Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Раслінны і жывёльны свет. Верхнядзвінскі раён

Верхнядзвіншчына, як і ўся Беларусь, размешчана ў прыроднай зоне мяшаных лясоў і адносіцца да заходне-дзвінскай геабатанічнай акругі.

Лясное царства Верхнядзвіншчыны багатае сваёй разнастайнасцю тыпаў і падтыпаў. Па навуковай класіфікацыі гэтыя лясы адносяцца да падзоны дубова-цёмнахвойных лясоў. Яны займаюць 43 % тэрыторыі раёна. Масівы лясоў невялікія – па 8–10 км2, найбольшыя з іх размешчаны ў басейне ракі Свольна. На поўнач ад Асвейскага возера і на Лісняншчыну заходзяць паўднёва-таёжныя хваёвыя лясы. Баравыя масівы цягнуцца і ў Нураўскім Падзвінні.

У складзе лясоў пераважаюць хваёвыя (40,8 %) і яловыя (18,7 %); пад бярозавымі лясамі 20,7 % плошчы, пад шэраальховымі – 8,7 %, чорнаальховымі – 6,2 %, асінавымі – 4,4 %, дубовымі – 0,4 %, ясянёвымі – 0,1 %. Штучныя, пераважна хваёвыя, насаджэнні складаюць 11,6 % лясоў.

Агульная плошча лугоў 27,7 тысяч га, што складае 13 % тэрыторыі. З іх пад сухадоламі занята 43 %, пад нізіннымі лугамі – 47,1, пад заліўнымі – 9,9 %.

Балоты займаюць 11,4 тыс. га, з іх 10,6 тыс. га – нізінныя. Самы вялікі масіў утварае Асвейскае балота (5,1 тыс. га), з астатніх вылучаюцца Крупец, Цятна, Аўласкава, Крэўнікі. Прастора Асвейскага балота неаднародная: большасць яго плошчы адносіцца да нізіннага (37 %) і вярховага (35 %), астатняя (25 %) – да мяшанага тыпу. Амаль палова тэрыторыі мае куп’істы рэльеф са сфагнавымі мхамі і журавінамі. Асобнымі масівамі растуць альшанікі і беразнякі, вялікія плошчы заняты нізкарослымі хвоямі; ёсць участкі з травяным покрывам, дзе пануюць асокі, касачы і падвей. Да в. Поціна з захаду прымыкае непраходны масіў балота Кісялі. Усе вялікія балотныя масівы або іх часткі былі асушаны пад торфаздабычу.

Жывёльны свет Верхнядзвіншчыны цікавы тым, што ў ім спалучаюцца рысы асноўнай і суседніх прыродных зон. Гэта абумоўлена геалагічнай маладосцю тэрыторыі. Як і ў раслінным, так і ў жывёльным свеце ў гэтых мясцінах яшчэ захаваліся тундравыя формы халоднага пасляледавікоўя, і, адначасова з агульным пацяпленнем клімату, можна заўважыць пранікненне прадстаўнікоў паўднёвых, лесастэпавых і нават стэпавых відаў. На відавы склад фаўны паўплывала і мэтанакіраванае ўкараненне чужародных формаў.

З паляўніча-прамысловых жывёл на Верхнядзвіншчыне шырока распаўсюджаны лось, дзік, казуля, заяц-бяляк і заяц-русак, ліс, воўк, янотападобны сабака, вавёрка, тхор, гарнастай, куніца, выдра, андатра. Радзей сустракаюцца рысь, барсук, норка, «пагалоўна» пералічаны мядзведзі.

На вачах аднаго пакалення змяняецца відавы склад птушынага царства. З мясцовых формаў усё радзей сустракаюцца белая курапатка, зімародак, удод, сіваграк і нават івалга. Са скарачэннем плошчаў натуральных лугоў зменшылася і колькасць такога натуральнага віду, як кнігаўка, а высечка беразнякоў выводзіць у шэраг рэдкіх цецерука. Над азёрамі звычайна лунае скапа, у нечаканых мясцінах можа праляцець арлан-белахвост, у глухамані – беркут. Як і раней, не пакідае сваіх мясцін на рэках «вадзяны верабей» – аляпка.

Сярод паўзуноў і земнаводных звычайнымі для гэтых мясцін з’яўляюцца вуж, гадзюка, вераценніца ломкая, яшчаркі порсткая і жывародная, рапуха звычайная, трытон, большасць відаў жаб. Рэдкай стала толькі магчымасць сустрэць рапуху чаротную. Забруджванне вадаёмаў прывяло да таго, што яе давялося занесці ў Чырвоную Кнігу.

Не застаецца нязменным і відавы склад рыб. Пры агульным збядненні рыбнага багацця азёр і асабліва рэк можна адзначыць і страты, аж да поўнага знікнення, асобных яго відаў. Ужо не адзначаецца наяўнасць стронгі ручаёвай, экзотыкай стаў вугор, рэдкасцю – ялец. Зменшылася колькасць галаўня і язя, некаторых іншых прадстаўнікоў іхтыяфаўны.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Апенченко, Ю. В. Дело государственной важности / Ю. В. Апенченко // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2018. – 30 студз. – С. 2.

2. Бирюков, В. П. Аннотированный список водоплавающих птиц озера Освейское / В. П. Бирюков // Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта. – 1997. – № 2. – С. 67–70.

3. Верхнедвинский район // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region:the nature,tourism,sports,rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский центр маркетинга, 2005. – С. 108–117.

4. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 3 : Растения, грибы, животные. – 464 с. : ил.

5. Расліннасць. Жывёльны свет // Пуцявінамі роднага краю: прырода і гісторыя Верхнядзвіншчыны / А. Бубала. – Наваполацк : А. У. Маладзечкін, 2017. – С. 49–57.

6. Сінельнікаў, М. М. Зімуючых птушак становіцца больш / М. М. Сінельнікаў // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2005. – 20 снеж. – С. 3.