Гісторыя. г. Віцебск. Дарэвалюцыйны перыяд
- Подробности
- Створана 10.11.2020 08:40
- Адноўлена 10.11.2020 14:01
Старажытны цэнтр Віцебска – гарадзішча (Замкавая гара) узнік на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку. Вакол Замкавай гары ў IX – пачатку X стст. з'явіліся 3 паселішчы крывічоў. У выніку аб'яднання паселішчаў на мяжы X–XI стст. узнік горад. У XI ст. Віцебск уяўляў сабой дзядзінец плошчай у 0,7 га на Замкавай гары і пасад, які ўключаў тэрыторыю вакол дзядзінца, а яшчэ плошчу на правым беразе Віцьбы, на Дзвінскім узвышшы.
Віцебск меў зручнае геаграфічнае размяшчэнне: праз яго праходзілі гандлёвыя шляхі з «вараг у грэкі», а таксама з Волгі ў Варажскае мора, таму ён да 1021 года належаў вялікім князям кіеўскім.
У 1021 годзе вялікі князь кіеўскі Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму князю Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага князя Усяслава Брачыславіча ў 1101 годзе Віцебск стаў цэнтрам удзельнага Віцебскага княства. У 1130–1140 гг. горад належаў князю Васільку Святаславічу, а з 1165 года – князю Давыду Расціславічу. У сярэдзіне XII ст. у Віцебску пабудавана Дабравешчанская царква. У 1167 годзе горад узяў у аблогу мінскі князь Валадар Глебавіч. А ў 1196 годзе каля Віцебска адбылася бітва аб'яднаных сіл полацкіх і чарнігаўскіх князёў са смаленскімі князямі. Полацкія князі перамаглі і вярнулі сабе віцебскае княжанне.
У 1220–1230 гг. Віцебск, магчыма, належаў полацкаму князю Брачыславу, які ў 1239 годзе аддаў сваю дачку замуж за Аляксандра Неўскага. А ўжо ў канцы XIII – пачатку XIV стст. у Віцебску княжыў Міхаіл Канстанцінавіч. 3 1318 года горадам валодаў Яраслаў Васількавіч, які аддаў сваю дачку Марыю замуж за крэўскага князя Альгерда Гедымінавіча. У 1320 годзе пасля смерці Яраслава віцебскім князем стаў муж Марыі Яраслаўны, вялікі князь ВКЛ Альгерд. Такім чынам, Віцебск увайшоў у склад ВКЛ. У 1351 годзе было скончана будаўніцтва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў, княжацкага палаца. У 70-я гады XIV ст. горадам валодаў Ягайла. У XIV ст. Віцебск стаў цэнтрам Віцебскага павета.
3 канца XIV ст. Віцебск быў цэнтрам міжусобнай барацьбы паміж сынамі і родзічамі Альгерда за права валодання гэтым важным стратэгічным пунктам Усходняй Беларусі. Неаднаразова замкі супрацьстаялі шматлікім і працяглым аблогам. 3 сярэдзіны XV ст. горад паступова адраджаўся, павялічвалася колькасць яго жыхароў. У 1441 годзе ён уваходзіў у лік 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Вялікі князь ВКЛ Казімір Ягелончык у 1444 годзе ўстаўнай граматай даў Віцебску абмежаванае самакіраванне.
У XV–XVI стст. Віцебск стаў буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам. Яго гандлёвыя шляхі працягнуліся не толькі па тэрыторыі ВКЛ, але і ў Германію, Чэхію, Італію, Венгрыю, Маскоўскую дзяржаву, у краіны Прыбалтыкі. Віцебскія купцы вывозілі збожжа, крупы, канапляны і льняны алей, пяньку, паташ, футра, за мяжой куплялі на продаж сукно, золата, шаўковыя тканіны, каштоўныя камяні і іншыя тавары. У горадзе ўзніклі рамесныя цэхі кавалёў, ганчароў, гарбароў, сталяроў, збройнікаў, майстроў па вырабе кафлі.
Развіваўся і сам горад. Выраслі новыя пасады, з'явіліся слабоды.
3 пачатку XVI ст. Віцебск апынуўся ў паласе частых ваенных паходаў рускіх ваявод. Горад не раз быў спустошаны, а яго гараджане траплялі ў палон. У 1506 годзе ўтворана Віцебскае ваяводства. Віцебск стаў яго цэнтрам. У 1597 годзе вялікі князь ВКЛ Жыгімонт III Ваза дараваў Віцебску магдэбургскае права. Горад атрымаў свой герб: у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой змешчаны чырвоны меч. Віцебску дазвалялася мець уласную пячатку, вайсковую харугву і ратушу. Спачатку ратуша была пабудавана драўляная, а ў 1775 годзе ўзвялі мураваную. З'явіўся гасцінны двор, штогод праводзіліся кірмашы.
3 2-й паловы XVI ст. Віцебск стаў месцам дзеяння розных хрысціянскіх плыняў: кальвіністаў, езуітаў. Праваслаўныя брацтвы адкрывалі свае школы, выступалі супраць паланізацыі і акаталічвання, супраць прызнання ўніяцкай царквы. У 1623 годзе ў Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага ўніяцкага архіепіскапа І. Кунцэвіча. Бунт быў падаўлены каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права, якое было вернута толькі ў 1644 годзе.
У сярэдзіне XVII ст. Віцебск уяўляў сабой буйны адміністрацыйны, рамесны і гандлёвы цэнтр. У ім было больш за тысячу дамоў. Насельніцтва складала каля 10 тыс. жыхароў. Тут развіваліся метала- і дрэваапрацоўка, гарбарнае, ганчарнае, васкабойнае рамёствы, а таксама мёдаварэнне.
Уяўленне пра планіроўку і забудову горада таго часу дае ўнікальны графічны дакумент – «Чарцёж» Віцебска, зроблены ў 1664 годзе. Сярод гарадскіх будынкаў найбольш адметнымі былі гасцінны двор, Свята-Духаўская, Сімяонаўская, Спаса-Праабражэнская, Увядзенская цэрквы, палац Агінскага. У драўляным грамадскім і культавым дойлідстве склалася самабытная, так званая, Віцебская школа дойлідства.
Цяжкім было становішча Віцебска ў гады вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) і Паўночнай вайны (1700–1721) гг. У Віцебску ў 1701 годзе размяшчаўся генеральны штаб рускіх войск. Тут тройчы пабываў Пётр I. У 1708 годзе горад быў спалены. 3 таго часу пачаўся яго заняпад. Горад наогул часта цярпеў ад пажараў.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Віцебск быў далучаны да Расійскай імперыі. У 1772–1777 гг. ён быў цэнтрам Віцебскай правінцыі. Як павятовы, горад уваходзіў у склад Пскоўскай, а з 1776 года Полацкай губерняў. У 1796 годзе Віцебск стаў цэнтрам Беларускай, а з 1802 года Віцебскай губерняў. Расло гарадское насельніцтва: у 1772 годзе яно складала 3083 чалавекі, а ў 1785 годзе – 10 501 жыхар.
У 1777 годзе ў Віцебску пачало дзейнічаць першае прамысловае прадпрыемства – гарбарня, у 1797 годзе пачала працаваць губернская друкарня. У 1781 годзе Віцебску нададзены новы герб: на чырвоным полі з сярэбранымі палосамі выява ўзброенага вершніка.
У канцы XVIII – пачатку XIX стст. распрацоўваліся рэгулярныя планы забудовы Віцебска. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Заходняй Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (па правым беразе Заходняй Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр з Саборнай і Рыначнай плошчамі. На высокім беразе Заходняй Дзвіны быў пабудаваны палац губернатара. У розных частках горада стаялі кляштар бернардзінцаў, Успенская царква і манастыр базыльян, Варварынскі касцёл, Троіцкая царква Маркава манастыра і інш. Цэнтр горада забудоўваўся 2–3-павярховымі дамамі. У 2-й палове XVIII ст. Віцебск стаў другім па велічыні горадам Беларусі пасля Магілёва. У 1789 годзе ў горадзе адчынена некалькі 2- і 4-класных вучылішчаў, а ў 1794 годзе пачало працаваць 4-класнае рэальнае вучылішча. У пачатку XIX ст. адкрылася першая свецкая навучальная ўстанова – жаночае вучылішча, а ў 1808 годзе – першая мужчынская гімназія. У 1800 годзе для расследавання прычын голаду сюды прыязджаў рускі пісьменнік, сенатар Г. Дзяржавін. 28 ліпеня 1812 года Віцебск занялі французскія войскі. Яны разрабавалі і спалілі горад. Скарацілася гарадское насельніцтва. Калі ў пачатку 1812 года мужчын было 7808, то ў 1812 годзе засталося толькі 2415.
3 цягам часу горад зноў адрадзіўся. У 1825 годзе ў ім налічвалася 16,9 тыс. жыхароў. Тут працавалі 10 прадпрыемстваў, 135 крамаў, 8 корчмаў, 150 шынак, 6 навучальных устаноў. 24 царквы ўпрыгожвалі горад купаламі. У 1826 годзе створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 годзе – Віцебскае таварыства ўрачоў. Адчынена настаўніцкая семінарыя. У 1838 годзе пачала выдавацца газета «Витебские губернские ведомости». У 1845 годзе адкрыўся гарадскі тэатр, у 1845–1847 гг. тут з'явіўся балет Піёна, а ў канцы XIX ст. пры тэатры дзейнічаў прафесійны сімфанічны аркестр. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853–1854 гг. быў рускі пісьменнік І. Лажэчнікаў.
3 2-й паловы XIX ст. умацоўваліся эканамічныя сувязі Віцебска з прыбалтыйскімі, украінскімі, рускімі гарадамі. Прыкметна пашырылася тэрыторыя горада. Вялося будаўніцтва дарог, мастоў. Узводзіліся мураваныя будынкі. У 1862 годзе створаны Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў для збору і захоўвання дакументаў часоў ВКЛ на тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Архіварыусам тут працаваў А. Сапуноў.
У 1866 годзе праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка. Пазней чыгуначныя лініі звязалі горад з Масквою, Пецярбургам, Кіевам і Брэстам. 3 пракладкай чыгункі была створана Прывакзальная плошча, узведзены будынак вакзала. У 1877 годзе заснаваны чыгуналіцейная і чыгуначныя майстэрні, у 1883 годзе – тытунёва-махорачная фабрыка, у 1892 годзе – фабрыка па вытворчасці акуляраў, у 1898 годзе – папярова-кардонная фабрыка.
У 1870 годзе адкрыта Марыінская жаночая гімназія. Віцебская фельчарская школа, адкрытая ў 1872 годзе, рыхтавала медыцынскіх работнікаў сярэдняй кваліфікацыі. У 1890 годзе адкрылася духоўная семінарыя, а ў 1902 годзе – епархіяльнае духоўнае вучылішча. У 1891 годзе ў горадзе былі 22 навучальныя ўстановы, 5 бібліятэк, чытальня. У 1893 годзе пачаў працу Віцебскі царкоўна-археалагічны музей, заснаваны па ініцыятыве Е. Раманава і А. Сапунова.
Паводле перапісу 1897 года ў Віцебску – 65 871 жыхар, каля 2800 дамоў, 102 фабрычна-заводскія прадпрыемствы, 31 навучальная ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы на 145 ложкаў. У 1897 годзе Бельгійскае акцыянернае таварыства пабудавала ў Віцебску электрастанцыю, у 1898 годзе – першую на тэрыторыі Беларусі трамвайную лінію з электрычнай цягай. У цэнтры горада быў пракладзены водаправод. Дзейнічалі буйныя акцыянерныя прадпрыемствы – ільнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» і піваварны завод акцыянернага таварыства «Левенбрэй». У 1898 годзе пачала працаваць мастацкая школа-майстэрня Ю. Пэна. У маёнтку Здраўнёва пад Віцебскам у 1892–1894 гг. перыядычна жыў і працаваў рускі мастак І. Рэпін.
У 1913 годзе ў Віцебску пражывала 109 тыс. жыхароў. Гэта – адзін з найбольш буйных прамысловых цэнтраў. У ім дзейнічала 45 фабрык і заводаў. Усяго ў прамысловасці ў той час было занята каля 8 тыс. чалавек, у т. л. 40 % у тэкстыльнай і каля 20 % у металаапрацоўчай галінах. Працавалі першы на Беларусі настаўніцкі інстытут, які быў адкрыты ў 1910 годзе, і рэальнае вучылішча. У 1911 годзе адкрылася Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.
У гады Першай сусветнай вайны Віцебск стаў прыфрантавым горадам. Сюды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, іншыя ваенныя ўстановы, шпіталі. Гарнізон горада ў 1916 годзе налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Прадпрыемствы былі пераведзены на выпуск ваеннай прадукцыі, створаны новыя майстэрні, іншыя прадпрыемствы для абслугоўвання патрэб фронту.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Витебская грамота: о берестяном послании второй половины 13 в. / И. Абрамова // Витебский курьер. – 1999. – 29 июня. – С. 3.
2. Ад часоў першабытных – 1917 // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – Кн. 1. – С. 27–222.
3. Бубенько, Т. С. Средневековый Витебск. Посад – Нижний замок (Х – первая половина XIV в.) : монография / Т. С. Бубенько. – Витебск : ВГУ, 2004. – 276 с.
4. Дулов, А. Н. Проблема датировки легенды об основании Витебска княгиней Ольгой / А. Н. Дулов // Книжное наследие А. П. Сапунова : материалы республиканской научно-практической конференции к юбилеям издания А. П. Сапуновым книг «Витебская старина» (т. 1, 1883) и «Река Западная Двина» (1893), 23 декабря 2013 г. / [редкол.: А. И. Сёмкин и др.]. – С. 96–102.
5. Вароніч, Т. Крэдытныя ўстановы Віцебска на мяжы ХІХ–ХХ стст. / Т. Вароніч // Беларускі гістарычны часопіс. – 2004. – № 1. – С. 19–23.
6. Васьковіч, З. С. Віцебск старажытны / З. Васьковіч // Роднае слова. – 1999. – № 9. – С. 117–118.
7. Витебск // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия / [ред. совет: Т. В. Белова и др., науч. ред.: Ю. В. Баженов и др.]. – 2-е изд. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2013. – С. 99–103.
8. Витебск // Города Полоцкой земли (IX–XIII вв.) / Г. В. Штыхов ; науч. ред. В. П. Даркевич. – Минск : Наука и техника, 1978. – С. 31–41.
9. Витебск : путеводитель / текст Л. Хмельницкой ; фото: В. Базан, С. Плыткевич. – Витебск : Рифтур, 2006. – 72 с. – (Жемчужины Беларуси).
10. Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – 406, [2] с. : [12] л. ил.
11. Витебская губерния: государственные, религиозные и общественные учреждения (1802–1917) / Т. Е. Леонтьева [и др.] ; сост.: Т. Е. Леонтьева, Д. Л. Яцкевич ; редкол.: А. К. Голубович [и др.]. – Минск : БелНИИДАД, 2009. – 524 с.
12. Віцебскі летапіс // Беларускія летапісы і хронікі / [уклад. У. Арлова ; навук. рэд. В. Чамярыцкі]. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 1997. – С. 257–280. – (Беларускі кнігазбор).
13. Витебский замок и другие // Замки Витебской земли / В. А. Иванов. – Витебск, 2003. – С. 10–14.
14. Витебский трамвай. А было так... // Витебский трамвай : исторический очерк / В. Павлючков. – Минск : Медисонт, 2010. – С. 65–188.
15. Гістарычны нарыс // Віцебск – горад майстроў і мастакоў / Н. Я. Гальпяровіч, Н. Г. Ваніна, Т. М. Сівец ; [рэдкал.: Н. Г. Ваніна (і інш.) ; фота: В. В. Дняпроўскага (і інш.)]. – Минск : Пачатковая школа, 2013. – С. 6–29. – (Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі).
16. Губернский город Витебск на рубеже ХІХ–ХХ веков // Витебский трамвай : исторический очерк / В. Павлючков. – Минск : Медисонт, 2010. – С. 8–32.
17. Иванова, Т. П. Очерки по истории Витебского края / Т. П. Иванова ; УО ФПБ «Международный университет "МИТСО"», Витебский филиал. – Витебск : Витебский филиал УО ФПБ «Международный университет "МИТСО"», 2015. – 229 с.
18. Калядзінскі, Л. Верхні замак Віцебска: археалагічнае вывучэнне і праблема захавання (канец XIX – канец XX стст.) / Л. Калядзінскі // ARCHE. – 2013. – № 3. – С. 24–99.
19. Калядзінскі, Л. У. Сярэднявечны Віцебск як эталонны помнік матэрыяльнай культуры беларускага феадальнага горада / Л. У. Калядзінскі // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: новыя канцэпцыі і падыходы : усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў, Мінск, 3–5 лютага 1993 г. : у 2 ч. / рэдкал.: М. П. Касцюк [і інш.]. – Мінск : Універсітэцкае, 1994. – Ч. 1 : Гісторыя Беларусі. – С. 44–49.
20. Кішык, Ю. Н. Панарама старога Віцебска / Ю. Н. Кішык. – Мінск : Полымя, 1995. – 136 с. : іл.
21. Левко, О. Н. Витебск : монография / О. Н. Левко ; Национальная академия наук Беларуси, Институт истории. – Минск : Беларуская навука, 2010. – 335 с. : ил. – (Древнейшие города Беларуси).
22. Левко, О. Н. Витебск ХIV–ХVIII вв.: (стратиграфия, хронология, социально-историческая топография и технология производств) : монография / О. Н. Левко. – Минск : Наука и техника, 1984. – 120 с. : ил.
23. Левко, О. Н. Древнейшие города Беларуси / О. Левко ; подгот. И. Емельянович // Наука и инновации. – 2014. – № 10. – С. 64.
24. Левко, О. Н. Торговые связи Витебска в Х–ХVIII вв. / О. Н. Левко ; под ред. Г. В. Штыхова. – Минск : Наука и техника, 1989. – 85 с. : ил.
25. Лисов, А. Г. Сапуновские места Витебска и окрестностей / А. Г. Лисов, А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2004. – 48 с.
26. Нікіцін, Г. А. Віцебск / Г. А. Нікіцін. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1959. – 107 с.
27. Никифоровский, Н. Я. Странички из недавней старины города Витебска: воспоминания старожила / Н. Я. Никифоровский. – Минск : Полымя, 1995. – 149 с. : ил.
28. От летописных времен // Витебск = Vitebsk / сост. Е. А. Климентенок – Витебск : Витебская областная типография, 2014. – С. 6–31.
29. Павлючков, В. Витебский трамвай: документы и материалы / В. Павлючков. – Минск : Парадокс, 2012. – 412 с.
30. Паўлаў, М. У. Пра што расказвае Віцебскі гарадскі герб / М. У. Паўлаў. – Віцебск : ІП Яўген Калбовіч, 2004. – 12 с.
31. Паўлаў, М. У. Хто заснаваў Віцебск / М. У. Паўлаў. – Віцебск : ІП Яўген Калбовіч, 2004. – 16 с.
32. Полетаева, Н. И. Купечество Витебска: количественная динамика и социально-демографический состав: (60-е годы ХІХ – начало ХХ в.) / Н. И. Полетаева // Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта. – 2002. – № 4. – С. 8–13.
33. Подлипский, А. Славного времени год героический / А. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типипография, 2013. – 223 с.
34. Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – 536 с. : ил.
35. Русецкий, Ю. А. Культурное развитие Витебска в конце XVIII – 30-х годах XIX столетия (1772–1839) : учебно-методическое пособие / Ю. А. Русецкий. – Витебск : УО «ВГУ им. П. М. Машерова», 2002. – 55 с.
36. Русецкий А. В. Художественная культура Витебска с древности до 1917 года : историко-художественный очерк / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Минск : БелЭн, 2001. – 288 с. : ил.
37. Сапунов, А. Историко-статистический очерк города Витебска / А. Сапунов. – Витебск : Витебская Епархия, 2007. – 106 с.
38. Тишкин, И. Витебские замки / И. Тишкин. – 2-е изд., доп. и перераб. – Витебск : Витебская областная типография, 2013. – 19 с.
39. Хаданёнак, В. М. Сацыяльна-эканамічнае становішча насельніцтва неакупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны (кастрычнік 1915 – кастрычнік 1917 гг.) : манаграфія / В. М. Хаданёнак. – Віцебск : ВДТУ, 2015. – 161 с.
40. Хмельницкая, Л. В. Прогулки со старой картой: очерк истории Витебска начала XX века (с приложением карты) / Л. В. Хмельницкая ; [предисл., общ. ред. С. В. Рублевского]. – Витебск : Витебская областная типография, 2012. – 120 с. : фот. + карта.
41. Якімовіч, Ю. А. Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Ю. А. Якімовіч ; [рэд., падрыхт. рук. да друку Л. У. Хмяльніцкая]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2019. – 239 с.
СПАСЫЛКІ
Віцебскі сшытак. Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна
Витебский замок. Великое княжество Литовское Русское и Жемойтское
Исторический обзор. ВитебскСити.Бай: информационно-туристический сайт города Витебска