Філармонія абласная Віцебская. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 04.04.2023 12:23
- Адноўлена 04.04.2023 11:29
Сучасная назва | Віцебская абласная філармонія |
Тып | дзяржаўная канцэртная ўстанова |
Дата заснавання | 1989 |
Месца знаходжання | г. Віцебск |
Сайт | https://vitebsk-fil.bу |
Дзяржаўная канцэртная ўстанова «Віцебская абласная філармонія» створана ў 1989 годзе на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Беларускай філармоніі ў Віцебскай вобласці (існавала ў Віцебску з 1975 года). Галоўнай задачай установы стала прапаганда класічнай музыкі, папулярызацыя нацыянальнай культуры і сусветных выканальніцкіх школ.
Будынак Віцебскай абласной філармоніі размешчаны ў гістарычным цэнтры горада на плошчы Леніна. Пабудаваны на аснове тыпавога праекта клуба (арх. А. Ефрамёнак) для Палаца культуры ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва ў 1957 годзе на месцы гарадскога тэатра, разбуранага ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Галоўны фасад быў вылучаны 6-калонным порцікам карынфскага ордэра з франтонам. Па галоўнай восі размешчаны вестыбюль, фае і глядзельная зала на 450 месцаў. У тарцовых частках знаходзіліся памяшканні для клубнай работы.
Пасля маштабнай рэканструкцыі будынка філармоніі, якая завяршылася ў 2005 годзе, стары стыль будынка – «сталінскі ампір», быў захаваны. Зараз Віцебская абласная філармонія мае вялікую залу на 424 і малую залу на 100 пасадачных месцаў. Зала абсталявана ўнікальнымі інструментамі – канцэртным раялем фірмы «Steinway & Sons» і духавым арганам нямецкай фірмы «Glatter-Götz», усталяваным у чэрвені 2007 года.
На сцэне філармоніі выступаюць вядучыя калектывы і выканаўцы Беларусі, а таксама Расіі, Прыбалтыкі і краін Заходняй Еўропы. Зараз у складзе філармоніі дзейнічаюць творчыя калектывы: сімфанічны аркестр (мастацкі кіраўнік Уладзімір Бяляўскі); актэт балалаек «Віцебскія віртуозы» (мастацкі кіраўнік заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Шафранава); ансамбль танца, музыкі і песні «Талака» (мастацкі кіраўнік Аляксандр Верам'ёў). Салісты-вакалісты: Аксана Новікава, Алена Паўленкава, Сяргей Белавусаў, Леанід Кажарскі, Джуліета Тарахчан, Аляксандр Якімчук, Аляксандра Давыдава, Марына Гоман, Віктар Янчанка; салісты-інструменталісты: Таццяна Моўля (цымбалы), Вераніка Язвінская (арган); канцэртмайстар Таццяна Шахрай. Калектывы і салісты Віцебскай абласной філармоніі вядуць актыўную гастрольную дзейнасць. Штогод філармонія ладзіць каля тысячы канцэртаў не толькі на сваёй сцэне, але і па ўсёй вобласці і за яе межамі. Аўдыторыя – звыш 150 тысяч чалавек розных катэгорый: гарадскія і сельскія жыхары, дарослыя і дзеці ўсіх узростаў.
Новым напрамкам у рабоце філармоніі стала праектная дзейнасць. Філармонія праводзіць штогадовы конкурс бальнага танца «Парад надзей», удзельнічае ў правядзенні фестывалю «Беларуская музычная восень». У ліку іншых заснавальнікаў, пачынаючы з 1989 года, штогод праводзіць Міжнародны музычны фестываль імя І. І. Салярцінскага. Фестываль, які закліканы прапагандаваць сучаснае музычнае мастацтва і класіку, пашыраць культурныя кантакты Беларусі з іншымі краінамі, адкрываць новыя і адраджаць забытыя імёны.
Сярод міжнародных праектаў філармоніі – цыкл канцэртаў «Санкт-Пецярбургская філармонія імя Д. Д. Шастаковіча – Віцебску». А таксама арт-праекты: цыкл арганных канцэртаў, канцэртна-адукацыйны праект для таленавітай моладзі «Калядная музычная акадэмія», праект лекцый-канцэртаў «Мастацтва XX стагоддзя ў асобах», цыкл канцэртна-пазнавальных праграм для будучых мам «Саткаць душу з нот» (аўтар і вядучая Таццяна Савіцкая), цыкл праграм класічнай музыкі для дзяцей дашкольнага ўзросту і іх бацькоў «Казкі лялькі Лялі» (з'яўляецца сэнсавым працягам музычных сустрэч для будучых мам).
Дырэктарамі філармоніі былі: Ірына Васільеўна Бабенка (з 1983 па 1989 гг. – гастрольна-канцэртнага бюро, з 1989 па 1997 гг. – філармоніі), Уладзімір Пятровіч Правілаў (1998–2004), Алена Міхайлаўна Падаляк (2004–2022). З верасня 2022 года дырэктарам філармоніі з'яўляецца Таццяна Адамаўна Савіцкая.
Адрас: г. Віцебск, вуліца Леніна, 69.
ЛІТАРАТУРА
1. Бабарыка, У. А. Паслухаць класіку наўпрост з вуліцы / У. А. Бабарыка ; гутарыла Н. Бунцэвіч // Культура. – 2020. – 15 жн. – С. 4.
2. Белавусаў, С. Філармонія як школа / С. Белавусаў ; гутарыла І. Шагалеева // Культура. – 2016. – 6 жн. – С. 6.
3. Бунцэвіч, Н. Філармонія «руліць» / Н. Бунцэвіч // Культура. – 2022. – 16 ліп. – С. 9.
4. Васілеўская, Я. Як у родным доме / Я. Васілеўская // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 14 верас. – С. 21.
5. Віцебская абласная філармонія // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Варанецкі–Гальфстрым. – С. 216.
6. Віцебская абласная філармонія // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 470.
7. Голесник, С. Бах... и ты «академик» / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2014. – 6 февр. – С. VII.
8. Ивченко, Л. Оксана Новикова: «Давайте петь вместе!» / Л. Ивченко // Віцебскі рабочы. – 2012. – 6 снеж. – С. 22.
9. Крупица, Н. «Всего дороже мне то обещание любви...» / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2022. – 25 окт. – С. 6.
10. Крупица, Н. Голос, в который влюбились ... / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 21 нояб. – С. 5.
11. Крупица, Н. Музыкальное рандеву в Витебске / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2022. – 6 дек. – С. 5.
12. Крупица, Н. Октябрь начинается с музыки / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 1 окт. – С. VІІI.
13. Крупица, Н. Поставить «голос» королю / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 20 нояб. – С. 12.
14. Мацаберидзе, Н. Витебская областная филармония / Н. Мацаберидзе // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск :БелЭнімя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 175–176.
15. Мацаберидзе, Н. Войти в мир музыки / Н. Мацаберидзе // Віцьбічы = Витьбичи. – 2009. – 22 янв. – С. ХІІІ.
16. Мацаберыдзе, Н. Віцебская абласная філармонія / Н. Мацаберыдзе // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 322.
17. Назначение // Віцьбічы = Витьбичи. – 2022. – 22 сент. – С. 3.
18. Храм музыки / подгот. В. Мурашкина [и др.] // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 24 нояб. – С.VIII.
19. Пастернак, Т. Бах, Бетховен и французская классика / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2019. – 19 сент. – С. 23.
20. Пастернак, Т. Музыкальные сюрпризы / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2022. – 4 окт. – С. 15.
21. Пастернак, Т. Мышиный король запел / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2016. – 15 дек. – С. 23.
22. Пастернак, Т. Наполним музыкой сердца / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2020. – 1 окт. – С. 20.
23. Пукшанскі, А. Эксперымент: юныя «Моцарты» / А. Пукшанскі // Звязда. – 2017. – 17 кастр. – С. 15
24. Рагін, Я. Калі і мінор, дык светлы / Я. Рагін // Культура. – 2015. – 7 лют. – С. 12.
25. Савицкая, Т. Татьяна Савицкая: «Каждая беременная женщина должна соткать душу своего ребенка из музыкальных нитей своего голоса» / Т. Савицкая ; беседовала Е. Федорова // Твой город (Витебск). – 2016. – 18 февр. – С. 19.
26. Фондаренко, Н. Вокал и танец, и орган / Н. Фондаренко // Віцебскі рабочы. – 2008. – 11 кастр. – С. 7.