Музей-кватэра Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 13.06.2019 12:23
- Адноўлена 22.07.2019 09:16
Сучасная назва | Музей-кватэра Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка |
Дата заснавання | 1987 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк |
Сайт | http://tusnolobova.polotsk.museum.by/ |
3 ліпеня 1987 года ў адным з пакояў дома, дзе пражывала Зінаіда Міхайлаўна Тусналобава-Марчанка, быў адкрыты музей-кватэра – адзіны ў Беларусі мемарыяльны музей, прысвечаны жанчыне, якая стала прыкладам стойкасці духу і жыццялюбства. Экспазіцыя прысвечана лёсу незвычайнай жанчыны, чыя ваенная біяграфія і пасляваеннае жыццё не могуць не выклікаць захаплення.
Усяго на 18 м2 кватэры – 132 экспанаты: асабістыя рэчы, здымкі і дакументы з фронту, граматы, лісты, пасляваенныя фатаграфіі. Усе гэтыя прадметы распавядаюць пра дзяцінства і юнацтва выдатнай жанчыны, яе ўдзел у баях Вялікай Айчыннай вайны, лячэнне ў ваенным шпіталі, а таксама пра сямейнае жыццё і грамадскую працу ў пасляваенны час.
Першая экспазіцыйная зала прысвечана гісторыі зараджэння і росту руху «За Зіну Тусналобаву!» і ўдзелу Зінаіды Міхайлаўны ў пасляваенным грамадскім жыцці.
Другая зала музея дае ўяўленне аб асноўных этапах нялёгкага жыццёвага шляху вядомай жанчыны. Экспазіцыя распавядае пра дзяцінства Зінаіды, прычыны пераезду яе сям'і ў Сібір, пра яе вучобу і пачатак працоўнай дзейнасці.
Значнае месца ў экспазіцыі займаюць фотаздымкі і дакументы, прысвечаныя дзейнасці Зінаіды Міхайлаўны на франтах Вялікай Айчыннай вайны: як яна трапіла на фронт, як сябе праявіла, якія ўзнагароды атрымала. Тут падрабязна распавядаецца пра яе раненне ў баі пад Курскам.
На здымках прадстаўлены і пасляваенны перыяд жыцця Зінаіды Міхайлаўны, не менш гераічны для жанчыны, якая страціла канечнасці, – стварэнне сям'і, нараджэнне дзяцей, праца дыктарам на мясцовым радыё, грамадская дзейнасць.
У вітрынах таксама нямала грамат, пасведчанняў, тэлеграм і іншых дакументаў, звязаных з асобай легендарнай палачанкі. На невялікай плошчы нават рэканструявалі рабочы кабінет Зінаіды Міхайлаўны.
Частка экспазіцыі прысвечана твору беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага «Крутыя вёрсты». Гэта біяграфія пра З. М. Тусналобаву-Марчанка, якая выдавалася на рускай, беларускай, літоўскай, украінскай і польскай мовах.
Музей-кватэра Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка ўваходзіць у склад музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вуліца 23 гвардзейцаў, д. 1.
ЛІТАРАТУРА
1. Бароўская, Д. Музей-кватэра Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка / Д. Бароўская // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 868.
2. Кавалеўская, І. Яна ўмела запальваць сэрцы: рэпартаж з адкрыцця кватэры-музея Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка / І. Кавалеўская // Сцяг камунізму (Полацк). – 1987. – 8 ліп. – С. 1.
3. Музей-квартира Героя Советского Союза З. М. Туснолобовой-Марченко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 151.
4. Музей-кватэра З. М. Тусналобавай-Марчанка = Музей-квартира З. М. Туснолобовой-Марченко = Museum-Apartment of Z. M. Tusnolobova-Marchenko // Музеі Полацка = Музеи Полоцка = Polotsk Museums / аўт. тэксту і ўклад. Т. А. Джумантаева ; фота І. У. Супранёнак ; пер. на англ. мову Н. А. Далжонак. – Мінск : Беларусь, 2015. – С. 243–258.
5. Траццякова, О. Музей-кватэра З. М. Туснолобовай-Марчанка / О. Траццякова // Полацкі веснік. – 1991. – 12 снеж. – С. 2.
СПАСЫЛКІ