарковщина// Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 7 : Снегирь–Ящерицын. – С. 567–568.
7. Шарковщинскийрайон. Край неповторимой красоты. – [Б. м. : Б. и.]. – 12 с.
8. Яблонская, А. Пазнаць свой край сэрцам / А. Яблонская // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2002. – 20 ліп. – С. 2 ; 24 ліп. – С. 3 ; 27 ліп. – С. 2 ; 31 ліп. – С. 3 ; 14 жн. – С. 3 ; 21 жн. – С. 2 ; 24 жн. – С. 2 ; 28 жн. – С. 3 ; 31 жн. – С. 2 ; 7 верас. – С. 2 ; 11 верас. – С. 2.