Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 12.07.2021 08:40
- Адноўлена 09.11.2021 09:32
Створаны ў 1926 годзе ў Віцебску як Другі беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ–2) з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. 21 снежня 1944 года тэатру прысвоена імя Я. Коласа, у 1977 годзе – званне акадэмічнага, у 2001 годзе – званне нацыянальнага. У рэпертуары тэатра п'есы беларускіх і замежных драматургаў. Знаходзіцца на вуліцы Замкавай, 2, на левым беразе р. Заходняя Дзвіна.
21 лістапада 1926 года ў будынку гарадскога тэатра калектыў паказаў свой першы спектакль «У мінулы час» І. Бэна. На спектаклі прысутнічалі дзеячы партыі і ўрада, прадстаўнікі ад розных грамадскіх арганізацый рэспублікі, а таксама РСФСР, УССР, Латвіі, Літвы, вядомыя пісьменнікі і дзеячы культуры – Янка Купала, Ян Райніс, Цішка Гартны, Кузьма Чорны і інш. Спачатку рэпертуар тэатра склалі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: народная драма «Цар Максімілян», «Апраметная» В. Шашалевіча, «Чорт і баба» Ф. Аляхновіча, «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Е. Жулаўскага і іншыя. Спектаклі вызначаліся пастановачнай яркасцю, пластычнасцю, пошукам новых формаў і былі разлічаны на тэатральна дасведчанага гледача. Але афіцыйная крытыка абвясціла іх фармалістычнымі і эстэцкімі, патрабавала большай даступнасці і прастаты.
У канцы 1920-х гадоў асноўны кірунак быў узяты на тагачасную савецкую драматургію і рэвалюцыйную тэматыку. У 1930-я гады значнае месца ў рэпертуары пачала займаць беларуская драматургія. Пастаўлены «Вечар беларускіх вадэвіляў» (увайшлі «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка», «Прымакі» Я. Купалы), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я. Коласа, «Пагібель ваўка» Э. Самуйлёнка, «Над Бярозай-ракой» П. Глебкі, «Ірынка» К. Чорнага. Найбольш нацыянальна яскравым, самабытным спектаклем, які на многія гады стаў вызначальным для тэатра, з'явілася пастаноўка п'есы «Несцерка» В. Вольскага. Гэта вясёлая, жыццярадасная і разам з тым «вострая» камедыя з'яўляецца значным дасягненнем калектыву і ўжо на працягу 80 гадоў упрыгожвае сцэны тэатра. Першым таленавіта ўвасобіў вобраз Несцеркі народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі. Пазней яго годна замянілі Ф. Шмакаў, В. Салаўёў, П. Ламан. 3 класічнай драматургіі пастаўлены «Мяшчане» М. Горкага, «Беспасажніца» і «Лес» А. Астроўскага, «Лекар міма волі» Мальера, «Здані» Г. Ібсена. Сярод найбольш значных пастановак тагачаснай драматургіі – «Гібель эскадры» А. Карнейчука. 3 1928 года пры тэатры перыядычна працавалі студыі. Летам 1939 года Другі беларускі дзяржаўны тэатр быў на гастролях у Кіеве і Днепрапятроўску, упершыню знаёмячы ўкраінскага гледача са сваім мастацтвам.
У гады Вялікай Айчыннай вайны тэатр працаваў ва Уральску (з 1941) і Арэхава-Зуеве (1943–1944). Узначальваў калектыў у тыя гады Лойтар. Першы ваенны сезон тэатр адкрыў спектаклем «Несцерка». Але ўся ўвага была сканцэнтравана на п'есах пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. За гэты перыяд было пастаўлена каля 15 спектакляў на гэту тэматыку. Найлепшыя спектаклі гэтага перыяду – «Ягор Булычоў і іншыя» М. Горкага, «Нашэсце» Л. Лявонава, «Проба агнём» К. Крапівы. У 1944 годзе каманда акцёраў тэатра выехала на фронт.
3 кастрычніка 1944 года тэатр аднавіў сваю дзейнасць у Віцебску. Горад ляжаў у руінах, разбураны быў і будынак тэатра. Жыхары горада сустрэлі вяртанне свайго тэатра радасна і з нецярпеннем чакалі адкрыцця новага сезона. У распараджэнне трупы быў перададзены будынак клуба металістаў. У снежні 1944 года ўрад БССР прысвоіў тэатру імя народнага паэта Якуба Коласа. Свой першы сезон у Віцебску пасля доўгага перапынку адкрылі 31 снежня 1944 года. Былі пастаўлены «Рэвізор» М. Гогаля, «Гамлет» У. Шэкспіра і іншыя класічныя творы; з беларускай драматургіі «Цэнтральны ход» і «Алазанская даліна» К. Губарэвіча і І. Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» і «Калі зацвітаюць сады» В. Палескага, «Пяюць жаваранкі» К. Крапівы. У 1950-я гады аснову рэпертуару тэатра склалі творы Лопэ дэ Вэгі, П. Кальдэрона, Астроўскага, А. Сухава-Кабыліна, Л. Талстога, А. Чэхава, М. Горкага. У нацыянальны рэпертуар вярнулася п'еса Я. Купалы «Раскіданае гняздо». Пастаўлены «Машэка» В. Вольскага, «Простая дзяўчына» і «На крутым павароце» К. Губарэвіча. Вострымі, надзённымі сталі пастаноўкі «Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка, «Людзі і д'яблы» К. Крапівы.
У канцы 1950 – пачатку 1960-х гг. прынцыпова важнымі спектаклямі былі «Навальніца будзе» паводле Я. Коласа, «Выгнанне блудніцы» І. Шамякіна, «Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле яго раманаў, «Лявоніха» П. Данілава, «Пад адным небам» А. Маўзона, «Справа яе жыцця» А. Гутковіча і Ф. Казоўскай, «Іркуцкая гісторыя» А. Арбузава. Паспяховымі для тэатра сталі пастаноўкі «Ветрык, вей» Я. Райніса і «Бацькаўшчына» К. Чорнага. У 2-й палове 1960-х – 80-я гг. зноў звярнуліся да беларускай драматургіі: «Сымон-музыка» паводле паэмы Я. Коласа, «Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча, «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» А. Макаёнка, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У. Караткевіча, «Амністыя» М. Матукоўскага, «Трывога» А. Петрашкевіча, «Парог», «Вечар» і «Радавыя» А. Дударава. Цікавыя сцэнічныя трактоўкі атрымалі «Улада цемры» Л. Талстога, «Мяшчане» М. Горкага, «Клоп» У. Маякоўскага, «Доктар філасофіі» Б. Нушыча, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б. Брэхта. Пэўнымі дасягненнямі адзначаны спектаклі «Летась у Чулімску» і «Развітанне ў чэрвені» А. Вампілава, «Брыльянт» Е. Пшаздзецкага, «Стары дом» А. Казанцава, «Клеменс» К. Саі. У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. прыкметнымі з'явамі сталі спектаклі «Хам» паводле Э. Ажэшкі, «Залёты» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Генрых VI» У. Шэкспіра, «ЧП-1» і «ЧП-2» паводле «Рэвізора» М. Гогаля.
У фарміраванне творчага аблічча тэатра значны ўклад зрабілі акцёры А. Ільінскі, П. Малчанаў, Ц. Сяргейчык, рэжысёры М. Міцкевіч, В. Дарвішаў, Н. Лойтар, А. Скібнеўскі, Г. Шчарбакоў, С. Казіміроўскі, В. Мазынскі, Б. Эрын, В. Маслюк (дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра ў 1993–2001), мастакі Я. Нікалаеў, А. Марыкс, А. Салаўёў. Значную ролю ў развіцці тэатра адыгралі акцёры М. Бялінская, Я. Глебаўская, Г. Дубаў, М. Звездачотаў, З. Канапелька, Г. Каралькова, У. Куляшоў, А. Лагоўская, Б. Левін, Г. Маркіна, М. Маркоўская, І. Матусевіч, Л. Мацісава, А. Мельдзюкова, А. Радзялоўская, С. Скальскі, А. Трус, М. Цішачкін, Я. Шыпіла, А. Шэлег, кампазітар і дырыжор Л. Маркевіч, дырэктары заслужаныя дзеячы мастацтва У. Стэльмах і І. Дорскі, заслужаны дзеяч культуры Г. Асвяцінскі.
У 1958 годзе быў пабудаваны новы прамавугольны ў плане мураваны будынак театра (арх. А. Максімаў, І. Рыскіна), у якім калектыў працуе і па сённяшні дзень. У 1976 годзе тэатр быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1977 годзе прысвоены ганаровы статус «акадэмічны». У 90-я гады працягваліся пошукі новага аблічча тэатра. Былі пастаўлены «Цырк Шардам» паводле Д. Хармса І «Пакрыўджаныя» Л. Родзевіча, «Здурнелы Журдэн» М. Булгакава, «Кароль Лір» У. Шэкспіра і інш. 3 1997 года тэатр узначальваў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі. У гэты час тэатр пашырае геаграфічныя межы гастрольных і фестывальных вандровак. Упершыню калектыў пабываў у Польшчы, Францыі, Італіі, ЗША. У 2000 годзе спектакль «Шагал... Шагал...» атрымаў Гран-пры на Міжнародным тэатральным фестывалі ў Эдынбургу (Шатландыя). У 2001 годзе тэатру прысвоена званне «нацыянальны». З 2009 года калектыў узначальваў Рыд Таліпаў, з 2012 года – Валерый Анісенка. Галоўнай на сцэне стала сучасная п'еса: «Песні ваўка» В. Паніна, «Ліфт» Ю. Чарняўскай, «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аповесці П. Санаева і інш. Адкрылася новая пляцоўка – тэатральная гасцёўня, дзе праводзяцца разнастайныя музычна-паэтычныя вечары і творчыя сустрэчы. Тэатр актыўна ўдзельнічае ў міжнародных тэатральных фестывалях. З кастрычніка 2014 года дырэктар – Аляксандр Старых. З верасня 2017 года мастацкім кіраўніком тэатра імя Якуба Коласа прызначаны Міхась Краснабаеў.Сярод яго значных рэжысёрскіх работ – «Плач, саксафон!» І. Сідарука, «Стрэл у тумане» паводле В. Быкава, «Школа блазнаў» М. дэ Гільдэрода, «Легенда пра Валодшу» В. Маслюка, «Люці» А. Дударава, «Вар'яцкае танга кахання» С. Шэпарда, «Школа з тэатральным ухілам» Дз. Ліпскерава, «Крыж Еўфрасінні» І. Масляніцынай, «За двума зайцамі» М. Старыцкага, «Перабор» Х. Бергера, «Жарты» (вечар беларускіх вадэвіляў паводле М. Чарота, Л. Родзевіча, Янкі Купалы), «Да трэціх пеўняў» паводле В. Шукшына, «Шукаем тэнара!» К. Людвіга, «Смяротны нумар» А. Антонава, «Доктар філасофіі» Б. Нушыча, «Апошнія» М. Горкага, «Дурнічка» Лопэ дэ Вегі, «Сымон-музыка» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа. Таксама пастаўлена шэраг спектакляў для дзяцей: «Доктар Айбаліт», «Знікненне прынцэсы Фяфёлы» А. Стараторжскага, Л. Цітовай, «Вясёлы Роджэр» Д. Салімзянава, «Снежная каралева» Я. Шварца, «Прыгоды Дзюймовачкі» П. Ісайкіна.
Сёння мастацтва тэатра ўзбагачаюць народныя артысты Беларусі Святлана Акружная і Тадэвуш Кокштыс, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Генадзь Лойка, Галіна Букаціна, Вячаслаў Грушоў, Таццяна Ліхачова, Тамара Скварцова, Рыгор Шацько, вядучыя майстры сцэны Наталля Аладка, Ульяна Ацясава, Пятро Ламан, Валянціна Багданава, Анжаліка Баркоўская, Генадзь Гайдук, Раіса Грыбовіч, Зінаіда Гурбо, Святлана Жукоўская і інш., перспектыўная таленавітая моладзь.
Штогод у тэатры праводзіцца фестываль сцэнічных чытанняў «Школьны тэатр». Традыцыйным стаў і праект «Тэатральныя сустрэчы» падчас правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа можна ўбачыць выдатныя пастаноўкі вядомых тэатраў Расіі і Беларусі. Коласаўцы таксама прымаюць актыўны ўдзел у гастролях і тэатральных фестывалях, заўсёды адкрыты для творчага супрацоўніцтва.
Мастацкі кіраўнік – Міхась Краснабаеў.
Адрас: Віцебская вобласць, г. Віцебск, вуліца Замкавая, 2.
ЛІТАРАТУРА
1. Башун, А. Урокі мужнасці на сцэне / А. Башун // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 7 мая. – С. 12.
2. Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа / склад. С. М. Дашкевіч ; аўт. тэксту А. В. Сабалеўскі. – Мінск : Беларусь, 1986. – 95 с.
3. Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Коласа : сезон 1994/95 / уклад. У. Ганчароў. – Віцебск : Друкарня імя Камінтэрна, 1996. – 47 с.
4. Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа // Тэатры Беларусі / пад рэд. А. Сабалеўскага ; пер. на анг. мову Н. Лайзер. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – С. 81–84.
5. Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (1926–1966) / склад.: Б. М. Фрэйдкін. – Мінск : Полымя, 1966. – 64 с.
6. Белорусский академический театр имени Якуба Коласа / отв. за вып. В. П. Гончаров. – Минск : Полымя, 1981. – 20 с.
7. Белорусский государственный ордена Трудового Красного Знамени академический театр им. Якуба Коласа: гастроли, 1984 г. / отв. за вып. В. П. Гончаров ; ред. Н. И. Наумова ; худож. В. П. Кусков. – Минск : Полымя, 1984. – 24 с.
8. Віцебшчына тэатральная : бібліяграфічны паказальнік / склад. Н. В. Курсо ; адказ. за вып. Л. С. Гудзелева. – Віцебск : Віцебская абласная бібліятэка, 2000. – 105 с.
9. Грамыка, Л. Тэатральны аазіс / Л. Грамыка // Мастацтва. – 2005. – № 7. – С. 44–48.
10. «І смех, і слёзы, і любоў...» (Ад ранку да вечара ў тэатры): да 85-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа / рэд.: С. М. Дашкевіч, М. Л. Пятрова ; фота Г. А. Жыгур. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2011. – 76 с.
11. Кавалеўскі, С. Вяртанне тэатра / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2019. – 19 окт. – С. 11.
12. Карпович, О. Всегда в строю! / О. Карпович // Советская Белоруссия. – 2016. – 5 окт. – С. 7.
13. Клімковіч, І. Гонар – насіць імя Якуба Коласа / І. Клімковіч // Маладосць. – 2007. – № 8. – С. 135–141.
14. Князева, К. М. Сцэнаграфічныя вобразы ў спектаклях Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа 2000-х гадоў / К. М. Князева // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / навук. рэд. А. І. Лакотка. – Мінск, 2010. – Вып. 9. – С. 122–127.
15. Коласаўцы: да 80–годдзя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа : альбом / рэд.: Л. Грамыка, С. Дашкевіч. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2006. – 63 с.
16. Котович, Т. В. «Несцерка»: спектакль/обряд : монография / Т. В. Котович, Н. А. Бобрович, А. А. Малей. – Витебск : ВГУ, 2019. – 159 с.
17. Котович, Т. В. Сценография. Витебск : монография / Т. В. Котович. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2011. – 111 с.
18. Макаранка, С. Сцэнаграфія гэтага часу / С. Макаранка ; гутарыла М. Пятрова // Культура. – 2013. – 31 жн. – С. 9.
19. Малей, А. А. Цвет – театр – хронотоп : монография / А. А. Малей, Т. В. Котович. – Витебск : ВГУ, 2010. – 97 с.
20. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа / склад.: С. Дашкевіч, А. Ганчароў, Л. Грамыка. – Мінск : Альтыёра, 2001. – 60 с.
21. Няфёд У. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа / У. Няфёд. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. – 184 с.
22. Няфёд У. І. Гісторыя беларускага тэатра / У. І. Няфёд. – Мінск : Вышэйшая школа, 1982. – 543 с. : іл.
23. Подлипский А. Национальный академический драматический театр имени Якуба Коласа : страницы прошлого и настоящего / А. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2016. – 192 с. : ил.
24. Пастернак, Т. Коласовцы, на сцену!: Национальный академический драматический театр имени Якуба Коласа отметил 90-летие / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2016. – 24 нояб. – С. 5.
25. Пастернак, Т. 90 страниц театрального романа / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2016. – 22 нояб. – С. 1.
26. Пукшанскі, А. З коласаўскай энергіяй: віцебскі абласны драматычны тэатр святкуе 90-годдзе / А. Пукшанскі // Літаратура і мастацтва. – 2016. – 25 лістап. – С. 14.
27. Пукшанскі, А. Тэатр як брэнд / А. Пукшанскі // Звязда. – 2016. – 24 верас. – С. 16.
28. Сабалеўскі, А. В. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа / А. В. Сабалеўскі // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 468–470.
29. Сабалеўскі, А. В. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа / А. В. Сабалеўскі // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2003. – Т. 2. – С. 177–189.
30. Театр имени Якуба Коласа // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 346–348.
31. Шарэнда, В. Беларускі Другі дзяржаўны тэатр (1926–1944) / В. Шарэнда // Беларускі гістарычны часопіс. – 2002. – № 5. – С. 68–73.
СПАСЫЛКІ
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
Т. В. Котович. История названий и зданий Колосовского театра в Витебске