Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 13.06.2019 12:23
- Адноўлена 22.07.2019 09:12
Сучасная назва | Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора |
Дата заснавання | 1987 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк |
Сайт | http://sophia.polotsk.museum.by/ |
Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора быў адкрыты для наведванняў у 1987 годзе. З'яўляецца адным з адзінаццаці музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Экспазіцыя музея размяшчаецца ў дзвюх залах. У ёй асвешчана гісторыя архітэктуры самай старажытнай каменнай пабудовы на тэрыторыі сучаснай Беларусі – Сафійскага сабора з сярэдзіны XI стагоддзя да нашых дзён. Уключае рэстаўрацыйныя работы, якія праводзіліся ў 1969–1983 гг. На вопыце пабудовы экспазіцыі ў Сафійскім саборы можна вывучаць тэарытычныя магчымасці і этапы практычнай музеефікацыі помніка старажытнага дойлідства.
Экспазіцыя музея распавядае пра падзеі тысячагадовай даўнасці. З заходняга боку захаваўся фрагмент галоўнага ўваходу ў Сафійскі сабор XI стагоддзя. У праёме старажытнага партала прадстаўлены слайд мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу, які апісвае будаўнічыя традыцыі Старажытнай Русі.
Амаль цалкам захаваўся падмурак храма XI стагоддзя. Скляпенні старажытнага сабора падтрымлівалі 16 апорных слупоў, фрагменты якіх з элементамі фрэскавага роспісу захаваліся да нашых дзён. Чатыры слупы, якія знаходзяцца па кутах назіральнай пляцоўкі, падтрымлівалі галоўны купал у XI стагоддзі. Такім чынам, сёння, знаходзячыся ў ніжняй зале музея, можна апынуцца ў самым цэнтры старажытнага храма і адчуць повязь часоў. У многіх наведвальнікаў гэта выклікае захапленне.
У Полацкай Сафіі няпросты лёс. Пасля шматлікіх разбурэнняў і перабудоў ад старажытнага сабора XI стагоддзя засталіся падмурак, фрагменты сцен і апорных слупоў, усходнія алтарныя апсіды вышынёй каля 12 метраў.
Старажытны ўсходні алтар можна назваць архітэктурным летапісам сабора. Тут можна пазнаёміцца не толькі з фрагментамі храма XI стагоддзя, але і з дэталямі пазнейшых перабудоў.
Зараз Сафійскі сабор – гэта не толькі цудоўны музей, але і лепшая канцэртная зала ў Рэспубліцы Беларусь. Дзякуючы ўнікальнай акустыцы, з 1983 года ў саборы праводзяцца канцэрты камернай, а з 1985 года і арганнай музыкі. Для канцэртнай залы Сафійскага сабора старэйшай чэшскай фірмай «Рыгер Клос» быў спраектаваны і ўстаноўлены арган. Ён мае 3905 труб рознай велічыні, 48 рэгістраў, тры ручныя клавіятуры і сістэму нажных педаляў. Кожны год у красавіку тут праводзяцца міжнародныя фестывалі старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, а ў лістападзе – міжнародныя фестывалі арганнай музыкі.
Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вуліца Замкавая, д. 1.
ЛІТАРАТУРА
1. Джумантаева, Т. А. Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора / Т. А. Джумантаева // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 866.
2. Іўковіч, М. Знойдзены падчас раскопак / М. Іўковіч // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 5 кастр. – С. 23.
3. Марчук, Р. Рарытэты сярэднявечча / Р. Марчук // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 26 ліп. – С. 14.
4. Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора = Музей истории архитектуры Софийского собора = Museum of the History of Sophia Cathedral Architecture // Музеі Полацка = Музеи Полоцка = Polotsk Museums / аўт. тэксту і ўклад. Т. А. Джумантаева ; фота І. У. Супранёнак ; пер. на англ. мову Н. А. Далжонак. – Мінск : Беларусь, 2015. – С. 19–44.
5. Музей истории архитектуры Софийского собора // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 148.
СПАСЫЛКІ