Бярозаўка, рака. Шаркаўшчынскі раён
- Подробности
- Створана 28.09.2017 08:40
- Адноўлена 02.09.2020 09:05
Рака Бярозаўка знаходзіцца ў Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім раёнах Віцебскай вобласці, правы прыток Дзісны (басейн Захаднай Дзвіны). Даўжыня 53 км. Плошча вадазбору 721 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,6 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,7 %.
Пачынаецца з возера Падлужнае, цячэ праз г. Глыбокае, у межах Свянцянскіх град, далей па Полацкай нізіне. Упадае ў Дзісну за 4 км ніжэй г. п. Шаркаўшчына. Асноўныя прытокі: Аржаніца і Маргва (злева), Дабрылаўка і Стуканаўка (справа). Даліна да ўпадання Маргвы трапецападобная, на астатнім працягу вузкая, шырынёй 0,5–3 км. Пойма пераважна двухбаковая, шырынёй 50 м – 0,5 км. Рэчышча каналізаванае на працягу 1 км у верхнім цячэнні і 1,5 км каля в. Юльянова Шаркаўшчынскага раёна, на астатнім працягу звілістае, шырыня яго 14–16 м у верхнім цячэнні і 20–30 м у ніжнім.
Натуральным чынам Бярозаўку можна падзяліць на тры паслядоўных участка.
Першы, Удзела – Панфілаўшчына (14 км). Нізкія берагі, уздоўж рэчышча негусты вербалоз і алешнікі, вёскі воддаль, да вады канцом выходзіць толькі Майсюціна. Пасля Майсюціна рэчка звужаецца, цвёрдых берагоў няма, вакол высокі трыснёг. З перашкод рэдкія асобныя камяні, абнос нізкага мастка каля в. Гораўляне.
Другі, Панфілаўшчына – Радзюкі (14 км). Берагі падымаюцца. Яны сухія, высокія (дзе-нідзе вельмі высокія і абрывістыя), з участкамі лесу ці заселеныя, цячэнне хуткае. Шырыня ракі метраў 15, у рэчышчы сустракаюцца паваленыя дрэвы. У Радзюках Бярозаўка разліваецца перад рэшткамі млынавай плаціны. Абнос левым берагам міма старога млына: вельмі кароткі і з зручнай пасадкай.
Трэці, Радзюкі – р. Дзісна (11 км). На заключным адрэзку рэчышча слабаізвілістае, берагі лугавыя, як правіла, высокія, з адзінокімі дрэвамі, ля самай вады трыснягова-асаковае высокатраўе.
ЛІТАРАТУРА
1. Берёзовка // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – С. 44.
2. Бярозаўка // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 88.
3. Река Берёзовка. Подробный маршрут и описание [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://poplavok.by/index.php/vodojomy/vitebskaya-oblast/401-reka-berjozovka-podrobnyj-marshrut-i-opisanie. – Дата дотупа: 26.09.2017.
4. Турецкий, С. Беларусь. По Западной Двине и её притокам : путеводитель туриста-водника / С. Турецкий. – 2 изд., перераб. и доп. – Минск : Белкартография, 2012. – С. 64.
5. Хайновский, А. Берёзовка или Березвица? / А. Хайновский // Веснік Глыбоччыны. – 2017. – 28 чэрв. – С. 8.