Геалагічная будова, карысныя выкапні, рэльеф. Верхнядзвінскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 11:36
- Адноўлена 23.10.2018 15:42
У тэктанічных адносінах тэрыторыя Верхнядзвінскага раёна цалкам адносіцца да Усходне-Еўрапейскай (Рускай) платформы і з’яўляецца часткай Латвійскай седлавіны. Мора пакінула гэты куток Беларусі каля 400 млн. год таму назад. Пад антрапагенавымі адкладамі на глыбіні больш за 50 метраў залягаюць 300-метровыя тоўшчы верхняга дэвону – стракатакаляровыя гліны, пясчана-алеўралітавыя і сульфатныя пароды, мергелі і даламіты. Даламітызаваныя вапнякі выходзяць на паверхню ў сярэднім цячэнні р. Сар’янкі, ля былой вёскі Камоты. Тут яны ўтвараюць парогі ў рэчышчы, а па берагах захаваліся рэшткі земляных печаў для выпальвання вапны.
Дэвонскія адклады пакрытыя ледавіковымі і водна-ледавіковымі пародамі. У канцавых марэн на Асвейшчыне і Латвійскім памежжы яны складзены з гліністых і суглінкавых грунтаў, на большай частцы тэрыторыі – з азёрных сярэдніх і цяжкіх суглінкаў.
Ледавік адышоў з Верхнядзвіншчыны 10 тысяч гадоў таму, пакінуўшы свае знакі ў рэльефе.
Большую частку раёна займае Полацкая нізіна, перасечаная далінамі шматлікіх рэк. Гэта – дно вялізнага прыледніковага возера, спушчанага Дзвіной у мора. Нізіна прарэзана далінамі рэк і ручаёў.
На захадзе і паўночным захадзе, на мяжы з Латвіяй узняліся ўскраіны Латгальскага ўзвышша, засеяныя валунамі. На Бігосаўшчыне нагрушчванне марэнных узгоркаў сканцэнтравана на захад ад старога Друйкага тракту. Адзін з адвершкаў заходзіць на паўночным захадзе ў выглядзе Савейкаўскага марэннага вала. Вышыня гэтага «хрыбта» каля вёскі Дубрава дасягае 191,5 метраў над узроўнем мора і паступова спадае ў напрамку да былой вёскі Залешчына.
Яшчэ адна рэштка ўзвышша адасоблена ў выглядзе Асвейскай марэннай грады, якая паўкольцам агінае аднайменнае возера з поўдня і ўсходу. Гэта – канцавая марэна, якая запрудзіла Асвейскае купелішча. Найвышэйшы пункт гэтай грады і Верхнядзвінскага раёна ўвогуле – гара Гарадзілаўская з абсалютнай адзнакай 191,8 метраў над узроўнем мора. Асвейская града крута спадае ў бок возера і паступова паніжаецца ў супрацьлеглых напрамках. Паўночна-ўсходні кут заняты пяскамі дзюннага тыпу, пакрытымі лясамі.
Марэнны ўзвышаны масіў уяўляе сабою і востраў на Асвейскім возеры. Узгоркі ж на поўнач ад яго, а таксама ў сярэдняй частцы басейна Свольны і большасцю на Лісняншчыне – гэта дзюнныя выспы, нанесеныя халоднымі вятрамі, што дзьмулі з-пад ледавіка.
Месцамі ледавік пакінуў сляды ў выглядзе камаў і озаў. Кам узнікае там, дзе на паверхні ледавіка было азярко, на дне якога накопліваліся прынесеныя талай вадой пяскі, жвір ды галька. Калі ледавік цалкам раставаў, то на месцы азярка ўтвараўся ўзгорак з накопленага на дне матэрыялу. Камы ёсць у наваколлях в. Прошкі, Расіца і ў іншых мясцінах канцавой марэны.
Оз выглядае доўгім і вузкім, месцамі звілістым насыпам. Яго паходжанне падобна на ўтварэнне кама, толькі наносны матэрыял тут накопліваўся на дне рэчкі або ручая, якія цяклі па паверхні ледавіка, а пасля яго таяння спраектаваліся на згладжаную ледавіком паверхню.
Большасць карысных выкапняў звязаныя з чацвярцічнымі пародамі. У марскіх адкладах познедэвонскага ўзросту змяшчаюцца даламітазаваныя вапнякі Сар’янскага радовішча. Яно размешчана за 4–7 кіламетраў ад Сар’і вышэй па цячэнні ракі. Разведаныя запасы пластападобнага пакладу складаюць 3,8 млн. тон. Колер даламітавых пліт ад шэрага да жаўтаватага, падфарбаваны жалезістымі чырванаватымі нацёкамі. Магутнасць карыснай тоўшчы дасягае 10 метраў, а слой пяску, які пакрывае, вагаецца ад 2 да 5 метраў. У рэчышчы Сар’янкі над вадой і пад вадой бачны шэраг слаёў даламіту і даламітазаваных вапнякоў у выглядзе плітняку. Акрамя вырабу вапны, гэта дэвонская горная парода прыдатна да вапнавання глебаў.
На правым беразе Сар’янкі размешчана Сар’янскае радовішча пяскоў. Яно знаходзіцца ля былой вёскі Пустэльнікі на першай надпоймавай тэрасе ракі. Гэта частка зандравай раўніны, нанесенай патокамі вод, якія размывалі марэну і адкладалі пяскі, жвір і гальку на некаторай адлегласці ад ледавіка. Такія падзеі адбываліся тут у канцы чацвярцічнага перыяду. Разведаныя запасы пяскоў у радовішчы складаюць 206 тыс. м3. Тутэйшыя пяскі светла-шэрыя, пераважна сярэднезярністыя з палявых шпатаў і кварцу, яны ўтрымліваюць да 15 % буйнога жвіру. Карысная тоўшча перавышае 5 метраў, а ўскрышша з простых пяскоў – менш за метр.
Пясчаныя і пясчана-гравійныя кар’еры розных маштабаў распрацоўваліся і эксплуатуюцца сёння і ў іншых месцах раёна (Ліпаўкі, Маскалёнкі, Перапечкі і інш.).
Багаты Верхнядзвінскі раён і глінамі. Самым буйным радовішчам з’яўляецца Быстрыцкае. У ім залягае 860 тыс. м3 карыснага выкапню. Гліны тут цёмна-карычневыя з блакітна-шэрымі праслоямі, легкаплаўкія, шчыльныя, тлустыя і пластычныя. Тоўшча глін перавышае 7,5 м і залягае на глыбіні 0,5 м.
487 тыс. м3 глін утрымлівае Галькаўшчынскае радовішча паблізу Асвеі. Яно таксама ўяўляе сабой стужачныя адклады часу адступання апошняга ледавіка. Гліны тут цёмна-бурыя, у ніжняй частцы шакаладныя, шчыльныя, легкаплаўкія, вязкія, слаістыя, з нязначнымі ўключэннямі галькі. Тоўшча карыснага матэрыялу дасягае 12 м.
У пасёлку Лазоўка змяшчаецца Марцінаўскае радовішча гліны. У лінзападобным пакладзе разведана 115 тыс. м3 матэрыялу. Гліны тут зверху шэрыя, шаравата-жоўтыя, пясчаныя, знізу – шакаладныя, стужачныя, пластычныя. Сярэдняя магутнасць тоўшчы – 8,3 м. Верхнядзвіншчына мае багатыя залежы торфу. Вядомы 33 радовішчы з агульнымі запасамі 38,3 млн. тон. Самае багатае з іх – Асвейскае. Першапачатковыя запасы торфу Асвейскага балота складалі 20,6 млн. тон. Тоўшча карыснага выкапню месцамі перавышае 6 метраў.
Верхнядзвіншчына мае самыя багатыя ў краіне запасы сапрапелю. Найбольшыя з іх высцілаюць 65 % плошчы дна Асвейскага возера. Тоўшча прыдатнага на ўгнаенне рэчыва дасягае 7,5 м. Тутэйшыя сапрапелі ўтрымліваюць значную колькасць кальцыю, калію і фосфару. Запасы донных адкладаў складаюць 86,7 млн м3.
Сапрапелі залягаюць на плошчы 800 га і пад слоем торфу Асвейскага балота, дзе іх накапілася 7,4 млн. м3. Балотнае багацце змяшчае карбанаты кальцыю і магнію, калій і фосфар. Амаль столькі ж, як у Асвейскім, накапілася сапрапеляў на дне возера Лісна (86,4 млн. м3).
Каштоўныя сапрапелі, якія высцілаюць тоўшчай да 7,6 м усю плошчу дна Стралкоўскага возера. Іх запасы складаюць тут 3,2 млн. м3.
Да перспектыўных багаццяў варта аднесці мінеральныя воды. У гэтай мясцовасці яны накапіліся ў дэвонскіх пясчаніках на глыбіні каля 300 метраў, а па хімічным складзе адносяцца да хларыдна-натрыевых, падобных да радовішчаў Друскінінкая, Старай Русы, Міргарада. Усё большую каштоўнасць набіраюць таксама і прэсныя воды.
Глебы Верхнядзвіншчыны пераважна дзярнова-падзолістыя – ад цяжкіх суглінкаў у цэнтры раёна да неўрадлівых пяскоў Лісняншчыны. Асобнымі масівамі размешчаны тарфянікі, пад сельгасугоддзямі іх нязначная частка. Якасць глебаў ацэньваецца ў 35 балаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Бубала, А. Ф. Пуцявінамі роднага краю: прырода і гісторыя Верхнядзвіншчыны / А. Бубала. – Наваполацк : А. У. Маладзечкін, 2017. – 248 с.
2. Верхнедвинский район // Туристические регионы Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника ; сост. Л. В. Ловчая. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – С. 125–126.
3. Верхнядзвінскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.]// Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т./ рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ, 1983. – Т. 1 : Ааліты–Гасцінец – С. 442–443.
4. Пилецкий, И. В. География Витебской области : учебное пособие для студентов вузов / И. В. Пилецкий. – Витебск : ВГУ ім. П. М. Машерова, 2001. – 162 с.
5. Физическая география Витебской области : учебное пособие для вузов / М. Ю. Бобрик [и др.]. – Витебск : ВГУ, 2004. – 222 с.