Культавая архітэктура. Гарадоцкі раён
- Подробности
- Створана 07.07.2020 09:42
- Адноўлена 08.07.2020 08:57
Гарадоцкі раён не вельмі багаты на архітэктурныя помнікі і славутасці. Да нашага часу захавалася няшмат помнікаў культавай архітэктуры. Найбольшую цікавасць уяўляе сабой царква ў гонар Узнясення Гасподняга (Свята-Узнясенская) у в. Хвошна і царква ў гонар Узнясення Гасподняга (Свята-Узнясенская) у в. Кабішча.
Многія ўнікальныя храмы Гарадоцкага раёна не захаваліся да нашага часу. На жаль, у 2019 годзе быў страчаны помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння XIX ст. – драўляны касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла, які знаходзіўся ў цэнтры в. Рамні.
Акрамя гэтага ўнікальнага помніка калісьці на тэрыторыі Гарадоцкага раёна існавала шмат прыгожых праваслаўных храмаў, якія мелі сваю гісторыю.
У 1845 годзе быў узведзены Свята-Мікалаеўскі мураваны храм у г. Гарадку. Фотаздымкі 30-х гадоў XX ст. дазваляюць уявіць, якім быў Свята-Мікалаеўскі сабор. Яго купалы і крыжы было відаць з усіх ускраін горада. Старажылы ўспамінаюць гук яго званоў, якія былі зняты разам з крыжамі ў 30-я гады. Пры іх зняцці загінуў адзін з жыхароў Гарадка. Храм быў узарваны ў гады акупацыі. Пры Свята-Мікалаеўскім храме ў 1891 годзе пабудавалі мураваную капліцу на сродкі царкоўнапрыходскага папячыцельства ў памяць пра цудоўнае выратаванне імператара Аляксандра III і яго сям'і пры крушэнні поезда ў 1888 годзе.
Самыя раннія звесткі ёсць пра Успенскую царкву ў г. п. Езярышча (прыкладна 1377 г.) ва ўкладной грамаце княгіні Ульяніі. У 1761 годзе ўспамінаецца Езярышчанская царква ў дакументах пра жыццё аднаго з уніяцкіх святароў.
У Гарадку ў 1651 годзе існавала царква святога Іллі, якая была перададзена ў унію. Гэта вядома з запіскі мітрапаліта Антонія Сялявы пра Полацкую епархію. У 1692 годзе тут быў Свята-Дабравешчанскі сабор, перададзены ўніятам ваяводай Паморскім-Глінскім.
Яшчэ адзін Гарадоцкі храм стаяў на скрыжаванні Памётнай і Ветранай вуліц (сучасныя – Чырвонаармейская і Камсамольская). Гэту царкву насельніцтва называла «цёплай». З літаратуры вядома, што яна была прыпісана да Свята-Мікалаеўскага сабора, пабудавана ў 1884 годзе з цэглы. Побач з царквой было пабудавана ў 1903 годзе царкоўнапрыходскае вучылішча. Падмурак яго склаў частку сучаснай царквы.
У XIX ст. існавала ў Гарадку турэмная царква, якая знаходзілася ў турэмным замку побач з Базарнай плошчай. Яна называлася Васкрасенскай.
У в. Вярэчча ў 1862 годзе была пабудавана Мікалаеўская царква. Падмурак быў каменным, унутры бярвенне абцёсана і абстругана, звонку царква была абшыта дошкамі, дах пакрыты гонтай, адзін з купалоў над сярэдняй часткай, над уваходам з ганкамі пакрыты жалезам. У іканастасе было 11 абразоў. Царкоўная мэбля: прастол, клірас з двума столікамі, дзве шафкі. У алтары – чыгунная печка. У прыходзе было 898 мужчын і 925 жанчын.
Старэйшыя жыхары в. Бяскатава памятаюць, дзе стаяла Свята-Георгіеўская царква, якая існавала яшчэ ў 1922 годзе. Гэтай царкве належала ў пачатку XX ст. 91 дзесяціна зямлі, 2 возеры. З інвентарнага вопісу царквы вядома, што пабудавана яна ў 1862 годзе і была драўлянаю, стаяла на каменным падмурку. Дакументы сведчаць, што зруб для царквы зрабіў селянін Нікіфар Сцяпанаў. Прыхаджанамі царквы былі 1538 мужчын і 1501 жанчына.
Царква ў в. Обаль была знішчана ў гады Вялікай Айчыннай вайны разам з маладымі партызанамі, якіх у ёй спалілі фашысты.
У в. Азаркава з 1841 года існавала старая драўляная царква. У 1877 годзе тут была пабудавана новая па праекце архітэктара Пакроўскага, асвяцілі яе ў імя Успення Багародзіцы.
У в. Віраўля дзейнічала Свята-Успенская царква, пабудаваная з цэглы ў 1897 годзе. Храм быў зачынены 29 красавіка 1928 года.
Пакроўскі храм у в. Старыя Вайханы быў пабудаваны ў 1848 годзе.
У в. Рудня існавала дзве царквы: Свята-Ефрасіннеўская, драўляная, пабудаваная ў 1853 годзе, і Свята-Успенская царква, пабудаваная ў XVIII ст. на бутавым падмурку.
У в. Даўгаполле існавала Свята-Пакроўская царква, драўляная, абшытая цёсам, была пакрыта бляхай зялёнага колеру, фасад завяршаўся двух'яруснай званіцай. Пабудавана ў 1863 годзе ў маёнтку памешчыка Піяра, за 20 гадоў да яе пабудовы існавала каменная, але была знішчана.
У в. Зайкава – Свята-Троіцкая драўляная царква была пабудавана ў 1837 годзе.
У в. Звягі мелася драўляная царква, пабудаваная ў 1896 годзе, і прыпісаная да Свята-Пакроўскай царквы ў в. Вышадкі.
Пры цэрквах святары збіралі бібліятэкі.
Несумненна, усе гэтыя цікавыя храмы назаўжды ўвайшлі ў гісторыю Гарадоцкага раёна, але, на жаль, з'яўляюцца страчанай спадчынай.
ЛІТАРАТУРА
1. Духовные святыни Витебщины = Geistliche Heiligtumer des Gebiets Vitebsk : [краткий путеводитель] / текст: Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. – Витебск : Национальное агенство по туризму, 2007. – 36 с.
2. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – 488 с. : іл.
3. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2000. – 216 с. : іл.
4. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – 656 с. : іл.
5. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін ; мастак І. І. Бокі. – Мінск : БелЭн, 2001. – 328 с. : іл.
6. Рэлігія і царква на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – 368 с.
7. Шагалеева, Т. А. Страчаная спадчына / Т. А. Шагалеева, Н. В. Буракова // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 740–743.