Суражская нізіна. Віцебскі раён
- Подробности
- Створана 31.03.2017 07:26
- Адноўлена 30.12.2020 09:23
Суражская нізіна, на паўночным усходзе Беларусі, на крайнім усходзе Гарадоцкага і паўночным усходзе Віцебскага раёнаў; фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Беларускага Паазер'я). Мяжуе з Гарадоцкім узвышшам на захадзе, Віцебскім – на поўдні, заходзіць на тэрыторыю Смаленскай вобласці.
Абсалютныя вышыні 150–160 м. Плошча каля 900 км2. Працягласць яе з поўначы на поўдзень 60 км, з захаду на ўсход – 25 км.
Суражская нізіна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У асадкавай тоўшчы вылучаны магутныя адклады верхняга дакембрыю (пяскі, пясчанікі, алеўрыты, гліны), дэвону (вапнякі, даламіты, мергелі, гліны) і антрапагену (сярэдняя магутнасць каля 60 м). Фарміраванне паверхні Суражскай нізіны звязана з акумуляцыйнай і абразійнай дзейнасцю Суражскага прыледавіковага вадаёма, які існаваў у браслаўскі стадыял паазерскага зледзянення. Пазней вадаём быў спушчаны Заходняй Дзвіной каля Віцебска. Нізіна запоўнена азёрна-ледавіковымі глінамі і алеўрытамі, на ўскраінах пашыраны флювіягляцыяльныя адклады (жвір, пяскі, часам супескі). У асобных месцах выступаюць марэнныя суглінкі.
Паверхня нізіны пласкахвалістая, ускладнена эолавымі ўзгоркамі, лагчынамі, азёрнымі катлавінамі. Ваганні адносных вышынь 2–3 м, у месцах развіцця дзюннага рэльефу – да 10 м. Парабалічныя дзюны прымеркаваны да рачных тэрас.
Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, даламіт, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
Суражскую нізіну дрэніруюць Заходняя Дзвіна з прытокамі Каспля, Усвяча (з Аўсянкай). Рэкі цякуць у добра распрацаваных далінах, у наяўнасці 2–3 эразійна-акумуляцыйныя тэрасы.
Найбольшыя азёры Вымна, Цёста, Сясіта.
У паўднёвай і сярэдняй частцы нізіны глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэднеападзоленыя супясчаныя і сугліністыя на азёрна-ледавіковых і марэнных суглінках, добра асвоеныя; на поўначы і паўночным захадзе – малаўрадлівыя дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя на пясках, заняты галоўным чынам лесам. Ускладненасць сцёку, высокі ўзровень грунтавых водаў, цяжкі механічны склад глебагрунтоў абумовілі шырокае развіццё працэсаў забалочвання. На плоскай паверхні нізіны нават у невялікіх паглыбленнях утвараюцца дзярнова-глеістыя і тарфяна-балотныя глебы.
Суражская нізіна размешчана ў межах Заходне-Дзвінскай геабатанічнай акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Пад лесам каля 30% тэрыторыі. Карэннымі з'яўляюцца хвойныя (хваёвыя і яловыя зеленамошна-чарнічныя і кіслічныя) лясы, але ў выніку высечак на іх месцы часта ўтвараюцца драбналістыя (бародаўчатабярозавыя, асінавыя і шэраальховыя), якія вылучаны ў міжрэччы Усвячы і Тураўкі. На правабярэжжы Заходняй Дзвіны каля мяжы са Смаленскай вобласцю пераважаюць бярэзнікі і асіннікі кіслічныя і сніткавыя, сярод якіх невялікімі ўчасткамі трапляюцца ельнікі кіслічныя; характэрна чаргаванне хвойнікаў імшыстых, сфагнавых і даўгамошна-чарнічных. На левабярэжжы Заходняй Дзвіны ўздоўж ракі на прыбярэжных пясчаных узгорках хвойнікі верасова-імшыстыя, уздоўж мяжы са Смаленскай вобласцю асінавыя і бярозавыя лясы з дробнымі ўчасткамі ельнікаў, з дамешкам ясеню, клёну, ліпы, у падлеску ляшчына, брызгліна бародаўчатая. Пашыраны балоты вярховага тыпу. Лугі сухадольныя злакавыя збедненыя, нізінныя разнатраўныя і дробнаасаковыя. Пад ворывам 18–20 % тэрыторыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Суражская низина // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Бровкі, 2009. – Т. 1 : Земля и недра. – C. 405.
2. Суражская нізіна // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСавЭн імя П. Броўкі, 1986. – Т. 5. – С. 39.