Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Асвета. Верхнядзвінскі раён

Архіўныя дакументы сведчаць, што ў пачатку XX ст. у Дрысе знаходзіліся наступныя навучальныя ўстановы: трохкласнае прыходское вучылішча для хлопчыкаў і дзяўчынак, адно трохкласнае гарадское вучылішча з адным падрыхтоўчым класам, жаночая чатырохкласная прыватная прагімназія Казлавіцкай.

Уладальніца прагімназіі мела права арганізоўваць і адкрываць такую адукацыйную ўстанову па сваім адукацыйным цэнзе і саслоўі. Будынак прагімназіі знаходзіўся прыкладна перад уваходам у гарадскі сквер.

Прыходскае вучыліша знаходзілася ў двухпавярховым драўляным будынку Бялевіча і размяшчалася на цяперашняй вуліцы Гагарына.

Чатырохкласнае гарадское вучылішча знаходзілася ў двухпавярховым каменным будынку былой Гейжанаўскай вуліцы. Цяпер тут размяшчаецца вучэбна-вытворчы камбінат.

З улікам падрыхтоўчага класа ў гарадскім вучылішчы навучанне працягвалася пяць гадоў. Дзеці, якія заканчвалі прыходское вучылішча, паступалі ў гарадское без экзаменаў. Іншым жа дзецям для паступлення ў гарадское вучылішча трэба было здаваць уступныя экзамены па рускай мове і арыфметыцы.

Гарадское вучылішча непасрэдна падпарадкоўвалася Віленскай акрузе Міністэрства асветы. Пазней гарадское вучылішча было ператворана ў чатырохкласнае вышэйшае пачатковае вучылішча.

У 1889 годзе ў гарадскім вучылішчы налічвалася 97 вучняў, а ў 1892–1893 навучальным годзе ў прыходскім вучылішчы быў 41 вучань.

У двухпавярховым будынку цяперашняй сярэдняй школы № 1 да 1917 года размяшчаліся кватэры пераважна мясцовых чыноўнікаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў гэтым будынку адкрылася 7-гадовая беларуская школа. У двары школы быў пабудаваны аднапавярховы каменны будынак, у якім адкрылася рамеснае вучылішча. Затым яно было ліквідавана, а будынак адыйшоў пад 7-гадовую школу.

Адначасова з 7-гадовай школай у горадзе была адкрыта 4-класная яўрэйская школа. Пасля яна злілася з беларускай школай.

Да 60-х гадоў XIX ст. школ для сельскага насельніцтва як у Віцебскай губерні, так і ў Дрысенскім павеце не існавала. У 1868 годзе штатных вучылішчаў, якія былі больш ці менш забяспечаны матэрыяльна і мелі пэўны штат служачых, у Дрысенскай воласці было шэсць.

У 1889 годзе ў павеце мелася 17 вучылішчаў Міністэрства народнай адукацыі, у якіх вучыўся 641 вучань, і 10 царкоўна-прыходскіх вучылішчаў, дзе займалася звыш 200 дзяцей.

Цяжкае эканамічнае становішча, у якім апынуўся Дрысенскі раён пасля заканчэння Грамадзянскай вайны, не спрыяла развіццю народнай адукацыі. Амаль уся праца ў гэтым накірунку праводзілася Дрысенскім павятовым аддзелам народнай адукацыі, які быў створаны 11 снежня 1918 года. Аднак з-за вельмі слабай матэрыяльнай базы, адсутнасці неабходных фінансавых сродкаў, кадраў, справа рухалася вельмі павольна. У 1924 годзе працавала адна 7-гадовая школа ў Дрысе, 23 пачатковыя школы ў вёсках, і толькі 8 з іх мелі прыстасаваныя для заняткаў пабудовы. Астатнія 15 знаходзіліся ў часовых памяшканнях. У школах навучаўся 1731 вучань. Да таго ж у Дрысе мелася школа для пераросткаў, якую наведвала 53 чалавекі.

Настаўнікам прыходзілася працаваць у даволі цяжкіх умовах, якія ўскладняліся тым, што на кожнага з іх прыпадала вялікая колькасць навучэнцаў. На 1 снежня 1924 года мелася 11 настаўнікаў у Дрысе, 27 на сяле, пры гэтым, калі ў школе Дрысы на 1 настаўніка прыходзілася 40 вучняў, то на сяле – 49.

У 1924–1925 навучальным годзе школы раёна былі забяспечаны падручнікамі, сшыткамі, паперай для малюнкаў. Вучні атрымалі 900 буквароў на беларукай мове, 450 іншых падручнікаў, 4 тыс. сшыткаў, 6 пудоў паперы.

Навучаннем было ахоплена ўсяго каля 50 % дзяцей раёна, і ў аддзел народнай адукацыі ад сялян паступалі заявы з просьбамі адчыніць школы ў той ці іншай вёсцы.

У 1925–1926 навучальным годзе на тэрыторыі раёна акрамя 20 беларускіх мелася 2 польскія і 1 яўрэйская школы.

У гэтыя гады значная ўвага надавалася ліквідацыі непісьменнасці дарослага насельніцтва. Пры школах ствараліся гурткі для навучання дарослых грамадзян, заняткі ў якіх праводзілі настаўнікі. Колькасць гурткоў паступова павялічвалася. Калі ў 1924 годзе 6 гурткоў аб'ядноўвалі 115 навучэнцаў, то у 1924–1925 навучальным годзе 13 гурткоў мелі 264 слухачоў, а на пачатак 1926 года працаваў 21 лікпункт, займалася 416 чалавек.

У 30-я гады паступова павялічвалася колькасць вучняў. У 80 школах райна вучылася 7144 чалавекі і працавала 168 настаўнікаў, у тым ліку 75 беларускіх, 4 яўрэйскія і 1 польскі.

Увядзенне ў 1934 годзе абавязковага сямігадовага навучання дазволіла пашырыць сетку сямігадовых школ. Ужо на 31 студзеня 1934 года мелася адна дзевяцігадовая школа, 15 сямігадовых беларускіх школ, 1 сямігадовая і 3 пачатковыя яўрэйскія школы, 3 беларуска-польскія і 58 беларускіх пачатковых школ. Большая частка школ мела свае бібліятэкі.

Паступова ў раёне пашыралася сетка сярэдніх агульнаадукацыйных школ, будаваліся новыя школьныя памяшканні. Значная частка школ была падрыхтавана да калгасаў, якія аказвалі дапамогу ва ўтрыманні школ, забеспячэнні іх палівам.

За 5 год з 1934 па 1939 гг. у раёне было пабудавана 12 новых школ, у тым ліку 5 няпоўных сярэдніх і 1 сярэдняя школы. У выніку значнага паляпшэння ўмоў для навучання павысілася паспяховасць вучняў. Калі ў 1930 годзе яна, у сярэднім, складала 68 %, то ў 1936 годзе, па дадзеных 45 школ дасягнула 81 %.

Галоўная роля ў набыцці ведаў вучнямі адводзілася настаўнікам. У 1930 годзе ў Дрысенскім раёне іх налічвалася 180, у 1935 г. – 249, а ў пачатку 1939 г. – 301 чалавек. Нягледзячы на тое, што колькасць настаўнікаў у школах павялічылася, іх адукацыйны ўзровень быў невысокі. У 1930 годзе 40 %, а ў 1935 годзе – больш як 50 % настаўнікаў не мелі спецыяльнай адукацыі. Да таго ж шмат каго з найбольш падрыхтаваных старых настаўнікаў звальнялі з працы як «чужы элемент», калі іх паходжанне не супадала з класавымі падыходамі да сацыяльнага стану.

Па раёне ў 1940 годзе мелася 118 школ з 12,3 тыс. навучэнцамі, працавала 517 настаўнікаў, 8 дашкольных устаноў наведвала 280 дзяцей.

З першых дзён вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пачалася работа па аднаўленні школьнай справы. За гады вайны фашысты спалілі 44 школьныя будынкі, 28 разбурылі. Ужо ў 1944–1945 навучальным годзе аднавілі дзейнасць 49 школ, 31 працавала ў прыстасаваных і наёмных будынках. Хутка адчыніліся два дзіцячыя дамы, дзе выхоўваліся сіроты, бацькі якіх загінулі ў барацьбе з фашыстамі. У Бігосаўскім дзіцячым доме налічвалася 115 выхаванцаў, у Дрысенскім – 150.

Пачалі дзейнічаць школы рабочай і сельскай моладзі. У 1946–1947 навучальным годзе працавалі 2 школы рабочай і сельскай моладзі, якія наведвала 128 чалавек.

З кожным годам расла сетка агульнаадукацыйных школ, асабліва за кошт адкрыцця сямігадовых і сярэдніх. У 1954–1955 навучальным годзе працавала 65 школ, з іх 42 – пачатковыя, 16 – сямігадовых, 6 сярэдніх. У параўнанні з 1951 годам колькасць сярэдніх школ павялічылася ў два разы, а вучняў 8–10 класаў – у сем разоў. Настаўніцкія калектывы папаўняліся выпускнікамі педагагічных вучылішчаў, Маладзечанскага, Полацкага настаўніцкіх інстытутаў, іншых навучальных устаноў. У 1955 годзе з 304 настаўнікаў больш як трэць мелі вышэйшую і незакончаную вышэйшую адукацыю.

Аднак з-за цяжкіх матэрыяльных умоў на пачатак 1946–1947 навучальнага года толькі ў Дрысенскім раёне за парты не селі 537 вучняў, 15 % вучняў засталося на другі год навучання. Па некаторых школах гэты паказчык набліжаўся да 50 %.

Вялікі асабісты ўклад у аднаўленне ўстаноў народнай адукацыі адразу ў пасляваенны час унёс загадчык РАНА П. І. Тамковіч, які з 1954 года працаваў намеснікам старшыні райвыканкама.

Далейшае развіцё атрымала народная адукацыя. Павысіўся агульнаадукацыйны ўзровень насельніцтва. У 1989 годзе на 1000 жыхароў прыходзілася 49 чалавек з вышэйшай адукацыяй. Станоўчы ўплыў на агульнаадукацыйны ўзровень жыхароў раёна аказвала ўвядзенне ўсеагульнай абавязковай сярэдняй адукацыі. Колькасць насельніцтва з сярэдняй адукацыяй узрасла з 1737 чалавек з 1970 года да 5693 у 1989 годзе.

Дынамічна развіваецца ў раёне сістэма адукацыі. У апошнія гады ў школах пастаянна адкрываюцца профільныя, гімназійныя і ліцэйскія класы.

З мэтай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў сельскагаспадарчай вытворчасці СШ № 1 г. Верхнядзвінска функцыянуе як школа з класамі тэхналагічнага профілю. Пасля рэканструкцыі будынка былой спецшколы ў горадзе адкрыта СШ № 3.

Установы дашкольнай адукацыі:

– яслі-сад № 2;

– санаторны яслі-сад № 3;

– яслі-сад № 4;

– Асвейскі яслі-сад;

– Прыдзвінска-Бароўскі яслі-сад;

– Бігосаўскі яслі-сад;

– Антонаўскі дзіцячы сад;

– Бялькоўшчынскі дзіцячы сад;

– Валынецкі дзіцячы сад;

– Вусцянскі дзіцячы сад;

– Лявонішынскі дзіцячы сад;

– Прудзінкаўскі дзіцячы сад;

– Сакалоўшчынскі дзіцячы сад;

– Сар'янскі дзіцячы сад;

– Шайцераўскі дзіцячы сад.

 

Установы агульнай сярэдняй адукацыі:

Верхнядзвінская гімназія;

сярэдняя школа № 2;

– Асвейская сярэдняя школа;

– Бігосаўская сярэдняя школа;

– Боркавіцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа;

– Валынецкая сярэдняя школа;

– Галубаўская базавая школа;

– Дзёрнавіцкая дзіцячы сад-базавая школа;

– Каханавіцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа;

– Нураўская дзіцячы сад-пачатковая школа;

– Прыдзвінска-Бароўская сярэдняя школа;

– Сар'янская сярэдняя школа;

– Шайцераўская сярэдняя школа.

 

Акрамя сярэдніх, базавых і пачатковых школ у раёне функцыянуюць:

УА «Боркавіцкі прафесійна-тэхнічны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці»;

– ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Верхнядзвінскага раёна»;

– цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі;

– цэнтр пазашкольнай работы;

ДУДА «Верхнядзвінскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі»;

– сацыяльны прытулак.

Верхнядзвінскі раён займае адно з лідзіруючых месцаў у вобласці па колькасці прызёраў абласных алімпіяд. Штогод навучэнцы школ становяцца пераможцамі рэспубліканскіх алімпіяд.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Арлова, Л. «Як бы там ні было, а ў школ – свая песня» / Л. Арлова // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2001. – 13 сак. – С. 2–3.

2. Варановіч, Н. У. Асноўная ўвага – кадравым рэсурсам / Н. У. Варановіч ; гутарыла В. Дубоўская // Настаўніцкая газета. – 2015. – 21 лют. – С. 6.

3. Варановіч, Н. У. Прыярытэтная галіна развіцця краіны / Н. У. Варановіч // Дзвiнская праўда (Верхнядзвiнск). – 2007. – 31 жн. – С. 1–2.

4. В новый учебный год – с надёжной базой и современными технологиями / подгот. Я. Пакульневич // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2018. – 28 жн. – С. 1, 4–5.

5. Зимацкая, А. Обеспечивать качественное и доступное образование / А. Зимацкая // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2016. – 6 верас. – С. 4–5.

6. Как сделать образование качественным, доступным и современным // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2017. – 12 верас. – С. 1, 4–5.

7. Настаўнік – гэта стан душы / Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2002. – 11 чэрв. – С. 2.

8. Образование // Верхнедвинский район : справочно-информационные материалы / Отдел идеологической работы Верхнедвинского райисполкома ; фото В. Л. Соловьева. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – С. 15.

9. Рыц, Р. Якой была адукацыя ў Дрысе / Р. Рыц // Дзвiнская праўда (Верхнядзвiнск). – 2006. – 18 ліп. – С. 2.

10. Самыя надзейныя інвестыцыі – у адукацыю // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2017. – 1 верас. – С. 2.

11. Сельская школа обгонит городскую? // Народная газета. – 2008. – 1 сак. – С. 3, 5.

12. Усё аб нашых школах: статыстычныя звесткі // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2004. – 30 лістап. – С. 3.