Верхнядзвінск, г., Верхнядзвінскі раён
- Подробности
- Створана 07.09.2017 12:23
- Адноўлена 14.09.2020 14:23
Назва |
Верхнядзвінск (да 1962 г. – Дрыса) |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | горад |
Вобласць | Віцебская |
Раён | Верхнядзвінскі |
Першае ўзгадванне | 1386 |
Тапанімічная назва паходжання | у аснове ляжыць назва ракі Заходняя Дзвіна |
Горад Верхнядзвінск знаходзіцца ў сутоку рэк Дрыса і Заходняя Дзвіна. Размешчаны за 175 км на паўночны захад ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Полацк – Даўгаўпілс (Латвія), на аўтамабільнай дарозе Полацк – Даўгаўпілс. У 2017 г. у ім налічвалася 7320 жыхароў. Да 25 снежня 1962 г. горад называўся Дрыса.
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М. Стрыйкоўскага пад 1386 г., калі ў час міжусобнай вайны Дрысенскі замак захапіў і падпаліў князь Андрэй Полацкі. Летапісная назва горада – «Дрысь», «Дрыса», «Дрыза». Паводле археалагічных даследаванняў, Дрыса існавала значна раней. У 1503 г. яна ўпамінаецца ў пагадненні паміж вялікім князем ВкЛ Аляксандрам і вялікім князем маскоўскім Іванам III як воласць, падпарадкаваная Полацку. У 1-й палавіне ХIV ст. Дрыса – гандлёвы цэнтр на Заходняй Дзвіне, была каралеўскім уладаннем. Насельніцтва займалася пераважна купляй-продажам лесу. У 1547 г. тут пабудавана мытня. У час Лівонскай вайны 1558–1583 гг. Жыгімонт II Аўгуст у 1563 г. аднавіў Дрысенскі замак, але ў тым жа годзе горад захапілі войскі Івана IV Грознага. У 1583 г. Стэфан Баторый вызваліў Дрысу. У разбураным горадзе ў 1586 г. налічвалася толькі 5 дамоў.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Дрыса ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 1776 г. яна стала цэнтрам Дрысенскага павета. У 1778 г. зацверджаны рэгулярны план горада. 3 1781 г. мела свой герб: на залатым полі Пагоня з чырвоным шчытом, на якім срэбны падвойны крыж. У 1797 г. у горадзе было 1310 жыхароў. У вайну 1812 г. пад Дрысай знаходзіліся ўмацаваныя пазіцыі рускай арміі пад камандаваннем М. Б. Барклая дэ Толі.
3 сярэдзіны ХІХ ст. горад забудоўваўся паводле генеральнага плана 1838 г. У 1855 г. у горадзе налічвалася: 183 дамы, 1036 жыхароў, мураваная царква і касцёл, сінагога, 2 яўрэйскія школы, 45 лавак, дзейнічала паромная пераправа цераз р. Дрысу. У 1866 г. недалёка ад Дрысы прайшла чыгунка Полацк – Дзвінск. Чыгуначная станцыя Дрыса стала адным з галоўных пунктаў вывазу за мяжу лёну. Паводле перапісу 1897 г., у горадзе было 4238 жыхароў. У 1905 г. яго насельніцтва склала 5750 чалавек, стаяла 525 драўляных і 25 мураваных дамоў. Працавалі 14 дробных прадпрыемстваў, гарадское і прыходскае вучылішчы, ніжэйшая рамесная школа, былі бальніца, аптэка, 2 царквы, касцёл, 8 яўрэйскіх малітоўных дамоў.
У лютым – лістападзе 1918 г. Дрысу акупіравалі германскія, у верасні – кастрычніку 1920 г. – польскія войскі. У сакавіку 1923 г. Дрысенскі павет скасаваны, а 17 ліпеня наступнага года ўтвораны Дрысенскі раён, цэнтрам яго стала Дрыса, якой 3 ліпеня 1925 г. нададзены статус мястэчка. 3 27 верасня 1938 г. Дрыса – горад. У 1939 г. у ёй пражывала 2,7 тыс. жыхароў.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны 3 ліпеня 1941 г. горад акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі яны загубілі тут 769 чалавек, нанеслі гораду вялікія страты. 12 ліпеня 1944 г. Дрыса была вызвалена войскамі 2-га Прыбалтыйскага фронту.
У верасні 1944 г. Дрыса ўключана ў Полацкую, а ў студзені 1954 г. у Віцебскую вобласці. У снежні 1962 г. Дрыса перайменавана ў Верхнядзвінск. Паступова быў адноўлены жыллёвы фонд, пабудаваны новыя прадпрыемствы. У 1959 г. у горадзе налічвалася 3,6 тыс. жыхароў. У 1970 г. у Верхнядзвінску налічвалася 4,9 тыс. жыхароў.
У 1970 г. распрацаваны генеральны план забудовы горада, паводле якога будаўніцтва вялося ўздоўж рэк Заходняя Дзвіна і Дрыса ў гістарычнай частцы горада. У паўднёвай частцы забудаваны мікрараён з 5-павярховымі дамамі. Паводле генеральнага плана 1981 г. пры ўездзе ў горад з паўночнага ўсходу створаны новы мікрараён. Вядзецца і катэджавае будаўніцтва.
Прамысловая зона размешчана пераважна ў паўночнай частцы горада. Сярод прамысловых прадпрыемстваў працуюць ільнозавод – адзін з першых, пабудаваных у Беларусі ў 1929–1932 гг., масласыр- і хлебазавод і інш.
У Верхнядзвінску дзейнічаюць: гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом культуры, бібліятэка, Дом рамёстваў, кінатэатр.
У гарадскім скверы яшчэ ў 1912 г. пастаўлены абеліск загінуўшым у вайну 1812 г. У горадзе знаходзяцца брацкая магіла пагранічнікаў, якія загінулі пры вызваленні Заходняй Беларусі ў верасні 1939 г. Створаны мемарыял у гонар воінаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Захаваліся помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква пачатку ХІХ ст., касцёл Раства Дзевы Марыі сярэдзіны ХІХ ст., жылы дом пачатку ХХ ст.
3 даўніх часоў Верхнядзвінск вядомы як цэнтр традыцыйнага мастацкага ткацтва.
У Верхнядзвінску нарадзіўся беларускі і рускі мастак ХІХ – пачатку ХХ ст., акадэмік жывапісу І. Л. Аскназій.
У горадзе выдаецца раённая газета «Дзвінская праўда».
ЛІТАРАТУРА
1. Бегунова, Е. Верхнедвинск – звучит престижно / Е. Бегунова // Рэспублiка. – 2007. – 24 лют. – С. 5.
2. Бубала, А. Па гарадскіх вуліцах: пешая экскурсія / А. Бубала // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2016. – 15 крас. – С. 5 ; 19 крас. – С. 4 ; 22 крас. – С. 4 ; 17 мая. – С. 4 ; 24 мая. – С. 7.
3. Верхнедвинск // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия / редсов.: Т. В. Белова [и др.] ; науч. ред.: Ю. В. Боженов [и др.]. – 2-е изд. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2013. – С. 88–89.
4. Верхнедвинск // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 631–632.
5. Верхнедвинск // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – С. 125–127.
6. Верхнедвинск // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 124–125.
7. Верхнедвинск: мосты из прошлого в настоящее : фотоальбом / подбор материала: отдел идеологической работы, культуры и по делам молодежи Верхнедвинского райисполкома, А. Ф. Бубало, В. Л. Соловьёв. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2014. – 31 с. : ил.
8. Верхнядзвінск // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [в 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – С. 258–259.
9. Верхнядзвінск // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 63–64.
10. Верхнядзвінск // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны Рэспубліка Беларусь : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 117–119.
11. Верхнедвинск или Дриса // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 24–28. – (Беларусь историческая).
12. Дрисса // Верхнее Поднепровье и Белоруссия: полное географическое описание нашего Отечества / сост.: В. П. Семенов (Тян-Шанский) [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – С. 353–354.
13. Дрыса і яе ваколіцы // Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я: ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 50–54.
14. Жучкевич, В. А. Верхнедвинск / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. – Минск : Издательство БГУ, 1974. – С. 48.
15. З гісторыі нашага горада // Двінская праўда (Верхнядзвінск). – 2016. – 22 сак. – С. 2 ; 29 сак. – С. 6 ; 5 крас. – С. 6.
16. Осипов, М. Верхнедвинск: большой уютный дом / М. Осипов // Белорусская нива. – 2007. – 11 дек. – С. 2.
17. Регион-тур. Приглашает Верхнедвинск! // Віцебскі рабочы. – 2008. – 22 сак. – С. 8–9.