Сянно, г., Сенненскі раён
- Подробности
- Створана 06.09.2017 12:23
- Адноўлена 15.07.2021 09:16
Назва | Сянно |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | горад |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Сенненскі |
Першае ўзгадванне | 1525 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва вытворнае ад асновы "сена" |
Сянно – горад, цэнтр Сенненскага раёна, на беразе возера Сянно. Знаходзіцца за 56 км на паўднёвы захад ад Віцебска, 15 км ад чыгуначнай станцыі Бypбiн на лініі Лепель – Орша. Вузел аўтадарог на Віцебск, Багушэўск, Талачын, Чашнікі, Бешанковічы. У 2016 г. – 7385 жыхароў.
Вядомы з 1534 г. як маёнтак Сянно, які вылучыўся з Аболецкага павета Віцебскага ваяводства ВКЛ. У 1525 г. згадваецца як мястэчка. У 1535 г. – занята і спалена войскамі князя Б. Гарбатага (вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534–1537 гг.). У дакументах 1542–1545 гг. упамінаецца маёнтак Сянно, уладанне князя Дз. Відуніцкага-Любецкага і яго пасынка Р. І. Сенненскага-Грыбоўскага. У 1566 г. вядома сяло той жа назвы, якое раней атрымаў ад караля Казіміра IVМілаш Вайтвілаў. У 1595 г. – маёнтак, замак (на месцы старажытнага капішча, быў абведзены ровам, праз які да брамы вёў пад’ёмны мост, існаваў да XVIII ст.) і мястэчка з «цэрквамі і іх фундушамі» належалі, згодна з купчай, Яўстафію, сыну фелінскага старасты М. Курчы.
З першай паловы XVIIст. – уладанне Сапегаў, пазней Агінскіх. Паводле іншых звестак, Сянно знаходзілася ва ўладанні Змітрака Сапегі (1573), потым – Корсакаў, Сцяткевічаў, Копцяў, Важынскіх, Тышкевічаў (з 1757 г.), Серакоўскіх (з 1772 г.), Пуслоўскіх, Шабекаў (у канцы XIXст.). У 1609 г. Курчы пабудавалі мураваны касцёл Святой Тройцы (адноўлены Агінскімі). Пры касцёле існаваў кляштар каталіцкага ордэна дамініканцаў. З 1613 г. у Сянно дзейнічаў таксама касцёл і кляштар ордэна францысканцаў (уваходзіў у Полацкую кустодыю, манахаў запрасіў у мястэчка Л. Сапега). З 1772 г. Сянно у складзе Расійскай імперыі, з 1773 г. – горад, цэнтр аднайменнага павета Аршанскай правінцыі, з 1777 і з 1802 г. – у Магілёўскай, з 1796 г. – у Беларускай губернях. 16 жніўня 1781 г. горад атрымаў герб: у зялёным полі дзве скрыжаваныя залатыя касы. У пачатку XIXст. тут было каля 600 дамоў, Ільінская драўляная царква, кляштар і школа францысканцаў, касцёл Святой Тройцы. Пажар 1860 г. знішчыў амаль увесь горад. У 1865 г. у адбудаваным горадзе 2706 жыхароў, прыходскае (з 1864 г.) і павятовае вучылішчы; пабудаваны гандлёвыя рады, млын. У 1867 г. – мураваная Мікалаеўская царква. У 1881 г. Сянно – значны гандлёвы цэнтр, у якім дзейнічалі 2 царквы, касцёл, 6 яўрэйскіх малітоўных дамоў, паштовая кантора (з 1788 г.); працавалі 4 гарбарні, паташня, 2 вадзяныя млыны, 167 рамеснікаў. У 1883 г. адчыніўся тэлеграф. У 1904 г. – 4367 жыхароў, 2 бальніцы, 3 школы, 10 дробных прадпрыемстваў, друкарня, бібліятэка, аптэка, 82 крамы; штогод праходзіла 6 кірмашоў.
З 17 ліпеня 1924 г. Сянно – цэнтр Сенненскага раёна Віцебскай акругі (да 26 ліпеня 1930 г. ), з 20 лютага 1938 г. – у Віцебскай вобласці. У 1926 г. у горадзе 5509 жыхароў, электрастанцыя, торфапрадпрыемства, вінзавод, маслабойня, 2 млыны, 14 пякарняў, 9 кузняў, рамонтныя і сталярныя майстэрні. У 1930 г. створана МТС. У Вялікую Айчынную вайну з 8 ліпеня 1941 г. па 25 чэрвеня 1944 г. Сянно акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Дзейнічала патрыятычнае падполле, з жніўня 1942 г. каля горада існавала Сенненска-Аршанская партызанская зона.
Сучасны горад размешчаны на 2 узвышшах, падзеленых з поўначы на поўдзень возера Сянно. Развіваецца паводле генплана 2001 г. Планіровачная структура прамавугольная з дробнай сеткай кварталаў. Старажытны раён Сянно знаходзіцца на тэрыторыі былой Гандлёвай плошчы, каля якой у пачатку XIXст. сфарміраваўся адміністрацыйны цэнтр. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся на скрыжаванні вуліц Кастрычніцкая, Савецкая і К. Маркса. Пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу па індывідуальных праектах, 2–3-павярховая сканцэнтравана ў цэнтры, 5-павярховая – на вуліцах Назарэнкі, Азгура і інш. Пабудавана Мікалаеўская царква. Рэканструяваны Дом культуры. У 2015 г. вялася рэканструкцыя кандытэрскага цэха пад базу біятлона. Зона адпачынку – возера Сянно і Тухінскае, гарадскі парк, лесапарк 40-годдзя Перамогі.
У Сянно працуюць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай, лесанарыхтоўчай, харчовай прамысловасці, ільнозавод і іншыя ўстановы.
У Сянно дзейнічаюць 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, ДЮСШ, 3 дашкольныя ўстановы, цэнтры: карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, культуры і народнай творчасці, Дом рамёстваў, 2 бібліятэкі, гісторыка-краязнаўчы музей, бальніца, паліклініка, 3 аптэкі; Мікалаеўская царква (1990-я гг.).
Ёсць брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну; магілы ахвяр фашызму.
Археалагічны помнік – гарадзішча жалезнага веку, якое мясцовыя жыхары называюць Гарадок.
Выдаецца газета «Голас Сенненшчыны».
ЛІТАРАТУРА
1. Ад прадзедаў спакон вякоў... : Сенна, 1442 / [В. В. Бандарэвіч, В. М. Лісоўская]. – Сянно, 2013. – 194 с.
2. Бандарэвіч, В. В. Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. – Мінск : Литература и Искусство, 2008. – 168 с.
3. Бандарэвіч, В. Фоталетапіс: «Горад старадаўні – горад малады»/ В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 5 жн. – С. 6.
4. Сенненский район // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebskregion: thenature, tourism, sport, rest/ под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский Центр маркетинга, 2005. – С. 214–219.
5. Сенненский район // Туристическая мозаика Беларуси / А. И. Локотко [и др.] ; науч. ред. А. И. Локотко. – Минск : Беларуская навука, 2011– С. 205–207.
6. Сенно // Путеводитель по городам и районным центрам Республики Беларусь = Guidebook of the cities and regional centers of the Republic of Belarus / cост. А. Варивончик [и др.]. – Минск : Харвест, 2004. – С. 240–241.
7. Сенно // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 456–457.
8. Сенно // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 637–638.
9. Сенно // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 514.
10. Скопа, В. Г. Сенно : историко-экономический очерк / В. Г. Скопа. – Минск : Беларусь, 1978. – 80 с. : ил.
11. Спыніся, імгненне! Гэта Сянно! : фотарэпартаж / падрыхт. А. Бынькоў // Витебские вести. – 2015. – 3 сент. – С. 15.
12. Сянно // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 392–393.
13. Сянно // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 89–90.
14. Сянно // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад.: С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С 585–586.
15. Сянно // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 158–160.
16. Сянно непазнавальнае // Голас Сенненшчыны. – 2016. – 8 кастр. – С. 4–5.