Талачын, г., Талачынскі раён
- Подробности
- Створана 07.09.2017 12:23
- Адноўлена 15.07.2021 09:19
Назва | Талачын |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | горад |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Талачынскі |
Першае ўзгадванне | 1433 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | у аснове славянскае слова "талака" - мітусня, паспяховая калектыўная праца |
Горад Талачын знаходзіцца на рацэ Друць, за 124 км на паўднёвы захад ад Віцебска. Чыгуначная станцыя праходзіць па лініі Мінск – Масква, а таксама аўтамабільная дарога Мінск – Масква, дарогі ў напрамках на Круглае, Чашнікі, Сянно. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 года складала 9 744 жыхары.
У пісьмовых крыніцах Талачын упамінаецца ў 1433 годзе як горад, які ўваходзіў у ВКЛ. З сярэдзіны XVI ст. Талачын – мястэчка Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. Штогод тут праводзіліся 3 кірмашы. Мястэчка было ўласнасцю роду князёў Друцкіх (Друцкіх-Талачынскіх). 3 канца XVI ст. ім валодалі Сапегі, пасля – Сангушкі. У 1621 г. у Талачыне было 314 дамоў. Але ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. мястэчка было спалена, і ў ім засталіся толькі 142 дамы. У 1769 г. Сангушкі заснавалі тут базыльянскі манастыр, пры якім у 1779 г. была адкрыта школа, пазней шпіталь.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) усходняя частка Талачына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Яна атрымала назву Стары ці Рускі Талачын. Да 1793 г. Стары Талачын быў памежным пунктам з мытняй. Заходняя частка мястэчка, што размяшчалася за Друццю, пачала называцца Новым ці Зарэчным Талачыном. Стары Талачын лічыўся цэнтрам Стараталачынскай воласці, якая ўвайшла ў Копыскі, а ў 1861 г. – у Аршанскі паветы. Новы Талачын быў цэнтрам Зарэчнаталачынскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. Два мястэчкі, якія ўваходзілі ў розныя паветы (на 1772–1793 гг. і ў розныя дзяржавы), былі фактычна адным населеным пунктам. У царскім указе ад 15 лютага 1782 г. аб умацаванні рубяжоў Магілёўскай губерні Талачын названы горадам, а ва ўказе ад 9 лютага 1783 г. – аб утварэнні ў ім мытні – мястэчкам. Так на працягу ўсёй гісторыі Талачын называўся то горадам, то мястэчкам.
У тыя часы галоўным напрамкам на захад быў грунтавы шлях, які вёў з Масквы. Талачын стаяў на гэтым шляху і быў пагранічным пунктам. На ўсход ад яго былі землі, што належалі Расіі, на захад – землі Рэчы Паспалітай.
У вайну 1812 г. Талачын быў разбураны, спалены 2 касцёлы, паштовы двор, 30 крам, 56 двароў. У ліпені і лістападзе 1812 г. у Талачыне спыняўся Напалеон.
Каля 1859 г. паблізу мястэчка дзейнічала гута. У 1863 г. у Старым Талачыне адкрыта народнае вучылішча, у 1869 г. – вучылішча ў Зарэчным Талачыне, тут у 1881 г. пачаў працаваць крухмальны завод.
Паводле перапісу 1897 г. у Талачыне 2614 жыхароў.
На пачатак XX ст. у мястэчку ўжо 3748 жыхароў; быў 391 дом, працавалі 2 гарбарныя, крухмальны, цагельны, піваварны заводы, а таксама гута, вадзяны млын. Дзейнічалі 2 народныя вучылішчы, школа, царква і касцёл. Мясцовае насельніцтва гандлявала збожжам і лесам. У 1917 г. у Талачыне 2181 жыхар.
У лютым – кастрычніку 1918 г. Талачын занялі германскія войскі. Неаднойчы яму наносілі вялікія страты пажары. У 1918 г. згарэла больш за палавіну мястэчка.
У 1920 г. Талачын увайшоў у склад Віцебскай губерні РСФСР. 3 ліпеня 1924 г. і да 1930 г. мястэчка было цэнтрам Талачынскага раёна Аршанскай акругі БССР. 3 1938 г. Талачын уваходзіць у Віцебскую вобласць. 27 верасня таго ж года яму нададзены статус гарадскога пасёлка. У 1939 г. тут працаваў ільнозавод, а таксама шпалапільны, гарбарны заводы, былі іншыя прадпрыемствы, у тым ліку ткацкая фабрыка. Насельніцтва складала 6100 чалавек.
У Вялікую Айчынную вайну 8 ліпеня 1941 г. гарадскі пасёлак акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі яны загубілі ў Талачыне і раёне 9521 чалавека. 26 чэрвеня 1944 г. Талачын вызвалілі войскі 3-га Беларускага фронту.
22 ліпеня 1955 г. Талачыну нададзены статус горада.
У сучасным горадзе працуюць прадпрыемствы харчовай, тэкстыльнай прамысловасці, элеватар, лясгас.
Функцыянуюць 2 сярэднія школы, гімназія, дашкольныя ўстановы, спартыўная школа, школа мастацтваў, Цэнтр культуры, бібліятэкі, гісторыка-краязнаўчы музей. Пры Доме культуры дзейнічае народная самадзейная кінастудыя «Летапіс».
Ёсць брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Пастаўлены помнік Вызвалення.
Захаваліся помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква XVIII ст., жылы корпус манастыра базыльян XVIII ст. Да помнікаў садова-паркавага мастацтва належыць парк XIX ст.
У горадзе выдаецца раённая газета «Наша Талачыншчына».
ЛІТАРАТУРА
1. Адметныя мясціны, душэўныя людзі // Наша Талачыншчына. – 2009. – 19 верас. – С. 3.
2. Дулеба, Г. І. Талачын / Г. І. Дулеба, І. П. Хаўратовіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 15 : Следавікі–Трыо. – С. 398–399.
3. Маліноўскі, М. Адкуль твая назва, Талачын? / М. Маліноўскі // Наша Талачыншчына. – 2013. – 24 снеж. – С. 4.
4. Пікулік, І. Талачын / І. Пікулік // Наша Талачыншчына. – 2015. – 16 верас. – С. 7.
5. Сикиржицкий, В. Здесь осень предстает во всей красе... / В. Сикиржицкий // Рэспубліка. – 2009. – 17 лістап. – С. 5.
6. Талачын // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 394–395.
7. Талачын // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. М. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 90–91.
8. Талачын // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 161–163.
9. Толочин // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов.– Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 17–18.
10. Толочин // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 236–238.
11. Толочин // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков[и др.].– Минск: БелЭн, 2006. – Т. 7: Снегирь–Ящерицын.–С. 238–240.
12. Толочин // Синеокая Толочинщина: история. Экономика. Культура. Памятные места / А. А. Шнейдер. – Минск : Бизнесофсет, 2009. – С. 15–20.