Ула, рака. Бешанковіцкі раён
- Подробности
- Створана 08.08.2017 08:40
- Адноўлена 09.08.2017 08:31
Ула (Ульянка) – рака ў Лепельскім, Чашніцкім і Бешанковіцкім раёнах Беларусі, левы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня ракі складае 123 км, вадазбор 4090 км², сярэднегадавы расход вады ў вусці 25,4 м³/с, агульнае падзенне ракі 30,2 м, сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 %, густата рачной сеткі 0,43 км/км². Справа ў раку ўпадаюць Лукомка, Усвейка, Свячанка, злева – Хоцінка.
Выцякае з Лепельскага возера на паўночнай ускраіне г. Лепеля, вусце знаходзіцца каля г. п. Ула Бешанковіцкага раёна. З возера Лепельскае Ула цячэ на ўсход, потым за Чашнікамі і крута паварочвае на поўнач. Адлегласць паміж рэчышчам Улы ў верхнім і ніжнім цячэнні складае 1214 м. Тут у свой час быў прарыты Чашніцкі канал, які цяпер страціў сваё значэнне. Рака цячэ па Верхнебярэзінскай нізіне, Чашніцкай раўніне і Полацкай нізіне. Упадае ў Заходнюю Дзвіну каля пасёлка Ула. На берагах Улы або паблізу іх знаходзяцца шматлікія вёскі Бешанковіцкага раёна: Промыслы, Бачэйкава, Нізгалава, Чурылава, Заручэўі, Селядцова, Марцінава, Саўрасы, Зорнікі, Дворнікі, Зарэчча, Фралковічы і г. п. Ула. Веснавое разводдзе назіраецца з 3-й дэкады сакавіка да сярэдзіны мая, яго сярэдняя працягласць 56 сутак. Сярэдняе перавышэнне вышэйшага ўзроўню над межанню 4,6 м, найбольшая 7,3 м. Замярзае рака ў канцы 1-й дэкады снежня, крыгалом у пачатку красавіка. Даліна асіметрычная, трапецападобная, да вёскі Промыслы Бешанковіцкага раёна карытападобная; яе шырыня 300–600 м, найбольшая (да 1 км) у сярэднім цячэнні, найменшая (100 м) у верхнім цячэнні. Пойма чаргуецца па берагах, яе шырыня 50–100 м, ніжэй 200–400 м, у сярэднім цячэнні да 600 м. Рэчышча неразгалінаванае, на працягу 75 км ад вытоку моцназвілістае, ніжэй умерана звілістае (шырыня 30 м , месцамі 40-50 м).
У басейне Улы знаходзяцца азёры: Лепельскае, Лукомльскае, Сялява, Жарынскае, Бярэшча, Бароўна і інш. Гідралагічны рэжым Улы вывучаўся з 1876 года на 9 гідралагічных пастах (на Лепельскай ГЭС з 1958, у вёсцы Промыслы – з 1927 г.). Ёсць прыгожая мясціна на р. Ула ў Чашніках – сядзіба беларускага пісьменніка Янкі Журбы. Ула і яе невялікі прыток Акоп, што цячэ каля сядзібы Я. Журбы (вышэй па цячэнні каля сядзібы В. Цяпінскага), ствараюць прыгожы прыродны куток.
ЛІТАРАТУРА
1. Улла, Ульянка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 458.
2. Ула, Ульянка // Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.] ; мастак В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 374.
3. Ула, Ульянка // Блакітны скарб Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; мастакі: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 425.