Аршанскае ўзвышша. Аршанскі раён
- Подробности
- Створана 31.03.2017 07:26
- Адноўлена 18.05.2017 06:01
Аршанскае ўзвышша размешчана на паўднёвым усходзе Віцебскай і паўночным усходзе (нязначная частка) Мінскай абласцей. Займае паўднёвую частку Сенненскага, паўночна-заходнюю частку Аршанскага раёна, Талачынскі раён, паўночны ўсход Крупскага раёна; фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Беларускай грады). Мяжуе з Чашніцкай раўнінай на поўначы, Лучоскай нізінай на паўночным усходзе і ўсходзе, Аршанска-Магілёўскай раўнінай на паўднёвым усходзе і поўдні, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на поўдні, Мінскім узвышшам на захадзе, Верхнебярэзінскай нізінай на паўночным захадзе. Вышыня да 255 м (на поўначы), над прылеглымі нізінамі Аршанскае ўзвышша прыўзнята на 100 м. Плошча каля 2,7 тыс. км2, працягласць з захаду на ўсход 120 км, з поўначы на поўдзень 10–40 км.
У тэктанічных адносінах Аршанскае ўзвышша прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Крышт. фундамент перакрыты асадкавымі тоўшчамі сярэднерыфейска-вендскага ўзросту, агульнай магутнасцю больш за 1 км, дзе пераважаюць пясчанікі, шэраколерныя алеўрыта-гліністыя пароды, сярэдне-дэвонскімі пясчанікамі і глінамі, верхнедэвонскімі даламітызаванымі вапнякамі і глінамі. Адклады антрапагенавай сістэмы складзены з утварэнняў (магутнасць 80–180 м) беларускага, бярэзінскага. дняпроўскага, сожскага і на поўначы паазерскага зледзяненняў, налібоцкага, александрыйскага, шклоўскага, муравінскага міжледавікоўяў і адкладаў галацэну.
Паверхня Аршанскага ўзвышша плоскахвалістая, значна перасечана на поўначы (сфарміравалася канчаткова ў паазерскае зледзяненне), дзе добра выражаны канцавыя грады і ўзгоркі, якія ўтвараюць слабапукатую дугу. Астатняя частка Аршанскага ўзвышша спадзістахвалістая або згладжаная градава-ўзгорыстая. Згладжанасць рэльефу абумоўлена лёсападобнымі адкладамі магутнасцю 2–7 м. На водападзелах нярэдкія суфазійныя западзіны, утвораныя ў выніку прасадкі лёсаў. На прыдалінных участках развіты глыбокія разгалінаваныя яры, на схілах якіх агаленні з лёсавых парод і марэнных адкладаў. Шмат дэнудацыйных лагчын і скразных далін. Асабліва выразная Усвіж-Буцкая скразная даліна, што злучае вярхоўі Друці і Усвейкі (прыток Улы). Яна ўтварылася ў выніку былога сцёку ў бок Дняпра расталых ледавіковых водаў, які потым спыніўся; пачалося забалочванне, што прывяло да ўтварэння тарфянога балота Усвіж-Бук. Карысныя выкапні: даламітызаваныя вапнякі, гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
Рачная сетка належыць да басейна Заходняй Дзвіны і Дняпра. Аршанскае ўзвышша дрэніруюць рэкі Усвейка з прытокам Чарвінка, Абалянка з Немайцянкай (бас. Зах. Дзвіны), Адроў з Дзярноўкай і Сакалянкай, Аршыца з Пачаліцай; на поўдні пачынаецца Друць, на захадзе Бобр (бас. Дняпра).
Глебы дзярнова-падзолістыя пераважна палевыя, часта ў спалучэнні з цемнаколернымі і перагнойна-ілавата-глеевымі па суфазійных западзінах.
Пад лесам да 21 % Аршанскага ўзвышша. Лясы асталіся месцамі на ўзгорыстых участках і ў забалочаных паніжэннях. Пераважаюць ельнікі, субары, драбналістыя лясы, шыракалістых лясоў мала. Лугі сухадольныя са злакавых, разнатраўных, бабовых асацыяцый. Пад ворывам больш за 45 % тэрыторыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Аршанскае ўзвышша // Беларусь : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1995. – С. 47.
2. Камароўскі, М. Я. Аршанскае ўзвышша / М. Я. Камароўскі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 1 : А–Аршын. – С. 536–537.
3. Оршанская возвышенность // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред) [и др.]. – Минск : БелЭН, 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 611.
4. Оршанская возвышенность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 414.
5. Бакарасов, В. А. Оршанская возвышенность / В. А. Бакарасов // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : Земля и недра. – С. 287–288.