Рэкі. Гарадоцкі раён
- Подробности
- Створана 28.02.2018 08:39
- Адноўлена 13.03.2018 09:53
Дастатковае ўвільгатненне, асаблівасці геалагічнай будовы і рэльефу Гарадоцкага раёна ствараюць спрыяльныя ўмовы для ўтварэння ўнутраных вод (рэк, азёр, балот, падземных вод). Найбольш важнай часткай паверхневых вод з'яўляюцца рэкі.Яны належаць да Заходне-Дзвінскага гідралагічнага раёна. Гушчыня натуральнай рачной сеткі ў раёне – 0,45 км/км2. Рэкі раёна адносяцца да змешанага жыўлення з перавагай снегавога і значнай доляй грунтавога.
Зімою рэкі жывяцца грунтавымі водамі і пакрываюцца лёдам. Ледзяное покрыва ўтвараецца ў снежні – студзені і трымаецца ад 80 да 140 сутак, сярэдняя таўшчыня лёду 25–60 см. У асобныя суровыя зімы некаторыя ручаі вымярзаюць да дна. Амаль на ўсіх рэчках назіраецца вясенні крыгаход. Сярэдняя тэмпература вады летам складае 19–21 гр.
У азёрах і рэках водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, плотка, язь, гусцяра, краснапёрка, лінь, верхаводка, карась, мянтуз, ялец, сінец, галавань, сазан, джгір, ёсць вугор і інш.
Найбольшыя з рэк, што працякаюць па тэрыторыі раёна – Обаль з прытокам Усыса, а таксама Аўсянка, Лужаснянка. Да басейна Нявы належыць рака Ловаць.
Дубаўка (у верхнім цячэнні – Асеча). Пачынаецца за 1 км на захад ад в. Клюшова. Цячэ ў межах Гарадоцкага ўзвышша. Упадае ў возера Езярышча. Даўжыня – 22 км, вадазбор – 177 км2.
Кабішчанка (у верхнім цячэнні – Пальмінка). Выцякае з возера Болецкае. Даўжыня – 28 км. Вадазбор – 137 км2.
Каменка – левы прыток ракі Усыса. Пачынаецца за 1 км на паўднёвы захад ад. в. Малашанкі. Асноўны прыток – рака Сутокі. Даўжыня – 26 км. Вадазбор – 137 км2.
Пясчанка – правы прыток ракі Ловаць. Пачынаецца за 1 км на захад ад вёскі Паташня. Цячэ ў межах Гарадоцкага ўзвышша. Даўжыня – 14 км. Вадазбор – 58 км2.
Сутокі – правы прыток ракі Каменка. Пачынаецца за 2 км на захад ад в. Малашанкі. Вусце – ля вёскі Паташня. Даўжыня – 16 км. Вадазбор – 35 км2.
Чарніца. Пачынаецца за 2,6 км на ўсход ад в. Сяльцо, упадае ў возера Лосвіда, за 1 км ад вёскі Пруднікі. Даўжыня – 15 км. Рэчышча каналізаванае.
Акрамя гэтых рэк, па тэрыторыі раёна працякаюць і іншыя рэкі. ГэтаАгнеш, Астраўлянка, Бярноўка, Валынка, Варонка, Віраўлянка, Выдрыца, Гразнуха, Громаць, Губка, Душагубка, Зачэрнаўская, Іарданка, Карляча, Крапіўка, Марысіна, Уверка, Прудніца, Рудня, Рабінка, Рогня, Скланка, Свіна, Сіманіха, Сярвайка, Трызубка, Храпаўлянка, Чарнаўка, Чарнец, Чарнуйка, Шчадрынка, Чарнуя, Шыша і інш.
У раёне, акрамя рэк, маецца шмат ручаеў, ёсць каналы.
ЛІТАРАТУРА
1. Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – 477 с. : іл.
2. Кривенко, С. Сохраним водные ресурсы района / С. Кривенко // Гарадоцкі веснік. – 2000. – 5 ліп.– С. 2.
3. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с. : ил.
4. Прыродная характарыстыка // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 23–30.