Помнікі археалогіі. Шумілінскі раён
- Подробности
- Створана 26.05.2020 09:42
- Адноўлена 30.06.2020 11:04
На тэрыторыі, якая зараз уваходзіць у Шумілінскі раён, чалавек жыве з глыбокай старажытнасці. Пра гэта сведчаць сляды мезалітычнага паселішча (V тыс. да н. э.), выяўленага ў 1973 годзе ў в. Красамай на беразе р. Обаль. На жаль, грунтоўныя археалагічныя даследаванні тут не праводзіліся.
Каменныя сякеры, якія адносяцца да эпохі неаліту і бронзавага веку, былі знойдзены каля вёсак Амбросавічы, Казьяны, Новікі, Слабада.
Ёсць у раёне і археалагічныя помнікі жалезнага веку (гарадзішчы ля вёсак Галі, Гародна, Сінякова) і перыяду Кіеўскай Русі.
Самымі распаўсюджанымі помнікамі перыяду Кіеўскай Русі з'яўляюцца курганы. Вядомы курганы ў гарадскіх пасёлках Шуміліна і Обаль, у вёсках Брыцікі, Валатоўкі, Казьяны, Лескавічы, Сіроціна і інш.
Паблізу в. Ілава на беразе Заходняй Дзвіны знаходзіцца курган вышынёй да 4 м, які ў народзе завуць Французскай гарой. Побач з ім выяўлены сляды селішча.
На месцы археалагічнага комплексу Кардон у свой час знаходзілася ўмацаванае паселішча вікінгаў, якія жылі ў згодзе з мясцовым насельніцтвам і актыўна займаліся рамяством і гандлем. Пра гэта сведчаць знойдзеныя манеты, гіркі, шалі, плавільныя печы і многае іншае.
У XVI ст. на поўнач ад в. Казьяны Віцебскага павета (зараз Шумілінскі раён) існаваў замак Казьян, як парубежная крэпасць у гады праўлення цара Івана Грознага.
У в. Мішневічы знаходзіцца каменны крыж, які ахоўваецца дзяржавай і датаваны эпохай поздняга сярэдневякоўя. Вядома, што да пачатку XX ст. на месцы размяшчэння крыжа знаходзіліся старыя могілкі. Паводле звестак краязнаўца А. Л. Бычкова, крыж пастаўлены на магіле жанчыны яе мужам. Нібыта ў мясцовага пана падчас родаў памерла жонка і жанчыну ўзялі ў якасці карміліцы, аднак тая ўначы праспала дзіця. І дзіцятка памерла. Жанчына была пакарана, а муж у самоце цэлы год самастойна рабіў каменны крыж на магілу жонкі. Таксама ў народзе ходзяць розныя легенды пра яго.
ЛІТАРАТУРА
1. Ивченко, Л. Здесь были викинги / Л. Ивченко // Витебские вести. – 2017. – 15 апр. – С. 8.
2. Коц, В. А. Археалагічныя помнікі Шумілішчыны ў традыцыйным светапоглядзе насельніцтва / В. А. Коц, А. Л. Коц // Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Шумілінскі раён : зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: В. В. Даніловіч [і інш.] ; навук. рэд. В. М. Ляўко. – Мінск : Беларуская навука, 2018. – С. 49–69.
3. Мишневичский крест // Валуны родной сторонки / А. Параскевин. – Минск : Колорград, 2017. – С. 72–73.
4. Скалабан, В. В. Страницы прошлого / В. В. Скалабан // Память: историко-документальная хроника Шумилинского района / рекол.: И. П. Шамякин [и др] ; худож. А. Н. Хилькевич. – Минск : БелЭн им. П. Бровки, 1985. – С. 21–23.
СПАСЫЛКІ