Лепельскае возера. Лепельскі раён
- Подробности
- Створана 27.11.2017 10:37
- Адноўлена 16.01.2018 10:05
Лепельскае возера (Лепель), у Лепельскім раёне Віцебскай вобласці. Плошча 10,18 км2. Найбольшая глыбіня 33,7 м. Даўжыня 7,57 км. Найбольшая шырыня 2,03 км. Даўжыня берагавой лініі 39,65 км. Аб'ём вады 74,67 млн. м3. Плошча вадазбору 1279,6 км2.
У басейне ракі Ула (выцякае з возера), на паўночнай ускраіне г. Лепель. Катлавіна падзяляецца на 3 часткі, якія маюць мясцовыя назвы: паўночная – Кусцінскае возера (глыбіня 23 м), паўднёвая – Гарадское возера (19,5 м), усходняя – Белае возера (33,7 м). Схілы катлавіны на поўдні і паўднёвым усходзе і месцамі на 3 вышынёй да 25 м, з асыпкамі і апоўзнямі, месцамі задзернаваныя; астатнія вышынёй каля 10 м, пад пасевамі, на ўсходзе пад лесам. Шмат заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, задзернаваныя, месцамі пад хмызняком, на поўдні і паўднёвым усходзе зліваюцца са схіламі, участкамі абразійныя. У 1958, калі на р. Ула была пабудавана Лепельская ГЭС, узровень возера падняты прыкладна на 4 м, што істотна змяніла яго гідралагічны рэжым і канфігурацыю берагавой лініі. Падводная частка катлавіны ўскладнена шматлікімі мелямі на месцы былых астравоў і ўпадзінамі. Дно да глыбіні 7–7,5 м выслана пяскамі, глыбей – сапрапелямі. Прыбярэжная расліннасць утварае паласу шырынёй ад 3 м да 300 м, зрэджаную каля абразійных берагоў. Упадаюць р. Эса (на поўдні) і р. Зеха (на поўначы). У возеры вельмі багаты жывёльны свет. Выкарыстоўваецца для адпачынку і ў аздараўленчых мэтах (на беразе база адпачынку, пансіянат «ЛОДЭ»).
ЛІТАРАТУРА
1. «Над прадоннем былінных азёр...» // Літаратура і мастацтва. – 2016. – 29 ліп. – С. 1, 4.
2. Лепельскае возера // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С. 248.
3. Лепельскае возера // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 129. – (Энцыклапедычная бібліятэка школьніка).
4. Лепельское озеро // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 54.
5. Лепельское озеро // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред И. И. Пирожника ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 284.
6. Лепельское озеро // Туристские регионы Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост. Л. В. Ловчая. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 156 : ил.
7. Телятко, Е. И удача в награду / Е. Телятко // Витебские вести. – 2015. – 24 февр. – С. 8.
8. Хаткевіч, В. Азёрныя далягляды / В. Хаткевіч // Лепельскі край. – 2006. – 10 мая. – С. 3.
9. Шушкевіч, У. Падарожжа вакол Лепельскага возера / У. Шушкевіч. – Лепель : Лепельская типография, 2001. – 32 с.