Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Манастыр Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы. Полацкі раён, г. Полацк

Знаходзіцца на вуліцы Еўфрасінні Полацкай, на правым беразе р. Палата. Заснаваны ў 1120-я гг. полацкай князёўнай Еўфрасінняй, якая была ў ім ігуменняй на працягу 45 гадоў.

У «Жыціі Ефрасінні Полацкай» (XII–XIII ст.) адзначаецца: «... даю Ефросинии место св. Спаса на Сельце, яко да будет тамо монастырь девический, и никто же от последних иметь судити даянию сему, еже дах ей, и вси соизволища епископу». Раскопкі 1950-х гадоў выявілі храм-пахавальню ў Сяльцы і склеп з мужчынскімі пахаваннямі, якія, магчыма, з'яўляюцца астанкамі першых полацкіх епіскапаў. У гэтым жалаваным маёнтку Еўфрасіння заснавала Спаскі манастыр. Першапачаткова тут мелася драўляная царква Спаса Верагодня, паміж 1133 і 1143 гг., калі полацкі прастол займаў Васілька Усяславіч, было разгорнута будаўніцтва. У 1579 годзе з захопам горада польскі кароль Стафан Баторый заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, а потым перадаў яе езуітам. У 1821 годзе езуіты былі выгнаны з горада, а ў 1832 годзе манастыр быў перададзены праваслаўнаму духавенству. З 1841 года манастыр зноў дзейнічаў як жаночы. У снежні 1905 года полацкі і віцебскі епіскап хадатайнічае перад Св. Сінодам аб вылучэнні сродкаў на будаўніцтва новага будынка Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага вучылішча, праект якога быў зацверджаны 5 снежня 1905 года.

Манастыр значна пацярпеў у часы вайны 1812 года ад гарматнага абстрэлу. У пачатку 1918 года манастыр быў зачынены. У Вялікую Айчынную вайну былі знішчаны ўсе драўляныя будынкі, паўзруйнаваны сабор. Сваю дзейнасць манастыр аднавіў у 1990 годзе. 27 верасня 1997 года ў манастыры адбылося свята ў сувязі з вяртаннем копіі беларускай праваслаўнай святыні – крыжа Еўфрасінні Полацкай. 26–28 верасня 1998 года манастыр наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II, які разам з А. Р. Лукашэнка паклаў у падмурак новага манастырскага корпуса закладную грамату.

На пачатак XX стагоддзя архітэктурны комплекс манастыра фарміравалі размешчаныя курданёрам вакол невялікай плошчы 3 мураваныя храмы, брама-званіца (XVI ст.), 2-павярховы, збудаваны яшчэ езуітамі, келейны корпус (пачатак XVIII ст.), каля 20 драўляных і мураваных жылых і гаспадарчых будынкаў, сад і агарод. У другой палавіне XIX стагоддзя да брамы былі прыбудаваны 2 бакавыя жылыя корпусы і ўзведзена вежа (не збераглася), у пачатку XX стагоддзя з заходняга боку брамы быў пастаўлены 2-павярховы жылы корпус. У сярэдзіне XIX стагоддзя побач са Спаса-Праабражэнскай царквой была пабудавана «цёплая» царква-трапезная ў імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай. У 1899 годзе быў узведзены вялікі мураваны сабор у гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга. Галоўная планіровачная вось манастыра вызначаецца брамай-званіцай і Спаса-Праабражэнскай царквой.

Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга (Спаса-Праабражэнская царква, Спаса-Еўфрасіннеўская царква). Знаходзіцца ў цэнтры манастырскага комплексу.

Мясцовы епіскап па просьбе Еўфрасінні для будаўніцтва царквы вылучыў ёй в. Сяльцо за межамі горада, каля епіскапскай пахавальні. «Жыціе Ефрасінні Полацкай» дае падставу меркаваць, што Еўфрасіння магла пачаць будаўніцтва мураванага храма пасля 1128–1129 гг. з блаславення епіскапа Міны. Верагодна, храм быў закладзены пасля смерці яе бацькі, пасля 1128 года. Асвячэнне храма магло адбыцца паміж 1133 годам і пачаткам 1140-х гадоў епіскапам Іліяй, які ў гэты час (да 1145) кіраваў полацкай епіскапіяй. Паводле іншых меркаванняў, храм мог быць асвячоны пераемнікам епіскапа Іліі Казьмой, які быў полацкім епіскапам з 1143 па 1166 гг. Як саборны храм Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра царква пабудавана за 30 тыдняў полацкім дойлідам Іаанам паводле загада прападобнай ігуменні Еўфрасінні Полацкай. З пераходам манастыра да езуітаў храм быў ператвораны ў касцёл. Часткова перабудаваны ў 1833 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара А. Порты. Асвяшчэнне храма адбылося 30 ліпеня 1839 года. Помнік полацкай школы дойлідства. Выцягнуты ў плане крыжова-купальны 3-нефавы 6-стоўпны аб'ём. Заходні франтальны фасад аформлены 3 закамарамі, сярэдні з якіх адпавядае канструкцыі скляпення, бакавыя дэкаратыўныя. Цэнтральны неф з усходу завершаны паўкруглай апсідай, крапаванай тонкімі паўкалонамі. Бакавыя апсіды малых памераў паўцыркульныя, звонку нябачныя. Бакавыя паўднёвы і паўночны фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 2 вузкія і 2 шырокія прасценкі з закамарамі (чаргуюцца), прарэзаны 2 ярусамі арачных аконных праёмаў, дэкарыраваных броўкамі – паўкруглымі ўнізе і кілепадобнымі наверсе. Аконныя праёмы ніжняга яруса ў 1,5 раза большыя за верхнія, з броўкамі з 4 радоў плінфы. У цэнтральных закамарах бакавых фасадаў знаходзіліся невялікія крыжовыя люкарны. Барабан купала абапіраўся на кубічны пастамент з дадатковым ярусам закамар. Гэта стварала шмат'ярусную кампазіцыю верха. Спачатку царква мела пазакамернае бочкавае пакрыццё асноўнага аб'ёму і больш нізкага нартэкса. Пазакамернае пакрыццё было заменена 2-схільным дахам. Старажытным закамарам адпавядаюць 3 паўкружжы на паўднёвым і паўночным фасадах. Моцна высунутая паўкруглая апсіда рытмічна члянёна 6 тонкімі паўкалонкамі, на барабане ў прасценках вузкіх арачных аконных праёмаў – прамавугольныя ў сячэнні лапаткі. Усе закамары і какошнікі мелі кілепадобны малюнак. Храм мае 2 уваходныя парталы – заходні галоўны і паўднёвы дадатковы.

Храм захаваўся амаль цалкам і перабудаваны пераважна ў верхняй частцы. Вынікам пераробак 1830-х гадоў з'яўлялася замена закамарнага пакрыцця насценным, увядзенне ў афармленне атынкаваных фасадаў гафрыраванага фрызавага пояса, які быў накладзены на старажытны раманскі; салярнага арнаменту ў пазухі вялікіх закамар, капітэляў пілястраў з вертыкальнай гафрыроўкай, збіўка паўкалонак на вуглавых лапатках. З аконных праёмаў былі зрублены броўкі паўцыркульнага абрысу з бакавымі гарызантальнымі ўсёкамі. Унутраная прастора 6 масіўнымі апорнымі слупамі падзелена на 3 нефы, бакавыя з якіх вузейшыя і завершаны паўкруглымі экседрамі ў тоўшчы ўсходняй сцяны. Кампазіцыя плана характарызуецца рытмічным чляненнем унутранай прасторы: шырокі прытвор, потым вузкі нартэкс, далей зноў шырокая малітоўная зала і, нарэшце, вузкая апсіда. Прытвор адмежаваны ад малітоўнай залы 3 невысокімі аркамі, над імі размешчаны хоры, на якія вядзе лесвічны ход у тоўшчы заходняй сцяны. Па іх баках 2 маленькія крыжападобныя ў плане перакрытыя купальнымі скляпеннямі на ветразях келлі, адна з якіх, паводле падання, прызначалася да Еўфрасінні Полацкай, другая – для яе сястры Еўпраксіі. Перакрыцці нефаў – цыліндрычныя скляпенні. Пад царквой скляпеністая крыпта.

Выключную гісторыка-мастацкую значнасць маюць фрэскавыя размалёўкі XII стагоддзя – унікальны твор старажытнарускага манументальнага мастацтва сусветнай значнасці. Старажытны жывапіс быў схаваны пад больш познімі напластаваннямі тынкоўкі і пабелкі, алейнай размалёўкі 1832–1835 гг. і 1840 г. Фрэскі былі адкрыты ў 1835 годзе. Іх пробнае раскрыццё праводзілася ў 1929 годзе рэстаўратарам Г. А. Чырыкавым з Цэнтральных рэстаўрацыйных майстэрняў (Масква) пад кіраўніцтвам І. Э. Грабара. Далейшая расчыстка праводзілася ў 1937–1938, 1940 гг. У 1950-х гадах раскрыццё праводзілася брыгадай Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў (Масква) пад кіраўніцтвам Дз. Брагіна, у 1972 годзе – Усесаюзнай цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыяй (Масква) пад кіраўніцтвам В. Філатава.

У 2007 годзе ў мэтах скарэйшага раскрыцця фрэсак да рэстаўрацыі былі далучаны маскоўскія спецыялісты пад кіраўніцтвам мастака-рэстаўратара В. Д. Сараб'янава, галоўнага мастацтвазнаўца міжабласнога навукова-рэстаўрацыйнага мастацкага ўпраўлення Міністэрства культуры Расіі. У цяперашні час раскрыта істотная плошча роспісаў, якая дае ўяўленне пра стылі і сістэму ўнутранага строя царквы.

Сабор у гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга знаходзіцца ў цэнтры манастырскага комплексу, злева ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Пабудаваны ў 1893–1997 гг. паводле праекта віцебскага губернскага архітэктара У. Ф. Коршыкава. Закладка храма была здзейснена 23 мая 1893 года праасвяшчэнным Антанінам.

Помнік манументальнай архітэктуры руска-візантыйскага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Белакаменны, амаль цэнтрычны крыжовы ў плане храм завершаны 5 паўсферычнымі купаламі з пазалочанымі крыжамі. Цэнтральны шлемападобны купал на высокім 12-гранным светлавым барабане падтрыманы вуглавымі «апостальскімі» 8-граннымі вежамі з такімі ж купальнымі пакрыццямі. Тры ўваходы аформлены асобнымі прытворамі-рундукамі. Паўкруглая апсіда вырашана ў 2 ярусы, верхні з якіх завершаны конхавым купалам; па баках 2 нізкія рызніцы. На фоне «дашчатай» рустоўкі фасадаў вылучаюцца вузкія высокія арачныя аконныя праёмы, здвоеныя па баках. У дэкаратыўнай аздобе фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. Па версе фасады акаймоўваюць прафіляваныя карнізы і зубчастыя фрызы. Гмах храма ўзяты на высокі філёнгавы цокаль, што надае будынку ўражлівую манументальнасць.

Архітэктура інтэр'ера спрошчаная. Яго эстэтыка вырашана архітэктанічнымі сродкамі – унутраная прастора развіта ў сферычнае падкупалле, светлавы барабан якога падтрыманы праз ветразі 4 магутнымі крыжовымі ў сячэнні пілонамі; на магутнай арцы прытвора трымаецца галерэя хораў. Такімі ж аркамі адкрываюцца ў прастору сяродкрыжжа бакавыя прыдзелы і апсіда, якая асветлена круглым акном-люкарнай, вылучанай драўляным 1-ярусным іканастасам спрошчанай мастацкай трактоўкі. Падлога выкладзена мармуровымі плітамі.

Царква ў імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай размешчана з правага (паўднёвага) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 годзе 1-павярховы жылы дом дыў прыстасаваны пад царкву, у 1886 годзе перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб'ём з 5-граннай апсідай, 4-гранным прыдзелам і прытворам. Накрыта 2-схільным дахам, пасярэдзіне якога невялікі купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход вырашаны арачным парталам з шырокай лесвіцай, сцены расшыты па тынку пад квадравую муроўку, аконныя праёмы паўцыркульныя ў руставаных ліштвах.

Унутры зала перакрыта корабавым драўляным скляпеннем, апсіда вылучана 2 паслядоўна размешчаным шырокім арачным прасветам і 1-ярусным іканастасам. У залу над прытворам кансольна выступае драўляная галерэя хораў.

Царква-пахавальня. Знаходзілася за 100 м. на ўсход ад Спаса-Праабражэнскай царквы, выяўлена М. К. Каргерам пры раскопках 1961–1965 гг. Рэканструкцыю храма дапоўніў у 1976 годзе П. А. Рапапорт. Датуецца XI–XII ст. З'яўлялася пахавальняй полацкіх епіскапаў, упамінаецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай». Магчыма, гэты храм адзначаны ў Жалаванай Грамаце караля Стэфана Баторыя ў канцы XVI стагоддзя. Магчыма, што гэта царква мелася на ўвазе пры пераліку храмаў, якія належалі полацкай архіепіскапіі. Царква загінула ад пажару, пасля чаго яе ўсходняя частка была разабрана, а астаткі былі абкладзены крусковай цэглай.

Царква ўяўляла сабой манументальны 3-нефавы 4-стоўпны крыжова-купальны храм з 3 прытворамі-галерэямі. Муроўка са схаванымі радамі, у яе ўключаны валуны, на тычках цаглін сустракаліся клеймы. Фасады мелі фрэскавую размалёўку, чляніліся 2-ступенчатымі лапаткамі. Заходні ўваходны партал знадворку быў акаймаваны архівольтай з тонкімі паўкалонкамі. Да царквы з 3 бакоў далучаліся галерэі-гульбішчы. На заходніх вуглах яны стваралі пашыраныя прамавугольныя каморы, а на ўсходніх – невялікія капліцы, якія былі вылучаны сценкай і мелі асобныя апсіды. У месцах далучэння галерэй да сцен храма бачна перавязаная муроўка, гэта значыць, што галерэі былі ўзведзены адначасова з храмам. Чатыры крыжападобныя ў сячэнні слупы ўтрымлівалі барабан купала. У тоўшчы заходняй сцяны была зроблена лесвіца на зоры. Унутры сцены прытвораў і храма былі пакрыты фрэскавай размалёўкай, падлога выслана маёлікавымі пліткамі і дэкарыравана мазаікай. Пад прытворамі знойдзены рэшткі мужчынскіх пахаванняў у цагляных склепах-саркафагах. У паўночнай галерэі была размешчана спецыяльная пахавальная камора, апушчаная ніжэй за ўзровень падлогі. Вялікай разнастайнасцю вылучалася ўпрыгожанне падлогі, былі выяўлены маёлікавыя пліткі разнастайных колераў, форм і памераў, знойдзены фрагменты мазаікі і фрэсак.

Жылы корпус знаходзіцца на захад ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Пабудаваны ў пачатку XVIII стагоддзя з цэглы як жылы, пазней – летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна.

Помнік архітэктуры барока. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з паўднёвага боку. Сцены прарэзаны невялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, пазбаўлены дэкору, з паўночнага боку, які арыентаваны на р. Палата, умацаваны 2 масіўнымі вуглавымі контрфорсамі.

Брама-званіца. Пабудавана ў 1882 годзе з цэглы. Вырашана цэнтрычным вежападобным аб'ёмам – 2 чацверыкі, верхні з якіх завершаны звонападобным купалам з цыбулепадобнай галоўкай на высокім 8-гранным барабане ў завяршэнні. Першы ярус мае арачны праезд пад цыліндрычным скляпеннем, верхні прарэзаны высокімі арачнымі прасветамі. Ярусы вылучаны тонкапрафіляваным карнізам з зубчастымі фрызамі. У аснаванні верхняга яруса па 4 гранях створаны прафіляваныя арачныя нішы з абразамі. Па баках да званіцы далучаны 1-павярховыя старожкі.

Да брамы далучаны 2-павярховы мураваны жылы корпус пад вальмавым дахам – помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя. Восьмівосевы сіметрычны галоўны фасад расчлянёны прамавугольнымі на 1-м паверсе і лучковымі на 2-м аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі фігурнымі ліштвамі, паверхі расчлянёны філёнгавым поясам, цокаль крапаваны прамавугольнымі нішамі, вуглы – лапаткамі.

 

Царква ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга Спаса-Еўфрасіннеўскага манастырскага комплекса. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.byСпаса-Праабражэнская царква Спаса-Еўфрасіннеўскага манастырскага комплекса. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.byСпаса-Праабражэнская царква і Царква ў імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай Спаса-Еўфрасіннеўскага манастырскага комплекса. Фотаздымак з сайта https://www.holiday.by

ЛІТАРАТУРА

1. Бараннікава, С. За манастырскай сцяной / С. Бараннікава // Голас Радзімы. – 2000. – 4 кастр. – С. 5.

2. Борун, Е. Н. Полоцкий Спасо-Евфросиньевский женский монастырь: век XX (исторический очерк) / Е. Н. Борун // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А, Гуманитарные науки. – 2005. – № 7. – С. 17–21.

3. Буховецкий, А. Храним память о преподобной / А. Буховецкий // Информ Плюс (Полоцк). – 2009. – 11 июня. – С. 5.

4. Васильев, Б. Г. Личное письмо фресок Спасо-Преображенского собора XII в. Евфросиньевского монастыря Полоцка / Б. Г. Васильев // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі : матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (24–25 кастрычніка 2007 г.) / уклад. Т. А. Джумантаева. – Полацк, 2009. – С. 41–58.

5. Вахрамеева, И. Покровцы к празднику Пасхи / И. Вахрамеева // Віцебскі рабочы. – 2003. – 22 крас. – С. 4.

6. Вахрамеева, И. С миром в душе / И. Вахрамеева // Химик (Новополоцк). – 2003. – 28 марта. – С. 3.

7. Волкова, Л. «Здесь, собирая по крупицам, листая древние страницы, писала летопись княжна...» / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 6 сент. – С. 3.

8. В поисках утраченного / подгот. А. Колесникова // Советская Белоруссия. – 2011. – 4 февр. – С. 13.

9. Гаврилова, С. В. Первая мировая война в судьбе Полоцкого Спасо-Евфросиниевского женского монастыря / С. В. Гаврилова // Книжное наследие А. П. Сапунова : материалы республиканской научно-практической конференции к юбилеям издания А. П. Сапуновым книг «Витебская старина» (т. 1, 1883) и «Река Западная Двина» (1893), 23 дек. 2013 г. / [редкол.: А. И. Сёмкин и др.]. – Мінск : НББ, 2014. – С. 227–231.

10. Гавяйновіч, В. На лета, спасцігаць вечныя ісціны / В. Гавяйновіч // Полацкi веснік. – 2005. – 19 ліп. – С. 5.

11. Давидович, А. С. Архитектура церквей Полоцкого Спасо-Ефросиньевского монастыря в XII–XIII века / А. С. Давидович // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия F, Строительство. Прикладные науки. – 2009. – № 12. – С. 29–32.

12. Дединкина, С. Пристань вечности / С. Дединкина // Народная газета. – 2011. – 15 лют. – С. 5, 8.

13. Дединкина, С. Тайна Всевышнего / С. Дединкина // Народная газета. – 2011. – 26 мая. – С. V.

14. Ивановская, И. О. Полоцкий Спасо-Евфросиниевский монастырь: особенности культуры строительства храмов XII века / И. О. Ивановская // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия E, Педагогические науки. – 2018. – № 15. – С. 125–130.

15. Каленик, Е. Святая обитель / Е. Каленик // Полацкі веснік. – 2018. – 31 жн. – С. 6.

16. Коршунова, Е. На острове святой Евфросинии / Е. Коршунова // Віцебскі рабочы. – 2001. – 13 лют. – С. 4.

17. Кресто-Воздвиженский собор // Полоцкие епархиальные ведомости. – 2005. – № 4 (апр.). – С. 5.

18. Лабоха, Г. Кароткі нарыс гісторыі Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку / Г. Лабоха // Беларускі гістарычны часопіс. – 2012. – № 10. – С. 19–29.

19. Лабоха, Г. М. Ансамбль Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў другой палове ХІХ ст.: гісторыя, архітэктура і афармленне храмавых інтэр'ераў / Г. М. Лабоха // Віцебскія старажытнасці : матэрыялы навуковай канферэнцыі, [20–21 кастрычніка 2011 г., 14–15 лістапада 2012 г., г. Віцебск / [рэдкал.: Г. У. Савіцкі, В. А. Шышанаў, Н. Ю. Шаркоўская]. – Мінск : НББ, 2013. – С. 195–197.

20. Лабоха, Г. М. Архітэктурна-планіровачная структура Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра [горада Полацка] ў 1943–1991 гадах / Г. М. Лабоха // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2009. – Вып. 34 : Гуманитарные науки. – С. 67–69.

21. Лабоха, Г. М. Гісторыя заснавання Бельчыцкага Барысаглебскага і Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыроў у г. Полацку / Г. М. Лабоха // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2008. – Вып. 28 : Гуманитарные науки. – С. 12–14.

22. Лабоха, Г. М. Гісторыя заснавання і развіцця Свята-Крыжаўзвіжанскага храма Спаса-Еўфрасіннеўскага манастырскага комплекса ў г. Полацку / Г. М. Лабоха // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2008. – Вып. 28 : Гуманитарные науки. – С. 15–18.

23. Лабоха, Г. М. «Езуіцкі перыяд» у гісторыі планавання Спаса-Еўфрасіннеўскага манастырскага ансамбля [горада Полацка] / Г. М. Лабоха // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2009. – Вып. 34 : Гуманитарные науки. – С. 69–72.

24. Лаврецкий, Г. А. Спасо-Преображенская церковь Спасо-Евфросиниевского монастыря в Полоцке. Образная основа архитектурной формы / Г. А. Лаврецкий // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия F, Гуманитарные науки. – 2011. – № 8. – С. 25–28.

25. Левшук, Е. Под молитвенным покровом / Е. Левшук ; беседовала М. Мажуль // Полацкі веснік. – 2013. – 4 чэрв. – С. 4 ; 18 чэрв. – С. 4.

26. Лукьянова, Л. Тихая пристань вечности / Л. Лукьянова // Народнае слова. – 2007. – 4 кастр. – С. 8–9.

27. Любочка, С. Сенсационная находка / С. Любочка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 15 авг. – С. VII.

28. Малашэня, Л. Раскопкі ў Полацкім манастыры / Л. Малашэня // Народнае слова. – 1998. – 23 мая. – С. 4.

29. Маслякова, А. Под молитвенным покровом Преподобной Евфросинии / А. Маслякова // Алеся. – 2012. – № 6. – С. 24–27.

30. Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Евфросиниевский монастырь от древности до наших дней. – Минск : Орех, 2007. – 136 с. : ил.

31. Пальцев, А. Святая обитель / А. Пальцев // Химик (Новополоцк). – 2003. – 18 апр. – С. 2.

32. Пальцев, А. Святые места Полоцка / А. Пальцев // Віцебскі рабочы. – 2003. – 22 мая. – С. 16.

33. Платонова, Р. М. Спасо-Евфросиниевский монастырь в Полоцке / Р. М. Платонова // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия F, Гуманитарные науки. – 2011. – № 8. – С. 19–24.

34. Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр // Звязда. – 2009. – 26 мая. – С. 6.

35. Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр / аўт. тэксту А. А. Ярашэвіч ; фота А. П. Дрыбаса. – Минск : Беларусь, 2006. – 63 с.

36. Сарабьянов, В. Д. Спасская церковь Евфросиниевского монастыря в Полоцке / В. Д. Сарабьянов. – 3-е изд., доп. и перераб. – Полоцк : Спасо-Евфросиниевский женский монастырь, 2016. – 516 с.

37. Селіцкі, А. Загадкі Полацкага храма / А. Селіцкі // Мастацтва. – 2008. – № 2. – С. 52–55.

38. Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 331–335.

39. Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – С. 164–168.

40. Спасо-Евфросиниевской обители 880 лет // Информ Плюс (Полоцк). – 2005. – 16 июня. – С. 5.

41. Сыс, Е. Святая обитель, или Про долгую дорогу в монастырь / Е. Сыс // Віцебскі рабочы. – 2009. – 12 сент. – С. 6.

42. Устроение [Полоцкого Спасо-Евфросиньевского] монастыря // Патрыёт (Ушачы). – 2010. – 26 мая. – С. 3.

43. Фрески древнего храма // Трудовая смена (Полоцк). – 2018. – 13 окт. – С. 4.

44. Шпакоўская, Г. Дыханне пракаветнай даўніны / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2003. – 11 лют. – С. 5.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Афіцыйны сайт Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра