Караткевіча Уладзіміра музей. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 24.11.2017 12:23
- Адноўлена 16.10.2018 14:20
Сучасная назва | Аршанскі музей У. С. Караткевіча |
Тып | установа культуры |
Дата заснавання | 2000 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша |
Сайт | http://orsha.museum.by/node/32910 |
Музей Уладзіміра Караткевіча заснаваны ў г. Оршы паводле рашэння Аршанскага выканаўчага камітэта ад 20 красавіка 1994 года. 26 лістапада 2000 года, да 70-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, быў адкрыты будынак музея з невялікай экспазіцыяй толькі ў адной зале. А з лютага 2002 г. музей гасцінна адчыніў дзверы для сваіх наведвальнікаў.
Філіял Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. Размяшчаецца ў доме, які з’яўляецца помнікам архітэктуры канца XIX – пачатку XX ст. З 1925 г. тут размяшчаўся радзільны дом, у якім 26 лістапада 1930 года і з'явіўся на свет будучы пісьменнік.
Асноўныя кірункі дзейнасці музея – вывучэнне, асэнсаванне і прапаганда творчай спадчыны У. Караткевіча, фарміраванне і выхаванне ў маладога пакалення творчых здольнасцей і эстэтычнага густу, пачуцця патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці, пашаны да роднай мовы, культурных і літаратурных набыткаў, гісторыі свайго народа на аснове твораў пісьменніка.
У аснову экспазіцыі «Жыццё, творчасць і літаратурная спадчына У. С. Караткевіча» пакладзены тэматыка-храналагічны прынцып, вылучаны тэматычныя раздзелы, у якіх выразна прадстаўлены творчы і асабісты лёс пісьменніка, яго грамадзянская пазіцыя, найбольш значныя падзеі і асобы ў літаратурным жыцці Аршаншчыны: «Радавод У. С. Караткевіча», «Дзіцячыя гады У. С. Караткевіча», «Юнацтва. Пачатак творчасці», «У. С. Караткевіч – настаўнік», «Партрэт пісьменніка і чалавека», «Літаратурная спадчына», «Караткевіч у мастацтве», «Час Караткевіча». Тут экспануюцца асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі, архіўныя матэрыялы, аўтабіяграфія У. Караткевіча, арыгінальныя рукапісы, сяброўскія шаржы, малюнкі пісьменніка, кнігі з дароўнымі подпісамі, выказванні і лісты сучаснікаў.
Пры музеі дзейнічае навукова-даследчы цэнтр, які займаецца вывучэннем творчасці У. С. Караткевіча і іншых пісьменнікаў, а таксама знакамітых людзей Аршаншчыны. У будынку ёсць выставачная галерэя для часовых выставак.
Адрас: Віцебская вобласць, Аршанскі раён, г. Орша, вуліца У. Леніна, д. 26.
ЛІТАРАТУРА
1. Барысенка, У. Вяртанне Уладзiмiра Караткевiча / У. Барысенка // Рэспублiка. – 2000. – 29 лiстап. – С. 2.
2. Гамзовіч, Р. «Жыве Караткевіч у горадзе родным...» / Р. Гамзовіч // Алеся. – 2010. – № 11. – С. 18–19.
3. Музей У. Караткевіча // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 482.
4. Оршанский музей В. Короткевича // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 168.
5. Пашковіч, В. Здабыткі нацыянальнай літаратуры цяпер у гукавым фармаце / В. Пашковіч // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 26 нояб. – С. 10.
6. Пашковіч, В. Рэчы, дарагія Караткевічу / В. Пашковіч // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 26 лістап. – С. 12.
7. Пашковіч, В. Справа гонару аршанцаў / В. Пашковіч // Краязнаўчая газета. – 2010. – № 44 (лістап.). – С. 4.
8. Пятрушын, В. Адкрыт музей Караткевіча / А. Пятрушын // Витебский курьер. – 2002. – 22 февр. – С. 3.
9. Суша, Г. Аршанская планета Караткевіча / Г. Суша // Культура. – 2005. – 15–21 кастр. – С. 12.
10. Сямашка, М. У госці да рыцара сумлення і свабоды / М. Сямашка // Аршанская газета. – 2010. – 11 лістап. – С. 2.
11. Чэмер, М. Орша: там, дзе ён ёсць, быў і будзе / М. Чэмер // Настаўніцкая газета. – 2010. – 6 лістап. – С. 8–9.
12. Шутава, В. Да Караткевіча ў музей / В. Шутава // Народнае слова. – 2009. – 28 лістап. – С. 4.
13. Юркевіч, Г. А. Караткевіча Уладзіміра музей / Г. А. Юркевіч // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэд.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: В. В. Катовіч, М. У. Чуднікаў. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 278–280.
14. Юркевіч, Г. Культурны ўзаемаабмен: творчы праект «Музеі Бельгіі і Беларусі» / Г. Юркевіч // Телеком-экспресс (Орша). – 2010. – 18 марта. – С. 1–2.