Гарадоцкае ўзвышша. Гарадоцкі раён
- Подробности
- Створана 31.03.2017 07:26
- Адноўлена 28.02.2018 08:50
Гарадоцкае ўзвышша знаходзіцца на паўночным усходзе Беларусі, уваходзіць у склад Беларускага Паазер'я. Займае частку Віцебскага, Лёзненскага і Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласці. На ўсходзе мяжуе з Суражскай нізінай, на поўдні – па даліне Заходняй Дзвіны з Віцебскім узвышшам, на захадзе – з Полацкай нізінай, на поўначы адгор і ўзвышша пераходзяць у межы Расіі і зліваюцца з Невельскім узвышшам (раней даследчыкі лічылі іх адным узвышшам і называлі Невельска-Гарадоцкім). 3 поўначы на поўдзень узвышша працягнулася на 60–70 км, з захаду на ўсход – на 40–45 км, плошча 3,3 тыс. км2. Найвышэйшы пункт – 259 м над узроўнем мора. Узвышша прыўзнята над суседнімі нізінамі на 100 м. У фарміраванні рэльефу ўдзельнічалі ледавікі ўсіх зледзяненняў, канчаткова аформлена ў час адступання паазерскага ледавіка (браслаўская стадыя). Паверхня – сістэма канцова-марэнных град даўжынёй 8–10 км і шырынёй 2–3 км, падзеленых глыбокімі (да 40 м) рачнымі далінамі, западзінамі і лагчынамі. Трапляюцца адзінкава і ў групах камавыя ўзгоркі вышынёй да 20 м са стромкімі (да 30°) схіламі. Карысныя выкапні: керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Рачная сетка належыць да басейна Заходняй Дзвіны: рэкі Усыса, Чарняўка, Чарнуйка (прытокі Обалі), Лужаснянка, Аўсянка; на ўсходнім схіле ўзвышша пачынаецца р. Ловаць (басейн Нявы). Найбольшыя азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава. Разарана 25 %, пад лесам 30 % тэрыторыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Гарадоцкае ўзвышша // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал. Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 54–55.
2. Городокская возвышенность // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 148.
3. Городокская краевая ледниковая возвышенность // Рельеф Белоруссии / А. В. Матвеев, Б. Н. Гурский, Р. И. Левицкая. – Минск : Университетское, 1988. – С.68–70.
4. Морозов, Е. В. Городокская возвышенность / Е. В. Морозов // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : Земля и недра. – С. 130.