Помнікі архітэктуры. Сенненскі раён
- Подробности
- Створана 17.09.2019 09:34
- Адноўлена 24.09.2019 15:47
З даўніх часоў некалькі помнікаў архітэктуры каменнага дойлідства захавалася на тэрыторыі сучаснага Сенненскага раёна.
У 1914 годзе, перад пачаткам Першай сусветнай вайны, у г. Сянно на вуліцы Савецкай, дзе з даўніх часоў сялілася гарадская знаць і савецкая эліта, быў узведзены будынак земскай управы. На балконе будынка, які з'яўляецца ўнікальным архітэктурным помнікам грамадзянскага стылю з элементамі класіцызму, знаходзіцца каваная жалезная рашотка. Гэта прыклад дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сцены былі моцна пасечаны асколкамі ад снарадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Зараз у будынку размяшчаецца Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У г. Сянно захаваліся будынкі былога паравога млына з чырвонай цэглы (1925) і былой першай электрастанцыі (1930). Зараз яны адносяцца да камбіната будаўнічых матэрыялаў. У аднапавярховым будынку з чырвонай цэглы былога спіртаачышчальнага завода (1912) размяшчаўся эстэтычны цэнтр выхавання вучняў СШ № 1.
Вуліца Магілёўская г. Сянно пачыналася з адміністрацыйнага будынка (1884).
Таксама ў Сянно захаваўся двухпавярховы цагляны будынак санстанцыі. Раней там размяшчаўся банк горада, раёна. У 20-я гады мясцовыя камсамольцы абсталявалі там першы кінатэатр.
Каля в. Паграбёнка знаходзіцца паштовая станцыя – помнік архітэктуры XIX стагоддзя.
У в. Машчоны, каля ракі Бярозаўка, захаваўся ў паўразбураным стане вадзяны млын XIX стагоддзя. Млын быў узведзены памешчыкам Сандрыгайлам. Па ўспамінах доўгажыхароў ён працягваў працаваць яшчэ ў 1940-я гг. Недалёка ад млына знаходзяцца рэшткі замчышча.
ЛІТАРАТУРА
1. Лазюк, А. Незвычайнае ў звычайным / А. Лазюк // Голас Сенненшчыны. – 2001. – 4 студз. – С. 3 ; 23 студз. – С. 1 ; 30 студз. – С. 2 ; 20 лют. – С. 4.
2. Кавалеўскі, С. Млын, цагельня, сукнавальня / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2015. – 28 марта. – С. 9.
3. Рублеўскі, А. Гістарычны млын / А. Рублеўскі // Голас Сенненшчыны. – 2008. – 27 мая. – С. 3.
4. Фоталетапіс: «Горад старадаўні – горад малады» / падрыхт. В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчыны. – 2018. – 29 мая. – С. 5.
5. Экскурсія да вытокаў г. Сянно: краязнаўчы маршрут па раённым цэнтры Віцебскай вобласці / распрац. В. В. Бандарэвіча. – Віцебск, 2000. – 216 с.
6. Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. – Мінск : Литература и искусство, 2008. – 168 с.