Музей гісторыка-краязнаўчы. Браслаўскі раён, г. Браслаў
- Подробности
- Створана 24.11.2017 12:23
- Адноўлена 24.01.2019 10:35
Сучасная назва | Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей |
Дата заснавання | 1984 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Браслаўскі раён, г. Браслаў |
Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей заснаваны ў 1984 годзе ў г. Браславе на базе школьнага музея. Афіцыйнае яго адкрыццё адбылося 23 кастрычніка 1988 года. Размешчаны ў доме, пабудаваным у пачатку 30-х гадоў ХХ ст. для прыватнай друкарні. Мае 6 экспазіцыйных залаў (плошча экспазіцыі 147,5 м2).
Стварэнне раённага музея пачыналася з 80 экспанатаў, што дасталіся яму ад музея СШ № 1. Асноўны цяжар па стварэнні музея лёг на плечы дырэктара Галіны Станіславаўны Падалян і старэйшага навуковага супрацоўніка Канстанціна Сяргеевіча Шыдлоўскага. Галіна Станіславаўна праявіла сябе таленавітым арганізатарам, а Канстанцін Сяргеевіч узяў на сябе ўсю краязнаўчую і навуковую працу. Агульнымі намаганнямі яны сабралі багацейшы матэрыял па гісторыі Браслаўшчыны, яе знакамітых людзях, традыцыйных рамёствах, што ляглі ў экспазіцыю музея. Яго фонды выраслі да 18 тысяч адзінак. Музей мае больш 20 калекцый разнастайных рэчаў. Па колькасці экспанатаў, іх значнасці Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей не саступае музеям больш высокага рангу.
У археалагічным аддзеле музея – прылады працы эпохі неаліту, бронзавага веку, матэрыялы даследаванняў гарадзішчаў жалезнага веку, курганных могільнікаў, паселішчаў перыяду Полацкага княства, у тым ліку комплекс жаночых упрыгожванняў ХІ стагоддзя з курганнага могільніка. Таксама адлюстравана гісторыя Браслаўшчыны часоў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, падзеі Айчыннай вайны 1812 года, паўстанняў. Экспануюцца матэрыялы пачатку ХХ ст., перыяду ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы.
Этнаграфічны матэрыял прадстаўлены комплексам «Куток сялянскай хаты канца ХІХ – пач. ХХ ст.»: вырабы ткацтва, ганчарства, пляцення, народныя музычныя інструменты. У зале «Вялікая Айчынная вайна на Браслаўшчыне» сабраны экспанаты пра дзейнасць падпольных арганізацый, партызанскіх атрадаў і брыгад, пра вызваленне краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Асобныя экспазіцыі прысвечаны краязнаўцам Браслаўшчыны: ураджэнцу Браслаўшчыны беларускаму мастаку П. Сергіевічу, доктару С. Нарбуту. У фондах музея захоўваюцца поўныя калекцыі даследванняў неалітычнай стаянкі Дубкі, гарадзішчаў у населеных пунктах Маскавічы, Браслаў, Дрысвяты, бескурганнага могільніка Пашавічы.
Музей з'яўляецца таксама навукова-даследчай установай. З 1989 года ў Браслаўскім краязнаўчым музеі праводзяцца міжнародныя навукова-краязнаўчыя канферэнцыі «Браслаўскія чытанні». Музей стаў арганізатарам і ўдзельнікам шматгадовых археалагічных даследванняў. Яго супрацоўнікі, як знаўцы даўніны і сучаснасці краю, – аўтары шматлікіх публікацый аб Браслаўшчыне, змешчаных у апошніх энцыклапедычных выданнях рэспублікі. Апрача таго, імі выдаюцца зборнікі «Браслаўскія сшыткі», «Браслаўскія чытанні», дапаможнік па гісторыі для настаўнікаў раёна, разнастайныя буклеты і рэкламныя праспекты. Шмат артыкулаў друкуецца ў перыядычных выданнях, выходзіць штомесячная краязнаўчая газета «Павет».
З часам разнастаіліся формы работы музея. Экскурсіі праводзяцца не толькі ў музеі. Ёсць тэматычныя і аглядальныя. Праводзяцца музейныя ўрокі для навучэнцаў школ горада. Неад'емнай часткай агульнай работы стала дапамога школам у стварэнні музеяў. Новыя рысы набыло краязнаўства. З павярхоўнага яно стала больш глыбінным. З вучняў гарадскіх школ створаны клуб юных краязнаўцаў.
Для знаёмства з унікальнымі калекцыямі музея пастаянна арганізуюцца стацыянарныя і выязныя выставы. Прызнанне ў браслаўчан атрымалі такія традыцыйныя выставы, як «Калядныя ўзоры», «Жанчыны сярод кветак» і іншыя.
Калекцыі музейных прадметаў выстаўляліся ў вобласці і рэспубліцы. Без удзелу Браслаўскага музея не ўяўляюцца сёння ні фестываль «Браслаўскія зарніцы», ні Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», ні іншыя святы народнай творчасці.
Музей пастаянна пашырае сваю дзейнасць.
Адрас: Віцебская вобласць, Браслаўскі раён, г. Браслаў, вуліца Энгельса, д. 39.
ЛІТАРАТУРА
1. Базарэвіч, Г. Погляд у мінулае / Г. Базарэвіч // Браслаўская звязда. – 2013. – 26 кастр. – С. 7.
2. Браслаўскае музейнае аб'яднанне. Гістарычна-краязнаўчы музей / К. Шыдлоўскі ; фотамастак І. Супранёнак. – Наваполацк, 2001. – 6 с.
3. Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 643–644.
4. Буланава, В. Музей і навука – повязь відавочная / В. Буланава // Браслаўская звязда. – 2017. – 22 крас. – С. 3.
5. Дубаронак, Н. 25 год – узрост для віншаванняў і разважанняў / Н. Дубаронак // Браслаўская звязда. – 2013. – 26 кастр. – С. 7.
6. Пашкевіч, Т. Захоўваючы повязь часоў / Т. Пашкевіч // Браслаўская звязда. – 1998. – 17 кастр. – С. 2.
7. Пашкевіч, Т. Музею 20 гадоў / Т. Пашкевіч // Браслаўская звязда. – 2008. – 22 кастр. – С. 2.
8. Сялява, Г. Адсвяткавалі ўрачыста / Г. Сялява // Браслаўская звязда. – 2013. – 30 кастр. – С. 2.
9. Шыдлоўскі, К. С. Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей : даведнік = Браславский историко-краеведческий музей : путеводитель / К. С. Шыдлоўскі. – Мінск : Полымя, 1992. – 128 с. : іл.