Азёры. Расонскі раён
- Подробности
- Створана 06.09.2017 11:38
- Адноўлена 07.05.2020 11:24
На тэрыторыі Расонскага раёна 192 вялікія і малыя азёры, 27 з якіх – рыбапрамысловыя. Найбольшыя – Нешчарда, Усвечча, Валоба, Белае, Сіньша, Шэвіна, Расона, Дрысы, Межава, Межна. Пра чысціню вады азёр гаворыць той факт, што каля берагоў расце такая цікавая водная расліна як вадзяны арэх.
Белае возера плошчай 3,01 км2. Найбольшая глыбіня 7,1 м. Даўжыня 2,75 км. Найбольшая шырыня 2,25 км. Даўжыня берагавой лініі 10,1 км. Аб'ём вады 10,5 млн. м3. Плошча вадазбору 3,1 км2.
Знаходзіцца ў басейне ракі Свольна, за 24 км на паўночны захад ад г. п. Расоны, сярод хваёвага лесу, на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Чырвоны Бор. Схілы катлавіны стромкія, на паўночным усходзе спадзістыя, пясчаныя, пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на ўсходнім заліве больш высокія, тарфяністыя, пад лесам і хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, дно глыбей за 2 м выслана ілам і сапрапелем. Вада вельмі празрыстая. Бяссцёкавае, зарастае. Расліннасць утварае паласу шырынёй да 100 м.
Валоба, Волаба – возера плошчай 3,32 км2. Найбольшая глыбіня 9,9 м. Даўжыня 4,62 км. Найбольшая шырыня 1,4 км. Даўжыня берагавой лініі 17,1 км. Аб'ём вады 17,2 млн. м3. Плошча вадазбору 51,1 км2.
Знаходзіцца ў басейне р. Дрыса, за 34 км на ўсход ад г. п. Расоны, каля в. Азёрная; на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Сіньша. Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічных азёр, аб'яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны вышынёй 9–15 м (на паўднёвым захадзе і поўдні 5–7 м), пад лесам, на захадзе разараныя. Берагі пясчаныя, на ўсходзе зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай плошчай 7 га. Прыбярэжная зона да глыбіні 3–4 м (у заходняй частцы да 5–7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў, шырыня паласы расліннасці да 30 м. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз. Сіньша. Месца адпачынку і турызму.
Валькоўскае возера – на мяжы Расонскага раёна Віцебскай вобласці і Пскоўскай вобласці (Расія). Плошча 2,43 км2. Найбольшая глыбіня 11,6 км. Даўжыня 4,05 км. Найбольшая шырыня 1,12 км. Даўжыня берагавой лініі 12,13 км. Аб'ём вады 15,06 млн. м3. Плошча вадазбору 206,6 км2.
У басейне р. Чарапяціца (працякае праз возера), за 8 км на паўночны захад ад г. п. Расоны, за 1,5 км на поўнач ад в. Глоты. Схілы катлавіны вышынёй 3–5 м, на паўднёвым усходзе 10–15 м, пад лесам, 3 разараныя. Берагі нізкія, на паўднёвым захадзе зліваюцца са схіламі. Ложа плоскае, выслана ілам і сапрапелем.
Дрысы – возера плошчай 2,26 км2. Найбольшая глыбіня 3,7 м. Даўжыня 3,7 км. Найбольшая шырыня 0,96 км. Даўжыня берагавой лініі 11,46 км. Аб'ём вады 5,83 млн. м3. Плошча вадазбору 1578 км2.
Знаходзіцца ў басейне р. Дрыса (выцякае з возера), за 35 км на ўсход ад г. п. Расоны, на паўночны захад ад в. Перавоз. Схілы катлавіны вышынёй 5–10 м (на захадзе 15–20 м), параслі мяшаным лесам. Берагі пад хмызняком і лесам. Дно плоскае. У цэнтры 5 астравоў агульнай плошчай 1 га. Мелкаводдзе ўздоўж берагоў і вакол астравоў да глыбіні 2 м (на поўначы да 2,5 м) пясчанае і ілістае. Расліннасць пашырана да глыбіні 2,2–3 м. На поўдні ўпадае р. Ушча, на паўночным захадзе злучаецца пратокай з воз. Глыба. Уваходзіць у склад ландшафтнага заказніка Сіньша.
Межава – возера плошчай 2,06 км2. Найбольшая глыбіня 3,3 м. Даўжыня 2,82 км. Найбольшая шырыня 1,36 км. Даўжыня берагавой лініі 10,3 км. Аб'ём вады 4,71 млн. м3. Плошча вадазбору 85,7 км2.
Знаходзіцца ў басейне р. Межава, за 8 км на паўночны ўсход ад г. п. Расоны, каля в. Межава. Схілы катлавіны вышынёй 2–3 м (на поўначы і захадзе 10–15 м), параслі лесам і хмызняком. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на поўначы зліваюцца са схіламі, у залівах сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-ілістае, глыбей дно сапрапелістае. 4 астравы агульнай плошчай 5 га. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шырынёй 4–60 м да глыбіні 1,5 м. Упадаюць 6 ручаёў, у т. л. з воз. Шэвіна, выцякае р. Чарапяціца.
Межна – возера плошчай 1,34 км2. Найбольшая глыбіня 7,1 м. Даўжыня 3,55 км. Найбольшая шырыня 0,55 км. Даўжыня берагавой лініі 11,05 км. Аб'ём вады 4,59 млн. м3. Плошча вадазбору 15 км2.
Знаходзіцца ў басейне р. Дрыса, за 18 км на паўднёвы ўсход ад г. п. Расоны, на поўнач ад в. Межна. Схілы катлавіны вышынёй 7–8 м, участкамі на паўночным усходзе і захадзе да 3 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на ўсходзе зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе пясчанае, месцамі ілістае, глыбей дно выслана сапрапелем. Зарастае слаба. Упадаюць 4 ручаі, сцёк па пратоцы ў Дрысу зарэгуляваны шлюзам.
Мохавае возера плошчай 0,33 км2. Найбольшая глыбіня 2 м. Даўжыня 0,73 км. Найбольшая шырыня 0,65 км. Даўжыня берагавой лініі 2,13 км. Аб'ём вады 0,41 млн. м3. Плошча вадазбору 5,6 км2.
У басейнах р. Заходняя Дзвіна, за 20 км на паўночны захад ад г. п. Расоны, за 2 км на ўсход ад в. Чырвоны Бор, на поўнач ад балота Вялікі Мох; на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Чырвоны Бор. Схілы катлавіны невыразныя, на ўсходзе вышынёй да 2 м, пясчаныя, пад лесам. Берагі сплавінныя, тарфяністыя, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю.
Нешчарда, Няшчэрда – возера плошчай 24,62 км2. Найбольшая глыбіня 8,1 м. Даўжыня 12,05 км. Найбольшая шырыня 4,75 км. Даўжыня берагавой лініі 50,18 км. Аб'ём вады 84,72 млн. м3. Плошча вадазбору 143 км2.
Знаходзіцца ў басейне р. Нешчарда (выцякае з возера), за 15 км на ўсход ад г. п. Расоны, каля в. Гарбачэва. Схілы катлавіны вышынёй 5–10 м, пераважна разараныя, тэрасаваныя, заходнія пад лесам, на поўдні і поўначы марэнныя ўзгоркі вышынёй 10–15 м. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, у залівах сплавінныя. Найбольшыя глыбіні ў паўночным плёсе, у паўднёвым пераважаюць глыбіні 2–5 м. 3 астравы агульнай плошчай 0,23 км2. Прыбярэжная частка дна шырынёй да 200 м выслана пясчанымі адкладамі (на асобных участках пашыраны да глыбіні 4–5 м), цэнтральная – сапрапелем. Зарастае ў прыбярэжнай частцы, шырыня паласы зарастання да 250 м. Упадаюць 7 ручаёў і р. Атлайская, злучана пратокай з воз. Доўгае. Багата рыбай, вадаплаўнай птушкай.
Ножніцы – возера плошчай 0,72 км2. Найбольшая глыбіня 5,6 м. Даўжыня 1,38 км. Найбольшая шырыня 0,63 км. Даўжыня берагавой лініі 5,6 км. Аб'ём вады 2,6 млн. м3. Плошча вадазбору 1,8 км2.
У басейне р. Дрыса, за 36 км на ўсход ад г. п. Расоны, каля в. Ножніцы. Схілы катлавіны вышынёй 5–9 м, пясчаныя, параслі лесам і хмызняком, на поўдні разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. Дно сапрапелістае. Вада вызначаецца высокай празрыстасцю. Зарастае падводнай расліннасцю да глыбіні 4 м. Упадаюць 3 ручаі.
Опціна – возера плошчай 0,65 км2. Найбольшая глыбіня 6,1 м. Даўжыня 1,56 км. Найбольшая шырыня 0,61 км. Даўжыня берагавой лініі 5,48 км. Аб'ём вады 2,46 млн. м3. Плошча вадазбору 10,1 км2.
У басейне р. Дрыса, за 32 км на ўсход ад г. п. Расоны, каля в. Забор'е. Схілы катлавіны вышынёй 8–15 м, пясчаныя, параслі лесам і хмязняком. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на ўсходзе зліваюцца са схіламі. Дно сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. 7 астравоў агульнай плошчай 3 га. Зарастае да глыбіні 2–2,5 м. Упадаюць 2 ручаі, выцякае ручай у воз. Валоба.
Расона, Расонскае возера плошчай 2,38 км2. Найбольшая глыбіня 3,3 м. Даўжыня 2,37 км. Найбольшая шырыня 1,73 км. Даўжыня берагавой лініі 7,42 км. Аб'ём вады 4,93 млн. м3. Плошча вадазбору 30,8 км2.
Знаходзіцца ў басейне р. Нешчарда, на паўднёва-заходняй ускраіне г. п. Расоны. Схілы катлавіны вышынёй 2–6 м, участкамі да 1 м, разараныя, на паўднёвым захадзе пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на паўночным захадзе і поўначы месцамі сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, у прыбярэжнай частцы пясчанае. У цэнтры возера востраў плошчай 1 га. Моцна зарастае. Надводная расліннасць пашырана да глыбіні 1,8 м, падводная – 3 м. Упадаюць 4 ручаі, выцякае р. Расонка.
Сіньша – возера ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці, на мяжы з Пскоўскай вобласцю Расіі. Плошча 2,53 км2. Найбольшая глыбіня 7,1 м. Даўжыня 4 км. Найбольшая шырыня 1,44 км. Даўжыня берагавой лініі 9,9 км. Аб'ём вады 8,07 млн. м3. Плошча вадазбору 1782 км2.
Знаходзіцца ў басейне р. Дрыса (цячэ праз возера), за 37 км на ўсход ад г. п. Расоны, за 6 км на паўднёвы ўсход ад в. Забор'е, на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Сіньша. Двума астравамі (агульная плошча – 0,17 км2) і паўвостравам катлавіна падзелена на 2 часткі, злучаныя вузкімі пралівамі. Схілы катлавіны вышынёй 10–15 м (на паўночным усходзе 5–8 м) параслі лесам. Ёсць мноства невялікіх заліваў. Пойма шырынёй 10–20 м, пад хмызняком. Дно да глыбіні 2,5–3 м выслана пяском, ніжэй ілам і сапрапелем. Зарастае да глыбіні 3,5 м, асабліва паўночная частка. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шырынёй 20–30 м, пашырана да глыбіні 2,2 м. У заходніх залівах паўночна-ўсходняй часткі возера расце вадзяны арэх, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Злучана пратокамі з азёрамі Валоба (на паўночным захадзе) і Данское (на поўдні). Маляўнічасць і зручнае палажэнне робяць возера прыдатным для воднага турызму і адпачынку.
Усвечча – возера плошчай 4,2 км2. Найбольшая глыбіня 3,8 м. Даўжыня 2,98 км. Найбольшая шырыня 2,12 км. Даўжыня берагавой лініі 8,2 км. Аб'ём вады 8,08 млн. м3. Плошча вадазбору 22,8 км2.
Знаходзіцца ў басейне р. Нішча, за 17 км на паўночны ўсход ад г. п. Расоны, за 1,5 км на захад ад в. Канашонкі. Схілы катлавіны вышынёй да 10 м (на паўднёвым усходзе да 20 м), пясчаныя, параслі лесам, участкі на ўсходзе і захадзе разараныя. На поўдні да возера прымыкае забалочаная нізіна. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, участкамі моцна забалочаныя. Пойма шырынёй да 100 м, забалочаная. Дно да глыбіні 1 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненым ілам і сапрапелем. Востраў плошчай 0,02 км2. Зарастае ўздоўж берагоў да глыбіні 1,5 м. Упадаюць 3 ручаі, выцякае ручай Іспол.
Шэвіна – возера плошчай 2,36 км2. Найбольшая глыбіня 3,4 м. Даўжыня 4,45 км. Найбольшая шырыня 0,88 км. Даўжыня берагавой лініі 11,96 км. Аб'ём вады 5,55 млн. м3. Плошча вадазбору 63,2 км2.
Знаходзіцца ў басейне р. Нішча, за 12 км на паўночны ўсход ад г. п. Расоны, за 0,5 км на захад ад в. Гарбачэва. Схілы катлавіны вышынёй 10–15 м (на паўночным усходзе 6–9 м), у ніжняй частцы пад хмызняком, у верхняй парослыя лесам, на паўночным захадзе разараныя. Многа заліваў і мысаў. Берагі зліваюцца са схіламі, на поўначы і паўднёвым захадзе пад хмызняком. Дно да глыбіні 2 м пясчанае і гліністае, ніжэй сапрапелістае. Востраў плошчай 0,4 га. Зарастае да глыбіні 2,5–2,9 м. Упадаюць 5 ручаёў (у т. л. з возерам Гародна), выцякае р. Яршоўская ў воз. Межава.
ЛІТАРАТУРА
1. Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.] ; маст. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – 415 с. : іл. – (Беларуская энцыклапедыя).
2. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 477 с. : іл.
3. Высшая растительность озера Волобо / Л. М. Мержвинский и др. // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2012. – № 6. – С. 73–79.
4. Высшая растительность озера Глыба / Л. М. Мержвинский [и др.] // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2013. – № 3. – С. 68–74.
5. Высшая растительность озера Ножницы / Л. М. Мержвинский и [др.] // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2013. – № 2. – С. 60–66.
6. Высшая растительность озера Оптино / Л. М. Мержвинский [и др.] // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2013. – № 1. – С. 50–57.
7. Высшая растительность озера Синьша / В. П. Мартыненко [и др.] // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2012. – № 5. – С. 55–60.
8. Гончеронок, В. Водоёмы пополняются рыбой / В. Гончеронок // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2018. – 2 лістап. – С. 4.
9. Масловская, О. По карте – к пьедесталу / О. Масловская // Віцебскі рабочы. – 2012. – 10 ліп. – С. 6.
10. Мержвинский, Л. М. Высшая водная растительность озера Пролобно / Л. М. Мержвинский // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2011. – № 5. – С. 34–39.
11. Мишурный, А. Край лесов и озер / А. Мишурный // Віцебскі рабочы. – 2002. – 5 студз. – С. 2.
12. Николаева, М. Гляжу в озёра синие... / М. Николаева // Голас Расоншчыны. – 2009. – 30 крас. – С. 5.
13. Пастернак, Т. Озеро под защитой / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2018. – 23 июня. – С. 11.
14. Прудкоўскі, Р. Плешчуцца жыватворныя хвалі Белага Юхаўскага / Р. Прудкоўскі // Голас Расоншчыны. – 2005. – 20 верас. – С. 2.
15. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с. : ил.
16. Россонский район // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский Центр маркетинга, 2005. – С. 146–157.
17. У гармоніі з прыродай / падрыхт. В. Шыёнак // Голас Расоншчыны. – 2009. – 22 мая. – С. 2.
СПАСЫЛКІ