Сосна, заказнік. Шумілінскі раён
- Подробности
- Створана 21.05.2018 09:48
- Адноўлена 02.09.2020 08:59
Катэгорыя | Рэспубліканскі заказнік |
Тып | гідралагічны |
Раён | Шумілінскі |
Год утварэння / пераўтварэння | 1979, 2007 |
Нумар і дата пастановы аб утварэнні / пераўтварэнні | Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2007 г. № 1833 |
Гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння возера «Сосна» размешчаны на паўднёвым усходзе Шумілінскага раёна, за 14 км ад г. п. Шуміліна, паміж вёскамі Рускія на поўначы і Гародна на поўдні, у басейне ракі Заходняя Дзвіна. Плошча возера 71 га. Найбольшая глыбіня 22,9 м. Даўжыня 1,29 км, максімальная шырыня 0,96 км. Даўжыня берагавой лініі складае 4,83 км. Аб'ём вады 4,72 млн. м3. Плошча вадазбору 3,79 км2. Схілы катлавіны вышынёй да 12 м (на поўнач і ўсход 3–5 м) параслі хмызняком. Ёсць некалькі невялікіх заліваў і мысаў, тры выспы агульнай плошчай 0,012 км2. Берагі нізкія, на захад і паўночны ўсход зліваюцца са схіламі. Вада возера адрозніваецца павышанай празрыстасцю. Дно на глыбіні 2–5 м пясчанае, ніжэй выслана глеем. Шырыня расліннай паласы вагаецца ад 3 да 30 метраў і складаецца ў асноўным з трыснягу, чароту, аеру і мячэўніку вузкалістага. Гарлачык белы і гарлачык жоўты сустракаюцца толькі ў залівах. У возеры выяўлены гідрыла кальчаковая і наяда марская – рэдкія віды раслін. Па берагах возера можна сустрэць бабра, выдру, у возеры добра ловяцца шчупак, акунь, плотка і інш.
Возера стала заказнікам у 1979 годзе. Тут захоўваюцца рэдкія і знікаючыя віды раслін, чыстая вада і непашкоджаныя чалавекам навакольныя ландшафты прыроды.
ЛІТАРАТУРА
1. Федотов, В. Озерный заказник «Сосна» : [Шумилинский район] / В. Федотов // Родная прырода. – 2005. – № 3. – С. 17.
2. Шумілінскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І.П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1986. – Т. 5 : Стаўраструм–Яшчур. – С. 390–391.