Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 21.02.2019 09:23
- Адноўлена 21.02.2019 13:38
Паверхня паўночнай часткі раёна (прыкладна па лініі вёсак Ярэва, Сіўцы, Барэйкі) плоская, забалочаная ў межах Дзісенскай нізіны, паўднёвай – узгорыста-градавая, напаўзакрытая, з густой сеткай невялікіх рэк, ручайкоў, азёр у межах Свянцянскіх град, якія з'яўляюцца водападзелам паміж рэкамі басейнаў Дзвіны і Немана. 55 % тэрыторыі знаходзіцца на вышыні да 150 м., 23 % – 150–170 м, 21 % –170–200 м.
Самы высокі пункт раёна – гара Маяк (240,4 м.), што на адлегласці 0,2 км. на ўсход ад в. Рынкяны Лынтупскага пасялковага Савета. Самая нізкая адзнака – 120 м. над узроўнем мора ў зліцці рэк Дзісна, Паловіца і Галбіца.
У тэктанічных адносінах раён адносіцца да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту: паазерскага, сожскага, дняпроўскага і бярэзінскага зледзяненняў ад 70 да 150 м. (у ледавіковых лагчынах), ніжэй – дэвонскія – да 70 м, ардовіцкія – да 120 – 140 м., верхнепратэразойскія (вендскія) – да 200 – 250 м. адкладанняў. Пароды крышталічнага фундамента на глыбіні 350 – 500 м. ніжэй узроўню мора. У рэльефе сучаснай паверхні выдзяляецца некалькі ўчасткаў узгорыста-градавай марэннай раўніны (вёскі Bаўкі, Лучай, Палессе). Па лініі вёсак Вярэнькі, Kaмaі, Саранчаны, г. п. Лынтупы выдзяляецца буйна і сярэднеўзгорыста-градавае марэннае ўзвышша з класічнымі камамі, озамі і азёрнымі катлавінамі. Наяўнасць трох кампанентаў Свянцянскіх град – Лынтупска-Камайскага, Мядзельска-Падсвільскага і Варапаеўскага – складае дугаканцова-марэнных і озава-камавых утварэнняў. У межах Свянцянскіх град, асабліва паблізу Паставаў і далей на ўсход, маецца шмат ледавіковых лагчын з чарадой азёр. Шырыня такіх месцаў з дастаткова буйнымі бартамі не перавышае1 км., даўжыня – да 20 – 30 км., глыбіня 10 – 15 м. На склонах Свянцянскіх град маюцца канавы даўжынёй да 0,2 – 0,3 км., а на асобных участках рачных далін адзначаны апоўзні, як, напрыклад, у даліне paкі Камайка.
Вядомы 62 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 16,2 млн. т. (самыя буйныя – Пурвіны, Халасенскае, Светлы Мох), 4 радовішчы пясчана-жвіровых сумесей з запасамі 4,8 млн. м3 (Данеўскае, Слабадское, Сіманскае, Жданаўскае), 12 адкладанняў глін і суглінкаў – каля 22 млн. м3 (Курапольскае, Альцоўскае, Кролікаўскае, Тарасаўскае, Рудакоўскае, Рэдуцкае, Цаліноўскае, Пастаўскае). 3 адкладанні пяску з запасамі 580 тыс. м3 (буйнейшае Лынтупскае), 12 адкладанняў азёрных сапрапелей з запасамі 50 млн. м3 (буйнейшыя Малыя і Вялікія Швакшты, Лучайскае, Лісіцкае, Задзеўскае).
У раёне ёсць радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу, глін і суглінкаў. Сярод іншых карысных выкапняў – пяскі, торф, сапрапелі.
Ёсць у Пастаўскім раёне і радовішчы падземных мінеральных вод. Сустракаюцца хларыдна-натрыевыя і хларыдна-сульфатна-натрыевыя воды.
ЛІТАРАТУРА
1. Бакарасов, В. А. Свенцянские гряды / В. А. Бакарасов // Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : Земля и недра. – С. 372–373.
2. Геалагічная будова // Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна : геаграфічнае даследаванне / І. Пракаповіч. – Мінск, 2007. – С. 10–35.
3. Геалагічная будова, рэльеф, карысныя выкапні, клімат // Чароўны край – Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2–е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 14–21.
4. Геалогія // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 10–20.
5. Карысныя выкапні // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 21–41.
6. Качкоў, Ю. П. Пастаўска-Глыбоцкі аграглебавы падраён / Ю. П. Качкоў // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – Т. 4 : Недалька–Стаўраліт. – С. 130.
7. Могильницкий, В. Я. Природа Поставского края / В. Я. Могильницкий. – Молодечно : Победа, 2000. – 84 с.
8. Пастаўскі раён // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 143–144.
9. Пастаўскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – Т. 4 : Недалька–Стаўраліт. – С. 131–132.
10. Поставский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 362–363.
11. Прырода раёна // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 22–23.
12. Рэльеф // Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна : геаграфічнае даследаванне / І. Пракаповіч. – Мінск, 2007. – С. 36–50.
13. Рэльеф і прыродныя раёны // Геаграфія Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Л. В. Казлоўская [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1992. – С. 42–78.