Народная творчасць.Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 12.05.2020 13:42
- Адноўлена 12.05.2020 15:18
Першая стацыянарная экспедыцыя ва Ушацкі раён супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору адбылася ў 1972 г. Гасцінна сустрэла Ушаччына, адкрываючы нам свае скарбы, што ствараліся і назапашваліся на працягу многіх стагоддзяў, перадаваліся ад прадзедаў да праўнукаў, дзякуючы непарыўнасці ланцужка пераемнасці традыцый. Жыхары, як і належыць людзям з поўначы, адрозніваліся стрыманым, разважлівым характарам, нетаропкасцю ў размове і справе, але ў той жа час прынцыповасцю, сур'ёзнасцю, грунтоўнасцю. Гэта і ёсць рысы характару жыхароў Ушаччыны. Адрозніваліся яны і знешнім выглядам: светлыя валасы і блакітныя, нібы адбіткі азёраў, вочы людзей, што жывуць у гэтым дзівосным краі. Прыгажосць прыроды адпавядае прыгажосці, створанай людзьмі, якую данеслі яны да нас праз стагоддзі ў выглядзе песень, абрадаў, казак, паданняў. Багатая на іх ушацкая зямля. Усё гэта складае створаную нашымі продкамі паэтычную сістэму, дзе няма нічога выпадковага, дзе пазначана цвіценне першай кветкі і адлёт апошняй птушкі, дзе ўсё значна: і квадра месяца, і вярбовыя коцікі, нішто не замінае, усё знітавана ў адзінае цэлае.
Як вядома, гадавы каляндарны цыкл «ідзе» па сонейку.
У зімовым цыкле Калядам належыць адно з самых пачэсных месцаў сярод свят гадавога кола. На Каляды спяваліся песні, наладжваліся гульні, ігрышчы. Адной з цікавых традыцыйных гульняў на Каляды была «Жаніцьба Цярэшкі», даволі распаўсюджаная на Віцебшчыне. У гэтай гульні-ігрышчы даследчыкі прасочваюць старажытныя язычніцкія рэшткі «рэгулявання» шлюбных адносін. «Жаніцьба Цярэшкі» – гульня нежанатай моладзі, што дасягнула шлюбнага ўзросту. Магчыма, раней яна мела больш «сур'ёзны» характар і была своеасаблівай «рэпетыцыяй» сапраўдных вяселляў. Весялосць, узрушанасць характэрныя для «Жаніцьбы Цярэшкі», што праходзіла доўгімі зімовымі вечарамі. У в. Белае запісана каля 30 «Цярэшак» (тэкстаў з мелодыямі), большасць з іх маюць традыцыйныя сюжэты. Узоры тэкстаў, якія прыводзяцца ніжэй, узяты з матэрыялаў, што захоўваюцца ў Архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі:
Цярэшку жаніць, жаніць,
галоўка баліць, баліць.
Як жа дзядульку лавіць:
– А здайся дзядулька, здайся,
На другіх не заглядайся.
Другія з ума звядуць,
Шапачку й боцікі здзяруць.
* * *
Паіла коніка ў вядрэ,
Відзела рыбачку на дне.
Смачная рыбачка карась.
Пацалуй, дзядулька, хоць раз.
Смачная рыбачка язёк,
Пацалуй, дзядулька, разок.
Запісана ў в. Занавінне.
Жанчыны з в. Занавінне скардзіліся, што мала на вёсцы моладзі, усе ад'язджаюць у горад: «...няма як «Цярэшку» жаніць. Дзякаваць богу, што прыязджаюць усё ж на Каляды да бацькоў на «свежанінку». Ну так тут ужо і «Цярэшку жанілі». А то ўсё кіно, ды кіно, а тут самі, як артысты. Цікава самім гуляць, ужо ж не малыя, а забава». У гэтай гульні, як адзначылі жанчыны, галоўная роля адводзілася моладзі (не падлеткам). Жанілі «Цярэшку» пад кіраўніцтвам старэйшых, «бацькоў». Раней абшчына строга кантралявала шлюбныя адносіны. Нежанаты чалавек нібыта знаходзіўся па-за межамі абшчыны, ён не меў сацыяльнага статуса. Толькі цяжкая хвароба ці калецтва маглі стаць перашкодай шлюбу. Ніхто не павінен быў заставацца без пары. У размове і роспытах, песнях, каментарыях да іх, паступова пераходзілі ад зімы і зімовых абрадаў да часу, калі абуджаецца ўсё жывое, уся прырода – да вясны.
У веснавой абраднасці атрымала распаўсюджванне валачобніцтва. П. М. Шпілеўскі ў 1859 годзе ў працы «Валачобнікі ў Віцебскай губерні» выказаў думку, што валачобныя гурты (5–8–15 чалавек) сяляне ўспрымалі як вестуноў лёсу і лічылі, што ёсць «...таямнічая сувязь паміж прыходам іх і станам гаспадарчых работ і прыбыткаў у надыходзячую вясну і лета». Не мінаючы аніводнай хаты, хадзілі валачобнікі ў гэты значны дзень – Вялікдзень, і самі сябе звалі так:
А мы госцікі небывалыя,
Небывалыя, нехаджалыя.
Ай у гадочак адзін разочак
Красіва пяём, нямнога бяром:
Кварту гарэлкі, сыр на талеркі.
Прыход валачобнікаў быў вельмі істотным псіхалагічным момантам. Велічанне гаспадара, гаспадыні, дзяцей, ідэалізацыя ўсяго, уключаючы гаспадарскі двор, хату, успрымалася селянінам як магія, як замова. У песні, запісанай у в. Занавінне, падаецца класічная карціна ідэалізацыі, услаўлення, пераліку «цудоўных праяў» на сялянскім падвор'і:
Валачобнікі ды валачыліся,
Хрыстос васкрос сын божы!
Валачыліся ды памачыліся,
Прыйшлі пад хату, пасушыліся.
Ды прыйшлі яны к новаму двару,
Новаму двару мураванаму:
– Дзень добры таму,
Хто у гэтым даму.
Гаспадарочак, добры паночак.
Ці ты спіш, ці адпачываеш?
А калі ты спіш, дык бог з табою,
А калі не спіш, гукай са мною.
А устань, устань з цісовай ложы
Ад жаны прыгожай.
Устань рана, ды умыйся беленька,
Умыйся беленька, утрыся сухенька.
Адзень панчошкі ды бяленькія,
Надзень боцікі ды шаўровенькія.
Надзень шубачку сторублёвую.
Надзень шапачку завіваначку.
Адчыні акно, паглядзі ў гумно,
А ў тваім гумне праява стала,
Праява стала, праявілася,
Сама цэркаўка станавілася.
А у тэй цэркаўцы прыстол стаіць.
За прыстолам ды сам гасподзь сядзіць.
Сам гасподзь сядзіць, кніжкі чытаіць,
Кніжкі чытаіць, ды распраўляіць.
Святое Раство наўперад пашло,
А за ім услед новы гадок.
Святое кшчэнне ваду хрысціць,
Ваду хрысціць, на свет пускаіць.
Бела нядзеля ды з вярбовым дубцом.
Святая пасха з красным яйцом,
3 красным яечкам, з божым славечкам.
Гаспадарочак, добры паночак,
Ці слышна табе наша песенька,
Наша песенька ды валачобная,
Валачобная ды велікодная.
А мы госцікі небывалыя,
Небывалыя, не хаджалыя.
А ў гадочак адзін разочак
Красіва паём, нямнога бяром.
Кварту гарэлкі, сыр на талерку.
Кварту гарэлкі нам для голаса,
Пшонны піражок вам для коласа.
Цераз твой дварок наўбок ручаёк.
Масці кладачку, заві ў хатачку.
Запісаў А. С. Ліс у в. Занавінне ад Тэклі Антановіч, 1907 г. нараджэння.
Таксама захаваліся традыцыі і песні «пра талаку». Па заўвагах выканаўцаў, жыхароў в. Белае, гэта песня спявалася ў час, калі ўдзельнікі талакі пасля працы заходзілі на падвор'е да «хазяіна». Песня жартоўная, «лёгкая», так ахарактарызавалі яе жанчыны-спявачкі. Яна стварае добры настрой, здымае фізічнае і эмацыянальнае напружанне, якое так характэрна для цяжкай працы:
Ды маленькі журавок
Уваліўся ў равок:
Ды гарэлачку валок,
Ды бутылачку разбіў
Ды гарэлачку разліў.
Запісана ў в. Белае.
Па заўвагах даследчыкаў, талочныя звычаі ці не існавалі ўвогуле ў іншых народаў, ці жылі ў традыцыі вельмі даўно і не былі занатаваны збіральнікамі і даследчыкамі. Менавіта ў нас, у беларусаў, на поўначы рэспублікі яны захаваліся ў памяці людзей старэйшага ўзросту, якія ў гады сваёй маладосці ці сталасці працавалі «талакою», дапамагаючы адзін аднаму. Асаблівая высакароднасць звычаю талакі была тады, калі дапамога аказвалася сям'і беднай удавы, якой з «дробнымі» дзеткамі не пад сілу было адной справіцца з вялікай працай. Менавіта так, «вялікай», звалі жыхары в. Белае цяжкую працу па вывазе гною вясной, узаемадапамогу ў час жніва ў гарачыню, ці восеньскай талакі, калі слалі лён. Талака – агульная праца, узаемадапамога, яе вынік – радасць людзей, што змаглі разам адолець цяжкую работу. Бадзёрасць, весялосць, непасрэднасць гучаць у талочных песнях.
У абраднасці летняга каляндарнага цыкла адным з самых старажытных і прыгожых свят з'яўляецца Купалле. Пётр Бяссонаў, якога па праву можна назваць адным з першых славістаў, адзначаў, што Беларусь захавала ў абрадзе купальскай урачыстасці і ў песнях, што яе суправаджаюць, адгалоскі «сівой даўніны», як нідзе ў славян. Купалле – свята ў гонар сонца, яго сілы і магутнасці, сімвалізуе еднасць усяго жывога. Купальская ноч – гэта ноч яднання чалавека з прыродай. На Купалу сонца дасягала свайго апагея, і гэтаму апагею адпавядаў увесь стан прыроды: буяла зеляніна, радавалі вока кветкі. Купалле ўяўляла сабой своеасаблівую містэрыю з магічных дзеянняў, песень, заклінанняў.
Наступным абрадавым комплексам, што атрымаў распаўсюджванне на Ушаччыне, было жніво. Жніўныя песні – класічны ўзор каляндарна-абрадавай паэзіі, непасрэдна суправаджалі працу на ніве, у пэўным сэнсе былі яе стымулятарам. Яны выказвалі перажыванні жняі падчас вялікай, адказнай і цяжкай працы – уборкі хлеба. У жніўных песнях, запісаных на Ушаччыне, згадваецца Раёк. Паводле думак даследчыкаў, Раёк, як і Спарыш, уяўляецца народам як увасабленне ўрадлівасці, якое ў вачах славян-язычнікаў мела функцыі дабратворнага бажаства. Яго запрашаюць у хату з вялікай павагай. Згодна з уяўленнямі, менавіта Раёк спрыяе селяніну ў яго гаспадарчых справах і галоўнай з іх – вырасціць хлеб. Сонца, хлеб і золата мелі ў старажытнасці адну сімволіку, а засеянае поле, паводле даследаванняў Б. А. Рыбакова, у даўнія часы звалася проста «жыццё». Вось некалькі ўзораў класічных жніўных песень, запісаных у вёсках Белае і Занавінне:
А ў нас учора вайна была,
Мы ўсё поле зваявалі:
Усё жыта пажалі.
Змялі ногі мяцёлкаю,
Дамоў пашлі вясёлкаю.
* * *
Слаўны наш пан – слаўны ён,
Наша пані слаўнейшая,
Над усімі маладзейшая,
Выкаціла віна бочку,
Віна бочку для дзевачак,
Гарэлачку – для жнеячак.
Год ідзе па сонейку. Пасля лета прыходзіць восень, багатая на дары, што атрымлівае селянін за сваю шчырую працу. Цікава, што не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі распаўсюджаны восеньскія песні ці «восень» (як называлі іх некаторыя жыхары Ушаччыны). Месцам бытавання восеньскіх песень даследчыкі вызначаюць паўночны азёрны край. Тэматыка восеньскіх песень адрозніваецца своеасаблівай «стрыманасцю», што адпавядае стану прыроды і яшчэ раз сведчыць пра ўзаемасувязь з'яў касмічнага парадку і настрою чалавека, жывёл, птушак, пра ўплывовасць і залежнасць вялікага і малога...
Пасля доўгай і цяжкай працы, атрымаўшы ўраджай, увосень пачыналі «гуляць вяселлі», і таму тэма шлюбу з'яўляецца класічнай для восеньскіх песень гэтага рэгіёну. Адзін з цікавых паэтычных прыёмаў – зварот да прыродных з'яў, дрэў, раслін, а потым, як паралель, да маладой дзяўчыны – падаецца нам вельмі ўдалым і па-мастацку дасканалым, ён надае твору разважлівасць і мудрасць:
– А ты зімачка, а ты халодная,
Чаго ты рана стала?
А я не рана, а я не позна,
Як мая пара прыйшла.
Лісток падзе, травіцу кладзе,
Вось мая і пара прыйшла.
А ты, Ганулька, маладзенькая,
Чаго так рана замуж пайшла.
А я не рана, а я не позна,
Як мая пара прыйшла.
Татулька аддасць,
Сужанька бярэць –
Вось і мая пара прыйшла.
Работу па адраджэнні і збіранні нацыянальнай культуры, папулярызацыі і захаванні традыцыйных свят і абрадаў, якія існавалі ў рэгіёне, вядзе фальклорны народны калектыў «Матырынская спадчына». Рэпертуар фальклорнага калектыву, складае больш за 80 каляндарных і сямейна-бытавых абрадавых песень, 25 побытавых мясцовых танцаў. За час свайго існавання калектыў адрадзіў «радзіны» і «вясельны» абрады, песні ўсяго гадавога календара народных свят, песні сямейных абрадаў. Па фальклорных знаходках «Матырынскай спадчыны» зняты відэафільмы «Першы дзень у маладой», «Дарога да вянца», «Абрадавая ежа. Клёцкі з душамі». Зроблены відэазапіс 19 побытавых танцаў, якія існавалі на Ушаччыне.
Пры народным клубе «Ветэран» створаны хор, у рэпертуары якога больш за 120 патрыятычных, лірычных, беларускіх народных песень. Разам з песнямі вядомых кампазітараў выконваюцца аўтарскія песні паэтаў і кампазітараў Ушаччыны.
ЛІТАРАТУРА
1. Варатынская, Г. «Якая песня без баяна...» / Г. Варатынская // Патрыёт (Ушачы). – 2013. – 10 мая. – С. 4.
2. Дзянісаў, В. Народныя традыцыі не забыты / В. Дзянісаў // Патрыёт (Ушачы). – 2006. – 17 мая. – С. 2.
3. Караленка, В. Што ведаем пра сябе / В. Караленка // Патрыёт (Ушачы). – 1990. – 17 ліп. – С. 2.
4. Леднік, М. Пара жаніць Цярэшку / М. Леднік // Патрыёт (Ушачы). – 1996. – 6 студз. – С. 6.
5. Песні матчыны з Вушаччыны / запісаў Р. Барадулін // Полымя. – 2001. – № 2. – С. 248–249 ; № 3. – С. 268–269 ; № 4. – С. 266–268.
6. Прыбабунькі, пад'ялдыкі, хуткамоўкі, загадкі і шмат чаго яшчэ // Народнае слова. – 1996. – 10 снеж. – С. 4.
7. Райкова, А. М. Абрады і звычаі Ушаччыны / А. М. Райкова // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 572–577.
8. Ушацкія барадулькі // Патрыёт (Ушачы). – 1996. – 13 ліп. – С. 2.