Грамыка В. А. мастацкая галерэя. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 24.11.2017 12:23
- Адноўлена 16.10.2018 14:20
Сучасная назва | Аршанская гарадская мастацкая галерэя В. А. Грамыка |
Тып | установа культуры |
Дата заснавання | 2008 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша |
Сайт | http://orsha.museum.by/node/33104 |
У 2008 г. ў рамках Рэспубліканскага фестывалю кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі – 2008» была створана і адкрыта Аршанская гарадская мастацкая галерэя В. А. Грамыка. Гэта самы малады з шасці музеяў горада Оршы, які размешчаны ў адным з самых старадаўніх будынкаў, унікальным помніку беларускай архітэктуры – былым езуіцкім калегіуме. З'яўляецца філіялам Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны.
Віктар Грамыка (нар.1923) нарадзіўся ў вёсцы Сянькова Магілёўскай вобласці. Усё дзяцінства правёў у невялікім пасёлку Смаляны пад Оршай. Прайшоў Вялікую Айчынную вайну. Быў падпольшчыкам у групе Канстанціна Заслонава, ваяваў у Смаленскім партызанскім палку асаблівага прызначэння, дзе быў карэспандэнтам, рэдактарам і выдаўцом газеты «Народны мсцівец». Кавалер ордэнаў Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, медалёў «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» I ступені.
У мірны час увасобіў сваю мару і стаў мастаком. Жывапісец, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, ганаровы акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар жывапісу, Віктар Грамыка вядомы як аўтар тэматычных карцін, партрэтаў, пейзажаў. У сваіх творах мастак поэтызуе рамантыку працоўных будняў, светлую гармонію яднання людзей з навакольным прыродай, а таксама нагадвае пра суровыя выпрабаванні у гады вайны. Яго карціны пра вайну нібы прасякнуты болем народаў, а бачанне беларускіх пейзажаў настолькі дзівіць, што мастакі даўно кажуць: варта толькі зірнуць на карціну і адразу зразумела - аўтар Грамыка. Туманы, ўзараныя палі і беларускія азёры. На гэтых палотнах, здавалася б, выпадковыя матывы знаходзяць сілу і глыбіню, становяцца манументальнымі.
Работы Віктара Аляксандравіча Грамыка захоўваюцца ў самых вядомых музеях Беларусі і Расіі. У 2013 годзе майстар узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
Асноўная мэта экспазіцыі галерэі – паказ багатай мастацкай спадчыны Аршаншчыны, асэнсаванне традыцый і заканамернасцяў развіцця мастацкай культуры рэгіёна і Беларусі, майстэрства і таленту беларускіх мастакоў, які будзе спрыяць духоўнаму ўзбагачэнню грамадзян, iх далучэнню да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцяў.
У Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыка працуе зала Віктара Грамыка, пастаянная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі будынка і дзейнасці ордэна езуітаў у Оршы, пастаянная экспазіцыя, прысвечаная мастацкай культуры Аршаншчыны, а таксама сістэматычна арганізуюцца зменныя мастацкія выставы. У Гасцёўні мастацкай галерэі рэгулярна праводзяцца культурна-адукацыйныя музейныя мерапрыемствы, а таксама агульнагарадскія і рэгіянальныя ўрачыстасці.
Адрас: Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша, вуліца У. Леніна, д. 6а.
ЛІТАРАТУРА
1. Семашко, М. Культурный обмен / М. Семашко // Аршанская газета. – 2017. – 16 сак. – С. 3.
2. Сямашка, М. Як маяк калегіум / М. Сямашка // Культура. – 2016. – 21 мая. – С. 7.
3. Турок, А. Наполнить мир яркими красками / А. Турок // Аршанская газета. – 2016. – 16 апр. – С. 6.
4. Шкрабо, Е. Приглашает городская художественная галерея / Е. Шкрабо // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 19 февр. – С. 2.