Дзісна, г., Мёрскі раён
- Подробности
- Створана 01.09.2017 12:23
- Адноўлена 15.09.2020 09:12
Назва | Дзісна |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | горад |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Мёрскі |
Першае ўзгадванне | 1461 |
Тапанімічнае паходжанне назвы | назва горада вытворная ад назвы ракі Дзісна, прытоку Заходняй Дзвіны |
Дзісна – горад раённага падпарадкавання ў Мёрскім раёне. У 2004 годзе – 2400 жыхароў, у 2017 – 1500 жыхароў. Размешчаны на р. Дзісна пры яе ўпадзенні ў Заходнюю Дзвіну. Знаходзіцца за 45 км ад Мёраў на аўтадарозе Мёры – Полацк.
Горад узнік на месцы старажытнага паселішча XIст. на мысе правага берага Дзісны. У пісьмовых крыніцах згадваецца з XIVст. (пад 1374 і 1377 гг.) як умацаваны замак, які выконваў ролю фарпоста Полацка на Заходняй Дзвіне, кантраляваў увесь рух па рацэ і подступы да сталіцы Полацкай зямлі. Быў вядомы пад назвай «Капец-гарадок» (XVIст.). Паступова побач з замкам на левым беразе Дзісны ўзнікла паселішча, якое ў пісьмовых крыніцах згадваецца з 1461 г. як «двор Дзісна».
У 1563 г. – сяло, 7 двароў. У перыяд Лівонскай вайны (1558–1583) былі адноўлены ўмацаванні Дзісенскага замка. Колькасць насельніцтва Дзісны значна павялічылася за кошт былых абаронцаў і жыхароў Полаччыны, якія здолелі выратавацца пасля ўзяцця Полацка войскамі Івана IVу 1563 г. У 1566 г. кароль Жыгімонт IIАўгуст загадаў пры Дзісенскім замку і пад яго аховай заснаваць горад, даў яго жыхарам розныя льготы на 8 гадоў. У 1567 г. Дзісна атрымала свой першы герб: «тры вежы з муру»; у 1569 г. – прывілей на магдэбургскае права і новы герб: ладдзя ў блакітным полі. 3 1570 г. дзейнічала мытня. У 1579 г. Дзісенскі замак стаў цэнтрам збору войск Стэфана Баторыя перад паходам на Полацк. У XVIст. у Дзісне склаліся два архітэктурна-планіровачныя цэнтры: замак (1655 г. – 14 вежаў, у тым ліку 2 брамы; 40 гармат) з гандлёвай плошчай, жылымі дамамі, арсеналам і частка горада на левым беразе Дзісны з ратушай, гандлёва-рамесніцкім цэнтрам. Тут былі пабудаваны 3 царквы: праваслаўныя Васкрасенская (існавала ў 1568 г., з 1633 г. пры царкве заснаваны манастыр, з 1679 г. – брацтва) і Узвіжанская; уніяцкая Міхайлаўская; драўляны парафіяльны касцёл (з 1581 г, у 1775 г. адчынена школа), касцёл (у 1733 г. пабудаваны мураваны) і кляштар (з 1630 г. драўляны, з 1818 г. мураваны) каталіцкага ордэна францысканцаў.
У XVIст. Дзісна – цэнтр староства Полацкага ваяводства, гандлёва-рамесніцкі цэнтр (1632 г. – 9 рамесных цэхаў); штогод праводзіліся 3 кірмашы. Горад і яго жыхары значна пацярпелі ў час ваенных дзеянняў 1654–1667 і 1700–1721 гг., а таксама ад пажараў 1649, 1700, 1720 гг., эпідэміі чумы 1710 г.
3 1793 г. Дзісна знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, з'яўлялася цэнтрам аднайменнага павета Мінскай, з 1842 г. Віленскай губерняў. Значны ўрон Дзісне і яе гаспадарцы нанеслі пажары 1865, 1872, 1882 гг., паводкі 1870 і 1878 гг. У ліку іншых згарэлі Васкрасенская (мураваная, пабудавана ў 1870 г.) і Мікалаеўская (да 1842 г. касцёл) цэрквы. Горад зноў і зноў адбудоўваўся. Перад пажарам 1882 г. вядомы рускі падарожнік П. П. Сямёнаў-Цян-Шанскі назваў Дзісну лепшым горадам Віленскай губерні. У 1897 г. – 6756 жыхароў; у 1904 г. – 9113 жыхароў, 56 вуліц і завулкаў, 2 плошчы, 2 царквы, касцёл (былы францысканскі, рамантаваўся ў 1858 і 1883 гг.), 7 яўрэйскіх малітоўных дамоў, 5 школ, 2 бібліятэкі, друкарня, бальніца і іншыя ўстановы. У 1908 г. пачалося будаўніцтва царквы Адзігітрыі, у 1910 г. дзейнічаў малітоўны дом старавераў.
3 1921 г. горад – у складзе Польшчы, цэнтр Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. У 1921 г. – 4413 жыхароў. У 1939 г. – 905 дамоў, 6073 жыхара.
3 верасня 1939 г. – у БССР, з 15 студзеня 1940 г. – горад, цэнтр Дзісенскага раёна Вілейскай, з 20 верасня 1944 г. Полацкай, з 8 студзеня 1954 г. Маладзечанскай абласцей.
У Вялікую Айчынную вайну з 5 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 г. акупіраваны гітлераўцамі, якія стварылі тут лагер смерці (14 чэрвеня 1942 г. расстралялі 3800 чалавек). У 1944 г. у Дзісне засталося 55 будынкаў, 1200 жыхароў.
Пасля вайны горад адбудаваны, з 3 кастрычніка 1959 г. у складзе Мёрскага раёна. У 1959 г. – 2500 жыхароў.
Сучасны горад развіваецца па генплану 1987 г. у паўднёвым напрамку ўздоўж вуліцы Леніна. Захавалася архітэктурна-планіровачная структура XVI–XVIIIст. Сетка вуліц прамавугольная з невялікімі кварталамі. Грамадскі і культурны цэнтр сфарміраваўся на вуліцах Леніна і Юбілейная. Зона адпачынку – гарадскі парк. У цэнтры захавалася група мураваных 1–3-павярховых жылых дамоў (XIX– пач. XXст.).
Працуюць прадпрыемствы харчовай прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў, лясгас, іншыя прадпрыемствы і ўстановы.
У горадзе дзейнічаюць сярэдняя агульнаадукацыйная і музыкальная школы, дзіцячая дашкольная ўстанова, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Цэнтр культуры, Дом рамёстваў, гарадская і дзіцячая бібліятэкі.
З 2008 года праводзіцца фестываль «Перабродская зорка».
Помнікі архітэктуры: касцёл і манастыр францысканцаў (1773), Васкрасенская царква (1864–1870).
ЛІТАРАТУРА
1. Гарбаценка, І. Была Дзісна, ёсць і будзе яна / І. Гарбаценка // Рэспубліка. – 2014. – 18 лістап. – С. 8–9.
2. Дзісна, ці «Капец-Гарадок» // Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я: ад старажытнасці да пачатку XXстагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 65–71.
3. Дисна // Путеводитель по городам и районным центрам Республики Беларусь = GuidebookofthecitiesandregionalcentersoftheRepublicofBelarus/ cост. А. Варивончик [и др.]. – Минск : Харвест, 2004. – С. 218–219.
4. Дисна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол. : Т. В. Белова[и др.]. – Минск : БелЭнімя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 359–360.
5. Дисна//Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. – С. 382–383.
6. Дисна– самый маленький город Беларуси : [туристический путеводитель]. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2012. – 15 с.
7. Дисна //Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост. : Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 174.
8. Пашкевіч, Т. У горада малога лёс вялікі / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2015. – 21 нояб. – С. 9.
9. Жучкевич, В. А. Дисна/ В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 100.
9. Пугачэўская, Д.Мая гаючая Дзісна / Д. Пугачэўская // Краязнаўчая газета. – 2015. – № 12 (сак.). – С. 6.
10. Самый маленький город Беларуси // Очарование Миорского края= СharmofMyoryregion/ подбор материала: В. А. Ермалёнок, П.И. Боголей, Миорский районный исполнительный комитет ; лит. обраб. О. В. Молодечкин ; фото О. В. Молодечкин. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – С. 24–25.
11. Субат, У. Дзісна: горад белых ветразяў / У. Субат // Сельская газета. –2017. –28 янв. – С. 24–25.