Паставы, г., Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 19.04.2017 12:23
- Адноўлена 06.04.2021 11:04
Назва | Паставы |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | горад |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Пастаўскі |
Першае ўзгадванне | паселішча Пасаднік канец Х ст. |
Дата заснавання | 1409 |
Тапанімічнае паходжанне назвы |
Значэнне асновы "стаў" даволі шырокае - "слуп" "шост".Прыстаўка "па -" пашырае сэнсавае значэнне і азначае млыновую прыладу - "два мукамольных паставы".Даволі блізка латышскае слова "stavs" - паверх. Зрэдку слова "пастаў" сустракаецца як абазначэнне пастаяльцаў.Для канчатковага рашэння трэба гістарычныя дакументы, якія ў Паставах адсутнічаюць |
Горад Паставы размешчаны на рацэ Мядзелка, за 250 км на захад ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск – Вільнюс. Аўтамабільнымі дарогамі Паставы злучаны з Браславам, Глыбокім, Шаркаўшчынай, Мядзелем, а таксама з курортным пасёлкам Нарач. На 2016 г. у горадзе пражывала 20039 жыхароў, а на 1 студзеня 2017 г. – 19882 чалавекі.
Свой пачатак горад бярэ з паселішча Пасаднік. Пазней адбылася замена назвы на сучасную і перавод паселішча ў разрад невялікіх гарадоў. У 1409 г. па волі вялікага князя літоўскага Вітаўта паселішча Пасаднік было пераведзена ў разрад мястэчак і атрымала назву Паставы. Паходжанне назвы Паставы звычайна тлумачыцца як горад, размешчаны «па ставу» вады («стаў» – запруда, спыненая вада), бо ў XIII стагоддзі жыхары Пасадніка пабудавалі на рацэ плаціну і вадзяны млын, што і ўтварыла стаў вады. Ёсць яшчэ версія паходжання назвы ад слова «пастаў» – прыстасаванне для размолу зерня, бо паселішча Пасаднік славілася сваім млынам, сюды прыязджалі людзі з наваколля, каб змалоць зерне.
Вядомы Паставы з 1552 г. як прыватнае мястэчка Дэшпатаў-Зяновічаў. У той час уваходзіла ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства ВКЛ. У 1552 г. у мястэчку быў пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай. Паводле інвентару 1628 г., цэнтрам Пастаў была гандлёвая плошча. На ёй стаяў касцёл. Тут таксама была карчма, 6 двароў рамеснікаў і гандляроў. За межамі мястэчка размяшчаўся сядзібны комплекс. На востраве, утвораным ракой Мядзелка і каналам, у 1640 г. пабудаваны касцёл і кляштар францысканцаў.
У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1967 гг. мястэчка было разбурана, засталося толькі 5 двароў. 3 2-й паловы XVIII ст. Паставамі валодаў надворны падскарбій ВКЛ А. Тызенгаўз. Па яго ініцыятыве былі заснаваны фабрыкі, ткацкія майстэрні, а таксама пабудаваны млын, гарбарня. А. Тызенгаўз правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка паводле рэгулярнага плана. Цэнтрам стала гандлёвая плошча. У яе планіроўцы ўдзельнічаў італьянскі архітэктар Дж. Сака. На паўднёвай ускраіне Пастаў, на левым беразе Мядзелкі, пастаўлены палац. На ўсход ад яго разбілі пейзажны парк. На рынку быў створаны ансамбль з мураваных дамоў рамеснікаў, урача, аўстэрыі, гандлёвых радоў. У радыяльных напрамках ад плошчы адыходзілі 4 вуліцы. Кварталы перыферыі былі забудаваныя драўлянымі дамамі, на захадзе і поўдні знаходзіліся гумны. 3 1775 г. у мястэчку праходзілі сесіі гарадскога павятовага суда. У 1780-я гг. тут адчынілася свецкая школа. У 1782–1985 гг. дзейнічала тэатральная школа Тызенгаўза, якую перавялі з Гродна. У 1791 г. Паставы сталі горадам і цэнтрам Завілейскага павета Віленскага ваяводства.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай з 1793 г. да 1796 г. яны заставаліся яшчэ горадам і цэнтрам павета, але хутка былі вызначаны як мястэчка, сталі цэнтрам воласці Лжэнскага павета Мінскай губерні. У 1842 г. – цэнтр павета ў Віленскай губерні. 22 студзеня 1796 г. Паставы атрымалі ўласны герб: выява рыбацкай лодкі ў блакітным полі, уверсе 3 залатыя рыбы, галовамі на дол. У 1814–1953 гг. Паставы ва ўладанні К. Тызенгаўза. У 1-й палавіне XIX ст. тут працавалі папяровая фабрыка, заснаваная яшчэ ў 1728 г., сукнавальня, 2 млыны. Былі створаны арніталагічны музей і карцінная галерэя, у якой у 1840 г. налічвалася больш за 60 твораў жывапісу. Штогод у мястэчку праводзілася 7 кірмашоў. У 1880–1987 гг. пастаўлены мураваны касцёл, у 1894 г. на гандлёвай плошчы пабудавана мураваная царква.
Пасля пабудовы ў 1897 г. чыгуначнай лініі Крулеўшчына – Пабрадзе (Літва) Паставы сталі станцыяй. У XIX ст. мураваныя дамы ўзводзілі пераважна ў цэнтры. Паводле перапісу 1897 г., у Паставах было 2397 жыхароў.
3 лютага да 16 снежня 1917 г. Паставы акупіравалі германскія, потым польскія войскі. У ліпені 1920 г. увайшлі часці Чырвонай Арміі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Паставы ўключаны ў склад Польшчы як павятовы горад Віленскага ваяводства.
У 1939 г., як і ўся Заходняя Беларусь, Паставы ў складзе БССР. У 1939 г. у горадзе 3,4 тыс. жыхароў. 15 студзеня 1940 г. горад стаў цэнтрам Пастаўскага раёна Вілейскай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну 6 ліпеня 1941 г. Паставы акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За перыяд акупацыі яны знішчылі ў горадзе і раёне 3688 чалавек. 5 ліпеня 1944 г. Паставы вызвалілі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту.
3 20 верасня 1944 г. горад уваходзіў у Маладзечанскую, 20 студзеня 1960 г. уключаны ў склад Віцебскай вобласці. У 1959 г. насельніцтва горада складала 10,6 тыс. чалавек, у 1970 г. – 15,1 тыс. жыхароў. Рака падзяляе горад на 2 раёны: заходні і ўсходні. Першы пасляваенны генеральны план Пастаў быў складзены ў 1962 г. Забудоўваюцца Паставы паводле генеральнага плана 1976 г. і праекта дэталёвай планіроўкі Усходняга жылога раёна, распрацаванага ў 1978 г. Адміністрацыйны, грамадскі і культурны цэнтр гістарычна склаўся ў заходнім раёне. 2–3-павярховыя жылыя дамы будуюць у паўночна-заходняй частцы. Прамысловая зона размешчана ва ўсходнім раёне. Паводле карэкціроўкі генеральнага плана 1994 г. у сучасным горадзе перавага аддаецца малапавярховай забудове.
3 прамысловых прадпрыемстваў у горадзе працуюць мясакамбінат, малаказавод, ільнозавод і інш. Тут вырабляюць таксама мэблю.
У Паставах ёсць прафесійна-тэхнічны каледж, 5 сярэдніх, мастацкая школы, школа-інтэрнат. Працуюць краязнаўчы музей, раённы і гарадскі Дамы культуры.
3 1992 г. у горадзе праводзіцца міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».
У горадзе ёсць брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму.
Ахоўваецца як помнік архітэктуры забудова гістарычнага цэнтра 2-й пал. XVIII ст. Сярод іншых помнікаў архітэктуры: вадзяны млын 2-й пал. XIX ст., касцёл Святога Антонія 1880–1887 гг., Свята-Мікалаеўская царква 1894 г., палацава-паркавы комплекс канца XVIII – пачатку XIX ст.
Выдаецца раённая газета «Пастаўскі край».
ЛІТАРАТУРА
1. Горад Паставы – сталіца Пастаўскага краю // Чароўны край – Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставазнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 260–270.
2. Паставы = Postavy : фотаальбом / склад. С. І. Міхайлава ; аўт. тэксту І. М. Пракаповіч ; фота: Ю. Г. Осіпава [і інш.] ; пер. на анг. мову Д. У. Людчыка. – Мінск : Беларусь, 2008. – [116] с.
3. Паставы // Нашы гарады / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. – Мінск : Народная асвета, 1991. – С. 165–167.
4. Паставы // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 619–621.
5. Паставы // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 144–146.
6. Поставы // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 67–77. – (Беларусь историческая).
7. Поставы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 367–368.
8. Поставы // Географические названия в калейдоскопе времен / А. Ф. Рогалев. – Гомель : Барк, 2008. – С. 173–175.
9. Пракаповіч, І. Ваколіцы Пастаў: помнікі прыроды, гісторыі і культуры з маршрутамі краязнаўчых вандровак / І. Пракаповіч. – Паставы : Сумежжа, 2004. – 60 с. : іл.
10. Пракаповіч, І. Назвы вуліц горада Паставы / І. Пракаповіч, В. Літвіновіч. – Паставы, 2012. – 44 с.
11. Пракаповіч, І. Паставы: гістарычная хроніка горада / І. Пракаповіч. – Мінск : Кнігазбор, 2007. – 80 с.