Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Забудова гістарычнага цэнтра горада. Пастаўскі раён, г. Паставы

Забудова гістарычнага цэнтра горада Паставы – помнік горадабудаўніцтва ў стылі барока.

Асноўны архітэктурна-будаўнічы лёс Паставаў, які робіць іх помнікам горадабудаўнічага мастацтва Беларусі, звязаны з імем уладальніка горада ў другой палове XVIII стагоддзя, падскарбія (міністра фінансаў) Вялікага Княства Літоўскага, гродзенскага старосты Антонія Тызенгаўза. У XVIII стагоддзі для архітэктурна-будаўнічых работ ён прыцягнуў майстроў-дойлідаў з-за мяжы, у асноўным з Італіі. Забудова спачатку была драўляная, хаатычная. У 1760–1780-я гг. з удзелам італьянскага архітэктара Дж. Сака была разгорнута буйнамаштабная горадабудаўнічая дзейнасць. У аснову рэгулярнай планіроўкі цэнтра горада была пакладзена кампазіцыйна і ансамблева завершаная прамавугольная гандлёвая плошча з будынкамі гандлёвых радоў па цэнтры, мураванымі дамамі рамеснікаў і гандляроў па перыметры. У сілуэце і панараме плошчы вылучаліся будынкі грамадскага прызначэння. Пасярэдзіне яе заходняга боку стаяў двухпавярховы будынак канцылярыі і суда, абапал сіметрычна размяшчаліся шэсць дамоў рамеснікаў, а на ўскрайках – двухпавярховы дом урача (лячэбніца) і гасцініца. Па цэнтры ўсходняга боку плошчы стаяў двухпавярховы будынак школы з вежай, які фланкіравалі адасоблена пастаўленыя два драўляныя храмы. Фронт забудовы кароткага (паўднёвага) боку плошчы фарміравалі цэнтральны будынак кавярні і дзве аднолькавыя гасцёўні па баках. Супрацьлеглы (паўночны) бок плошчы быў забудаваны вуглавым Г-падобным у плане аб'ёмам аўстэрыі (заезны дом) і трыма дамамі рамеснікаў. Дамы з вырашанымі ў стылі барока фасадамі стваралі сярод сціплай сядзібнай драўлянай забудовы горада суцэльны манументальны архітэктурны ансамбль. Ад чатырох вуглоў плошчы адыходзілі асноўныя камунікацыйныя артэрыі горада – вуліцы Браслаўская, Зарэчная, Задзейская, Віленская.

Гандлёвыя рады (1760-я гады, не захаваліся) – мелі замкнёную кампазіцыю ў выглядзе квадратнага ў плане карэ – па перыметры ўнутранага двара размяшчаліся чатыры мураваныя карпусы адкрытых унутр крам. Вонкавыя фасады – глухія сцены, завершаныя філёнгавым парапетам, які закрываў аднасхільныя дахі, быў дэкарыраваны вазамі і скульптурай. У цэнтры франтальных працяглых фасадаў знаходзіліся брамы-праезды, аздобленыя прафіляванымі фігурнымі франтонамі і крапаваныя слаістымі пілястрамі – рысы архітэктуры барока. Аналагічна былі дэкарыраваны цэнтры ўсходняга і заходняга фасадаў, умацаваныя магутнымі контрфорсамі.

Дом урача. Размяшчаўся на заходнім баку плошчы Леніна, вырашаны ў сімбіёзным барочна-класіцыстычным стылі ў выглядзе кампактнага прамавугольнага ў плане двухпавярховага аб'ёма пад высокім вальмавым чарапічным дахам. У кампазіцыі франтальнага плоскаснага фасада «лячэбніцы» выкарыстаны прынцып сіметрыі з рэгулярнай і рытмічнай разбіўкай прамавугольнымі аконнымі праёмамі, прамавугольнымі нішамі і філёнгамі. Цэнтральнае месца ва ўнутранай арганізацыі дома адведзена пярэдняй з міжпавярховай лесвіцай: першы паверх адводзіўся пад аптэку і лячэбніцу, другі – пад жылыя пакоі ўрача.

Дамы рамеснікаў (№ 5, № 9, № 15) – помнікі жыллёвай архітэктуры барока, якія ствараюць суцэльную франтальную забудову. Яны вырашаны прамавугольнымі ў плане аднапавярховымі будынкамі пад двухсхільнымі мансардавымі чарапічнымі дахамі. Карніз падзяляе франтальныя фасады на два ярусы – першы раскрапаваны цягамі, расчлянёны аконнымі праёмамі ў прамавугольных ліштвах, другі мае расчлянёны філёнгамі фігурны франтон. Мураваныя і атынкаваныя галоўныя фасады мелі па тры сіметрычна размешчаныя аконныя праёмы першага паверха і адно мансардавае – па цэнтры фігурнага франтона. Вуглавыя часткі дваровага фасада – цагляныя слупы, на якія абапіраюцца асноўныя бэлькі перакрыццяў; сцены бакавых і тыльнага фасадаў зрублены з брусоў паміж цаглянымі слупамі (зараз перабудаваны).

Дамы на паўночным баку плошчы (№ 11, № 13) перанеслі ў XIX стагоддзі рэканструкцыю і набылі архітэктурна-стылёвыя рысы гістарызму і мадэрна. Жылы дом № 13 сфарміраваны ў выніку аб'яднання і рэканструкцыі ў XIX стагоддзі двух дамоў рамеснікаў. Галоўны фасад атрымаў складаную асіметрычную кампазіцыю з высокімі прыступкавымі атыкамі, спрошчанай крапоўкай сцен, шатровай вежачкай над адным з прамавугольных вокнаў.

На заходнім баку плошчы захаваўся былы дом рамесніка з высокім, характэрным для барока выгнутым франтонам. Характэрна і пастаноўка дома вузкім тарцовым фасадам перпендыкулярна да плошчы. У аснове канструкцыі дома – эканамічнае спалучэнне элементаў мураванай і драўлянай архітэктуры – бакавыя і тыльныя сцены выкананы з брусоў, галоўны фасад, што выходзіць на плошчу, выкладзены з цэглы і атынкаваны. Кампазіцыя плоскаснага фасада вельмі простая – гэта прамавугольнік першага паверха і франтон, раскрапоўка лапаткамі, маляўнічая стужка дахоўкі па карнізе, простыя ліштвы прамавугольных вокнаў. Планіроўка дома была таксама тыпавой, функцыянальна адпрацаванай – яна складалася з дзвюх частак: вытворчай (з двух памяшканняў) і жылой з кухняй.

Да помнікаў другой паловы XVIII стагоддзя, фарміруючых гісторыка-архітэктурны воблік плошчы, адносіцца былы заезны дом (карчма, аўстэрыя), пастаўлены на яе ўсходнім баку. Двухпавярховы аб'ём пад чатырохсхільным дахам захаваў барочную раскрапоўку галоўнага фасада. Першы паверх прызначаўся пад залу і кухню, а другі – пад жылыя пакоі. Архітэктура аўстэрыі была падпарадкавана задачам стварэння цэласнага ансамбля плошчы, таму яна не прэтэндуе на арыгінальнасць і характарызуецца элементамі, агульнымі з архітэктурай суседніх будынкаў.

У XIX – пачатку XX ст. гарадское будаўніцтва Паставаў вялося вельмі марудна – да 1866 года тут налічвалася ўсяго 70 жылых дамоў. Перарабляліся будынкі XVIII стагоддзя. Будынкі другой паловы XIX – пачатку XX ст. фарміруюць паўночны бок плошчы. У другой палове XIX стагоддзя забудова плошчы пераступае за яе межы – жылыя цагляныя дамы з крамамі ўзводзяцца ўздоўж сучаснай вуліцы Савецкай.

У другой палове XIX стагоддзя на р. Мядзелка створана плаціна, якая ўтварыла два вадаёмы. Тут быў пабудаваны цагляны млын, архітэктура якога набыла рысы позняга класіцызму. Яго трохпавярховы, накрыты двухсхільным дахам гмах у цэнтры галоўнага фасада вылучаны буйным разалітам, у якім утвораны арачны ўваход з двума кароткімі слупамі. Масіўныя сцены расчлянёны невялікімі прамавугольнымі вокнамі, міжпавярховымі прафіляванымі карнізамі. На першым паверсе размешчана турбіна і шматступеньчатая трансмісія, на другім – жорны, на трэцім – службовыя памяшканні. Зараз ў гэтым будынку размяшчаецца Дом рамёстваў «Стары млын».

Сучасны гістарычны цэнтр Паставаў уключае плошчу Леніна (былая Рынкавая, затым Свабоды), забудову вуліц Савецкай і Чырвонаармейскай і раён у зарэчнай частцы вакол касцёла Святога Антонія Падуанскага. У кампазіцыі гістарычнага цэнтра вылучаны раён забудовы па перыметры плошчы і значны ўчастак прыроднага ландшафту – сажалка і паркавая тэрыторыя вакол касцёла. У горадзе захаваліся планіроўка і характар забудовы цэнтральнай часткі, тыповыя для невялікіх прыватнаўласніцкіх мястэчак XVII–XVIII ст.

На паўднёвай ускраіне Паставаў, на месцы былой сядзібы ваяводы Хаменскага, Антоній Тызенгаўз у 1760-я гады заснаваў адну са шматлікіх рэзідэнцый – з удзелам архітэктара Дж. Сака – пабудаваў прасторны аднапавярховы палац.

 

Забудова гістарычнага цэнтра горада Паставы. Фотаздымак з сайта https://tomkad.livejournal.comВадзяны млын. Фотаздымак з сайта https://tomkad.livejournal.comЖылы дом № 13. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.by/Жылы дом. Фотаздымак з сайта https://globus.tut.byЗабудова Плошчы Леніна. Фотаздымак з сайта https://tomkad.livejournal.com/Жылы дом. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.by/Забудова гістарычнага цэнтра горада Паставы. Фотаздымак з сайта https://tomkad.livejournal.comЗаезны дом. Фотаздымак з сайта https://tomkad.livejournal.com/Дом урача. Фотаздымак з сайта https://pharma.by/Забудова Плошчы Леніна. Фотаздымак з сайта http://postavy.vitebsk-region.gov.by/Дом рамесленіка. Фотаздымак з сайта https://tomkad.livejournal.c

ЛІТАРАТУРА

1. Багласаў, С. Г. Забудова плошчы Леніна / С. Г. Багласаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 318–319.

2. Бынькоў, А. На тым жа месцы... / А. Бынькоў // Витебские вести. – 2015. – 2 апр. – С. 15.

3. Бынькоў, А. Тут, на былой Рынкавай... / А. Бынькоў // Витебские вести. – 2016. – 6 дек. – С. 7.

4. Жилинская, М. Возрожденный «Стары млын» / М. Жилинская // Народная газета. – 2000. – 9 жн. – С. 4.

5. Кулагін, А. М. З гісторыка-архітэктурнага мінулага / А. М. Кулагін // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 529–544.

6. Кушнер, А. Аптека ХVIII века / А. Кушнер // Рэспублiка. – 2001. – 31 студз. – С. 10.