Вістан, ААТ. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 08.12.2023 12:23
- Адноўлена 08.10.2024 15:26
Сучасная назва | ААТ «Вістан» |
Былая назва | завод сельскагаспадарчых машын (1918) |
завод «Чырвоны металіст» (1922) | |
Віцебскі станкабудаўнічы завод (1932) | |
металаапрацоўчы завод імя Кірава (1934) | |
вытворчае аб'яднанне «Вістан» (1989) | |
Віцебскі станкабудаўнічы завод «Вістан» імя С. Кірава | |
Віцебскі станкабудаўнічы завод «Вістан» | |
Тып | адкрытае акцыянернае таварыства |
Дата заснавання | 1914 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, г. Віцебск |
Галіна | станкабудаўнічая прамысловасць |
Сайт | https://vistan.ru |
ААТ «Вістан» з'яўляецца адным са старэйшых станкабудаўнічых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь. Гісторыя завода бярэ свой пачатак ад армейскай майстэрні, арганізаванай у канцы 1914 года. У красавіку 1918 года майстэрні былі пераўтвораны ў завод сельскагаспадарчых машын, які ў хуткім часе стаў адным з асноўных пастаўшчыкоў абсталявання для сельскай гаспадаркі Беларусі і ўсяго Паўночна-Заходняга краю. У гэтыя гады завод займаўся вытворчасцю плугоў, барон, малацілак. З 1922 года завод «Чырвоны металіст» у складзе Віцебскага аб'яднання металаапрацоўчых прадпрыемстваў. Завод унёс значны ўклад у аднаўленне разбуранай войнамі сельскай гаспадаркі. У 1931 годзе завод быў перададзены ў падчыненне Народнага камісарыята станкабудаўнічай прамысловасці СССР. Першыя станкі былі сабраны ў пачатку 1932 года. Гэта былі паліравальныя станкі, прастата канструкцыі якіх забяспечыла ім доўгатэрміновы попыт і шырокае прымяненне ў розных галінах прамысловасці. З 1934 года – металаапрацоўчы завод імя Кірава.
У гады Вялікай Айчыннай вайны завод быў эвакуіраваны ў г. Арэнбург, дзе ўжо восенню 1941 года выпускаў боепрыпасы і амуніцыю для фронта. У 1944 годзе адразу ж пасля вызвалення горада пачаліся аднаўленне завода і яго спецыялізацыя па выпуску бясцэнтравашліфавальных, плоскашліфавальных, заточных і шараапрацоўчых станкоў. У маі 1945 года даў першую прадукцыю ліцейны цэх. У 1948 годзе завод перайшоў на выпуск больш складанай прадукцыі. За пасляваенныя гады завод вырас у буйное станкабудаўнічае прадпрыемства, самае вялікае ў Беларусі па вытворчасці прэцызійнага абсталявання. У 1960 годзе рашэннем урада была вызначана агульная рэканструкцыя завода і яго спецыялізацыя. Было прынята рашэнне пра выпуск універсальных і спецыяльных бясцэнтравашліфавальных станкоў. У 1975 годзе пачаўся выпуск станкоў з лікавым праграмным кіраваннем. У 1986–1989 гг. завод з'яўляўся галоўным прадпрыемствам Віцебскага станкабудаўнічага вытворчага аб'яднання. З 1989 года – вытворчае аб'яднанне «Вістан».
У 1999 годзе ў склад завода ўвайшло Віцебскае спецыяльнае канструктарскае бюро зубаапрацоўчых, шліфавальных і заточных станкоў, што дазволіла яму больш аператыўна вырашаць пытанні перспектыўнага праектавання і даводкі новай тэхнікі. Прадпрыемства стала называцца РУП «Віцебскі станкабудаўнічы завод "Вістан" імя С. Кірава». У лістападзе 2002 года адбылася рэарганізацыя завода шляхам далучэння да яго «Віцебскага завода імя Камінтэрна». Новая структура стала насіць назву «Віцебскі станкабудаўнічы завод "Вістан"». У выніку рэарганізацыі пашырылася наменклатура абсталявання, якое выпускаецца прадпрыемствам, завод стаў найбуйнейшым у СНД вытворцам станочнай прадукцыі.
ААТ «Вістан» сёння – гэта прадпрыемства па вытворчасці круглашліфавальных, цэнтравых і бесцэнтравых станкоў, зубаапрацоўчых, апрацоўчых цэнтраў з ЛПК, такарных, спецыяльных, міні, дрэваапрацоўчых станкоў. Вытворчая праграма прадпрыемства арыентавана на тэхналагічнае забеспячэнне аўтатрактарнай, электратэхнічнай, аэракасмічнай, сельгасмашынабудавання і іншых вядучых галін машынабудаўнічага комплексу. Сёння асноўную наменклатуру выпускаемай прадукцыі складаюць: бясцэнтравашліфавальныя, суперфінішныя, цэнтравыя круглашліфавальныя, такарна-вінтарэзныя, зубаапрацоўчыя і іншыя станкі. Высокі кошт новага айчыннага і імпартнага абсталявання вымусіў многія прадпрыемствы Беларусі і Расіі заказваць заводу рэнавацыю і мадэрнізацыю дзеючага абсталявання. У апошнія гады завод асвоіў рэнавацыю ўсіх відаў зубаапрацоўчага абсталявання і бясцэнтравашліфавальных станкоў.
ААТ «Вістан» трывала займае ўпэўненыя пазіцыі на рынку металаапрацоўчага абсталявання. Сёння заводам выпускаецца больш за 20 відаў прадукцыі. Пастаянна пашыраецца геаграфія экспарту. Завод пастаўляе прадукцыю ў розныя краіны блізкага і далёкага замежжа: Расія, Украіна, Казахстан, Узбекістан, Польшча, Літва, Латвія, Балгарыя, В'етнам, Індыя, ЗША, Венесуэла.
Адрас: Віцебская вобласць, горад Віцебск, вуліца Дзімітрава, 36/7.
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
ЛІТАРАТУРА
1. Антонов, С. Новации с опорой на реновации / С. Антонов // Витебские вести. – 2020. – 20 авг. – С. 1, 6.
2. Быньков, А. Равнение на профессионалов / А. Быньков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2023. – 18 февр. – С. 1, 5.
3. «ВИСТАН» войдет в холдинг МТЗ // Віцьбічы = Витьбичи. – 2023. – 2 февр. – С. ІІ. – (Прил.: «Вечерний Витебск»).
4. Віцебскі станкабудаўнічы завод «Вістан» // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 459.
5. Кавалевский, С. Люк в прошлое / С. Кавалевский // Витебские вести. – 2020. – 16 янв. – С. 19.
6. Коршак, В. И. «Вистан» / В. И. Коршак // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 144–145.
7. Кочетов, С. ВИСТАН: вековые традиции, новое дыхание / С. Кочетов // Віцьбічы = Витьбичи. – 2024. – 19 сент. – С. ІV. – (Прил.: «Вечерний Витебск»).
8. Станкостроительный завод имени С. М. Кирова // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – С. 337–338.
СПАСЫЛКІ
О компании – https://vistan.ru/about.html