Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Лепельскі раён
- Подробности
- Створана 27.11.2017 10:40
- Адноўлена 16.01.2018 10:47
Паверхня Лепельскага раёна пласкахвалістая. Паўднёва-заходняя частка раёна знаходзіцца ў межах Верхнебярэзінскай нізіны, на паўночным захадзе – Пышнагорскае ўзвышша, на паўднёвым усходзе – Лукомскае ўзвышша.
73 % тэрыторыі раёна на вышыні 150–170 м, 4 % – вышэй за 200 м, 3 % – ніжэй за 150 м. Найвышэйшы пункт 279 м (за 6 км на паўночны ўсход ад в. Новыя Валосавічы), найбольш нізкая адзнака 136 м (урэз р. Ула на ўсход).
Глыбіня расчлянення рэльефу на ўзвышаных участках да 20 м/км2, на нізінных да 2,5 м/км2.
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага (паўночна-ўсходняга), сожскага, дняпроўскага і бярэзінскага зледзяненняў магутнасцю ад 80–120 да 170 м; ніжэй дэвонскія да 130 м, верхне-пратэразойскія да 300 м адклады.
Асноўнымі мінеральна-сыравіннымі рэсурсамі раёна з’яўляюцца торф, сапрапель, гліны, пяскі і пясчана-гравійныя адклады, мінеральная вада.
Шматлікія азёры маюць значныя запасы сапрапелю, які ў залежнасці ад складу, можна выкарыстоўваць у якасці ўгнаенняў, кармавых дабавак, пры вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, як лячэбныя гразі.
Вядомы 153 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 92,1 млн. т (найб. Домжарыцкае балота, Пастрэжскае балота, Піскавацікі, Берашчанскі Мох, Града, Мох Верхавіна); 8 радовішчаў пясчана-жвіровага матэрыялу і пяскоў з запасамі 57,9 млн. м3 (найбольшае Бароўскае, Красашчынскае, Таронкавіцкае, Луконец, Ляхавіцкае); 3 радовішчы глін і суглінкаў з запасамі 1,8 млн. м3 (найб. Раўнянскае, Лепельскае); 5 радовішчаў сапрапелю (Азаранкаўскае, Берашчанска–Мохаўскае, Бобрыцкае, Лепельскае, Тэкліцкае).
Глебы раёна адносяцца да Сенненска-Расонска-Гарадоцкага аграглебавага раёна і Вілейска–Докшыцкага аграглебавага раёна. Глебы сельгасугоддзяў (у %): дзярнова-падзолістыя 54,7, дзярнова-падзолістыя забалочаныя 23, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя 8, поймавыя (алювіяльныя) 1,1, тарфяна-балотныя 13,2; паводле механічнага складу (у %): сугліністыя 50,2, супясчаныя 29, пясчаныя 7,6, тарфяныя 13,2.
ЛІТАРАТУРА
1. Лепельскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1984. – Т. 3 : Катэнарыя – Недайка. – С. 156–158.
2. Нечипоренко, Л. А. Лукомская возвышенность / Л. А. Нечипоренко // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Т. 1 : Земля и недра. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – С. 227.
3. Януш, І. Асаблівасці клімату / І. Януш // Лепельскі край. – 2005. – 22 ліп. – С. 3.
4. Януш, І. Багацце нетраў / І. Януш // Лепельскі край – 2005. – 15 ліп. – С. 5.
5. Януш, І. Глебавае покрыва / І. Януш // Лепельскі край. – 2005. – 26 ліп. – С. 2.
6. Януш, І. І нізіны, і Пышнагоры / І. Януш // Лепельскі край. – 2005. – 5 ліп. – С. 2.
7. Януш, І. Нястомная даследчыца нетраў зямлі / І. Януш // Лепельскі край. – 2002. – 17 снеж. – С. 2.