Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Помнікі прыроды. Гарадоцкі раён

Помнікі прыроды – гэта прыродныя аб'екты натуральнага паходжання, якія адносяцца да каштоўнасцей ў экалагічных, навуковых, эстэтычных і гісторыка-культурных адносінах і знаходзяцца пад асаблівай аховай дзяржавы. Яны прыцягваюць турыстаў не менш чым старадаўнія замкі і сядзібы.

У Гарадоцкім раёне ёсць такія помнікі прыроды, знакамітыя на ўсю Беларусь. Менавіта тут знаходзіцца некалькі месцаў, дзе расце батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння вадзяны арэх – расліна, занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі. Вадзяны арэх паляпшае газавы рэжым вадаёмаў, але вельмі патрабавальны да цяпла і хімічнага складу вады. Скарачэнне яго плошчаў выклікана забруджваннем вадаёмаў. За апошнія гады поўнасцю зніклі расліны ў воз. Аляксееўскім, зрэдзіліся ў р. Аўсянцы, знізіліся плошчы ў азёрах Рамашкаўскім і Ціёсце. Дно р. Аўсянка, дзе расце дняпроўскі вадзяны арэх, пакрыта глеем. У гэтых месцах забараняецца знішчаць расліннасць, праводзіць работы, звязаныя з парушэннем глеб, змяненнем грунтавых вод і гідралагічнага рэжыму тэрыторыі, лоўля рыбы, забруджванне.

Каля в. Пруднікі, на тэрыторыі турысцка-аздараўленчага комплексу «Лосвіда», узяты пад ахову дуб-волат.

На тэрыторыі Гарадоцкага раёна ёсць цікавыя святыя крыніцы: крыніца каля ТАК «Лосвіда» (выцякае з-пад каранёў дуба-волата), а таксама крыніца «Выток» каля в. Малашанкі.

На сённяшні дзень на тэрыторыі Гарадоцкага раёна абвешчаны геалагічнымі помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння 3 крупныя валуны (Залучанскі, Скрыпкінскі, Хартоўскі). У Гарадоцкім раёне захаваліся такія геалагічныя помнікі прыроды, як Удзебненская града, Пальмінскі вялікі камень, Маскаляняцкі, Чарняўскі валуны, Яноўскі каменны крыж і валун, а таксама Мінінскія, Гузоўскія, Кажамякінскія, Філімонаўскія, Наваболецкія, Кісялёўскія валуны. На жаль, на сённяшні дзень яны не з'яўляюцца ахоўнымі помнікамі прыроды мясцовага значэння.

Залучанскі валун знаходзіцца на паўночнай ускраіне в. Залучча. Вышыня – 1,15 м, акружнасць – 10,1 м, аб'ём – 8,3 м3, вага – 22 тоны. Мае плоскую форму і моцна вывернутую паверхню. Прынесены з наваколля г. Выбарг 10–15 тыс. гадоў назад.

Скрыпкінскі вялікі камень знаходзіцца за 0,4 км ад в. Скрыпкі. Вышыня – 1,8 м, акружнасць – 10,3 м, аб'ём – 16,5 м3, вага – 43,6 тоны. Верхняя плоскасць нахілена на паўднёвы захад. Прынесены з паўднёва-ўсходняй Фінляндыі.

Хартоўскі вялікі камень знаходзіцца за 0,6 км на паўночны ўсход ад в. Хартова. Вышыня – 2 м, акружнасць – 15,4 м, аб'ём – 55,9 м3, вага – 148 тон. Мае форму галавы барана. Прынесены з паўднёва-ўсходняй Фінляндыі 15–20 тыс. гадоў назад у часы Паазерскага абледзянення.

Цікавыя прыродныя аб'екты, вартыя аховы ў Гарадоцкім раёне:

– серабрыстыя таполі на беразе воз. Лосвіда каля в. Малое Лосвіда. 4 дрэвы з дыяметрам ствалоў больш за 1 метр;

– хвоя каля в. Малое Лосвіда. У 1,5 км на захад ад ТАК «Лосвіда». Расце каля воз. Лосвіда, недалёка ад урэза вады. Даўжыня акружнасці – 275 см, дыяметр ствала – 0,85 м.

– вяз каля в. Мясцечка. За 3 км на поўнач ад вёскі, на мысе воз. Езярышча. Расце каля дарогі, што вядзе ад могілак да курганоў на беразе возера. Дліна акружнасці – 525 см, дыяметр – 167 см, радыус – 83 см. Верагодна, гэта самы вялікі вяз на Беларусі.

– месца росту плаўна-баранца каля чыгуначнай станцыі Прудок Гарадоцкага раёна, у лясным масіве на левым беразе р. Усыса. Уздоўж дарогі, што вядзе ад вёскі да воз. Кашо.

Асаблівую цікавасць выклікае прыродны аб'ект, які мае вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць, так званая «напалеонаўская дарога», «напалеонаўская сцежка» на воз. Лосвіда. Гэта водмель, якая цягнецца з аднаго берага возера да другога. Знаходзіцца каля в. Марыямпаль. Пра паходжанне «дарогі» існуе некалькі легенд. Па адной – дарога была насыпана д'яблам для таго, каб выратаваць войскі Напалеона, якія былі абкружаны ў гэтым месцы рускімі. Па другой – зроблена бацькамі закаханых, якія жылі на розных берагах возера, – для сустрэч. Па трэцяй – дарога была насыпана памешчыкам для забаў і жартаў. Яшчэ у 70-я гады мела гаспадарчае значэнне.

 

hortovo-valun_1.jpghortovo-valun_2.jpghortovo-valun_3.jpg

ЛІТАРАТУРА

1. Захараў, А. Нямыя сведкі мінуўшчыны / А. Захараў // Гарадоцкі веснік. – 2008. – 31 мая. – С. 8.

2. Дорофеев, А. М. Геологические памятники природы Городокщины: задачи изучения и охраны / А. М. Дорофеев, Д. Г. Волков // Гарадоччына ўчора, сёння, заўтра : матэрыялы I Гарадоцкіх краязнаўчых чытанняў, 26 кастрычніка 2007 г. / рэдкал.: А. М. Дарафееў [і інш.]. – Гарадок, 2008. – С. 139–142.

3. Городокскій район // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 16–17.

4. Крупица, Н. Голос кургана / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2014. – 26 июля. – С. 2.

5. Маранов, Л. Родники мои серебряные... / Л. Маранов // Гарадоцкі веснік. – 2000. – 5 снеж.– С. 2.

6. Наумова, А. Еще один бренд Городокщины?.. / А. Наумова // Гарадоцкі веснік. – 2016. – 9 верас. – С. 5.

7. Наумова, А. Многотонный валун нашли в Городке / А. Наумова // Гарадоцкі веснік. – 2014. – 1 сак. – С. 8.

8. Наумова, А. О чем молчат курганы / А. Наумова // Гарадоцкі веснік. – 2013. – 3 жн. – С. 5.

9. Півавар, М. В. Новыя помнікі прыроды ў Гарадоцкім раёне / М. В. Півавар // Гарадоччына ўчора, сёння, заўтра : матэрыялы I Гарадоцкіх краязнаўчых чытанняў, 26 кастрычніка 2007 г. / рэдкал.: А. М. Дарафееў [і інш.]. – Гарадок, 2008. – С. 142–144.

10. Прыродная характарыстыка / падрыхт. Т. А. Шагалеева // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 23–30.

11. Якімаў, В. Да святой крыніцы – вады напіцца / В. Якімаў // Гарадоцкі веснік. – 2019. – 9 студз. – С. 4.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Многотонный валун нашлі в Городке 

arrow На Городокщине обнаружили очередной огромный валун 

arrow Журналист вместе с проводником прошел через озеро Лосвидо