Лепель, г., Лепельскі раён
- Подробности
- Створана 01.03.2017 12:23
- Адноўлена 16.09.2020 11:37
Назва | Лепель |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | горад |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Лепельскі |
Першае ўзгадванне | 1439 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва горада ўзнікла ад назвы возера Лепля. Аб гэтым сведчаць запісы ў "Пісьменных кнігах Маскоўскай дзяржавы". Назва горада супадае з старажытнарускім і сучасна беларускім словам лепш (лепей) – "добра". Зафіксавана таксама асабістае імя Лепля, якое цалкам супадала з назвай возера па "Пісьменнай кнізе" 16 стагоддзя. |
Лепель – горад абласнога падпарадкавання. Ён знаходзіцца за 115 км на паўднёвы захад ад Віцебска, на беразе Лепельскага возера. Канцавая станцыя чыгункі Орша – Лепель. Аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. На 2017 г. насельніцтва горада складае 17822 жыхара.
На думку рускага гісторыка А. Качубінскага, назва паходзіць ад латышскага слова «Ііара» – «ліпа» (у сэнсе – «возера сярод ліпавых лясоў»). Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 г. як вёска і маёнтак Стары Лепель на востраве Лепельскага возера. У часы Лівонскай вайны 1558–1583 гг. тут быў пабудаваны замак, побач з замкам на востраве ў 1563 г. заснавана «месца Лепель». Каля замка і пад яго аховай знаходзіўся гандлёвы порт. У 1568 г. вялікі князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст перадаў Лепель у пажыццёвае ўладанне Юрыю Зяноўевічу, пасля смерці якога Лепель перайшоў да полацкага ваяводы М. Дарагастайскага. У 1580 г. «месца» мела 300 дамоў, якія стаялі на востраве і на заходнім беразе возера (цяпер гэта вёска Стары Лепель). У 1586 г. Лепель адкупіў Л. Сапега. За 3 кіламетры ад «месца» ў вёсцы Белае ён заснаваў мястэчка Белы Лепель, або Новы Лепель. Сюды перанесены гандлёвы цэнтр, тут былі пабудаваны замак, царква, касцёл. У 1609 г. Сапега Стары Лепель і Новы Лепель перадаў віленскаму кляштару бернардзінак. У 1772–1776 гг. Лепель – адміністрацыйны і гандлёвы цэнтр Полацкага ваяводства.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Лепель адышоў да Расійскай імперыі. У 1793–1796 гг. быў цэнтрам Лепельскага павета Полацкай губерні, а з 1802 г. – Віцебскай. У 1804 г. зацверджаны першы план забудовы Лепеля. 5 красавіка 1805 г. Лепелю нададзены статус павятовага горада. Ён быў узяты ў казну, жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3 пабудовай Бярэзінскага канала горад упрыгожылі масты і набярэжныя. У 1830-я гг. сакратаром дырэкцыі канала служыў беларускі і польскі паэт, фалькларыст Ян Чачот.
3 ліпеня 1812 г. горад акупіравалі французскія войскі, якія пры адступленні спалілі яго. У 1821 г. у Лепелі адкрыта аптэка, у 1830 г. – 4-класнае вучылішча. Горад моцна пацярпеў ад пажару ў 1833 г. У 1835 г. складзены генеральны план, паводле якога Лепель падзяляўся на цэнтр і 26 кварталаў. У 1841–1844 гг. быў пабудаваны мураваны праваслаўны сабор, у 1857–1876 гг. у цэнтры пастаўлены мураваны касцёл Святога Казіміра. 9 верасня 1852 г. Лепелю нададзены герб: у чырвоным полі выява сярэбранага вершніка. У 1860 г. быў скарэкціраваны генеральны план 1835 г. Лепель быў падзелены на 30 кварталаў і 4 плошчы. У 1864 г. у горадзе больш за 2 тыс. жыхароў, стаялі 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, працавалі піваварны і гарбарны заводы, 2 цагельні. У 1893 г. у горадзе была заснавана метэастанцыя. 3 1902 г. працавала настаўніцкая бібліятэка. Паводле перапісу 1897 г., у Лепелі налічвалася 6284 чалавекі, было 800 драўляных, 10 мураваных дамоў. У пачатку XX ст. стаялі 772 дамы, дзейнічалі 12 дробных прадпрыемстваў, друкарня, 7 навучальных устаноў, у тым ліку жаночае Марыінскае вучылішча. Штогод тут праводзіліся 4 кірмашы.
3 15 сакавіка да 28 верасня 1918 г. Лепель быў акупіраваны германскімі, з кастрычніка 1919 г. да 14 мая 1920 г. – польскімі войскамі.
3 2 лютага 1919 да 1924 года разам з усёй Віцебскай губерняй Лепель уваходзіў у склад РСФСР. 3 1924 г. – у БССР, стаў цэнтрам Лепельскага раёна. У 1925 г. пабудавана чыгуначная станцыя. У 1935–1938 гг. горад быў цэнтрам Лепельскай акругі. У 1938–1941 гг. у Лепелі дзейнічаў калгасна-саўгасны тэатр. У 1939 г. насельніцтва горада складала 13,8 тыс. чалавек.
У Вялікую Айчынную вайну 3 ліпеня 1941 г. Лепель акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі ў горадзе і раёне яны загубілі 5229 чалавек. Тут дзейнічала патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 26 жніўня 1944 г. войскамі 3-га Беларускага фронту.
7 сакавіка 1963 г. Лепель стаў горадам абласнога падпарадкавання. У 1959 г. у ім 9,7 тыс. жыхароў. У сучасным горадзе захавалася рэгулярная планіроўка XIX ст. У 1964 г. і 1976 г. складзены генеральныя планы горада. Цэнтр і паўднёва-ўсходняя частка забудаваны 2–5-павярховымі дамамі. У 1970 г. было 13,1 тыс. жыхароў. Паводле планіроўкі 1980 г., перавага аддаецца невысокай забудове, на галоўнай магістралі горада невялікія групы 9-павярховых дамоў з установамі культурна-бытавога прызначэння на першых паверхах. У 1989 г. зроблены праект рэканструкцыі паркавай зоны і іншых частак горада.
Працуюць прадпрыемствы машынабудавання, металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай і харчовай галін прамысловасці. У 2003 г. адноўлена работа Лепельскай ГЭС.
У горадзе дзейнічаюць агратэхнічны каледж, ліцэй, 4 сярэднія школы, школа мастацтваў, Дом рамёстваў, Дом культуры, пры якім існуе народны тэатр «Пошук», краязнаўчы музей, 2 бібліятэкі. Ёсць метэастанцыя. Дзейнічае дзіцячы санаторый.
У Лепелі ёсць брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан; магілы савецкіх воінаў і партызан, у адной з іх пахаваны Герой Савецкага Саюза, камандзір партызанскай брыгады А. Ф. Данукалаў, брацкая магіла чырвонаармейцаў. Пастаўлены помнікі Вызвалення, савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам.
Захаваліся помнікі архітэктуры – касцёл Святога Казіміра 2-й пал. XIX ст., царква Святой Параскевы Пятніцы пачатку XX ст.
У горадзе выдаецца раённая газета «Лепельскі край».
ЛІТАРАТУРА
1. Азёрны, М. Падзеі двух гадоў у жыцці краю / М. Азёрны // Лепельскі край. – 2017. – 10 студз. – С. 5.
2. Жучкевич, В. А. Лепель / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 199.
3. Іванова, Г. Лепельшчына праз прызму стагоддзяў / Г. Іванова // Народнае слова. – 2012. – 27 верас. – С. 10.
4. Лепель [Изоматериал] = Lepel: фотоальбом / сост.: Ю. С. Иванов, В. В. Шевченко ; ред. С. В. Пешин. – Минск : Беларусь, 2009. – 142 с. : ил.
5. Лепель // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7т.]/ редкол. : Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 4 : Картография–Миноговые.– С. 444–446.
6. Лепель // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 136–137.
7. Май, А. 5 причин посетить Лепель, если кому-то уже надоела суета «Славянского базара» [Электронный ресурс] / А. Май // Витебский курьер. – Витебск, 2016. – Режим доступа : https://vkurier.by/65239. – Дата доступа: 15.08.2017.
8. Наш горад любімы // Лепельскі край. – 2008. – 8 лют. – С. 1.
9. Остановись, мгновенье! Это Лепель! : фоторепортаж / подгот. Е. Телятко // Витебские вести. – 2015. – 12 сент. – С. 9.
10. Петр Шикшнян: «Ищите счастье на родной земле!» // Віцебскі рабочы. – 2009. – 10 сент. – С. 10, 15.
11. Регион-тур. Лепель // Віцебскі рабочы. – 2008. – 12 крас. – С. 8–9.
12. Регион-тур. Приглашает Лепель / подгот. Е. Телятко // Віцебскі рабочы. – 2010. – 8 апр. – С. 10, 15.
13. Рисак, И. Город юности моей / И. Рисак // Лепельскі край. – 2008. – 5 верас. – С. 2 ; 9 верас. – С. 2 ; 12 верас. – С. 2 ; 16 верас. – С. 2 ; 19 верас. – С. 2 ; 23 верас. – С. 2 ; 26 верас. – С. 2 ; 30 верас. – С. 2.
14. Рублеўскі, С. Горад маёй памяці / С. Рублеўскі // Звязда. – 2015. – 7 лют. – С. 5.
15. Сільвановіч, С. Квітней, наш мілы Лепель! / С. Сільвановіч // Лепельскі край. – 2016. – 13 верас. – С. 2
16. Траццяк, І. Экскурс у XX стагоддзе / І. Траццяк // Лепельскі край. – 2012. – 2 кастр. – С. 3.
17. Шевченко, В. Край мой любимый, место отчее / В. Шевченко // Лепельскі край. – 2011. – 9 верас. – С. 2.
18. Шикшнян, П. Поступь созидания / П. Шикшнян // Лепельскі край. – 2009. – 11 верас. – С. 1.
19. Шлык, Ф. Е. Лепель : историко-экономический очерк / Ф. Е. Шлык. – Минск : Беларусь, 1976. – 110 с. : ил. – (Города Белоруссии).
20. Шушкевіч, У. Адкуль пайшоў горад / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2009. – 4 верас. – С. 7.
21. Януш, І. Лёсаносныя падзеі / І. Януш // Лепельскі край. – 2009. – 11 верас. – С. 6–7.