Багушэўск, г. п., Сенненскі раён
- Подробности
- Створана 06.09.2017 12:23
- Адноўлена 22.04.2024 10:31
Назва | Багушэўск |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Сенненскі |
Першае ўзгадванне | XIX ст. |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва ўтворана ад асабістага прозвішча Багушэў |
Багушэўск – гарадскі пасёлак за 37 км на ўсход ад горада Сянно, 42 км ад Віцебска. Чыгуначная станцыя Багушэўская на лініі Віцебск – Орша, аўтадарогамі злучаны з Сянном, Віцебскам, Оршай. Цэнтр Багушэўскага пасялковага Савета. У 2016 г. – 2598 жыхароў.
У XIX ст. вядомы як фальварк Багушэўcка, дзе ў 1854–1884 гг. працаваў бровар. Пасля пабудовы чыгункі Віцебск – Жлобін (1903) – чыгуначная станцыя Багушэўская, вакол якой вырасла мястэчка Багушэўск (Серакаратнянская воласць Аршанскага павета). З 1924 г. мястэчка – цэнтр Багушэўскага раёна Аршанскай акругі (да 26 ліпеня 1930). У 1926 г. – 1176 жыхароў. З 8 ліпеня 1931 г. – у Аршанскім раёне. З 15 ліпеня 1935 г. – цэнтр Багушэўскага раёна, з 27 верасня 1938 г. – у Віцебскай вобласці. У 1939 г. дзейнічалі арцель гнутай мэблі «Праца» (44 рабочыя) і вінзавод (34 рабочыя). У 1939 г. – 3300 жыхароў.
У Вялікую Айчынную вайну з сярэдзіны ліпеня 1941 г. да 25 чэрвеня 1944 г. Багушэўск акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 4 верасня 1941 г. беларускія партызаны разграмілі ў пасёлку варожы гарнізон. З канца 1943 г. недалёка ад мястэчка праходзіла лінія фронту, у гарадскім пасёлку гітлераўцы стварылі апорны вузел абароны.
З 20 студзеня 1960 г. – у Сенненскім раёне. У 1990 г. – 5000 жыхароў, у 1999 г. – 3700 жыхароў.
Чыгуначная дарога падзяляе Багушэўск на ўсходнюю і заходнюю часткі. Архітэктурна-планіровачную структуру вызначаюць вуліцы Леніна, Гарбунова, Паркавая. Згодна генплана 1976 г. (карэкціроўка 2010 г.) Багушэўск развіваецца па кампактнай планіровачнай структуры. Пераважае 1-павярховая забудова сядзібнага тыпу па індывідуальных праектах. У 2000-я гг. праведзены прыродны газ. З 2010 г. Багушэўск развіваецца як аграгарадок.
У пасёлку дзейнічаюць лясгас, леспрамгас, вытворчыя ўчасткі ААТ «Віцебскдрэў» і «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў».
У Багушэўску дзейнічаюць 2 сярэднія школы, дзіцячая школа мастацтваў, санаторная школа-інтэрнат, Дом культуры, Дом творчасці дзяцей і моладзі, бібліятэка, паліклініка, 2 аддзяленні сувязі. Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць абласная туберкулёзная бальніца і гарадская бальніца, аптэка, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для аматараў фізкультуры і спорту дзейнічаюць 3 спартыўныя і 1 трэнажорны залы. У пасёлку дзейнічаюць 2 калектывы аматарскай творчасці, у тым ліку 1 народны (тэатр).
У пасёлку ёсць брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну; помнікі ў гонар войск 20-й арміі, якія гераічна змагаліся з ворагам у ліпені 1941 г., і мірным жыхарам, расстраляным у Вялікую Айчынную вайну.
У 1995 г. была пабудавана царква святых апосталаў Пятра і Паўла.
ЛІТАРАТУРА
1. Багушэўск // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 404.
2. Багушэўск // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад.: С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 588–589.
3. Богушевск // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 76–77.
4. Богушевск // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 432–433.
5. Буракова, Т. Багушеўск адсвяткаваў на славу / Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2015. – 22 жн. – С. 1, 4.
6. Бынькоў, А. Багушэўск адзначыў юбілей / А. Бынькоў // Витебские вести. – 2015. – 20 авг. – С. 21.
7. Жучкевич, В. А. Богушевск / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 31.
8. Ляшук, С. Рельс из позапрошлого века / С. Ляшук // Витебские вести. – 2017. – 6 янв. – С. 21.
9. Прамысловыі адміністрацыйны цэнтр / падрыхтавала Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. –2014. –22 лістап. – С. 4.
10. Шпаковская, Г. Историческую память Богушевска по крупицам сохраняет местная власть / Г. Шпаковская // Народнае слова. – 2012. – 19 мая. – С. 4.