Рамёствы. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 29.10.2021 13:36
- Адноўлена 16.12.2021 11:37
Народнае мастацтва Віцебска мае багатую гісторыю свайго развіцця і надзвычай таленавітых майстроў, якія сёння працягваюць і памнажаюць старадаўнія рамесніцкія традыцыі. Так, у X–XI стст. актыўна развівалася рамесніцкая дзейнасць жыхароў горада Віцебска. У X–XIII стст. у горадзе былі распаўсюджаны кавальскае і ювелірнае рамёствы, ганчарства, гарбарна-шавецкае рамяство, ткацтва, шкларобства і інш. Археолагі сведчаць, што найбольш сталай была бронзаліцейная вытворчасць. Да канца XI ст. была асвоена апрацоўка бурштыну. У сярэдзіне XIII ст. у Віцебску было каля 60 рамесніцкіх спецыяльнасцяў. Адной з самых распаўсюджаных была кавальская справа. Асаблівага развіцця мастацкая апрацоўка жалеза дасягнула ў рамеснікаў, якія выраблялі зброю і ваенныя даспехі. З прылад працы, звязаных з ліццём, найбольш знойдзена тыгляў і льячак. На асаблівым рахунку былі рамеснікі, занятыя вытворчасцю ўпрыгажэнняў з каляровых металаў: златары, срэбранікі, авалочнікі, у дзейнасці якіх спалучаліся мастацкі і ўтылітарны пачаткі. Віцебскія майстры валодалі тэхнікай ліцця па васкавой мадэлі і ў каменных раздымных формах. У ювелірнай вытворчасці шырока карысталіся разнастайнымі ковачнымі работамі, валачэннем дроту, цісненнем, гравіраваннем, штампоўкай. Віцебскія рамеснікі дасягнулі высокага майстэрства ў спайванні тонкіх створак полых упрыгажэнняў. Ім была знаёма тэхніка пазалоты вырабаў. Акрамя ўпрыгажэнняў з каляровага металу выраблялі бытавыя рэчы: медныя патэлькі, катлы і ручкі да іх, бронзавыя зашпількі для кніг, вугалкі-акантоўкі для скураных вырабаў. Наяўнасць у старажытнейшым слоі посуду, вырабленага ляпным спосабам, сведчыць пра існаванне ганчарнага рамяства як хатняга промыслу. Асноўная форма посуду – таўстасценныя гаршкі з грубага цеста, якое ўтрымлівала розныя дамешкі. Віцебская кераміка вельмі падобная на посуд іншых гарадоў Полацкай зямлі. Адначасова ў Віцебску з'явіўся і спецыфічны тып гаршкоў, якія мелі патоўшчаны венчык. З XII ст. асартымент посуду пашыраецца. Разам з гаршкамі ва ўжытку з'яўляюцца маленькія гаршчочкі, міскі, макацёры, карчагі. Удасканальваецца форма посуду, тэхналогія керамічнай вытворчасці. Апрацоўка косці таксама займала значнае месца ў жыцці сярэдневяковага Віцебска. У XII ст. атрымала развіццё гарбарна-шавецкае рамяство. Прадукцыя прадстаўлена дэталямі скуранога абутку. Віцебскія гарбары выраблялі ножны, футляры, папругі, кашалькі, рукавіцы, сумкі і г. д. Да найбольш рэдкіх рэчаў можна аднесці знаходку калчана, меха дуды-«валынкі», скураныя мячы для гульняў. У XII–XIII стст. развіваецца свабоднае пасадскае рамяство, якое залежыць ад кан'юктуры рынку. Увогуле, гэты перыяд характарызуецца пашырэннем асартыменту прадукцыі, рацыяналізацыяй вытворчасці: у металаапрацоўцы, ювелірным і шавецкім рамёствах ствараюцца стандарты вырабаў.
У XIV–XVII стст. у Віцебску пераважалі майстры па апрацоўцы металу (збройнікі, ювеліры, чаканшчыкі, ліцейшчыкі), разьбяры па дрэве, кафляшчыкі, шкловыдзімальшчыкі, ткачы, шаўцы, аўчыннікі, ганчары, шкурнікі і інш. Віцебскія майстры кавалі залатыя, сярэбраныя і медныя сасуды, упрыгожваючы іх разьбой, чаканкай, каштоўнымі камянямі, эмаллю. Вялікае значэнне мела цэхавая арганізацыя рамяства. Вядома, што ў 1721 годзе ў горадзе існавалі цэхі кавалёў, мечнікаў, слесараў, ганчароў, краўцоў і інш. У канцы XVIII ст. у Віцебску існавала 9 цэхавых аб'яднанняў. У сярэдзіне ХІХ ст. у Віцебскай губерні палова працоўных, занятых у рамесніцкай вытворчасці, прыпадала на Віцебск, трэць – на Полацк. Напрыклад, у Віцебску ў 1893 годзе ў рамесніцкай вытворчасці былі заняты 2191 чалавек, аб'яднаныя ў 27 цэхаў.
Віцебская кераміка гэтага часу падобная да керамікі Ноўгарада, Арэшка, некаторых паўднёварускіх гарадоў. З аднаго боку, тут атрымліваюць развіццё старажытнарускія формы, для якіх характэрна плаўнасць ліній, акругласць прафілявання пасудзіны, з другога, сустракаюцца прыбалтыйскія элементы: касыя насечкі ці ямачныя паглыбленні альбо камбінацыі гэтых матываў з хваляй. Заметнай з'явай для горада стала віцебская маёліка. Разам з керамікай была развіта мастацкая апрацоўка косці, бурштыну, каменю. Сведчанне таму – пагрудны партрэт з косці, а таксама разны па камені абраз Маці Божай з драўлянай Траецкай («Чорнай») царквы Віцебска. Нельга не ўспомніць майстроў мастацкага ткацтва, вышыўкі, шыцця золатам, серабром. Працы ўмельцаў-ткачоў выразна дзеляцца на дзве вялікія групы. Першая – гэта вырабы, вытканыя на хатнім ткацкім станку (кроснах), для гарадскога і сялянскага побыту (рознакаляровыя покрывы, абрусы, ручнікі), і другая – вырабы, прызначаныя для ўпрыгажэння жылля людзей заможных, а таксама для культавых мэтаў. Найбольш распаўсюджанымі мастацка-тэхналагічнымі прыёмамі вырабу і ўпрыгажэння тканін (галоўным чынам з мясцовай сыравіны – лёну, воўны, канопляў) і скуры (хром, юхт, сырамяць, аўчына) былі ўзорыстае, карункавае, бісернае пляценне, дэкарыраванне, вышыўка.
Вялікая колькасць шкляных вырабаў, знойдзеных на тэрыторыі старога горада падчас археалагічных работ канца 1970–1980-х гг., дазваляе выказаць меркаванне пра шырокае развіццё шкляной справы ў Віцебску. Высокім майстэрствам і разнастайнасцю адрозніваліся вырабы гарбароў і шаўцоў. Многія вырабы мелі мастацкі радок, расшываліся бісерам, рознакаляровай скурай, мелі рэльефнае цісненне (нярэдка залатое), фігурную выразку, часам дэкарыраваліся металам і выкарыстоўваліся для футляраў, кніжных вокладак, конскай збруі. Драўляныя вырабы былі прадстаўлены прадметамі з бяросты і вырабамі разнымі, точанымі. Асабліва вылучаюцца чары, талеркі, збаны, лыжкі. Попытам карысталіся і арнаментаваныя драўляныя грабяні. Віцебскія майстры ўмела выкарыстоўвалі розныя гатункі драўніны і розныя спосабы яе апрацоўкі, напрыклад, пілаванне, выдзёўбванне, паліроўка, тачэнне і інш. Вырабы, зробленыя ў горадзе над Дзвіной, па сваіх тэхналагічных і эстэтычных характарыстыках былі вядомыя за межамі беларускіх земляў, выклікаючы здзіўленне і захапленне ўзроўнем майстэрства. Да сярэдзіны XVII ст. у Віцебску склалася мясцовая школа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вядучыя прадстаўнікі якой пасля 1654 года былі запрошаны на працу ў Маскоўскую дзяржаву. Сярод іх збройнікі Анікей Карпаў, Мікалай Мартынаў, разьбяры па дрэве Філіп Тарасаў, Кірыл Талкачоў, Самойла Багданаў, Якуб Пагарэльскі і інш.
Да 1860-х гг. рамесная вытворчасць у Віцебску ў абсалютнай большасці сваіх відаў набывае рысы масавасці, што ў будучыні створыць аснову для ўзнікнення мастацкай прамысловасці. Пазней адбываецца скарачэнне рамеснай вытворчасці, на базе дробных мануфактур і традыцыйных саматужных промыслаў з'яўляюцца заводы і фабрыкі, якія цалкам пераходзяць на выпуск масавай (хоць часам і высокамастацкай) прадукцыі і працуюць з новымі матэрыяламі і па новых тэхналогіях. З'яўленне новых матэрыялаў аказала істотны ўплыў і на якасць рамесных вырабаў. Яны сталі больш аднастайнымі, сухаватымі, страцілі крохкасць, уласцівую такім вырабам у папярэднім перыядзе.
Заняпад гарадскіх рамёстваў, якія не вытрымалі канкурэнцыі з прамысловым нашэсцем, у той жа час у некаторай ступені спрыяў развіццю традыцыйнага народнага мастацтва. Існавала хатняя вытворчасць для ўласных мэтаў, яна ўдасканальвалася, паступова адыходзячы ад старажытных сімвалічных матываў на карысць рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці. Працягваючы традыцыі папярэдніх пакаленняў, віцебскія майстры развівалі ў новых умовах майстэрства шкларобства. У Віцебску і прыгарадных раёнах працавалі шклозаводы, мануфактуры, гуты, рамеснікі-шкловыдзімальшчыкі. Вырабы бытавога прызначэння не адрозніваліся высокамастацкім афармленнем. Шырокую вядомасць атрымалі віцебскія майстры гарбарных спраў (кушняры, саф'яннікі, краўцы). Майстэрства краўцоў і шаўцоў дазваляла віцебскім вырабам карыстацца попытам не толькі на мясцовых рынках, але і за межамі Беларусі – на рынках Масквы, Пецярбурга, Варшавы, Рыгі, Кіева, іншых гарадоў Расіі. Складаныя, супярэчлівыя працэсы на працягу гэтага перыяду характэрны для такога віду віцебскага рамяства, як ганчарства. Калі, напрыклад, у канцы XVIII ст. Віцебск з'яўляўся адным з буйных ганчарных цэнтраў на паўночным усходзе Беларусі, то ўжо да пачатку 1870-х гг. ганчарнае рамяство, не вытрымліваючы канкурэнцыі з заводскай вытворчасцю, таксама паступова прыходзіць у заняпад. Аднак у канцы XIX – пачатку XX стст. у Віцебску працягваюць захоўвацца традыцыі ганчарства. У прыватнасці, вытворчасць паліванага посуду. Асартымент вырабаў віцебскіх ганчароў і керамістаў (як і ў іншых месцах Беларусі) вызначаўся гаспадарчымі патрэбамі. Яны выраблялі посуд для прыгатавання ежы – гаршкі, макацёркі (макотры), латушкі, формы для захавання і транспарціроўкі прадуктаў – карчагі, гарлачы, глекі, спарышы, сталовы посуд – збаны, кружкі, міскі, талеркі, хлебніцы, маслёнкі, прадметы паўсядзённага спажывання – рукамыйкі, паілкі, утылітарна-дэкаратыўны посуд – вазы, букетніцы, фігурны посуд, гаршкі для кветак. Попытам карысталіся дзіцячыя цацкі і дробная пластыка (асобныя вырабы – фігуркі ў руху, у нацыянальнай вопратцы – своеасаблівае спалучэнне ўласна цацкі глінянай і дробнай пластыкі). Бытавыя вырабы многіх віцебскіх майстроў адрозніваліся масіўнасцю, статычнасцю, вызначанай асіметрычнасцю і манументальнасцю формаў. Можна зрабіць выснову, што вырабы віцебскіх майстроў, асабліва другой паловы XIX ст., у мастацкім рашэнні выглядаюць спрошчанымі, нават прымітыўнымі. Аднак такая спрошчанасць мела свае падставы. Па-першае, тут у наяўнасці была вызначальная лінія стрыманага спакойнага характару беларускага народнага мастацтва а, па-другое, залежнасць ад нізкай пакупніцкай здольнасці працоўнага люду, які, уласна, і быў галоўным спажыўцом такой прадукцыі.
У пачатку XX ст. адбываецца прыкметнае ажыўленне рамесніцкай дзейнасці. У 1904 годзе ў горадзе было 228 рамесніцкіх майстэрняў. Вядучае месца ў рамесніцкай вытворчасці займаюць майстэрні па пашыву адзення, абутку, апрацоўцы харчовых прадуктаў, драўніны, металу, вырабе цэглы і кафлі. Актыўна развіваўся гандаль мастацкімі вырабамі і вырабамі народных майстроў. Цяпер народнае мастацтва пачынае адчуваць уплыў новых гістарычных умоў, але ўвесь час развіваецца, узбагачаючыся новымі жанрамі, тэмамі, сюжэтамі. Атрымліваюць шырокае развіццё лоза- і саломапляценне (з саломы плялі лёгкія, вялізныя бочкі для захоўвання збожжа, апляталі гліняныя гаршкі для большай захаванасці малака ў гарачае надвор'е, выраблялі абярэгі ад злых духаў і т. п.), бісерапляценне, выраб фарбаванак (аднатонна афарбаваных яек) і маляванак (курыных яек, дэкараваных рознымі ўзорамі), мастацтва гладкай вышыўкі, вышыўка на паперы. Развіццё прамысловасці, і ў першую чаргу тэкстыльнай і папяровай, спрыяла з'яўленню такіх відаў народнага мастацтва, як выцінанка і набіванка (набойка, выбойка – спосаб упрыгожвання тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам). У канцы XIX – пачатку XX стст. выцінанка была не менш папулярнай, чым мастацкая вышыўка ці вязанне. Што да мастацтва набіванкі, то вырабы такога роду выкарыстоўваліся пры вырабе свецкага і культавага адзення, побытавых рэчаў (набіўных дываноў, покрываў, абрусаў, фіранак і інш.), сцягоў, вокладак кніг. Архіўныя дадзеныя сведчаць, што ў другой палове ХІХ ст. у Віцебску працавалі 2 фабрыкі-майстэрні. Такое ж шырокае распаўсюджванне, праўда больш у сельскай мясцовасці, атрымала вышыўка, якой упрыгожваліся фартухі, жаночыя і мужчынскія кашулі, ручнікі, фіранкі, пакрывала на ложку і падушкі, дэкаратыўныя пано. Нараўне з эстэтычнымі ўласцівасцямі вышыўка выконвала магічную, абрадавую ролю.
Галоўным і, мабыць, вызначальным выступае характар і кірунак развіцця рамесніцкай вытворчасці: імкненне гарадскіх рамеснікаў, майстроў і народных мастакоў «выстаяць» пад націскам фабрычна-заводскай вытворчасці, захаваць, развіць і данесці да нашчадкаў своеасаблівасць мастацкага рамяства, якое акумуліравала самабытную традыцыйную школу і тэхнічныя, тэхналагічныя ўплывы новага часу.
У XX ст., асабліва ў пасляваенны перыяд, у Віцебску пачалі інтэнсіўна развівацца шматлікія віды традыцыйнага народнага мастацтва. У сітуацыі дэфіцыту тавараў народнага спажывання апынуліся запатрабаванымі ткацтва, вышыўка, вязанне, ганчарства, многія віды мастацкай апрацоўкі дрэва, мастацкі роспіс і інш. Развіццё народнага мастацтва адбывалася пад уважлівым наглядам знаўцаў. У 1959 годзе пры Доме народнай творчасці знаходзілася 272 майстры і 15 гурткоў мастацкай вышыўкі. Вядомымі аўтарамі былі А. Вінаградава, М. Равінская, А. Чэрнікава і інш. У канцы 60-х гадоў усведамляецца неабходнасць вывучэння традыцыйнага народнага мастацтва, фальклору. У 1968 годзе ўпершыню праводзіцца абласная выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва асобна ад самадзейнага. З таго часу пачаліся пошукі шляхоў пераемнасці народнага мастацтва і рамяства моладдзю. Адміністрацыя фабрык пачала запрашаць на працу народных майстроў. У 1980-я гады быў распачаты працэс згуртавання майстроў народнай творчасці ў клубы і аматарскія аб'яднанні і стварэння на іх аснове дамоў рамёстваў. У 1985 годзе народныя майстры ўпершыню былі далучаны да правядзення гарадскіх святаў. А ў 90-я гады паспяхова адбываецца замена выставачнай формы прэзентацыі народнай творчасці і рамяства на кірмашовую. З 1987 года зацвердзілася традыцыя правядзення кірмашоў народнага мастацтва. Так, неад'емнай часткай кожнага Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» з'яўляецца традыцыйны «Задзвінскі кірмаш», які праводзіцца культурна-гістарычным комплексам «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"», і кірмаш народнага мастацтва і рамёстваў «Горад мастроў» у Віцебску.
Апошнія дзесяцігоддзі вызначаюцца прыкметным ростам цікавасці да набыткаў традыцыйнай культуры, таму адрадзіліся і актыўна ўключыліся ў сучасныя культурныя працэсы многія забытыя і заняпалыя віды традыцыйнай мастацкай культуры. Так, у 2001 годзе ўпершыню ў Віцебску адбылося свята выцінанкі.
Асноўная работа па адраджэнні, захаванні, развіцці і распаўсюджванні народнага мастацтва, промыслаў і рамёстваў у Віцебску праводзіцца Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці, які адыгрывае ролю абласной метадычнай службы ў працэсах захавання культурнай разнастайнасці, метадычнага суправаджэння дзейнасці клубных устаноў і забеспячэння іх інфармацыйнымі рэсурсамі, і ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"», які забяспечвае пэўныя віды культурных паслуг і стварае сістэму вольнага часу для насельніцтва горада. Комплекс прапануе наведвальнікам метадычна абгрунтаваную інфармацыю пра гістарычна складзены лад жыцця, святы і абраднасці, рамёствы і народнае мастацтва. Таксама папулярызацыяй дэкаратыўна-прыкладной творчасці сярод моладзі займаецца аддзел дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Віцебскага гарадскога Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які арганізуе работу гурткоў па інтарэсах: ткацтва, бісерапляценне, роспіс па тканіне, сувенірныя лялькі – студыя «Фальк. Арт.», «Скарбніца»; абрэзкавы дызайн, папяровая пластыка – «Мастацтва рукадзелля»; кераміка – «Чароўная гліна», «Чароўная майстэрня»; валянне, батык; дрэваапрацоўка – «Зрабі сам», мастацкая апрацоўка скуры – «Скураная пластыка» і г. д.
Віцебская зямля заўжды славілася сваёй самабытнасцю і непаўторнасцю. Тут жывуць і працуюць таленавітыя людзі, чые рукі ствараюць унікальныя рэчы.
Майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва:
– выцінанка: Казачонак В. А. (выкарыстоўвае традыцыйныя сюжэты – «дрэва жыцця»); Казачонак Л. Л. (арнаментальна-раслінныя матывы, станковыя кампазіцыі, упрыгожванне велікодных яек); Лабунова Т. А. (аб'ёмна-прасторавыя папяровыя кампазіцыі), Талерчык А. В. (працуе ў аўтарскім стылі), Арасланава В. П., Кавалеўская І. Б. і інш.;
– вышыўка: Навічкова Т. А. (вышывае крыжыкам, мярэжкай і гладдзю па шчыльнай ільняной тканіне ручнікі і прадметы народных строяў Віцебшчыны); Швед Л. М. (вязанне кручком і макрамэ, пляценне на раме і габелен);
– вязанне: Бабаедава М. С., Волах Т. М., Лягкова С. М., Казьмінская А. Л., Сяляева С. Л.;
– кавальства: Дарожка І. А. (апрацоўка дрэва, скуры, металу), Храмцоў Д. А. (рэканструкцыя артэфактаў сярэдневякоўя), Воўчык В. Э., Лагуноў А. С.;
– кераміка: Кавальчук Л. М. (займаецца роспісам керамічных і фарфоравых формаў, аднаўляе традыцыю беларускай кафлі, займаецца адраджэннем віцебскай маёлікі), Кадзетава М. С., Кацуба С. М. (спалучэнне керамічнай асновы з элементамі графічнага дэкору);
– лозапляценне: Гурэцкая А. В. (кошыкі і карзіны), Краўчук А. М., Чарнін М. Д. і Чарніна Н. А. (кошыкі), Арэхва Ж. С., Асінская А. Г. (дэкаратыўны выраб), Болдырава В. С., Пашкевіч В. А. і інш.;
– маляванка: Багданава Н. К., Кучарэнка І. А. (драўляная цацка, маляванка, аўтарская лялька, роспіс па шкле з ужываннем фольгі), Каваленка Л. В., Сухадольская В. П., Чорная І. Я. (анімалістычныя і раслінныя матывы);
– мастацкая апрацоўка скуры: Бабенка С. А. (рэканструкцыя сярэдневяковага абутку, сумак, аддзення, прадметаў побыту, узбраення, амуніцыі), Яўсціхаў І. В. (вырабляе абярэгі, бранзалеты, вокладкі кніг, сумкі, паясы і іншыя рэчы з дахрысціянскай сімволікай), Байцова К. А. (тэхніка аплікацыі, ціснення і разнастайныя віды аплёткі);
– мастацкі роспіс: Кучарэнка І. А., Багданава Н., Чарненка М. М.;
– народны жывапіс: Захарчук У. П., Ліцвінаў М. У., Маісеева А. М., Мішурная С. А. і інш.;
– разьба па дрэве: Рымланд Н. А. (утылітарна-дэкаратыўныя і дэкаратыўныя вырабы), Скрыпнікаў Ю. А. (драўляныя іконы), Сырэвіч В. І. (тэхніка мініяцюрнай скульптуры), Хіцько С. І., Ярковіч А. А.;
– саломапляценне: Вараб'ева Л. М., Драбеня Л. А., Качанава І. Г., Арэхва Ж. С., Жыльцова Л. У., Кадзетава М. С., Краўчук А. М., Саўчанка А. А., МІхлюк І. А. і інш.
Сёння паспяхова ідуць працэсы пераасэнсавання рамесных традыцый у сувязі з новымі запатрабаваннямі сучаснага грамадства і ўмовамі існавання народнай культуры. Народныя рамёствы набываюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і служаць для рэпрэзентацыі нацыянальнай спадчыны. Самабытныя і рукадзельныя творы народных мастакоў і майстроў Віцебска дэманструюць прыгажосць нашага горада, талент і багатую фантазію нашага народа.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Как кустари «в господа» выходили / И. Абрамова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 19 сент. – С. 10.
2. Абрамова, И. Кустарные промыслы. Кожевенное производство / И. Абрамова // Витебский курьер. – 1999. – 27 апр. – С. 3.
3. Бубенька, Т. С. Рамяство і хатнія промыслы гараджан у 10–13 ст. / Т. С. Бубенька // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – Кн. 1. – С. 44–50.
4. Вакар, Л. У. Мастацтва прымітыву і прымітывізму / Л. У. Вакар. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2011. – 200 с.
5. Вакар, Л. Народная культура ў творчасці інсітных мастакоў / Л. Вакар // Народная культура Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «Працэсы мадэрнізацыі народнай культуры і вопыт устаноў культуры і адукацыі Віцебшчыны па захаванню традыцый», 26–27 мая 2005 г. / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.] – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2007. – С. 55–77.
6. Вакар, Л. У. Традыцыі маляваных дываноў на Віцебшчыне / Л. У. Вакар // Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю М. Нікіфароўскага, 21 мая 2010 г. / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2012. – С. 33–42.
7. Ковальчук Л. Особенности декорирования керамики способами подглазурной и надглазурной росписи / Л. Ковальчук // Народная культура Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «Працэсы мадэрнізацыі народнай культуры і вопыт устаноў культуры і адукацыі Віцебшчыны па захаванню традыцый», 26–27 мая 2005 г. / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.] – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2007. – С. 103–107.
8. Левко О. Н. Витебская керамика / О. Н. Левко // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭН, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 692.
9. Людмила и Валерий Ковальчук – керамисты Витебска [Изоматериал] : альбом / сост. Л. В. Вакар ; вступ. сл. Н. А. Гугнин. – Минск : Онорэ, 2014. – 120 с. – (Культурные проекты).
10. Масловская, О. Все в твоих руках, или Хэнд мэйд по-витебски / О. Масловская // Віцебскі рабочы. – 2012. – 25 февр. – С. 3, 5.
11. Мастацтва Insita: з гісторыі правядзення выставак непрафесійнага мастацтва / уклад., аўтар арт. Л. У. Вакар, рэд. савет: Л. У. Вакар і [інш.]. – Мінск : СтройМедиаПроект, 2013. – 304 с. : іл.
12. Народное искусство и художественные ремесла // Художественная культура Витебска с древности до 1917 года : историко-художественный очерк / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий ; худож. В. Г. Загородний. – Минск : БелЭн, 2001. – С. 268–277.
13. Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны / калектыў аўтараў: Л. У. Вакар [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2011. – 440 с.
14. Русецкий, А. В. Художественная культура Витебщины с древности до 1917 года : историко-художественный очерк / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий ; худож. В. Г. Загородний. – Минск : БелЭн, 2001. – 288 с. : ил.
15. Русецкий, А. В. Художественная культура Витебщины: Поозерье, Подвинье, Верхнее Поднепровье (в контексте восточно-славянских и западно-европейских культурных процессов) : монография / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2008. – 540 с. : ил.
16. Талерчык, А. В. З вопыту аднаўлення традыцыі велікодных пісанак / А. В. Талерчык // Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю М. Нікіфароўскага, 21 мая 2010 г. / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2012. – С. 121–128.
17. Федарыстава, Н. Л. Гарбарнае рамяство і мастацкая апрацоўка скуры на Віцебшчыне / Н. Л. Федарыстава // Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю М. Нікіфароўскага, 21 мая 2010 г. / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2012. – С. 129–138.
18. Федористова, Н. Л. Соломенных дел мастера Витебщины / Н. Л. Федористова, И. П. Хитько, М. П. Шерикова. – Витебск : САМПО, 2009. – 280 с. : ил.
19. Шунейка, Я. Ф. Сувязі віцебскай народнай набіванкі з творчасцю вядучых мастакоў-наватараў ХХ стагоддзя / Я. Ф. Шунейка // Искусство и культура. – 2014. – № 3 (15). – С. 26–31.