Чашнікі, г., Чашніцкі раён
- Подробности
- Створана 02.10.2017 12:23
- Адноўлена 15.07.2021 09:41
Назва |
Чашнікі |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | горад |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Чашніцкі |
Першае ўзгадванне | 1504 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назву звязваюць з (чашнай) ганчарнай справай |
Чашнікі – цэнтр Чашніцкага раёна. Горад стаіць на рацэ Ула, за 95 км на паўднёвы захад ад Віцебска, 3 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі на лініі Орша – Лепель. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Лепелем, Новалукомлем, Сянном, Бешанковічамі. У студзені 2017 г. – 8752 жыхары.
Вядомы з XVI ст. у Полацкім ваяводстве ВКЛ, належалі князям Лукомскім, пазней Кішкам, Сапегам, Патоцкім, Валадковічам. У Інфлянцкую вайну 1558–1582 гг. каля Чашнікаў войскі ВКЛ разграмілі ў час Ульскай бітвы 1564 г. і ў 1567 г. маскоўскае войска; паводле загаду Івана IV Грознага на правым беразе Улы пабудаваны ўмацаваны замак (у 1708 г. – спалены). У XVII ст. – мястэчка. У 1633 г. – 109 дымоў. У 1664 г. харунжы А. Служка заснаваў дамініканскі кляштар, на месцы якога ў 1786 г. пабудаваны мураваны касцёл. У XVIII ст. у Чашніках існавала прыстань. У 2-ой палове XVIII ст. мястэчка мела гандлёвыя прывілеі. У 1791–1793 гг. – цэнтр Полацкага ваяводства. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) – у Расійскай імперыі, у Лепельскім павеце Полацкай, з 1796 г. – Беларускай, з 1802 г. – Віцебскай губерняў. У 1897 г. – 703 двары, 4590 жыхароў, лячэбніца, аптэка, 2 народныя вучылішчы. У 1909 г. адкрыта гарадское вучылішча, якое ў 1913 г. пераўтворана ў вышэйшае пачатковае. З 2 лютага 1919 г. – у РСФСР, з 15 лютага 1923 г. – цэнтр Чашніцкай воласці Бачэйкаўскага павета Віцебскай губерні. З 3 сакавіка 1924 г. – у БССР, з 20 чэрвеня 1924 г. – у Віцебскім павеце, з 17 ліпеня 1924 г. – цэнтр Чашніцкага раёна Віцебскай акругі (да 26 ліпеня 1930 г.), з 20 жніўня 1924 г. – цэнтр Чашніцкага сельсавета (да 24 верасня 1926 г.). З 21 чэрвеня 1935 г. – у Лепельскай акрузе. З 20 лютага 1938 г. – у Віцебскай вобласці. З 27 верасня 1938 г. – гарадскі пасёлак. У 1939 г. – 3500 жыхароў.
У Вялікую Айчынную вайну з 5 ліпеня 1941 г. да 27 чэрвеня 1944 г. Чашнікі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Дзейнічала Чашніцкае антыфашысцкае падполле. 19–21 кастрычніка 1943 г. у час Лепельскай аперацыі байцы Смаленскага партызанскага палка вялі жорсткія баі супраць гарнізона гітлераўцаў.
3 1962 па 1965 гг. пасёлак быў у складзе Бешанковіцкага раёна. 7 лютага 1966 г. Чашнікам нададзены статус горада.
У горадзе дзейнічае гімназія, 3 сярэднія школы, школа мастацтваў, ДЮСШ, 5 дашкольных устаноў, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Цэнтр дзяцей і моладзі, 2 дамы культуры, Дом рамёстваў, 3 бібліятэкі, гістарычны музей, фізкультурна-спартыўны клуб.
Архітэктурна-планіровачную структуру горада вызначаюць вуліцы Савецкая, Ленінская, Луначарскага і іншыя, якія ствараюць радыяльную сетку. Чашнікі падзяляюцца на 3 планіровачныя раёны: гістарычны, сучасны цэнтр, пасёлак папяровай фабрыкі. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся ў раёне вуліц Савецкая і Ленінградская. На вуліцы Свабоды аднайменная плошча. Пераважае 1-павярховая забудова сядзібнага тыпу па індывідуальных праектах, па вуліцы Ленінская створаны мікрараён 5-павярховай забудовы. Сучасны горад развіваецца паводле генплана 2013 г. у паўднёва-заходнім напрамку. У 2015 г. быў рэканструяваны сквер у раёне вуліцы Савецкая, на тэрыторыі якога ўстаноўлены памятны знак контр-адміралу В. М. Апанасенку. На паўднёвым захадзе горада будуецца новы жылы мікрараён (2015).
У горадзе працуе папяровая фабрыка, камунальнае вытворчае прадпрыемства «Чашнікіспецвопратка», ААТ «Чашніцкі льнозавод», ГП «Чашніцкая друкарня», а таксама прадпрыемствы харчовай прамысловасці і іншыя.
У Чашніках ёсць брацкія магілы савецкіх воінаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну; помнікі: Вызвалення, землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Захаваўся помнік архітэктуры – Спаса-Праабражэнская царква (1843–1845 гг.).
ЛІТАРАТУРА
1. Гісторыя Чашнік // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск. : Медисонт, 2007. – С. 41–46.
2. Торбина, И. Откуда «есть пошло» местечко Чашники? / И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2015. – 15 верас. – С. 2.
3. Торбина, И. Родная улица моя / И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2016. – 3 верас. – С. 5.
4. Чашникам – 510 лет! // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2014. – 13 верас. – С. 1–10.
5. Чашнікі // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 445–446.
6. Чашнікі // Нашы гарады // У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. – Мінск : Народная асвета, 1991. – С 178–179.
7. Чашнікі // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 93–94.
8. Чашнікі // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 478–483.
9. Чашнікі // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 168–169.
10. Чашники // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 105–112.
11. Чашники // Путеводитель по городам и районным центрам Республики Беларусь = Guidebook of the cities and regional centers of the Republic of Belarus / cост. А. Варивончик [и др.]. – Минск : Харвест, 2004. – С. 246–247.
12. Чашники // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 575–576.
13. Чашники // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 7 : Снегирь–Ящерицын. – С. 499–500.
14. Чашникский район : [справ. иллюстр. изд.] / отв. за вып. Т. В. Пчелкина ; текст, фото С. Лебедев. – Витебск : Витебская областная типография, 2014. – 80 с.
15. Чашниччина : буклет / отв. за вып. Т. Пчелкина ; фото и дизайн С. Лебедев. – Витебск : Витебская областная типография, 2013. – [22] с.
16. Чашниччина : путеводитель / отв. за вып. С. М. Лебедев. – Витебск : Витебская областная типография, 2013. – [35] с.