Бібліятэкі. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 18.03.2021 08:40
- Адноўлена 17.05.2024 10:13
Гісторыя станаўлення бібліятэк у Віцебску пачалася яшчэ ў XVII–XVIII стст.: першыя кніжныя зборы ўзнікалі пры цэрквах і манастырах (езуітаў, базыльян, піяраў і інш.). Усе яны былі параўнальна невялікія па памерах і складаліся, як правіла, з кніг рэлігійнага зместу.
З канца XVIII – пачатку XIX стст. бібліятэкі сталі ўзнікаць пры свецкіх навучальных установах. Адна з іх была створана ў 1794 годзе пры мясцовым народным вучылішчы. У 1808 годзе вучылішча было рэарганізавана ў губернскую мужчынскую гімназію, і гэта станоўча адбілася на стане бібліятэкі. У часы Айчыннай вайны, яшчэ да акупацыі горада французамі, бібліятэка была вывезена ў Вялікія Лукі (Расія) і цалкам захавалася.
Найбагацейшая бібліятэка Полацкай акадэміі была падзелена паміж Віленскім універсітэтам, Полацкай духоўнай семінарыяй і Віцебскай гімназіяй. У дарэвалюцыйныя гады бібліятэка Аляксандраўскай гімназіі была буйнейшым кніжным зборам Віцебска. Акрамя фундаментальнай, у гімназіі існавала яшчэ і вучнёўская бібліятэка, створаная ў пачатку 1870-х гадоў. Абедзве бібліятэкі існавалі за кошт прыватных ахвяраванняў і сродкаў. У 1887 годзе бібліятэка налічвала звыш 14 тыс. тамоў.
Другой па велічыні «бібліятэкай» з'яўляўся кніжны збор мясцовай духоўнай семінарыі. Яе пачатак быў пакладзены ў 1807 годзе, калі гэта навучальная ўстанова знаходзілася ў Полацку. У розныя гады сюды былі перададзены многія кнігі з царкоўных, манастырскіх бібліятэк, бібліятэк духоўных вучылішчаў Віцебскай губерні, кніжныя зборы Сафійскага сабора і асабістыя кнігі епіскапа Красоўскага. У 1932 годзе Полацкай духоўнай семінарыі была перададзена частка бібліятэкі мясцовай езуіцкай акадэміі. У 1856 годзе, пасля пераезду семінарыі ў г. Віцебск, бібліятэка зноў папоўніла свае фонды кнігамі езуіцкіх бібліятэк. У 1888 годзе ў яе фондзе налічвалася 8 тыс. тамоў. У большасці сваёй гэта былі багаслоўскія кнігі на лацінскай мове, рускіх кніг было няшмат. Кніг на грэчаскай мове не было зусім. У 1903 годзе па распараджэнні Сінода найбольш каштоўныя асобнікі былі перададзены ў Кіеўскую духоўную акадэмію.
У 1909 годзе была створана бібліятэка Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (ВВАК) – трэцяя па памеры бібліятэка дарэвалюцыйнага Віцебска. Пытанне аб яе стварэнні было ўзнята ў маі 1909 года на ўстаноўчай канферэнцыі ВВАК – грамадскай арганізацыі, якая займалася вывучэннем гістарычнага мінулага Полацка-Віцебскага краю, аховай помнікаў і культуры Віцебшчыны. Бібліятэка складалася з кніг агульнага зместу, перыядычных выданняў і калекцыі А. Семянтоўскага-Курылы. Збор віцебскіх краязнаўцаў складаўся з трох раздзелаў: агульнага, перыядычных выданняў і калекцыі А. Семянтоўскага-Курылы. Найбольш поўным быў гістарычны раздзел – 1700 тамоў. Беларускі раздзел цалкам прысвячаўся Віцебшчыне і налічваў 600 экз. Раздзел археаграфіі, архівазнаўства і бібліяграфіі складаўся з 500 тамоў; геаграфіі, этнаграфіі і статыстыкі – з 470 тамоў; археалогіі – з 340. Акрамя таго, у бібліятэцы былі невялікія раздзелы багаслоўя, мастацкай літаратуры і яе гісторыі, гісторыі мастацтва, генеалогіі і геральдыкі, нумізматыкі і сфрагістыкі. Поўна былі прадстаўлены ў бібліятэцы камплекты «Памятных книжек» розных губерняў, «Обзоры», «Адрес-календари», «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской» і іншыя.
Першыя прыватныя бібліятэкі ў Віцебску ўзніклі ў 1840–1850 гг. Адна з іх была створана братам вядомага беларускага пісьменніка А. Вярыгі-Дарэўскага Сямёнам і падтрымлівалася ім на працягу шасці гадоў. У 1857 годзе была адчынена крама-чытальня Льва Мендэльсона. Знаходзілася яна ў адным з пакояў першага паверха дома Вайцяхоўскага па Смаленскай вуліцы (зараз па вуліцы Леніна). Пастаянных чытачоў тут было 10 чалавек, а кніжны фонд яе складаў 850 экз. За права карыстацца бібліятэкай бралася плата – ад 50 капеек да аднаго рубля. Праз сем гадоў такая ж чытальня была адчынена Іванам Місюрай. У ёй налічвалася 539 экз. кніг і часопісаў, а плата за карыстанне была ўстаноўлена ўсяго 30 капеек. У «Памятных книжках Витебской губернии» за 1895 і 1914 гг. ёсць упамінанне пра прыватныя бібліятэкі С. Міндэльс, В. Магяроўскага, В. Државінскай, Л. Райскіна, Р. Махлінай, Л. Дрэйцар і Т. Чарвінскай. Дзве апошнія існавалі да Кастрычніцкай рэвалюцыі і карысталіся ў горадзе папулярнасцю. Бібліятэка Т. Чарвінскай, створаная ў пачатку 1890-х гадоў, была адной з першых у Віцебску, дзе кніжкі выдаваліся на дом.
Яшчэ адна са старэйшых бібліятэк горада, створаная ў 1868 годзе, належала Віцебскаму дваранскаму сходу. У яе фонды ўваходзілі кнігі па гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўстве і філасофіі, а таксама часопісы. Найбуйнейшым з'яўляўся раздзел мастацкай літаратуры (1177 тамоў), у якім былі шырока прадстаўлены творы айчынных і замежных аўтараў.
Першая спроба адкрыцця ў горадзе публічнай бібліятэкі адносіцца да 1830 года, пасля атрымання віцебскім губернатарам Цыркуляра МУС ад 5 ліпеня 1830 года «О заведении в губерниях публичных библиотек для чтения», але яна не мела поспеху. Па некаторых звестках яна была адкрыта толькі ў 1865 годзе. У 1859 годзе была адкрыта Віцебская публічная бібліятэка. У архіўных дакументах за 1868 год ёсць упамінанне пра бібліятэку пры Віцебскім шляхетным сходзе, якая налічвала 1584 тамы. З 1874 года існавала бібліятэка пры дабрачынным таварыстве, з сярэдзіны 1870-х – бібліятэка пры ваенным клубе, з 1878 года – бібліятэка таварыства віцебскіх сельскіх гаспадароў. У аглядзе Віцебскай губерні за 1895 год адзначалася, што пры Віцебскім шляхетным сходзе існавала 2 бібліятэкі і 3 – пры кніжных магазінах.
У пачатку мінулага стагоддзя ў бібліятэчным жыцці Віцебска наступіла прыкметнае ажыўленне: былі адкрыты бібліятэкі пры латышскім дабрачынным і яўрэйскім літаратурна-музычным таварыствах, пры I і II грамадскіх сходах, рымска-каталіцкім дабрачынным таварыстве, таварыстве прыказчыкаў, акруговым судзе, нямецкім таварыстве апекі, цэнтральная настаўніцкая бібліятэка і іншыя. Свае бібліятэкі мелі многія хрысціянскія храмы горада (Cвята-Міхайлаўскі касцёл, Cвята-Успенскі сабор, Cвята-Кафедральны Мікалаеўскі сабор і інш.).
У лютым 1904 года з'явілася чытальня пры Свята-Уладзімірскім брацтве. Першапачаткова ў ёй было ўсяго 183 кнігі, перададзеныя, верагодна, з царкоўна-археалагічнага музея. У наступныя гады бібліятэка выпісвала шэраг перыядычных выданняў, пераважна багаслоўскага зместу. У першыя гады свайго існавання бібліятэка не мела свайго памяшкання. З 1907 года яна знаходзілася ў адным з пакояў архіерэйскага дома на Саборнай плошчы. Існавала свая бібліятэка і ў гарадскога таварыства эсперантыстаў.
Адной з найбольш вядомых бібліятэк у дарэвалюцыйным Віцебску з'яўлялася гарадская бібліятэка імя А. С. Пушкіна, урачыстае адкрыццё якой адбылося 29 студзеня 1905 года. Фонд яе быў сабраны выключна мясцовымі кнігалюбамі і налічваў 1300 тамоў.
У 1915 годзе, у сувязі з Першай сусветнай вайной, у горад была перавезена бібліятэка Віленскай ваеннай акругі. Параўнальна невялікія бібліятэкі меліся пры Марыінскай і Аляксееўскай жаночых гімназіях, мужчынскім і жаночым духоўных вучылішчах, прыватных гімназіях Варварынай, Чарновай, Неруша, прыватным камерцыйным вучылішчы Грэкава і іншых установах.
У 1919 годзе бібліятэка-чытальня, што размяшчалася па вуліцы Смаленскай, была пераўтворана ў Дом кнігі. Такім чынам, з 1919 года ў горадзе фактычна пачала функцыянаваць цэнтральная бібліятэка, якая напярэдадні вайны мела звыш 250 тыс. тамоў. Аддзелам нестацыянарнага абслугоўвання на буйнейшых прадпрыемствах і ўстановах горада было адкрыта 40 перасовачных бібліятэк.
Бібліятэка былой духоўнай семінарыі, у якой налічвалася каля 1500 старадрукаваных кніг, была разбурана. Найбольш каштоўныя кнігі былі перададзены ў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута і ў губернскі музей. Выконваючы сумесную пастанову, у 1921 годзе губернская Камісія па ахове помнікаў прыступіла да работы па адкрыцці ў горадзе адзінай навуковай бібліятэкі. Для гэтага апісваліся кнігі з бібліятэкі былой духоўнай семінарыі, збіраліся старадрукаваныя кнігі з бібліятэкі Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. Вясной 1921 года бібліятэцы Віцебскага аддзялення археалагічнага інстытута перадалі каштоўны фонд старадрукаваных кніг XVII і XVIII стст. французскіх і італьянскіх аўтараў, прывезеную з вёскі Лескавічы (зараз Шумілінскі раён).
Увогуле, у 1921 годзе ў Віцебску працавалі наступныя бібліятэкі: Цэнтральная (па вул. Смаленскай), Перасовачная (там жа), Цэнтральная педагагічная (вул. Замкавая, 12), Камітэта па барацьбе з беспрацоўем (вул. Канатная), 2-я Працоўная (вул. Сталярная), 3-я Працоўная (вул. Прама-Елагская), 4-я Працоўная (вул. Ільінская), 5-я Працоўная (вул. Прабойная, 14), Дзіцячая (вул. Бальнічная), Яўрэйская Цэнтральная (Бібкін зав., 1), Польская (вул. Замкавая, 101), РКСМ (вул. Смаленская, клуб імя К. Лібкнехта), Партыйная (пры Губпарткаме), Турэмная (пры губернскай турме), Губернскага кааперацыйнага саюза (на перакрыжаванні вул. Вакзальнай і Канатнай). 21 бібліятэка налічвалася ў горадзе ў 1924 годзе.
10 мая 1925 года культурна-гістарычная секцыя Акруговага таварыства краязнаўства разгледзела пытанне аб арганізацыі ў горадзе навуковай бібліятэкі. Адзначаючы, што ў горадзе ёсць «Дом кнігі», бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага тэхнікума, Маркава манастыра і земаддзела пастанавілі: «Просить Инбелкульт об организации в Витебске отделения Белорусской государственной библиотеки». Але гэта прапанова была пакінута без увагі. Таму, 14 кастрычніка 1925 года, Прэзідыум Віцебскага акруговага выканкама прыняў пастанову: «...Лічыць жаданым мець у Віцебску Аддзяленьне Дзяржаўнай бібліатэкі з папаўненьнем яе кніжным фондам навуковага зьместу Дзяржаўнай бібліатэкі і кнігамі, якія маюцца у бібліатэкі быўшага Археалагічнага Інстытуту, прычым разьмясціць у памяшканні Б. Успенскай стараабрадчаскай царквы па Камуністычнай вуліцы дом № 6». Першапачаткова гэтая дата і лічылася днём заснавання Віцебскай абласной бібліятэкі.
Загадам аддзела культуры № 92 ад 1 снежня 1975 года было афіцыйна абвешчана аб стварэнні першай у вобласці і адной з першых на тэрыторыі Беларусі Віцебскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, якая аб'яднала на той час 14 бібліятэк: 9 публічных і 5 дзіцячых з кніжным фондам 807 008 экз., колькасць чытачоў складала 58 932, кнігавыдача – 1 477 007 экз. Статус цэнтральнай атрымала бібліятэка імя М. Горкага. Першым дырэктарам ЦБС стала Соркіна Раіса Захараўна, якая раней працавала загадчыцай бібліятэкі імя М. Горкага.
За гады існавання бібліятэчная сістэма горада Віцебска прайшла доўгі шлях станаўлення і развіцця. Павялічылася сетка бібліятэк, якая на сённяшні дзень налічвае 16 бібліятэк: публічныя – 9, дзіцячыя – 5, бібліятэка замежнай літаратуры з кніжным фондам больш за 725 тыс. экз. адзінага фонду. На прадпрыемствах і ва ўстановах горада, якія не маюць сваіх бібліятэк, ад цэнтральнай гарадской бібліятэкі створана 24 бібліятэчныя пункты. Бібліятэкі сістэмы абслугоўваюць больш за 78 тыс. чытачоў, кнігавыдача складае амаль 1,3 млн. экз. выданняў.
Актуальным напрамкам дзейнасці бібліятэк горада ў апошнія гады стала распрацоўка і рэалізацыя тэматычных мэтавых праграм. Дзесяць гарадскіх бібліятэк працуюць па наступных праграмах: у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М. Горкага дзейнічаюць 2 праграмы – «Лад жыцця – здароўе», «Віцебск і Віцебшчына ў літаратуры і мастацтве. Славутыя землякі і вялікія падзеі»; бібліятэка імя Л. М. Талстога – «Экалогія. Свет. Чалавек» (экалогія); бібліятэка імя У. Караткевіча – «Нам засталася спадчына» (краязнаўства); бібліятэка імя Е. Полацкай – «Дакрананне да прыгожага»; дзіцячая бібліятэка імя Я. Маўра – «Ад сэрца да сэрца, ад душы да душы» (праца з пажылымі людзьмі); бібліятэка імя У. Маякоўскага – «Жывая сувязь пакаленняў» (гісторыка-патрыятычнае выхаванне); бібліятэка імя С. Маршака – «Увайсці ў свет прыгажосці» (эстэтычнае выхаванне); бібліятэка імя М. Лынькова – «Усё пачынаецца з сям'і»; бібліятэка імя Я. Купалы – «Міласэрнасць у кожным сэрцы».
У ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Віцебска» ўваходзяць:
– Бібліятэка-філіял № 2 імя У. Маякоўскага;
– Бібліятэка-філіял № 3 імя Я. Купалы;
– Бібліятэка-філіял № 4 імя А. С. Пушкіна;
– Бібліятэка-філіял № 5 імя Л. М. Талстога;
– Бібліятэка-філіял № 7;
– Бібліятэка-філіял № 9 імя С. Маршака;
– Бібліятэка-філіял № 10 імя Я. Коласа;
– Бібліятэка-філіял № 11 імя М. Лынькова;
– Бібліятэка-філіял № 12 імя М. Астроўскага;
– Бібліятэка-філіял № 14 імя У. Караткевіча;
– Бібліятэка-філіял № 15 імя Я. Маўра;
– Бібліятэка-філіял № 18 імя П. Броўкі;
– Бібліятэка-філіял № 19 імя Е. Лось;
– Бібліятэка-філіял № 20 імя Е. Полацкай;
– Бібліятэка-філіял № 21 замежнай літаратуры;
– Цэнтральная гарадская бібліятэка імя М. Горкага.
У горадзе працуюць таксама наступныя бібліятэкі:
– бібліятэка Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА»;
– бібліятэка УА «Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны»;
– бібліятэка УА «Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт»;
– бібліятэка УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт»;
– Віцебская абласная навукова-тэхнічная бібліятэка, філіял ДУ «Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка»;
– навуковая бібліятэка УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава»;
– бібліятэкі агульнаадукацыйных устаноў горада;
– бібліятэкі Віцебскай епархіі;
– бібліятэкі вядучых прадпрыемстваў горада.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. В Витебске всегда любили книги / И. Абрамова // Витебский курьер. – 1998. – 6 февр. – С. 3.
2. Бабіч, А. Адукоўваем і адукоўваемся / А. Бабіч // Настаўніцкая газета. – 2015. – 11 чэрв. – С. 7.
3. Башун, Е. Библиотекам – новое дыхание / Е. Башун // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 5 июня. – С. 2.
4. Гамм, Э. Хранители книжных сокровищ / Э. Гамм // Віцебскі рабочы. – 2012. – 9 кастр. – С. 8.
5. Дроздова, Н. Увидел, подошел и – записался / Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 22 сент. – С. 10.
6. Осьмушкина, М. Библиотеки в зеркале статистики / М. Осьмушкина // Віцьбічы = Витьбичи. – 2005. – 15 сент. – С. 7.
7. Павлова, Е. Мир Знаний – безграничен / Е. Павлова // Витебский курьер. – 2004. – 31 авг. – С. 1.
8. Подлипский, А. Молчаливые спутники жизни / А. Подлипский // Народнае слова (Віцебск). – 2003. – 14 кастр. – С. 5.
9. Подлипский, А. М. Книга в Витебске: книгоиздательство, библиотеки и книголюбы Витебска. Дооктябрьский период / А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 1999. – 64 с.
10. Тулінава, Н. У бібліятэкі пайшлі людзі / Н. Тулінава // Віцьбічы = Витьбичи. – 1999. – 14 дек. – С. 2.
11. Шишанов, В. А. Общедоступные библиотеки Витебска по материалам периодической печати второй половины XIX – начала XX в. / В. А. Шишанов // Віцебскі край : матэрыялы V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай Году малой радзімы, 21 лістап. 2019 г., Віцебск / рэдкал.: Т. М. Адамян [і інш.]. – Мінск : НББ, 2020. – Т. 5. – С. 229–238.
12. Шпаковская, Г. Читайте, господа! / Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2017. – 25 марта. – С. 10.
13. Юпатов, А. Н. Библиотечное дело в Витебской губернии в 1917–1924 гг. / А. Н. Юпатов // Віцебскі край : матэрыялы V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай Году малой радзімы, 21 лістап. 2019 г., Віцебск / рэдкал.: Т. М. Адамян [і інш.]. – Мінск : НББ, 2020. – Т. 5. – С. 238–248.
СПАСЫЛКІ